Людзі і справы

Ральфа Лорэна ўзнагародзілі Прэзідэнцкім Медалём Свабоды. Узгадваем лёс сына эмігрантаў з Гродна і Пінска

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 4 студзеня 2025 года ўзнагародзіў Ральфа Лорэна Прэзідэнцкім Медалём Свабоды за ўклад у развіццё культуры і мастацтва ў ЗША і Свеце. Гэты медаль у свой час атрымлівалі Марцін Лютэр Кінг, Маці Тэрэза, Боб Дзілан і іншыя. Ральф — сын бедных эмігрантаў з Гродна і Пінска. Hrodna.life расказвае, як хлопец з небагатай габрэйскай сям'і стварыў самы знакаміты амерыканскі брэнд.

Бацькі Ральфа Лорэна — Фрыда Катляр з Гродна і Франк Ліўшыц з Пінска — эмігравалі ў ЗША ў 1920-х, ратуючыся ад антысемітызму, дыскрымінацыі, яўрэйскіх пагромаў і цяжкай эканамічнай сітуацыі, якая панавала ў той час на сучасных беларускіх землях.

Ральф нарадзіўся 14 кастрычніка 1939 года ў Бронксе, Нью-Ёрк. З самага дзяцінства ён цікавіўся модай і стылем. А яго бацькі, хоць і жылі проста, цалкам падтрымлівалі яго зацікаўленасці. Сціплае фінансавае становішча яго сям'і матывавала яго прагнуць багацця. У школьным сачыненні будучы дызайнер напісаў, што хоча стаць мільянерам. А ў 12 год на зэканомленыя грошы сам набыў свой першы гарнітур-тройку. У 16 — змяніў бацькоўскае прозвішча на «Лорэн» для мілагучнасці.

Малады Лорэн спачатку працаваў прадаўцом у крамах адзення, што дазволіла яму атрымаць неабходныя веды і развіць уласны густ.

«З-за таго, што я быў малодшым з чацвярых дзяцей, мне заўсёды даставалася ўжо ношанае адзенне. З часам, калі я зарабіў свае першыя грошы, я купіў тое, што падабалася менавіта мне. Мы з братам схадзілі ў ваенна-марскі магазін, дзе знайшлі курткі-сафары і ваенную форму. Гэтыя рэчы былі трывалыя і моцныя, зробленыя для рэальнага працоўнага жыцця, і гэта было менавіта тое, што мне падабалася», — расказваў ён.

Рамантыка і традыцыі

Падтрымка прагі хлопчыка да дызайну (бацька быў мастаком-дэкаратарам, маці - хатняй гаспадыняй), суседства і сяброўства з маладым Кельвінам Кляйнам, а, галоўнае, талент Ральфа, далі свае вынікі. У 1967 годзе ён стварае ўласны брэнд. Гэта гісторыя стане ўвасабленнем амерыканскай мары. Яго імя будзе асацыявацца з амерыканскім стылем, а яго брэнд стане адным з сімвалаў моды і стылю 20-га стагоддзя.

«Я вырашыў заняцца стварэннем мужчынскага адзення, бо не бачыў годных альтэрнатыў у індустрыі. Я хацеў больш рамантыкі, больш эмацыйнасці ў адзенні. Я быў вялікім прыхільнікам традыцый. Так я распрацаваў свой стыль», — казаў Лорэн.

Першая монабрэндавая крама

Polo Ralph Lauren — брэнд, які спалучае ў сябе камфорт і раскошу. Яго адзенне сімвалізуе статус і поспех. Лорэн зрабіў моду не проста даступнай і функцыянальнай, яму ўдалося зрабіць моду часткай жыцця кожнага амерыканца. І не толькі амерыканца. Ягоны стыль прыйшоўся да густу аматарам дэмакратычнай раскошы ў кожным кутку планеты. Сустрэць людзей, якія носяць фірмовае пола брэнда, можна дзе заўгодна. А колькасць крам на дадзены момант налічвае 564 лакацыі па ўсім свеце.

Ральф Лорэн быў першым, хто адкрыў манабрэндавыя крамы адзення. Першым, хто зрабіў моду дэмакратычнай, прапаноўваючы рэчы высокай якасці на ўсіх узроўнях: ад больш даступных Polo Ralph Lauren і Ralph Lauren Home да прэміум калекцый Purple Label. Ягоныя крамы прапануюць не толькі адзенне, а адчуванне жыцця ў стылі Ralph Lauren. Ральф Лорэн змяніў не толькі мір моды, ён стварыў універсальны кодэкс стылю, які застаецца актуальным дзесяцігоддзямі.

