Дзесяць гадоў таму Сяргей Башлыкевіч выклаў на YouTube першы трэк, даў першы канцэрт і неўзабаве быў названы музычным «Адкрыццём году» ў Беларусі. Прыкладна тады ж Лявон Вольскі быў на сцэне ўжо 30 гадоў, паспеў змяніць некалькі гуртоў і з сольнай кар’ерай быў на хвалі папулярнасці і поспеху. Сёння можа падацца, што ролі змяніліся: абодва музыкі выпусцілі «эмігранцкія» альбомы, але гэта Сяргей збірае поўныя клубы так, што яблыку няма дзе ўпасці. Дык атрымліваецца, што Башлыкевіч стаў «новым Вольскім»? Разабралі з дапамогай слухачоў і музычных экспертаў.
Калі музыкі выпусцілі свае апошнія альбомы — Башлыкевіч «ТАМ», а Вольскі «Эмігранты» — у публічнай прасторы іх адразу пачалі параўноўваць. За асноўны крытэр інтэрнэт-каментатары ўзялі «праўдарубства»: маўляў, хто дакладней адлюстраваў у песнях жыццё беларусаў.
«Сапраўды трохі не хапіла глыбіні і сэнсаў. 4 песні застануцца ў маім плэйлісце. Нельга назваць альбом правалам, усё ж ёсць добрыя песні, але і шэдэўрам не назавеш. Leibonik [гурт Сяргея Башлыкевіча — Hrodna.life] крануў мацней», — напісала карыстальніца Юлёса ў каментарыях да поста пра альбом Вольскага ў Telegram-канале «Беларуская музыка», які вядзе музычны журналіст Аляксандр Чарнуха.
«Чакаю выпуск пра Башлыкевіча. Назіраю за яго творчасьцю ўжо гадоў з 10 і бачу як расьце Сірожа на вачах. У 2020 быў уздым беларускай музыкі. Большасьць новых знаёмых не ведала Вайцюшкевіча і Варашкевіча, а Башлыкевіча слухалі амаль усе», — чытаем у каментарах да відэа пра той жа альбом Вольскага на канале Чарнухі ў YouTube.
Гэта тэндэнцыя? Сяргей Башлыкевіч прыходзіць на змену Лявону Вольскаму ў статусе галоўнай рок-зоркі беларускай музыкі? Каб высветліць гэта, мы сабралі фокус-групу з 15 слухачоў беларускай музыкі. А таксама задалі пытанні экспертам: Алёне Варанец (арт-менеджарцы праектаў «Заспявай», «Пешаходка», аўтарцы музычных праграм на «Радыё Рацыя»), Мікіту Вектару (музычнаму эксперту, сузаснавальніку канала «КЛІК») і ўжо згаданаму Аляксандру Чарнуху (музычнаму крытыку, журналісту і пісьменніку, заснавальніку каналу «Міністэрства сепультуры»).
Адкрытыя статыстыкі па праслухоўваннях апошніх альбомаў Leibonik і Вольскага ў Spotify, YouTube i Apple Music сапраўды сведчаць пра папулярнасць гурта Leibonik. Прынамсі, што тычыцца колькасці праслухоўванняў, яна ў апошніх песнях Башлыкевіча істотна большая, чым у апошніх твораў Вольскага.
На YouTube самы папулярны з апошніх трэк Leibonik — «Emigrant song» — сабраў на момант публікацыі матэрыяла 186 000 праслухоўванняў. У апошнім альбоме Вольскага на YoutTube самы папулярны трэк «Kudy i Kali» сабраў усяго 7900 праслухоўванняў. На Spotify для ветэрана беларускага року ўсё не так кепска, але сярэдняя колькасць праслухоўванняў аднаго трэка ўсё роўна ў два разы большая ў Башлыкевіча.
Пры гэтым па колькасці і асабліва па геаграфіі канцэртаў пакуль што Вольскі ўпэўнена абганяе Башлыкевіча — варта проста параўнаць афішы за 2023 год у іх Instagram.
Чым статыстыкі з сэрвісаў не доказ таго, што часы Вольскага праходзяць і эстафету адлюстравання ў музыцы беларускага лёсу пяройме Башлыкевіч? Але насамрэч усё складаней, бо творчасць Вольскага — не проста музыка і тэксты. Гэта цэлы сацыякультурны феномен.
«Гэта больш легенда, чым жывая музыка. Ты ходзіш на канцэрты як на штосьці, што было заўжды. Вольскі быў заўжды — ёсць такое адчуванне. Прынамсі калі я нарадзілася, Вольскі ўжо быў моцнай зоркай. Ён заўжды трапляў у нэрв і час. <…> Шчыра і смела адлюстроўваў тое, што адбывалася ў яго асабістым жыцці і вакол яго», — тлумачыць Алёна Варанец.
