«Дайце мне хоць 20 000 еўра — іх усё роўна будзе мала». У Гродне прайшоў аўтамабільны фестываль «Лакацыя»

Аўтафестываль «Лакацыя» — малодшы брат фэсту «SunDay" — прайшоў 20 жніўня на паркоўцы ТРК «Трыніці». Ён павінны быў сабраць больш за 150 удзельнікаў з чатырох краін, але сітуацыя на мяжы ўнесла карэктывы.

Амаль 200 рэдкіх аўто і дрыфт-трайк ля сцэны

Найбуйнейшы аўтафестываль Беларусі «SunDay» не праходзіў ужо два гады. У 2022-м арганізатары вырашылі стварыць яму на замену «Лакацыю» — паменшаны і злёгку зменены варыянт фэсту.

Удзельнікі фестывалю занялі ўсю паркоўку «Трыніці». Там можна было ўбачыць спартыўныя, рэтра і нават гукавыя аўтамабілі. Некаторыя аўто дзівілі сваёй кастамізацыяй, іншыя — дэкарацыямі. Можна было нават сустрэць кардоннага Ілона Маска.

Уваход на фестываль быў па квітках. Каб трапіць на пляцоўку, трэба было адстаяць вялікую чаргу. Праўда, пасля абеду яна знікла. Без квітка можна было паглядзець калекцыйныя мадэлі аўто, выстаўленыя ў самым ТРК.

З’ехаліся аўтаклубы з усёй Беларусі

На фестываль з’ехалася мноства аўтаклубаў з усёй Беларусі. Прысутнічалі: Japan cars Grodno, Subwoow club Grodno, Volkswagen club Grodno, KIA club, Smart club, Autocasting club, Opel Club Belarus, Саюз аматараў Peugeot і іншыя.

Клуб Drive2.ru, напрыклад, прыехаў з Баранавічаў, а BMW club — з Ліды. Прысутнічаў і адзіны афіцыйна зарэгістраваны клуб у Беларусі-GEELY Club Belarus.

Некаторыя паўдзельнічалі і ў арганізацыі фестывалю. Напрыклад, Muscleсар club прадаставіў машыну, на якой выступаў дыджэй.

«Дайце мне хоць 20 000 еўра — усё роўна будзе мала»

Аляксандр прыехаў на аўтафестываль з Рыгі. На пытанне пра ўзрост ён заўсёды адказвае: «Нязменна 25». У Гродне ён ні кроплі не хваляваўся: наведвае Беларусь не ўпершыню і ўпэўнены, што ўсё будзе добра.

На «Лакацыі» Аляксандр паказаў свой любімы аўтамабіль — Audi 1984 года. Ён нават надзеў футболку з аўто і годам яго выпуску. Пра спартыўны аўтамабіль Аляксандр задумваўся яшчэ ў 2012 годзе. Яму ніколі не хацелася быць стандартным, таму і машына яму патрэбна была асаблівая.

З моманту куплі Аляксандр выдаткаваў на машыну каля 10 гадоў работ і інвестыцый.

«У кожны рэтрамабіль прыйдзецца ўкладвацца пастаянна. Можна сказаць, штодня. Такі ў іх лёс. Увесь час трэба нешта дапрацоўваць. Дайце мне хоць 20 000 еўра, я ўкладу іх у аўтамабіль і гэтых сродкаў усё роўна не хопіць».
Гэта бясконцы працэс, тлумачыць Аляксандр. Раней ён верыў, што давядзе аўто да ідэалу, але ў выніку стаміўся. Зразумеў - гэта нерэальна.

«Нібы спрабаваць давесці 70-гадовага чалавека да ідэальнага стану здароўя — гэта немагчыма».

Агулам Аляксандр рады, што сёлета ўдалося трапіць на аўтафестываль. У будучыні ён бы хацеў наведаць Гродна як турыст — для адпачынку. Ён лічыць горад неверагодна прыгожым і цікавым.

Не ўсе ўдзельнікі даехалі - перашкодзілі вялізныя чэргі на мяжы

Многія замежныя ўдзельнікі з Польшчы і Літвы так і не даехалі: недаацанілі чэргі на межах. Каля 40 заяўленых аўто так і не дабраліся да Гродна, расказалі арганізатары фестывалю. Госці, якія ехалі праз межы з Еўрасаюзам, стаяў па 5−7 гадзін і разварочваліся.

