Лёша Чамаданаў за сваё жыццё мог бы некалькі разоў абабегчы вакол экватару. Але ён тыя ж кіламетры накручвае па Гродне. У першай і адзінай у горадзе школе бегу Лёша згуртаваў «нармальных людзей», каб збегчы ад «ненармальнасці» ды стварыць «варушняк» сярод гродзенцаў. Заадно ён збірае грошы для хворых дзяцей, а дарослым дапамагае худзець. Піша «С*****а».

«На прабежцы з’яўляюцца правільныя думкі»

Аляксею Чамаданаву 34 гады. Дваццаць з іх ён бегае. Цяпер, па ягоных мерках, няшмат — па 70−80 кіламетраў у тыдзень. Раней бывала і па 200.

Лёша ўстае, снедае льняной кашай і бяжыць. Інакш не прачнецца, і дзень будзе млявы. Бег для яго — не сумны занятак.

«Бег для мяне ўжо філасофія. Я бягу, думаю, у працэсе з’яўляюцца правільныя думкі. Мозг узбагачаны кіслародам. І рашэнні ў праблемных сітуацыях прыходзяць лягчэй».

За ягонымі плячыма — юнацкія спаборніцтвы, настаўніцтва ў школе, з дзясятак маратонаў, дабрачынныя бегавыя акцыі. Калі стала сумна бегаць аднаму, ён пачаў аб’ядноўваць вакол сябе людзей. Хацелася, да таго ж, дзяліцца досведам.

«Я вельмі люблю бегаць з кампаніяй. Ніякая музыка не заменіць жывой камунікацыі. Няма нічога лепшага, чым прабежка з разумным чалавекам, у якога ёсць чаму павучыцца», — мяркуе Лёша.

«Мы цягнемся адзін да аднаго па крытэрах чалавечнасці»

Ён заўважыў, што спачатку ў клуб Run4Fun, а пасля і ў школу бегу да яго пачалі прыходзіць людзі, якія думаюць, бізнесоўцы, праграмісты. Аказалася, што яны «простыя, звычайныя, без празмернай ганарлівасці».

«Мы цягнемся адзін да аднаго па крытэрах нармальнасці, чалавечнасці. Нос ніхто не задзірае. У сённяшнім свеце столькі нядобрага атачае, што хочацца шукаць нармальную кампанію. Мне хацелася сабраць у клубе сяброў, каму можна давяраць, хто дапаможа ў цяжкай сітуацыі, з кім весела бавіць час. А бег нас аб’ядноўвае».

Трэнер называе сваю школу бегу таксама школай бізнесу. Падчас прабежак прадпрымальнікі абмяркоўваюць справы, дзеляцца парадамі.

Так Лёша пазнаёміўся з дырэктарам буйной гродзенскай IT-кампаніі і прыйшоў да яго працаваць. Хоць па працоўнай кніжцы ён менеджар, але негалосна мае заданне разварушыць калектыў. Ужо некалькі айцішнікаў ён выцягнуў на бег, яшчэ для 40 супрацоўнікаў кампаніі ладзіць секцыі па футболе, валейболе, баскетболе, тэнісе.

«Раней я ўвесь час прысвячаў бегу, бо гнаўся за вынікам. Цяпер вольны час я прысвячаю людзям, і з імі ідзе абмен жыццёвым досведам. Яны мне могуць падказаць у нейкіх справах, а я іх вучу бегаць», — кажа Лёша.

«Калі гэтую нішу займу не я, то прыйдуць іншыя»

Клуб Run4Fun бегае штонядзелі ранкам па гарадскім лесапарку Пышкі. Школа Run4Fun збіраецца па вечарах у спартовай зале цэнтральнага стадыёна. Адрозненне клубу ад школы ў тым, што першыя проста супольна бегаюць, другія — вучацца, як гэта рабіць правільна, шмат часу аддаюць іншым фізічным практыкаванням.

У спартовай зале больш за трыццаць чалавек. Маладыя дзяўчаты і хлопцы, людзі сярэдняга і сталага ўзросту з дзецьмі, падлеткі.