Вольскі — гэта важная асоба ў гістарычным плане, па творчасці якой можна вывучаць сучасную гісторыю Беларусі, упэўнены Аляксандр Чарнуха.
«Яго творчасць бярэ свае вытокі ў Савецкім Саюзе. Ужо тады ён развіваў беларускамоўны праект, што само па сабе было выклікам <…> Лявон Вольскі ўдзельнічаў у розных гуртах і супольных праектах. Яго багатая спадчына ўключае ў сябе «Мрою», праекты «Zet», «NRM», «Народна альбом», «Сьвяты Вечар», «Я нарадзіўся тут», «Саўка ды Грышка», — узгадвае Чарнуха. Пры гэтым кожны праект артыста быў па-свойму цікавым.
«Вольскі — гэта сімвал беларускай музыкі, таму што яго песні гралі і на святы, і пры вогнішчы. Яны пра жыццё кожнага беларуса, пра гісторыю», — лічыць Крысціна, удзельніца фокус-групы.
Менавіта Лявон Вольскі запусціў пераемнасць рок-музыкі, зрабіў рок беларусацэнтрычным і палітызаваным, заснаваў уласную музычную школу, якая адгукаецца дагэтуль, перакананы Мікіта Вектар. Пры гэтым ніякага сакрэтнага інгрэдыенту культавасці няма: «Гэта, у першую чаргу, унутраны стрыжань, упэўненасць у тым, што ты робіш, працавітасць».
Амаль 40 гадоў Лявон Вольскі выпускае альбомы, дае канцэрты, стварае хіты. Вольскі стаў часткай гісторыі, таму што выканаў функцыю музычнага летапісца шляху беларусаў. У сваю чаргу Башлыкевіч змог зараз намацаць нэрв беларускай міграцыі. Але пакуль, лічыць Мікіта Вектар, яго музыку мы не можам назваць агульнабеларускай спадчынай. Праз 10 год музыка Башлыкевіча будзе хутчэй голасам эміграцыі, калі ён будзе рухацца ў тым накірунку, у якім рухаецца зараз, лічыць Мікіта.
Фокус-група слухачоў раздзялілася папалам у сваіх меркаваннях. Для адных і Башлыкевіч, і Вольскі дакладна адлюстроўваюць сённяшнія часы. Для другіх, менавіта творчасць Башлыкевіча трапна паказвае актуальныя рэаліі, а творчасць Вольскага застаецца легендай і гісторыяй.
Першым трэкам, а дакладней каверам, выкладзеным у сацыяльныя сеткі з подпісам Leibonik у 2013 годзе быў «Сэкс з барадатым мужчынам». У гэтым жа годзе мы пабачылі анонс першага канцэрту ў Доме Фішара, зроблены ў выглядзе відэазапрашэння. Такі падыход да запрашэнняў на канцэрты стаў з часам адметнай рысай гурта.
У 2014 годзе гурт прызналі «Адкрыццём году ў беларускай музыцы» на прэміі «Героі году-2014», а пазней, у 2015 годзе, гурт абвесціў аб прыпыненні дзейнасці. Аднак удзельнікі гурта разысціся не змаглі, як кажа сам Башлыкевіч, працягнулі збірацца і граць, удзельнічаць у конкурсах і канцэртах. У лістападзе 2023 года склад гурта абнавіўся напалову: частка ўдзельнікаў вырашыла ісці ў іншым творчым накірунку, а ў гурт прыйшлі новыя музыкі.
Алёна Варанец цепла ўзгадвае тыя часы, калі хадзіла на невялікія сяброўскія канцэрты Сяргея Башлыкевіча ў Мінску. Аднак час змяніўся, канцэрты сталі буйнейшымі і для новых слухачоў Сяргей ужо не проста свой хлопец, з якім толькі што побач стаяў і паліў, а асоба, набліжаная да легендарных. Магчыма, Сяргей сам пакуль не прыняў думку, што пачаў пераходзіць на нейкі больш папулярны ўзровень, лічыць экспертка. Напрыклад, ён дагэтуль бярэ маленькія пляцоўкі, у якіх sold-out за два тыдні да канцэрта.
Алёна заўважае двухбаковасць пытання. З аднога боку мы бачым, як Сяргей робіць крокі для развіцця і прасоўвання. З іншага — гэтыя крокі выглядаюць так, нібы ўнутрана ён не гатовы выходзіць на прынцыпова новы ўзровень.
Праблема і ў тым, што каб творчасць артыста станавілася папулярней, патрэбны грошы і якасны менеджмент, дадае Аляксандр Чарнуха. А з гэтым у беларускіх творцаў нярэдка праблемы.
