Супрацоўнікі сілавых і ваенізаваных структур Гродна ў цывільным павінны былі правакаваць канфлікты падчас выбараў прэзідэнта. Асабліва пільна сачыць за людзьмі з белымі бранзалетамі. Аб тым, як сілавікі «дапамагалі» праводзіць выбары прэзідэнта, Hrodna.life на ўмовах ананімнасці распавёў адзін з іх. Павел (імя героя зменена па яго просьбе), служыць у адной з такіх структур у Гродне.

На выбарчым участку

«У дзень выбараў 9 жніўня нас сабралі ў РАУС на Гая, запрасілі прадстаўнікоў ваенізаваных і сілавых падраздзяленняў Гродна. Там былі мытня, пракуратура, МНС, следчы камітэт. Магчыма і прадстаўнікі іншых структур. Сказалі, што з гэтага часу мы паступаем у распараджэнне УУС: нас будуць накіроўваць на выбарчыя ўчасткі ў дапамогу супрацоўнікам міліцыі». Удзельнікаў сходу было не менш 70 — 80 чалавек.

Хто такія «ціхары»? Як супрацоўнікі мытні, пракуратуры, МНС і Следчага камітэта працавалі на выбарах прэзідэнта і пратэстах
Яўген Дудко, начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама. Фота са старонкі grodno.mvd.gov.by

У прэс-службе УУС Гродна гэтую інфармацыю не пацвярджаюць. Яўген Дудко сказаў Hrodna.life, што ніякіх іншых супрацоўнікаў для працы на выбарах не прыцягвалі.

Задача, па словах Паўла, была «выяўляць людзей, якія збіраюцца групамі, магчыма, плануюць нейкія дзеянні». Асаблівая ўвага — на людзей з белымі стужачкамі або бранзалетамі. Да іх трэба было падыходзіць і правакаваць на канфлікты. Напрыклад, штурхнуць кагосьці плячом, пачаць абурацца, выклікаць зваротную эмацыйную рэакцыю. Пасля гэтага трэба было запрашаць дзяжурнага міліцыянта ў форме. Ён павінен быў выклікаць машыну і адправіць удзельнікаў канфлікту ў міліцыю. Там на затрыманага павінны былі скласці пратакол, а супрацоўніку трэба было вярнуцца на выбарчы ўчастак.

Хто такія «ціхары»? Як супрацоўнікі мытні, пракуратуры, МНС і Следчага камітэта працавалі на выбарах прэзідэнта і пратэстах
Гродзенцы галасуюць на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020. Фота ілюстрацыйнае

«Ціхары» — звычайна гэта супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія прыходзяць на масавыя мерапрыемствы ў грамадзянскай вопратцы. Яны зліваюцца з натоўпам і сочаць за правядзеннем акцый. У іх задачы ўваходзіць запамінаць удзельнікаў, а потым выступаць сведкамі ў судах. Ціхары могуць правакаваць канфлікты і ўдзельнічаць у затрыманні. Раней іх лёгка пазнавалі па чыста паголеных тварах і «форменных» стрыжках. Цяпер яны могуць быць з трохдзённым шчаціннем, насіць вопратку з «Пагоняй» ці белыя бранзалеты.


Чытайце таксама: Вечер после выборов президента: онлайн из Гродно


«На сходзе былі толькі афіцэры, — сцвярджае Павел. — Ніякіх загадаў ніхто не падпісваў. Усе распараджэння аддаваліся ў вуснай форме».

Дзяжурства 9 жніўня працягвалася падчас выбараў і некаторы час пасля закрыцця выбарчых участкаў, таму што людзі збіраліся і чакалі пратаколаў. «Задача была тая ж — дзейнічаць так, каб самых актыўных везла міліцыя».

Аб сваёй працы Павел кажа, што проста дзяжурыў і правакацый не ладзіў. Наколькі прытрымліваліся рэкамендацый на астатніх участках, яму невядома.


Чытайце таксама: Наблюдателя на участке в Гродно задержали и доставили в РОВД


«Прывады ў міліцыю 9 жніўня былі. Але ці былі канфлікты, справакаваныя сілавікамі ў цывільным, сцвярджаць не магу».

Пасля выбараў — «мае ўсе дома»

Праз некалькі дзён супрацоўнікам сілавых і ваенізаваных падраздзяленняў яшчэ раз нагадалі аб недапушчальнасці ўдзелу ў масавых акцыях і публічных выказванняў палітычных пазіцый.

Такія нагадванні былі і раней. Справа ў тым, што ўсе дзяржслужачыя, а таксама прадстаўнікі сілавых і ваенізаваных структур Беларусі, пры прыёме на працу падпісваюць дакумент аб палітычнай нейтральнасці.

Гэта патрабаванне артыкула 13 Закона «Аб палітычных партыях». У прыватнасці, там гаворыцца, што «суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў бяспекі, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый».

«Мяне гэта заўсёды задавальняла, — кажа Павел. — У палітыку я не ўмешваўся. Ёсць кантракт. Там прапісана, што я абавязаны ці не абавязаны рабіць».