Пад лічэнне ідзе размінка. На бегавых дарожках усе паселі на кукішкі і пайшлі, як качкі, пасля паскакалі, як вераб'і. Наступнае заданне — падлятаць ледзьве не пад столь, як кенгуру.

«Валера, ты махлюеш, падцягні калена», «Пачалі — і не спыняйцеся, так лягчэй», — чуваць голас трэнера.

— Лёша, ты адмыслова сабраў усіх дзеля рэпартажу? Вас жа было менш, — пытаюся ў Чамаданава.

— Ты што, я нават не папярэджваў, што будуць журналісты. Не люблю паказухі. Проста апошнім часам людзей стала значна больш.

Клуб пачынаўся з трох вучняў. Дзеля іх Лёша ездзіў на трэніроўкі з другога канца горада.

«Было цяжка, але некалі гэта павінна было стрэліць. Я разумеў, што паўсюль ёсць школы бегу. І калі гэтую нішу не займу я, то прыйдуць іншыя. Наш горад варты такіх трэніровак. Думаў раней: чаму ў Мінску ўжо ёсць, а ў нас няма?» — кажа Чамаданаў.

Жадання кінуць заняткі не было. Найбольш матывавалі ўсё лепшыя вынікі вучняў, іх захапленне самім працэсам і яго плёнам. Нядаўна і клуб, і школу зарэгістравалі афіцыйна, а колькасць удзельнікаў вырасла да 30−40 чалавек.

Прыйшоў з вагой 145 кілаграм

Сярод бегуноў — 37-гадовы Віктар Бяляеў. Мужчына прыйшоў бегаць у верасні. Тады ён важыў 145 кілаграм. Раптам вырашыў, што трэба худзець, і скінуў ужо 13. У маладосці ён нават бегаў за ўніверсітэт, але з прычыны сядзячай працы папаўнеў. На першай трэніроўцы прабег з горкі 500 метраў і болей не здолеў. Праз два месяцы бег ужо 10 кіламетраў. Бліжэйшая мэта — абагнаць мясцовых чэмпіёнаў і прабегчы паўмарафон.

«Гэта не цяжка — быць не першым. Проста трэба ставіць сабе мэту. Усё не атрымліваецца ў адзін дзень», — кажа гродзенец.

Віктару падабаецца атмасфера на занятках, прафесіяналізм трэнераў і людскае стаўленне да вучняў: «Лёша малайчына. У яго такі характар, які матывуе займацца. Ён да кожнага чалавека ставіцца як да сябра. У яго ніколі няма прэтэнзій да сваіх вучняў, у яго ёсць парады».

Віктар заахвоціў прыйсці ў школу бегу больш за дзесяць чалавек: бацьку, братоў, сына, пляменнікаў, сяброў. Так яны могуць больш часу праводзіць разам.

«Дастаткова адзін раз прыйсці на трэніроўку, якую ладзіць наш трэнер, каб зразумець, што хочаш гэтым займацца. Самому на стадыёне не атрымаецца так добра сябе матываваць. Школа патрэбная, каб правільна ставіць нагу, каб не нашкодзіць здароўю. З маёй вагой вялікая нагрузка ідзе на спіну, калені. Парады трэнераў дапамагалі згладзіць дыскамфорт», — кажа Віктар Бяляеў.

«Тут з’яўляецца тонус»

Бацьку Віктара Вячаславу 60 год. Ён ужо на пенсіі. Заўсёды любіў рух, бегаў у маладосці разам з дзецьмі па лесе. Цяпер прыйшоў, каб больш часу актыўна праводзіць разам з сынамі і ўнукамі. Схуднеў толькі на 3 кілаграмы, бо і так у добрай форме.

​Ірына зарумянілася падчас практыкаванняў. Яна ўсміхаецца ды вохкае: «Я заўтра не ўстану». Ёй 38 год. Прыйшла на трэніроўку ўпершыню. Хоча скінуць 10 кілаграм, што набрала пасля родаў.

