Hrodna.life ахвотна піша пра цікавыя ініцыятывы, якія могуць змяніць горад да лепшага. Але часта задуманае так і не здзяйсняецца. Глядзіце, якія ініцыятывы і праекты па розных прычынах так і не з’явіліся ў Гродне.
Школа будучых прафесій
Яна адкрывалася для дзяцей 6−16 гадоў. У школе хацелі развіваць робататэхніку і праграмаванне, запусціць курсы па відэамантажу і фатаграфіі. Нават калі б навучэнец не звязаў жыццё з гэтымі галінамі, ён бы навучыўся працаваць у камандзе, ставіць задачы і выконваць іх. «Школа будучых прафесій» павінна была прыцягнуць патэнцыйных працадаўцаў, якія прыглядаліся б да навучэнцаў. Яна так і не паўстала, затое чыноўнікі ад адукацыі прыдумалі аднавіць вучэбна-вытворчыя камбінаты.
«Мужчынскі клуб» з Lego-тэрапіяй і элітнай гарбатай
«Мужчынскі клуб» мог стаць альтэрнатывай адпачынку дома на канапе ці ў бары з куфлем піва. Падчас «лега-тэрапіі» мужчын навучылі б збіраць робатаў з лега і праграмаваць іх. Робататэхніка развівае памяць, уседлівасць, цярпенне, маторыку, матэматычны склад розуму. Працэс зборкі працуе як тэрапія і дапамагае псіхалагічна разгрузіцца. Але давядзецца гродзенскім мужчынам «разгружвацца» іншым спосабам.
Склад 95: арт-прастора, антыкафэ, склад, барахолка, расфігачачная…
У «Склада 95» было шмат функцый. Сюды можна было вывезці старыя рэчы, якія спатрэбіліся б іншым. Адсартаваныя і прыведзеныя ў парадак яны выстаўліся б на рэгулярных дабрачынных барахолках. Рэчы ў дрэнным стане за пэўную суму «расфігачвалі» б, каб зняць стрэс. Частку грошай арганізатары хацелі аддаваць на дабрачыннасць.
Крэматорый для жывёл
На гродзенскім ІнвестУікендзе, які праходзіць два разы ў год і збірае з большага студэнтаў, рэгулярна агучваюць неблагія ідэі. Але яны рэдка даходзяць да рэалізацыі, бо студэнты маюць іншыя прыярытэты. Найбольш нам шкада, што не паўстаў крэматорый для жывёл. Дарэчы, у кантэксце канфлікту з-за пашырэння могілак «Аульс» актуальна выглядае ідэя і чалавечага крэматорыя.
Арт-аб'ект са старога ясеня ў парку Жылібера
Стары ясень, які прастаяў у гарадскім парку больш за 200 гадоў, высах і памер у 2008 годзе. У 2012 годзе вырашылі, што найлепшы варыянт захаваць пяцімятровы ствол — выразаць з яго скульптуру. Аднак у той год ні вынікаў конкурсу, ні скульптуры гродзенцы не дачакаліся — ва ўпраўленні архітэктуры гарвыканкама паведамілі, што на яе выраб няма сродкаў, а архітэктурнае бюро «Гродназелянбуда» парэкамендавала закансерваваць парэшткі дрэва.