Яго фірма ўкараняе ўстойлівыя практыкі ў сваёй працы, робячы гэтым брэнд экалагічна свядомым. Ralph Lauren запусціў праграму «Design the Change», накіраваную на пераход да экалагічных тканін і стварэнне прадуктаў з меншым вугляродным следам. Брэнд таксама імкнецца да празрыстасці ў ланцугу паставак і ўвядзення стандартаў устойлівасці для пастаўшчыкоў. У выніку брэнд падтрымлівае не толькі экалагічны падыход, але і адказную сацыяльную палітыку.

Прыхільнік сямейных традыцый

Чырвонай ніткай праходзіць праз усю творчасць дызайнера яго любоў да сямейных каштоўнасцяў. Яго жонка Рыкі (дачка эмігрантаў з Аўстрыі) і трое іх дзяцей заўсёды суправаджалі яго падчас Модных тыдняў, на свецкіх імпрэзах і здымаліся ў рэкламах брэнда. Сын дызайнера Дэвід займае ў Ralph Lauren пост віцэ-прэзідэнта кампаніі.

«Мы апраналі сваіх дзяцей гэтак жа, як і сябе саміх. Я адчуваў, што такіх рэчаў катэгарычна бракуе на прылаўках крам, і пачаў ствараць рэчы для дзяцей, якія мелі за сабой спадчыну, якасць і фантазію», — кажа Ральф.

Не першая адзнака мадэльера

Акрамя ўласнага брэнда адзення, аксесуараў і мэблі, Лорэн заснаваў Цэнтр даследавання рака грудзей, за што ў 1996 годзе атрымаў гуманітарную прэмію з рук прынцэсы Дыяны. А пяццю гадамі раней з рук яго любімай акторкі Одры Хепбёрн ён атрымоўвае самую прэстыжную прэмію ў галіне дызайну: Council of Fashion Designers of America. У 2001 годзе, на фоне трагедыі з атакай на Сусветны гандлёвы цэнтр, Ральф Лорэн стварае «Фонд Амерыканскіх герояў», які дае стыпендыі дзецям, чые бацькі загінулі падчас тэракта.

У 2010 годзе тагачасны прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі ўручае Ральфу Лорэну Ордэн Ганаровага легіёна. А ў 2017 годзе ён атрымоўвае званне Рыцара Ордэна Брытанскай Імперыі. Акрамя дзяржаўных, Ральф Лорэн мае мноства прафесійных узнагарод.

«Мая вопратка і ўсё, што я калі-небудзь ствараў, — прызнаваўся Лорэн. — Гэта пра жыццё і пра тое, як людзі жывуць, як яны хочуць жыць і пра што яны мараць».

Чытайце таксама: «Ланскі памятаў пра яўрэйскія карані». Сваячка амерыканскага гангстара наведала Гродна

Мікалай Наваградскі, Hrodna.life

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Хто бароніць людзей без грамадзянства?» Як Ларысу і Яна Геніюшаў пазбавілі грамадзянства — і аднавілі праз 76 гадоў

У канцы 2024 года Чэхія вярнула грамадзянства Яну і Ларысе Геніюшам. Чэшскі адпаведнік беларускіх органаў…

7 студзеня 2025

«На агульнай сустрэчы я пазнаёмілася з яго партнёркамі». Беларусы расказалі пра вопыт адкрытых адносін

Кіра пайшла на агульную сустрэчу з партнёркамі свайго хлопца, каб пазнаёміцца з імі. Зміцер пайшоў…

2 студзеня 2025

Словы тваёй сям'і: ці пазнаеш адметныя назвы з Гродзеншчыны? Тэст

Каляды, Новы год, Раство - час сямейных сустрэч. А ці добра ты разумееш сваякоў? Як…

31 снежня 2024

У Гродне хочуць захаваць старыя кафляныя печы. Гэта ўнікальная частка інтэр'ераў - і яна знікае

У гістарычным цэнтры Гродна засталося ўсяго некалькі дзясяткаў цікавых кафляных печак, якія ўпрыгожваюць інтэр'еры старых…

30 снежня 2024

Аўтарытарызм, кіберпанк і Акрэсціна. 6 кніг, якія трэба прачытаць для разумення Беларусі

Чытанне кніг у няпросты час дапамагае перамагчы ўласную немату - прызнаваліся некаторыя героі Hrodna.life. Рэдакцыя…

27 снежня 2024

«Можна бункер на выпадак апакаліпсісу ўладкаваць». Якім будзе новы «касмічны» гатэль у Пышках

На тэрыторыі былога водазабору ў Пышках будуюць гасцінічны комплекс. Гатэль будзе вытрыманы ў касмічнай стылістыцы,…

24 снежня 2024