Магчыма, супрацоўнікі сілавых структур і міліцыі «па грамадзянцы» па-ранейшаму выходзяць на масавыя мерапрыемствы «па абавязку службы». Ускосна гэта пацвярджае публікацыя аднаго з беларускіх спартыўных выданняў. На несанкцыянаваным мітынгу 24 жніўня ў Гродне сярод пратэстоўцаў заўважылі падпалкоўніка міліцыі Яўгена Дудко.

Яго пазналі чытачы на здымку. Дудко знаёмы аматарам спорту: акрамя кіраўніцтва прэс-службай УУС Гродна ён адмініструе групу «УУС-Дынама» ў «ВКонтакте», а яшчэ часам здымае відэа аб камандзе для YouTube-канала «УУС Гродна».

Хто такія «ціхары»? Як супрацоўнікі мытні, пракуратуры, МНС і Следчага камітэта працавалі на выбарах прэзідэнта і пратэстах
Яўген Дудко. Фота са старонкі vk.com/mfkuvddinamo

Пракаментаваць «Трыбуне» сваю прысутнасць на мітынгу ён адмовіўся.

Хто такія «ціхары»? Як супрацоўнікі мытні, пракуратуры, МНС і Следчага камітэта працавалі на выбарах прэзідэнта і пратэстах
Сярод удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу ў Гродне чытачы «Трыбуны» пазналі падпалкоўніка міліцыі Яўгена Дудко

Рэкамендацыя для большасці супрацоўнікаў сілавых і ваенізаваных структур: «па вечарах усім сядзець дома».

Гэта значыць, што супрацоўнікі, не задзейнічаныя на службе, павінны ў вызначаны час пазваніць свайму непасрэднаму кіраўніку і паведаміць, што знаходзяцца па месцы жыхарства. Начальнік падраздзялення таксама тэлефануе свайму кіраўніку і паведамляе, што «мае ўсе дома».

Акрамя гэтага, сталі часцей праводзіць «выхаваўчую працу» ў падраздзяленнях: з гутаркамі і праглядам відэа аб масавых беспарадках, спосабах іх падаўлення. Апошні тыдзень супрацоўнікаў прыцягвалі да ўдзелу ў мерапрыемствах у падтрымку дзеючай улады. «Не тое, каб прымушалі, але настойліва прасілі», — распавёў Павел.

26 жніўня калона з чырвона-зялёнымі сцягамі прайшла па вуліцах Леніна і Ажэшкі да вечнага агню ў парку Жылібера. Два дні раней тут праходзіла несанкцыянаванае масавае мерапрыемства

Чаму сілавікі не звальняюцца

Многіх служачых з сілавых і ваенізаваных структур утрымлівае ад звальнення фінансавы бок. Акрамя стабільнай зарплаты, у іх ёсць шэраг сацыяльных ільгот — медыцынскае абслугоўванне для ўсіх членаў сям'і ў ведамасных паліклініках, забеспячэнне форменным абмундзіраваннем і іншыя віды забеспячэння.


Чытайце таксама: Правозащитники: в Гродно не завели уголовных дел за избиение протестующих силовиками


Калі чалавек праслужыў больш за 5 гадоў і падаўжае кантракт або заключае паўторны, паводле Указу Прэзідэнта № 355 ад 17 жніўня 2015 года яму належыць аднаразовае грашовае ўзнагароджанне.

10 базавых акладаў (2200 рублёў) атрымліваюць тыя, хто заключыў/працягнуў, якія прадоўжылі кантракт на тэрмін ад 3 да 5 гадоў. 35 базавых акладаў (7700 рублёў) — тыя, хто заключылі/працягнулі кантракт на 5 і больш гадоў.

Калі супрацоўнік звальняецца да заканчэння тэрміну кантракта, ён абавязаны вярнуць усю суму. Таксама вяртанню падлягае частка сродкаў за выдадзенае абмундзіраванне і іншыя віды забеспячэння.

Яшчэ адзін істотны фактар, які ўтрымлівае сілавікоў на службе, — «кватэрнае пытанне». Указ Прэзідэнта № 240 ад 4 ліпеня 2017 года прадугледжвае для супрацоўнікаў з тэрмінам выслугі 5 і больш гадоў льготнае крэдытаванне на будаўніцтва або куплю жылля. Пры ўмове пацверджання патрэбнасці, крэдыт выдаецца на тэрмін да 20 гадоў пад 12% гадавых (гэта стаўка рэфінансавання + 3%).

Чаму раней я маўчаў

«Я сапраўды заўсёды быў па-за палітыкай, — кажа Павел. — Я і цяпер не хачу мець дачынення ні да аднаго боку. Але такая сітуацыя складваецца, што не хочацца глядзець на тое, што адбываецца і непрыемна ў гэтым удзельнічаць».


Чытайце таксама: «Люди не хотят войны, они просто хотят перемен». Бывший омоновец из Гродно обратился к экс-коллегам