Гродзенскія суддзі па адным і тым жа артыкуле Грамадзянскага кодэкса выносяць супрацьлеглыя рашэнні. У Кастрычніцкім раёне падманутым на прэзентацыях пакупнікам дазваляюць не плаціць крэдыт за непатрэбныя рэчы. У Ленінскім пасля вяртання тавару людзі ўсё роўна застаюцца з даўгамі.
Пенсіянерка Галіна Івуць з Іўя плаціць крэдыт на 1800 рублёў ужо 11 месяцаў. Пакупкамі яна не карысталася: матрац і падушку вярнула гродзенскай фірме «Бенева Мэкс» праз тры дні пасля прэзентацыі - не задаволілі якасць і памер.
Фірма тавар забрала, але пералічыць у банк крэдытныя грошы «забылася». Доўг патрабуюць з пенсіянеркі.
«Спачатку я думала, што яны нешта наблыталі, бо я аддала тавар. Звярталася і ў банк, і ў „Бенева“, каб з мяне спісалі крэдыт, — распавядае Hrodna.life Галіна Івуць. — Потым зразумела, што мяне падманулі» .
Жанчына звярнулася ў міліцыю, але там матэрыялы праверкі спісалі ў архіў - да таго часу арганізатары прэзентацый з’ехалі з Беларусі. Тады пенсіянерка падала пазоў аб скасаванні крэдытнай дамовы. Суд Ленінскага раёна Гродна вырашыў, што для гэтага няма падставаў.
«З працэнтамі я павінна банку 2500 рублёў. Такая сума, што магла б адпачываць на Канарах», — уздыхае Галіна Івуць. Жанчына не разумее, дзе шукаць справядлівасці. Грошы забраў прадавец, а ў судзе і міліцыі разводзяць рукамі.
Такія выпадкі за апошні год сталі тыповымі, распавёў Hrodna.life экс-старшыня грамадскага аб’яднання «Таварыства абароны правоў спажыўцоў г. Гродна «Рэвізор» Алег Калінкоў. У 2020−2021 годзе ў «Рэвізора» былі дзясяткі падобных зваротаў [грамадскае аб’яднанне ліквідавалі 14 студзеня 2022 года паводле рашэння Вярхоўнага суда РБ. — заўв. Hrodna.life].
У Гродне ёсць некалькі фірм, якія прадаюць цуда-тавары на прэзентацыях, тлумачыць Алег Калінкоў. Яны ездзяць па ўсёй Беларусі. З дапамогай псіхалагічных прыёмаў пераконваюць людзей купляць пыласосы, посуд, масажныя крэслы па завышаных цэнах. Чэк даходзіць да 5000 рублёў. Здзелку афармляюць у крэдыт: грошы паступаюць адразу на рахунак прадаўца. Паміж банкам і фірмай ёсць дамова: калі пакупнік вяртае тавар, то арганізатары прэзентацый павінны, у сваю чаргу, вярнуць грошы ў банк.
Да 2020 года гэтая схема, паводле слоў юрыста, працавала. Але потым прадаўцы прыдумалі, як «паменшыць» выдаткі. Яны перасталі пералічваць грошы ў банк, а праз нейкі час ліквідавалі арганізацыю.
«Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то гэтыя людзі папросту крадуць крэдыт. Пры гэтым банкі адмаўляюцца прад’яўляць да іх пазовы. Таму што разумеюць, што нічога не атрымаюць. Банку лягчэй патрабаваць грошы з ашуканых пакупнікоў», — адзначае Алег Калінкоў.
У 2021 годзе «Рэвізор» падаў восем пазоваў аб скасаванні крэдытнай дамовы ў суд Ленінскага раёна, чатыры пазовы — у суд Кастрычніцкага раёна. Суддзі прынялі супрацьлеглыя рашэнні.
Па артыкуле 421 Грамадзянскага кодэкса дамову можна скасаваць, калі супалі чатыры ўмовы. У Кастрычніцкім судзе вырашылі, што ўсё сышлося. У Ленінскім палічылі, што не выкананы як мінімум адзін з пунктаў - аб тым, што ў момант заключэння дагавора бакі не маглі прадбачыць істотнай змены абставін. Акрамя таго, суд Ленінскага раёна адмовіўся патрабаваць ад прадаўца вяртання грошай у банк. Прычына — такі пазоў павінен падаць сам банк, а не пакупнік.
Юрысты «Рэвізора» спрабавалі весці такія справы ў судах Мінска — атрымалася тая ж гісторыя. Адна суддзя падтрымала пакупнікоў і нават звярнулася ў пракуратуру, каб праверыць дзеянні арганізатараў прэзентацый. У іншым судзе ва ўсіх патрабаваннях адмовілі.
Пакупніца з Гомеля абскардзіла рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна ў судзе Гродзенскай вобласці, але атрымала адмову. Жанчына ўзяла крэдыт на 3540 рублёў у сакавіку 2020 году. За такую суму фірма «Велмарэс Прэміум» прадала ёй камплект пасцельнай бялізны. Аднак тавар, на які пакупніца разлічвала, прадаўцы не прывезлі, прапанаваўшы абмен.
«Атрымліваецца, што спажывец нават не бачыў пакупку і ўсё роўна павінен за яе заплаціць», — тлумачыць Алег Калінкоў. Паводле яго слоў, «Рэвізор» першым у рэгіёне паспрабаваў скасоўваць падобныя крэдытныя дамовы. «Прыкладна ў гэты ж час у нас пачаліся праблемы, якія прывялі да ліквідацыі арганізацыі».
Цяпер у абласным судзе чакаюць перагляду ўсе аналагічныя справы з судоў Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў. Рашэнні на карысць банкаў абскарджваюць пакупнікі, супрацьлеглыя — самі банкі. Апошняя інстанцыя, дзе можна шукаць праўду, — гэта Вярхоўны суд.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…