«Адчуваю сябе бадзёра. Цэлы дзень было адчуванне, што хочацца спаць. А тут з’яўляецца тонус. Мне хоць спіна не так баліць. Тут столькі знаёмых, што няма нагоды прапускаць трэніроўкі. Усе адзін аднаго падбадзёрваюць», — кажа Ірына.

Разам з татам на трэніроўкі ходзіць 7-гадовы Максім. Ён паслухмяна качае прэс, робіць практыкаванні на турніку.

«Тата казаў, што займацца спортам вельмі карысна. Мне падабаецца бегаць і качаць прэс. Хоць крыху цяжка. Сябры ў школе нармальна ставяцца, кажуць, што гэта добра. Я стаў крышку хутчэй бегаць на фізкультуры. Хачу прабегчы 5 кіламетраў. Думаю, да вясны атрымаецца», — дзеліцца Максім.

Вучацца бегаць не толькі навічкі, але і дасведчаныя спартоўцы. Павел Красько — бронзавы прызёр чэмпіянату свету па спартовым арыентаванні. Школа бегу дапамагае з фізічнай падрыхтоўкай.

«Дысцыплінаваць сябе цяжка, а з трэнерам эфэктыўней атрымліваецца. Лёша дае больш, чым я б адзін займаўся. У камандзе ты падцягваешся, хутчэй бегаеш. У мяне сталі лепшымі вынікі на кароткія дыстанцыі. Цяпер рыхтуюся да чарговага чэмпіянату».

Праграмісту Ігару на працы не хапае фізычнай актыўнасці, таму ён бегае і ездзіць на ровары. Свой марафон ён ужо прабег раней. Цяпер такой мэты няма, проста падтрымлівае форму.

«Тут шмат маіх сяброў. Але я раней знаходзіў адгаворкі. Прыйшоў, убачыў, што заняткі сістэматызаваныя, спадабалася. Так атрымліваецца займацца спортам рэгулярна. Хатняе заданне трэба выконваць», — кажа Ігар.

Run4Fun стаў для многіх колам сяброў. Пасля кожнай трэніроўкі яшчэ 10−15 хвілін бегуны не разыходзяцца, каб нагаварыцца. Увечары чат у Viber разрываецца ад паведамленняў. Па нядзелях прыносяць з сабой тэрмасы з гарбатай і печыва. Падтрымліваюць адно аднаго ў цяжкіх сітуацыях: згарэў дом або пазбавілі бацькоўскіх правоў. Дапамагаюць іншым: далучаюцца да ўсіх бегавых дабрачынных акцый па зборы грошаў для хворых дзяцей.

Як пачаць бегаць?

«Калі вам прыспічыла бегчы, абувайцеся ў што ёсць і бяжыце. Не адкладайце сваё жаданне на далёкія часы: мне спачатку трэба набыць красоўкі, падабраць экіпіроўку. Не — бяжыце», — матывуе трэнер.

Адначасова ён рэкамендуе сур’ёзна ставіцца да красовак. Гэта самае дарагое ўкладанне ў бег. Добры абутак каштуе ад 100 долараў. Інакш могуць пацярпець калені. Лепш набываць абутак на паўпамера большы, чым звычайна. З адзеннем прасцей, яго можна выбраць нават у крамах second-hand. Лепш, каб цішотка і нагавіцы былі з сінтэтыкі, шчыльна прылягалі да тулава. Тады вільгаць лепш выводзіцца са скуры і менш шансаў прастудзіцца.

Лёша ўпэўнены, што да бегу трэба прыйсці. Гэта больш спакойны спорт. Да яго матывуе супольнасць.

«Адзін знойдзеш у сабе слабіну: вецер, кепскае надвор’е, не выспаўся, стаміўся. Калі прыходзіш у кампанію, проста стартуеш з іншым чалавекам і бяжыш. Калі бачыш, як бяжыць наш Вячаслаў, як стараецца Віктар і не пераходзіць на крок, то як ты будзеш халтурыць?»


Реклама

Хотите быстро получить результат от физических тренировок. Ни для кого не секрет, что многие спортсмены прибегают к помощи анаболиков, для создания идеального тела. Вы сможете приобрести ихздесь. Высокое качество дает 100% результат.