Забавы для гледачоў: прайсці квэст і пакатацца на трайке

Гледачы атрымлівалі спецыяльныя карты з заданнямі ад фестывалю. Запоўніўшы іх, яны маглі атрымаць прызы і выйграць галоўны прыз — чырвоны Volkswagen Golf III. У выніку яго атрымаў 19-гадовы Аляксей з Гродна.

Карта квэста, які можна было прайсці на фестывалі «Лакацыя»

Каля сцэны ахвочыя маглі паспрабаваць пракаціцца і нават трохі падрыфтаваць на дрыфт-трайках.

Там жа можна было бліжэй пазнаёміцца з монаколамі. Іх уладальнікі распавялі, што гуму монакола трэба мяняць як і ў аўтамабілях — папераменна на летнюю і зімовую. Разагнацца на такім коле можна да 50 км/г. Але рабіць гэта ў гарадскіх умовах не раяць. Кошт новае монакола ад 2 да 6 тыс. рублёў.

«Машына мары з фарамі, якія высоўваюцца»

Юрый Масалыгін прыехаў са Смаленска. Яму 36 гадоў і ён часта бывае на аўтафестывалях у Беларусі. Для фестывалю ў Гродне ён прадставіў сваю Toyota MR2 Turbo 1996 года. Аб’ём турбаматора — два літры.

Toyota MR2 Turbo 1996 года прыехала са Смаленска

Гэтая машына ў Юрыя ўжо пяць гадоў. Пра такое аўто ён марыў заўсёды. У першую чаргу яго прывабіла кампаноўка матора. Адным з вырашальных фактараў выбару аўтамабіля быў яго знешні выгляд. Асабліва Юрыя скарылі пад’ёмныя фары.

У Гродне Юрый ўжо ў другі раз. Раней ён прыязджаў на фестываль «SunDay» у 2019-м.

Глядзіце, як гэта было: Ливень и рекордное количество участников. Юбилейный автофестиваль SunDay 2019 прошел под Гродно

«Электрамабіль — справа выпадку»

Юрыю Палякову 22 гады і ён прыехаў у Гродна з Брэста. На аўтафестывалі ён прадставіў зусім новы электрамабіль Mercedes-AMG EQE 43 — яго пачалі выпускаць толькі ў 2022 годзе.

Адзін з самых сучасных аўто на фестывалі «Лакацыя» ў Гродне — электрамабіль Mercedes-AMG EQE 43

У Юрыя не было мэты купіць менавіта гэтую мадэль, ён абраў яе спантанна. Праблем з электрамабілем ў Юрыя няма. Хіба што на запраўках «Беларуснафты» не заўсёды распазнаецца праграмнае забеспячэнне аўто: працуе праз раз.

Выбух колаў і галоўны прыз — аўтамабіль

На пляцоўцы праводзілі шмат конкурсаў не толькі для аўтаўладальнікаў, але і для наведвальнікаў фестывалю. У паленні гумы перамог Стас — уладальнік BMW e34. У яго аўто падчас бернаўта выбухнула два колы. Найлепшага вызначалі гледачы з дапамогай шуму: за каго натоўп гучней шумеў, той і перамог. За першае месца ён атрымаў 100 рублёў на паліва ад «Беларуснафта».

Проста на паркоўцы можна было пасядзець за столікамі і адпачыць. Фудкорты за падпіску і фота ў Instagram прапаноўвалі бясплатныя кактэйлі. У шапіках можна было набыць адзенне з лагатыпам «Лакацыі» і стыкеры.

На ніжняй пляцоўцы — матацыклісты

Пакуль на другім узроўні паркоўкі ўсе аглядалі аўто, унізе сабраліся аматары двухколавага транспарту. Матацыклісты паказвалі трукі з скачкамі праз розныя аб’екты і палілі гуму на колах, падымаючы клубы дыму.

У рамках аўтамабільнага фестывалю «Лакацыя» прайшоў этап чэмпіянату Беларусі па мотаджымхане

На ніжняй пляцоўцы праходзіў этап чэмпіянату Беларусі па мотаджымхане — манеўраванні паміж конусамі. Былі ўдзельнікі і з іншых краін. Напрыклад, удзельнік пад нумарам 98 — Аляксандр Нікіцін — прыехаў з Масквы. На сваім Harley-Davidson ён не зачапіў ніводнага конусу.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024