У будынку найстарэйшай гродзенскай школы поўным ходам ідзе капітальны рамонт. Спачатку яго хацелі перарабіць у «звычайны сучасны будынак», але праект змянілі. Гістарычны выгляд былой школы мусіць захавацца. Hrodna.life паглядзеў, як ідуць працы, і паспрабаваў даведацца, што будзе там пасля іх завяршэння.
Асноўны будынак былой дапаможнай школы № 1 на Лермантава, 31 купілі ў канцы 2020 года. Да гэтага ён пуставаў з 2017. Пачатковы кошт будынка плошчай 1450 кв. м з участкам 0,54 га быў 336,3 тысяч рублёў. Выніковую цану не назвалі.
Зараз у будынку ідзе капітальны рамонт. Ужо амаль цалкам замянілі дах, уставілі новыя дзверы. Над пячнымі трубамі з’явіліся каўпакі.
Частка перагародак унутры мяняюць. Ёсць інфармацыя, што асноўны ўваход у будынак пасля рамонту будзе з тарца. Колер знешніх сцен школы стаў прыкметна святлейшым — з карычневага яе перафарбавалі ў пясочны. Вядомае афармленне галоўнага ўваходу захавалася, як і колер і форма даху і слыхавых вокнаў у ім.
А вось ад старых дубоў, клёнаў і ясеняў, якія раслі каля школы, мала што засталося. Дрэвы могуць прыбіраць у выпадках, калі нормы пасадкі былі парушаныя, распавялі Hrodna.life у «Гродназелянбудзе». Таксама зялёныя насаджэнні выдаляюць, калі яны перашкаджаюць рэканструкцыі. У такім выпадку робяць кампенсацыйныя пасадкі. Звычайна гэта вырашаецца на этапе праектавання.
Аблічча школы моцна не зменіцца, паабяцаў Hrodna.life інвестар праекта Яўген. Ад іншых каментароў датычна праекта ён адмовіўся.
Паводле планаў, пасля рамонту ў будынак пераедзе прыватная школа «Тэрыторыя поспеху». Калі гэта здарыцца — залежыць ад ходу працаў. «У нашай школы ёсць імкненне расці, развівацца, але пакуль рана пра гэта казаць, бо там яшчэ поўным ходам ідуць будаўнічыя працы», — распавяла Hrodna.life дырэктарка школы Таццяна Доўгун. Будынак быў вельмі старым, таму запатрабавала перабудовы ўнутры і звонку, патлумачыла яна.
Два будынкі былой дапаможнай школы — Лермантава, 31 і Лермантава, 33 — будзе падзяляць плот: у дома № 33 іншы ўладальнік.
«Тэрыторыя поспеху» працуе ў Гродне з 2021 года. Зараз там 50 навучэнцаў, у класах — да 10 чалавек. Пераезд звязаны з пашырэннем школы. Зараз яна месціцца ў прыватным сектары ў раёне Азёрскай шашы.
Праектную дакументацыю распрацоўвалі ў «Гроднажылпраекце». Спачатку ў будынку хацелі размясціць хостел і рэстаран, перарабіўшы яго ў «звычайны сучасны будынак», распавяла Hrodna.life крыніца, блізкая да праекціроўшчыкаў. Ва ўпраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва пры гарвыканкаме варыянт рэканструкцыі са зносам часткі будынка не ўзгаднілі. У выніку праект змянілі з захаваннем гістарычнага выгляду былой школы.
Будынак на Лермантава не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю з гледзішча Кодэкса аб культуры. Таму фармальна многія пытанні залежаць ад асабістых поглядаў і густу замоўцы і праекціроўшчыка, патлумачыла крыніца.
Вуліца Лермантава — мяжа ахоўнай зоны гістарычнага цэнтра. Яна ўваходзіць у зону рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання. Там нельга будаваць прамысловыя прадпрыемствы, склады і аб’екты, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджвальныя паветра і ваду, выбуха — і пажаранебяспечныя. Забароненая рэканструкцыя забудовы без выкарыстання Гістарычнага модуля па працягласці фасадаў, нельга будаваць вышэй суседніх будынкаў (вышэй 11 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху, вышэй 2 паверхаў з мансардай).
