Сваякі асуджаных па «наркатычным» артыкуле просяць улады вызваліць зняволеных з-за небяспекі масавага заражэння каранавіруснай інфекцыяй COVID-19. Зварот перадалі ў дзяржорганы актывісткі арганізацыі «Матчын Рух 328».
Актывісты руху лічаць, што людзі ў месцах пазбаўлення волі асабліва ўразлівыя для COVID-19. У турмах распаўсюджаныя захворванні лёгкіх, у першую чаргу сухоты, ВІЧ-інфекцыя і іншыя хваробы. Гэта нясе пагрозу высокай смяротнасці ў выпадку распаўсюджвання эпідэміі.
Hrodna.life зняў відэа пра тое, чаму гэтая праблема — сапраўды важная.
Здымка і мантаж: Андрэй Ломаў. Карэспандэнт: Руслан Кулевіч
Каб не дапусціць вірус у месцы пазбаўлення волі, асуджаных ужо пазбавілі кароткатэрміновых і доўгіх спатканняў.
«На дадзены момант у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца сотні маладых людзей, якія ўчынілі злачынства да дня свайго 18-годдзя. Многія з іх прысуджаныя судом па артыкуле 328 КК РБ за дзеяннi не звязаныя з гвалтам, і не ўяўляюць сур’ёзнай пагрозы для грамадства. Тым больш, што свае правіны гэтыя падлеткі ўжо ўсвядомілі, пакуль ішло следзтва, раскайваліся ў „апошнім слове“ ў зале суда», — гаворыцца ў звароце.
Актывісткі таксама выступілі з патрабаваннем прыпыніць перасоўванне заключаных паміж установамі, за выключэннем перасоўванняў ў медыцынскіх мэтах. Этапаванне зняволеных у медыцынскіх мэтах павінна забяспечваць надзейную ізаляцыю хворых адзін ад аднаго.
Дзе ўжо выпусцілі зняволеных?
Улады ЗША пайшлі на вызваленне шэрагу зняволеных, каб прадухіліць успышкі каранавіруса ў турмах. Перш за ўсё, на свабоду адпускаюць людзей, якія здзейснілі няцяжкія злачынства, хворых і пажылых.
У Францыі з-за эпідэміі каранавіруса вызвалілі 10% зняволеных — 6266 чалавек. Вызваляюць тых,
хто быў асуджаны за нязначныя злачынствы і хто добра сябе паводзіў падчас зняволення. Таксама вызваляюць зняволеных, якім да канца адбыцця тэрміну пакарання засталося менш за месяц.
Урад Ірана з-за каранавіруса часова вызваляе з турмаў 85 000 зняволеных, прыкладна палова з іх асуджаная па палітычных артыкулах. Раней у ААН ужо звярталі ўвагу, што турмы Ірана перапоўненыя і ў іх цяжкае эпідэміялагічнае становішча.
Што кажа кіраўнік МУС?
Міністр унутраных спраў Юрый Караеў у праграме «Гутарка ў прэзідэнта» на тэлеканале «Беларусь 1» распавёў, якія катэгорыі асуджаных па арт. 328 КК могуць апынуцца ў гэтым годзе на свабодзе.
«Па амністыі навіны, перш за ўсё, датычацца нашага праславутага артыкула 328-й. Вядома ж і актыўнасць грамадства, і гэтага руху (маці - БелаПАН) у гэтым пытанні. Але перш за ўсё, гуманнасць дзяржавы, яе жаданне зрабіць крокі насустрач спатыкнуўшымся вядзе да таго, што разглядаецца механізм памілавання тых, хто спатыкнуўся», — цытуе naviny.by кіраўніка МУС.
Ён падкрэсліў, што «прымяненне акту памілавання можа закрануць каля 1,8 тыс. асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі».
Пры гэтым, паводле яго слоў, асуджаныя па антынаркатычным артыкуле КК будуць амніставаныя «не агульным спісам». Кожны выпадак будзе разглядацца індывідуальна.
Паводле якіх крытэрыяў будуць разглядаць кожны выпадак?
Кіраўнік МУС назваў тры асноўныя крытэрыі.
- Чалавек павінен адбыць палову тэрміну пакарання.
- Будзе ўлічвацца яго стаўленне да здзейсненага правапарушэння і паводзіны ў месцы зняволення.
- Сваякі зняволенага павінны быць гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за яго пасля вызвалення. «За тое, што ён не стане здзяйсняць злачынствы зноў», — адзначыў Караеў.
Падрыхтаваць законапраект аб амністыі, прымеркаванай да 75-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, даручыў Аляксандр Лукашэнка. Закон будзе ўключаць не толькі вызваленне некаторых катэгорый асоб, але і скарачэнне тэрмінаў для асуджаных.
Пры стварэнні матэрыялу выкарыстоўвалася інфармацыя сайта matuli.org