У сваім інтэрв'ю на канале «Жыццё-маліна» Сяргей Башлыкевіч шчыра кажа, што не верыць ва ўстойлівасць беларускай музыкі за мяжой. Таму і не можа зрабіць яе сваёй асноўнай працай, бо проста не будзе за што жыць. Ён мяркуе, што канцэртная хваля беларусаў за мяжой, якая зараз на піку актыўнасці, будзе заканчвацца.
Тое, што ён не зарабляе на музыцы, Башлыкевіч пацвердзіў і ў інтэрв'ю «Зеркалу»: «Апошнія гады выдаткоўваў на творчасць даволі шмат часу, бо нешта запісваў, выдаваў, канцэртаваў. Але гэта займае не такую вялікую частку майго жыцця, хоць зараз і з’яўляецца значнай часткай маёй самаідэнтыфікацыі».
Сёння людзі па-іншаму спажываюць інфармацыю, чым яшчэ дзесяцігоддзе-два таму, музыкі стала больш, яна мацней сегментавалася. Таму казаць пра «народнасць» нерэлевантна, заўважае Аляксандр Чарнуха. Апошнія альбомы і Вольскага, і Башлыкевіча, адпавядаюць інтарэсам канкрэтнай групы беларусаў, якія апынуліся ў эміграцыі, мяркуе Аляксандр.
З ім згодная і большасць з апытаных намі слухачоў: умоўная фокус-група Hrodna.life схіляліся да меркавання, што апошняя музыка абодвух артыстаў знаходзіць свой водгук толькі сярод эмігрантаў.
«Амаль не слухаю цяпер беларускую музыку ўвогуле. Апошнія альбомы і Лявона, і Башлыка напраўлены ў асноўным на эмігрантаў і яны таксама адрываюцца ад людзей унутры краіны. Лейбонік яшчэ больш жвавы, а Лявону, як і Міхалку, ужо можна пенсію. Але шчыры дзякуй ім за творчасць і шмат хітоў! Яны крутыя!» — падзяліўся думкай Герман, яшчэ адзін слухач з нашай фокус-групы.
З гэтым не згодная Алёна Варанец, якая кажа, што Leibonik слухаюць не толькі эмігранты: «Адчуванне страты, болю — яно агульнае. У гэтага могуць быць розныя наратывы і факты штодзённага жыцця. Можна страціць Радзіму, не з’ехаўшы з яе».
«Leibonik быў і застаецца андэграўндам у параўнанні з больш прафесійнымі, якаснымі і мэйнстрымавымі гуртамі — NaviBand, Nizkiz і іншымі», — кажа сам Башлыкевіч у размове з «Зеркалом». І дадае пра геаграфію сваіх слухачоў: «З апошнім альбомам мяне, безумоўна, пачалі больш слухаць за мяжой, але, згодна са статыстыкай стрымінгаў, асноўная частка нашай аўдыторыі менавіта ў Беларусі. Хацеў бы, каб так і заставалася надалей.
Аляксандр Чарнуха перакананы, што абодвух творцаў параўноўваюць выключна з-за агульнай тэмы новых альбомаў. Пры гэтым творчы складнік і метадалогія, па якой працуюць артысты, зусім розныя.
«Башлыкевіч працуе менавіта з тэкстам і робіць гэта небанальна, а творчасць Вольскага — гэта прыпеўка, прымітызаваная ў тэкставым плане, і псеўданародная ў музычным», — кажа Аляксандр. Творчасць Leibonik і Вольскага — на розных полюсах, дадае Аляксандр. Маўляў, любыя іншыя параўнанні недарэчныя.
«Калі мы гутарым пра слухачоў Leibonik, у сваёй большасць гэта кансерватыўныя слухачы з пункту гледжання музычнага густа. Часта людзі не гатовы слухаць новыя сэнсы і новыя гукі», — кажа Мікіта Вектар.
«Башлыкевіч не новы Вольскі, бо новага Вольскага не патрэбна», — кажа Мікіта Вектар. Пры гэтым новыя артысты і свежыя ідэі патрэбныя. Проста гэта дрэнны падыход — накладаць на ўмоўна новага артыста тытул, які будзе заўсёды ціснуць і абмяжоўваць у жанры, паўтараць шлях. Хочацца, каб артыст не зацыкліваўся на нейкім поспеху, а спрабаваў сябе далей, эксперыментаваў і развіваўся як артыст.
Алёна Варанец не лічыць Башлыкевіча пераемнікам Вольскага. Цалкам магчыма, што ў Сяргея будзе столькі ж слухачоў, колькі ў Лявона. Але калі казаць менавіта пра пэўную зоркавасць і статус — шмат залежыць, наколькі Сяргей наогул захоча браць на сябе гэтыя вобраз і адказнасць.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…