Вуліцы Гродна цяпер святлейшыя ноччу, а плацім мы за гэта менш – дзякуючы новаму LED-асвятленню. Здавалася б, ідэальнае комба. Але тое ж новае асвятленне можа кепска паўплываць на птушак, расліны і насякомых. А ў некаторых людзей выклікаць галаўны боль і стомленасць.

Святлодыёды, нягледзячы на ўсе перавагі, нясуць экалагічную рызыку, пра якую трэба гаварыць адкрыта.

Эканомія і клімат: відавочныя плюсы

Пераход Гродна на святлодыёднае вулічнае асвятленне – гэта крок, які ў цэлым адпавядае сусветнай практыцы. У многіх краінах LED ужо даўно стаўся базавай тэхналогіяй для вонкавага асвятлення, зазначае эксперт у галіне энергетыкі, які пагадзіўся пракаментаваць гэтую навіну на ўмовах ананімнасці.

«Пры гэтым тэхналогія актыўна развіваецца і ўдасканальваецца. Назіраецца сур’ёзны прагрэс у эфектыўнасці і даўгавечнасці святладыёдаў, у тым ліку ў сегменце micro-LED і новых матэрыялаў. Гэта сведчыць пра тое, што абраны кірунак мае доўгатэрміновую перспектыву», – кажа суразмоўца.

Шырокі распаўсюд тэхналогія атрымала найперш дзякуючы сваёй энергаэфектыўнасці. Святлодыёдныя лямпы спажываюць прыкладна на 50–60 % менш электраэнергіі ў параўнанні з традыцыйнымі крыніцамі святла. Сярэдні тэрмін службы святлодыёдных лямпаў складае 30–50 тысяч гадзін, у той час як у лямпаў напальвання – каля 1 тысячы гадзін, а ў люмінесцэнтных – 8–12 тысяч. Да таго ж LED-тэхналогіі дазваляюць дакладна рэгуляваць яркасць, колер і спектр святла, ступень рассейвання, уключаючы магчымасць дыстанцыйнага кіравання.

Начны Гродна да замены асвятлення. Фота: Hrodna.life
Начны Гродна да замены асвятлення. Фота: Hrodna.life

У выніку атрымліваецца і значны экалагічны эфект – змяншэнне выкідаў вуглякіслага газу за кошт скарачэння вытворчасці электраэнергіі, зніжэнне колькасці небяспечных адходаў. Гэта адбываецца дзякуючы таму, што святладыёды, у адрозненне ад люмінесцэнтных лямпаў, не ўтрымліваюць ртуці і іншых высокатаксічных рэчываў і не патрабуюць частай замены.

Магчымыя рызыкі для экасістэмы і чалавека

Разам з тым эксперты папярэджваюць: святлодыёднае асвятленне не ёсць аўтаматычна «бяспечным» для навакольнага асяроддзя і чалавека. Асноўная небяспека хаваецца ў тым, што LED-свяцільнікі маюць больш выражаны сіні кампанент спектру, асабліва ў халодным белым святле.

«Такое святло можа дэзарыентаваць насякомых, змяняць паводзіны кажаноў, парушаць міграцыйныя шляхі птушак і суткавыя рытмы жывёлы. У выніку можа пацярпець уся структура гарадской экасістэмы. Акрамя таго, больш яркае LED-асвятленне спрыяе так званаму «свячэнню неба», у выніку чаго агульная колькасць святла ў горадзе расце, і гэта можа паўплываць нават на натуральныя працэсы, у тым ліку фотасінтэз», – тлумачыць экалагічныя рызыкі эксперт Альянсу «Зялёная Беларусь» Уладзіслаў Шмакаў.

Пра негатыўны ўплыў сіняга святла на арганізм чалавека расказаў доктар Антон Юран. “Святло з высокай доляй сіняга спектру перашкаджае выпрацоўцы мелатаніну – гармону, што адказвае за сон. Гэта можа негатыўна ўздзейнічаць на цыркадныя рытмы, асабліва ў дзяцей і пажылых людзей, правакуючы бяссонне і хранічную стомленасць, – каментуе адмыслоўца. 

