У пачатку года рыбакі і жыхары вуліцы Прыгараднай паведамілі пра дзіўны камень з надпісамі на беразе Нёмана. Гісторыкам і журналістам удалося высветліць, што гэта надмагілле, якое стаяла некалі на магіле нямецкага салдата Макса Шаўля. 6 ліпеня гродзенскія валанцёры перанеслі камень на вайсковыя могілкі па вуліцы Белуша.
На думку старшыні валанцёрскай секцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Алеся Кіркевіча, камень быў перенесены на законнае месца.
«Гэта ягоная гістарычнае законнае месца. Там камень і ляжаў з 1915 году па 1960-я гады хіба. Ёсць здымкі, што яшчэ ў паваенны час стаяла і піраміда, збудаваная немцамі цягам Першай Сусветнай, і рэшта магілаў „нямецкага сектару“ могілак на Белуша. Пасля ўчастак „зачысцілі“ тагачасныя савецкія ўлады — так надмагілле Шаўля і трапіла, як мы мяркуем, на вуліцу Прыгарадную. Туды яго вывезлі як смецце», — распавёў Алесь Кіркевіч.
Таямніца магілы афіцэра Шаўля: што за камень знайшлі на беразе Нёмана?
У лютым чытачка Hrodna.life Каця Маскалёва, якая сёння жыве і працуе ў нямецкім Брэмене, дапамагла даведацца больш пра загадкавыя надпісы на камені, які знайшлі на беразе Нёмана. Дзякуючы нямецкім базам дадзеных ёй удалося высветліць, што Макс Шаўль загінуў у баях пад Гродна ў 1915 годзе.
Загінулы Шаўль ваяваў на баку Германіі, служыў у кулямётнай роце 84-га пяхотнага палка ландвэру. У пачатку 1916-га года (04.01.1916) Макс Шаўль быў унесены ў спісы страт. Да гэтага ён быў моцна паранены (унесены 27.09.1915). Вядома і месца нараджэння вайскоўца: горад Czarnikau (цяпер Czarnków, Польшча), які на той момант уваходзіў у склад Прусіі. У спісах месца смерці Шаўля не пазначана, але ўвосень 1915-га ягоны полк браў удзел у баях на Гродзеншчыне.Вялікая верагоднасць, што магіла Макса Шаўля знаходзілася на вайсковых могілках на сённяшняй вуліцы Белуша, куды і перавезлі камень ваданцёры. У савецкія гады на могілках усе надмагіллі нямецкіх пахаванняў двух сусветных войнаў былі знішчаны.
«Тут пахаваны мой дзед, я патрабую павагі». Гродзенскі лютэранін пра раскапаныя могілкі на Белуша
Вайсковыя могілкі былі закладзеныя ў Гродне ў 1888 годзе і пачаткова складаліся з лютэранскай часткі (паўднёвай) і часткі для вайскоўцаў іншых хрысціянскіх канфесій. У часе Першай сусветнай вайны на могілках было пахавана шмат нямецкіх жаўнераў і афіцэраў. У міжваенны перыяд на могілках перапахавалі парэшткі, знойдзеныя каля былога кармяліцкага кляштара (вул. Маставая, сёння Прыёрбанк) і Фары Вітаўта.
Тут таксама хавалі загінуўшых у польска-савецкай вайне, салдат з розных армій, што загінулі ў 1939 і 1944 гадах.
Гулялі на могілках у хованкі і футбол
З апошняга сур’ёзнага рамонту вайсковых могілак прайшло больш за 50 гадоў. За гэты час многія магілы разбурыліся, зараслі, на некаторых помніках сцерліся надпісы. Нешта вывезлі пры будаўніцтве дамоў.
77-гадовы Уладзімір Канстанцінавіч сёння — адзін з нямногіх, хто яшчэ памятае старыя могілкі. Тут у пасляваенныя гады ён гуляў з сябрамі ў футбол і хованкі, а зараз шпацыруе з сабакам.
«Заняцца могілкамі даўно трэба было, а то паказуха толькі, — распавядае пенсіянер. — У савецкія гады ўлады былі сапраўднымі варварамі, асабліва калі пачалі будаваць шматпавярховы дом на пахаваннях. Астанкі салдат і афіцэраў згрузілі на самазвалы і вывезлі. Потым у гэтым доме пастаянна няшчасныя выпадкі адбываліся».Гродзенец кажа, што раней на могілках было шмат цікавых збудаванняў. Адно з іх — піраміда з камянёў, якую ўзвялі яшчэ ў Першую сусветную вайну, але разабралі ў савецкія гады.
«Піраміда была цікавая. У дзяцінстве мы думалі, што яна была зроблена ў гонар загінулых лётчыкаў, бо на вяршыні быў прапелер. Але потым даведаліся, што гэта з Першай сусветнай, а што там рабіў прапелер — дагэтуль невядома. Піраміду разабралі і гэта не адзінкавы выпадак такога варварства. Напрыклад, дзесьці ў 1980-я гады прыехаў у Гродна праўнук генерала Русау. Ён аднавіў некалькі помнікаў са старых лютэранскіх могілак і адрамантаваў капліцу генерала. Толькі з’ехаў - саветы прыгналі бульдозер і ўсё прыбралі».
Сёння на Белуша ад нямецкай часткі могілак засталося толькі тры камяні і капліца генерала Русау.