У гродзенскага гісторыка і краязнаўцы Мечыслава Супрона рэканструкцыя школы выклікае двайныя пачуцці.
«Станоўчым з’яўляецца тое, што збольшага будынкі захаваюцца. Новы ўласнік (уласнікі) удыхнуць новае жыццё ў пабудовы, якія нядаўна былі пад пагрозай зносу. Ажывіцца цэлы квартал», — падзяліўся ён з Hrodna.life.
Зваротным бокам ён лічыць утылітарнае стаўленне ўласніка да тэрыторыі. «Выпілка старых клёнаў - памылковая ідэя, — упэўнены Мечыслаў Супрон. — Менавіта дрэвы стваралі тут непаўторную аўру. Увосень гэта была цудоўная фотазона».
Будынак школы быў узведзены ў стылі канструктывізму ў 1926 або 1928 годзе (па іншых крыніцах — у 1930). Першапачаткова там была школа № 8 (у міжваенным Гродне яе называлі «ўсэмка»). Тады вуліца называлася Базіліянскай, і гэта быў адзін з самых маладых раёнаў горада. Большасць вучняў былі хрысціянамі, дзецьмі небагатых гараджан. З 1939 года школа стала беларускай, а ў 1941 немцы размясцілі ў ёй казарму для жандармерыі.
Чытайце таксама:
Пасля вайны тут працавалі фармацэўтычная і фельчарска-акушэрская школы. З 1950 года — агульнаадукацыйныя школы № 3 і № 4. На іх базе стварылі дапаможную школу № 4 (пазней — № 1) для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
У красавіку 2017 года ў школе загарэўся адзін з кабінетаў. Пацярпеў сам кабінет і столь у калідоры. Планавалася, што пасля рамонту дзеці вернуцца ў школу. Але ўжо летам стала вядома, што вучняў пераводзяць у будынак школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку на Дзяржынскага. Будынкі засталіся пуставаць.
Чытайце таксама: Агонь супраць спадчыны: як Гродзеншчына страчвае ў пажарах каштоўнасць за каштоўнасцю
Улетку 2018 года школу ўпершыню выставілі на аўкцыён. За ўсе пабудовы, добраўпарадкаванне і зялёныя насаджэнні прасілі мінімум 1,46 млн рублёў. Будынкі прапаноўвалі перарабіць пад памяшканні грамадскага прызначэння.
У 2020 годзе горад пачаў прадаваць школу па частках. 27 ліпеня на адкрытых таргах прадалі былы дом дырэктара «ўсэмкі» па Лермантава, 33. У апошні час там былі майстэрні дапаможнай школы. Будынак выкупіла прыватная гродзенская будаўнічая фірма, якая плануе арганізаваць там офісы.
Тады ж, летам 2020, цану на другі будынак знізілі на 50%, каб паскорыць продаж.
«Школу можа і адсялілі пяць гадоў таму, але прыгнечаны стан тут пануе даўно. Наконт калон з цэглы, пластыкавых дзвярэй — гэтыя моманты кажуць аб дрэнным гусце уладальнікаў і адсутнасці павагі да гістарычнай спадчыны», — лічыць краязнаўца Мечыслаў Супрон.
Распрацоўнікі дэтальнага плана для гістарычнага цэнтра Гродна прапаноўвалі выкарыстоўваць старую школу на Лермантава крыху па-іншаму. Была ідэя арганізаваць у ёй цэнтр прыцягнення для жыхароў раёна драўлянай забудовы настаўніцкай калоніі, месца для адкрытых воркшопаў. Там маглі б захоўвацца аўтэнтычныя дэталі пацярпелых будынкаў.
Раёны сядзібнай малапавярховай забудовы Новы Свет і Настаўніцкая калонія аўтар дэталёвага плана Антон Пятрухін лічыць унікальнымі не толькі для Гродна, але і ў цэлым для Беларусі і рэгіёна. У дэталёвы план закладзена магчымасць іх захаваць.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…