освещение
Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

– Акрамя таго, для LED-свяцільнікаў характэрнае мігценне. У асабліва няякасных і танных яно будзе больш выразнае. Гэтая нераўнамернасць светлавога патоку амаль не заўважаецца вокам, але ўспрымаецца нервовай сістэмай і ў некаторых людзей выклікае галаўны боль, стомленасць, раздражняльнасць”.

У навуковай супольнасці таксама абмяркоўваецца патэнцыйны ўплыў сіняга святла на зрок і сятчатку вока, хоць адназначных высноваў пакуль недастаткова. Эксперты падкрэсліваюць: праблемы могуць назапашвацца паступова і не заўважацца адразу.

Укараняць, але з розумам

Нашыя суразмоўцы сыходзяцца ў адным: значэнне мае не сам факт пераходу на LED, а тое, як гэтая тэхналогія выкарыстоўваецца. LED-асвятленне можна зрабіць больш экалагічным і бяспечным, захаваўшы яго эканамічныя перавагі.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць змяняць асвятленне, пераводзячы яго ў больш цёплы спектр. Існуюць аўтаматычныя сістэмы кіравання асвятленнем, якія дазваляюць зніжаць яркасць ноччу, альбо пасля 24-й гадзіны нават выключаць ці прыглушаць святло. Паводле Уладзіслава Шмакава, каб зменшыць эфект свячэння неба, свяцільнікі варта накіроўваць уніз без рассейвання святла, а каля вадаёмаў, зялёных зонаў рабіць слабейшае асвятленне. Такія падыходы дазволяць мінімізаваць рызыкі, звязаныя з пытаннямі экалогіі і здароўя чалавека.

Начны Гродна да замены асвятлення. Фота: Hrodna.life
Начны Гродна да замены асвятлення. Фота: Hrodna.life

«Варта ўлічваць таксама, што сучасны LED-свяцільнік – гэта складаная электронная прылада, – дадае наш эксперт у галіне энергетыкі. – Яго рэальны тэрмін службы ў значнай ступені залежыць ад якасці драйвера, абароны ад перанапружанняў, цеплаадводу і ўмоў эксплуатацыі. У вулічнай сетцы на рэсурс уплываюць перапады напружання, навальнічныя імпульсы, частыя ўключэнні і кліматычныя фактары. Калі гэтыя моманты не ўлічаны, частка свяцільнікаў можа выходзіць са строю значна раней за заяўлены тэрмін».

Суразмоўца падкрэслівае, што пры поўнай замене вулічнага асвятлення важна глядзець крыху наперад. Ува ўсім свеце асвятленне ўсё часцей робіцца часткай сістэмаў «разумнага горада»: з дыстанцыйным кіраваннем, рэгуляваннем яркасці і маніторынгам стану. Пакуль застаецца адкрытым пытанне, наколькі свяцільнікі, якія закупляюцца сёння, гатовыя да інтэграцыі ў такія сістэмы ў будучыні.

У гонцы за паказчыкамі не страціць сэнс

На практыцы, як адзначае эксперт у энергетыцы, нярэдка купляюцца больш танныя свяцільнікі і мала хто зважае на такія параметры, як інтэнсіўнасць мігцення і спектр. Ён нагадвае, што перавод асвятлення на святлодыёднае пераважна адбываецца ў межах выканання заданняў энергазберажэння. Яны штогод даводзяцца мясцовым уладам Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь і фармуюцца ў межах дзяржаўных праграмаў і гадавых планаў.

освещение
Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

«Як гэта часта бывае ў нашай краіне, у гонцы за паказчыкамі не зважаюць на рызыкі, якія ў больш далёкай перспектыве могуць нанесці шкоду. Найперш важна, каб фармальна заданне было выкананае і ніхто не трапіў пад падазрэнне ў карупцыі і растраце сродкаў. Таму нярэдка набываецца не самай добрай якасці абсталяванне, эканомяцца сродкі на аўтаматызаваных сістэмах кіравання, абслугоўванні, – адзначае энергетык. – Якія лямпы і сістэмы кіравання асвятленнем усталяваныя гродзенскімі ўладамі, мы дакладна не ведаем. Хочацца верыць, што ўсё ж не самыя кепскія».

Чытайце таксама: Як утылізаваць ёлку пасля зімовых святаў, каб пазбегнуць штрафу?