Цяпер «тры крамы пад адным дахам» будуць знаходзіцца па адрасе Кірава, 3. Завітаць у новае месца можна будзе з 15 сакавіка. Уладальнікі плануюць пашырыць асартымент і стварыць новыя секцыі - букіністычную і музычную.
— Надыходзіць час расці і развівацца. Для нас становіцца традыцыяй раз на паўтара года пераязджаць, — расказвае Андрэй Несцяровіч, заснавальнік «Цудоўні». — Спачатку мы засяліліся на Траецкую, 16. Праз год з невялікім стала зразумела, што нам там цесна. Падвярнуўся варыянт пераехаць у большае памяшканне па суседстве. Зараз з’явілася магчымасць яшчэ крышачку вырасці, павялічыць свае магчымасці і магутнасці.
Будынак на Кірава, 3 мае ўтульны ўнутраны дворык. Там улетку плануюць праводзіць мерапрыемствы на свежым паветры. Разам з «Крамай Ц» у новы будынак пераязджае і іхны сусед па вуліцы Траецкай — First Vape Bar. Таму летам на імпрэзах можна будзе сядзець за столікамі і піць каву ці барныя напоі. А частка вэйперскай тусоўкі можа зацікавіцца мерапрыемствамі «Крамы Ц».
— Для нас гэта сапраўды крок наперад, — кажа Андрэй. — Адкрываюцца новыя магчымасці па правядзенні імпрэзаў, пашырэнні існуючых секцый і паляпшэнні экспазіцыі. У новым месцы чалавек не згубіцца ў прасторы і хутка знойдзе тое, што яму трэба.
Памяшканне будзе разбіта на два пакоі. У адным размесціцца «Цудоўня», у другім — «Кубік». Мэбля «33 камоды», як і раней, будзе расстаўленая па ўсёй краме. У «Цудоўні» пашырыцца кніжная секцыя, яна стане большай і разнастайнейшай. Гаспадары крамы плануюць з часам стварыць і букіністычную палічку з бібліяграфічнымі рэдкасцямі і старымі выданнямі.
Таксама ў планах — музычная секцыя з дыскамі, а пазней і кружэлкамі. Там будзе музыка беларускіх аўтараў розных жанраў: этна, рок, блюз.
«Калі ў цябе новае памяшканне з белымі сценамі, шмат чаго можна зрабіць. Наўрад ці станем паўтарацца і зноў маляваць ва ўсю сцяну мапу часоў росквіту Вялікага Княства, але нешта цікавае абавязкова будзе», — кажа Андрэй.
Большая частка памяшканняў у будынку на Кірава, 3 рамантуецца і здаецца ў арэнду.
«Таму запрашаем далучыцца да нашай кампаніі. Зараз самы час лавіць момант і гуртавацца, — заклікае Андрэй. — Можа, нас хутка стане не тры крамы, а пяць ці нават сем».
Ён хацеў бы зрабіць гэтае месца культавым, сапраўднай славутасцю горада. З аднаго боку, гістарычнай цікавосткай, а з другога — месцам тусовак гродзенцаў розных узростаў.
«Мы можам зрабіць гэта месцам, куды абавязкова захочацца прывесці сваіх сяброў з іншых гарадоў ці краін. Пра якое б казалі „не быў у „Краме Ц“, не быў у „Цудоўні“ — не быў у Гродне“. А ў нас будзе магчымасць расказваць турыстам пра горад, гісторыю, рамесныя традыцыі, сучасную культуру Беларусі, знаходзячыся ў самым сэрцы старога места», — расказвае ўладальнік «Цудоўні».
«Крама Ц» — гэта гандлёва-культурная прастора, якая ўзнікла ў 2015 годзе. Пад адным дахам змясціліся першая крама настольных гульняў «Кубік», этнакрама «Цудоўня» і крама эка-мэблі «33 камоды». Тут праводзяць гульнятэкі і турніры настольных гульняў, майстар-класы, лекцыі і сустрэчы з цікавымі людзьмі, прэзентацыі кніг.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…