Людзі і справы

Масквіч хаваецца ад мабілізацыі ў Гродне. Ужо другі раз

Аляксандр нарадзіўся ў Белгародскай вобласці, але жыве ў Маскве. Яму 19 гадоў, ён графічны дызайнер. Пасля абвяшчэння мабілізацыі ў Расіі 21 верасня хлопец вырашыў пакінуць сваю краіну і прыехаў у Гродна. Як ён плануе хавацца ад мабілізацыі, Аляксандр распавёў Hrodna.life.

У першыя дні вайны Расіі супраць Украіны ў лютым 2022 года Аляксандр выходзіў на антываенныя мітынгі ў Маскве. 26 лютага яго разам з сяброўкай затрымалі і пакаралі штрафам. Пасля гэтага Аляксандр вырашыў з’ехаць у Грузію. У жніўні 2022 года хлопец вярнуўся ў Маскву, але пасля аб’яўлення мабілізацыі ён з’ехаў у Беларусь.

«Чуткі пра мабілізацыю з’явіліся не ўчора»

«Чуткі пра мабілізацыю з’явіліся, груба кажучы, не ўчора. Яшчэ калі я вылятаў з Расіі ў першы раз у сакавіку 2022 года. Але яна адбылася ў верасні. Інфармацыя пачала з’яўляцца загадзя. Спачатку проста былі інсайды, потым гэта пачало выглядаць больш праўдападобна праз тое, што ў крымінальны і адміністрацыйны кодэксы ўнеслі паняцці „Мабілізацыя“, „Вайсковы стан“. Тады я пачаў прыкідваць варыянты, куды і як, бо ў мяне практычна ні накапленняў, нічога, а патрэбна зрывацца і зноўку ўцякаць», — сказаў Hrodna.life Аляксандр.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у звароце 21 верасня 2022 года аб’явіў у Расіі частковую мабілізацыю. Паводле афіцыйных дадзеных у войска плануюць прызваць не менш за 300 тыс. чалавек.

Хлопец вырашыў ехаць у Беларусь, бо квіткі ў Казахстан, Узбекістан і іншыя краіны, «куды яшчэ нешта лятала з Расіі, скончыліся прыкладна ў той жа дзень, калі Пуцін сказаў, што пачынае мабілізацыю».

«Я выбраў адзіны правільны варыянт — жыць»

Калі аб’явілі мабілізацыю, Аляксандр думаў, што гэта яго не тычыцца, бо ў войску хлопец не служыў, а ў звароце казалі, што будуць браць тых, хто мае нейкую вайсковую спецыяльнасць. «Але адразу выявілася, што гэта не так, бо апублікавалі дакументы і з’явілася інфармацыя, што не 300 тыс. чалавек, а 1 млн патрэбна сабраць. Таксама пачалі з’яўляцца навіны, што прызываюць проста ўсіх, і памерлых, і тых хто не служыў, і пенсіянерам прыходзяць позвы».

Аляксандр кажа, што зразумеў - усё, што робіць расійская ўлада і ўсё, што яна кажа — «пі***ёж». Паводле яго словаў, гэта не частковая, а паўнавартасная мабілізацыя і грэбсці будуць усіх. «Калі я ў сакавіку з’язджаў, то тут быў выбар: жыць у дзяржаве-агрэсары, або не жыць у дзяржаве-агрэсары. А зараз выбар іншы: жыць або не жыць. Я выбраў адзіны слушны варыянт — жыць».

Перад выездам пасажыраў папярэдзілі аб адказнасці за ўхіленне

З Масквы Аляксандр выязжаў аўтобусам у Мінск. Перад паездкай усім пасажырам далі падпісаць паперу, што яны азнаёмлены з тым, што адбываецца мабілізацыя і яны папярэджаны аб адказнасці за ўхіленне.

«Увогуле яна [папера якую далі падпісаць пасажырам — Hrodna.life] не мае ніякай юрыдычнай моцы. Там трэба было пазначыць прозвішча, імя, імя па бацьку, пашпартныя дадзеныя і падпісацца пад тым, што ты папярэджаны аб правядзенні мабілізацыі і папярэджаны аб крымінальнай адказнасці за ўхіленне», — сказаў Аляксандр.

Ад мабілізацыі ехаў чалавек, на кепцы якога была літара «Z»

Па словах Аляксандра, у аўтобусе былі практычна адныя мужчыны. «Быў адзін персанаж у кепцы з літарай «Z». Аляксандр распавёў, што праз гэта адмовіўся даць мужчыне цыгарэту. У адказ, той патлумачыў, што ён уцякае ад мабілізацыі і апрануў кепку як маскіроўку, каб яго ні ў чым не западозрылі.

Хлопец думаў, што зможа вылецець з Беларусі «куды-небудзь, куды будзе можна». Але калі ён прыехаў, то зразумеў, што вылецець «нерэальна». «Першапачаткова глядзеў, былі яшчэ нейкія квіткі, але хутка атрымалася, што квіткоў няма. Большая частка рэйсаў не лётае, пасля самалётнага тэрарызму. А ўсё, што засталося, ужо раскупілі. Адзінае, што можна набыць — на кастрычнік. Але там у асноўным рэйсы праз Маскву», — сказаў Аляксандр.

Прыехаў у Беларусь, але прыйдзецца вярнуцца ў Расію

Зараз Аляксандр плануе вернуцца ў Маскву. На 1 кастрычніка хлопец набыў квіток за 87 тыс. расійскіх рублёў [амаль € 1,5 тыс. — Hrodna.life] у Сеул. «Я зараз проста нярвова назіраю за сітуацыяй. Закрыюць ці не закрыюць межы Расіі. Змагу вылецець або не», — сказаў Аляксандр. «Маршут у Сеул увогуле нязручны: 1 кастрычніка я вылятаю з Масквы і толькі 4 кастрычніка прызямляюся ў Сеуле. Такое адчуванне, што я здзяйсняю падарожжа ў ХХ стагоддзі. Перасадкі ў Кыргызстане, Таджыкістане і Казахстане».

Што перашкаджала казаць «Нет войне» паўгады таму?

«Да вайны я як ставіўся вельмі кепска, так і стаўлюся вельмі кепска. Вайна для мяне як была чымсьці жудасным, так і засталася», — сказаў Аляксандр. «І, насамрэч, гэта дзіўны момант, але я нават крыху са злараднасцю гляджу на людзей, якія сёння прачнуліся. Дагэтуль яны лічылі, што вайна — гэта дзесьці ў тэлевізары і гэта нейкае ток-шоў. А зараз „Куды гэты вы майго сыночка павялі?“. Яны прачнуліся і кажуць „Нет войне“, а што перашкаджала казаць „Нет войне“ паўгады таму?».

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025