Раней усе лічылі, што карміць птушак — вельмі карысна. Цяпер прафесійныя арнітолагі кажуць, што з ростам гарадоў, гэта не зусім так. У вялікай колькасці птушак каля гарадоў выключаецца натуральны спосаб пошуку ежы.
Як рабіць розныя віды кармушак і чым і калі іх напаўняць, каб не нашкодзіць птушкам, распавёў на майстар-класе заолаг. Hrodna.life сабраў восем відаў кармушак, якія можа зрабіць кожны.
Гэты матэрыял — інструкцыя па кармленні птушак зімой — быў упершыню апублікаваны на Hrodna.life ў 2021 годзе.
Калі і як карміць птушак зімой?
Птушак можна не карміць, а падкормліваць, у тым ліку і летам. Важны правільны рэжым: ежа ў кармушкі павінна заканчвацца, дасыпаць не трэба. Тады яны будуць ведаць, што павінны ляцець шукаць ежу самі.
У снежныя, марозныя зімы можа быць не толькі падкормка, а і кармленне. У цёплую бесснежную зіму і ў адлігу карміць не варта. Трэба арыентавацца на надвор’е.

Чым небяспечны для птушак корм пасля снегападу або ледзянога дажджу?
«Калі прайшоў ледзяны дождж, снегапад, суткі завея — падкарміце птушак. Ім вельмі цяжка: ежа пад снегам, кароткі светлавы дзень, за які яны не паспеюць знайсці сабе дастаткова ежы», — патлумачыла арнітолаг Анастасія Кузьмянкова.
Калі пасля дажджу узяўся мароз — такія птушкі як сініцы, якія абследуюць галінкі, не змогуць раскалоць ледзяную скарынку. Складана знаходзіць ежу і пад мокрым снегам. У такія дні кармушка можа быць поўнай.
Калі пасля сырога надвор’я ударыць мароз — корм у кармушцы ператворыцца ў змёрзлы камяк. Трэба абавязкова прыйсці, дастаць мокрае — можна проста кінуць пад ногі, і насыпаць сухога корму.
«Зерне з ільдом, якое птушкі адкалупваюць і глытаюць, спачатку разаграваецца. Запаленне ўнутраных органаў адбываецца літаральна праз 15−20 хвілін пасля кармлення марожаным кормам, — расказаў арнітолаг Віталь Гуменны. — Калі корм быў ператвораны ў кашу, ён спачатку адаграецца, асабліва ў зобных — снегіроў, амялушак. Птушка будзе сядзець на галінцы, а потым — бах, і ўпадзе».
Кармавыя сумесі, арэхі, ягады. Чым карміць птушак, а чым лепш не карміць
Калі вырашылі, што карміць будзеце, рабіце гэта так, каб не нашкодзіць. «Трэба падкормліваць так, каб не выключыць натуральны варыянт рацыёну. Лепш падабраць той корм, які яны ядуць звычайна», — удакладняе спецыяліст.
Што ядуць і што не ядуць птушкі - спіс для кармушкі
- Корм для вераб'інападобных птушак у клетках: канарак, вьюркоў, можна корм для папугаяў. Яны збалансаваны па складзе, а па грашах выйдзе тое ж самае, калі купляць асобна пшаніцу, проса і гэтак далей.
- Насенне лугавых і пустазельных траў (конскае шчаўе і так далей). Імі можна назапасіцца загадзя: падставіць пад сцеблы паперу і натрэсці.
- Рабіна, шыпшына, глог і іншыя ягады. Можна сушыць, але лепш замарожваць і вывешваць, можна нанізваць на нітку і замацоўваць вузельчыкамі.
- Зерне, можна ў каласках, крупы без апрацоўкі. Грэчку, рыс, проса мясцовыя птушкі не ядуць.
- Канаплянае насенне.
- Сырыя семечкі без солі. Лайфхак: каб пазбегнуць канфліктаў з суседзямі і дворнікам, купляйце вычышчаныя.
- Сыры арахіс і іншыя арэхі. Грэцкі птушкі не ядуць.
- Несмажанае і несалёнае сала. Кавалачкі можна прывязаць з двух канцоў на шчыльную нітку і перакінуць праз галінку.
- Высушаны і стоўчаныя чорны хлеб.
- Садавіна (яблыкі). Можна пратыкаць шылам, нанізваць на тоўстую вяроўку і вешаць на галінкі. Пачастуюцца гілі, амялушкі, сініцы і іншыя.


Нельга карміць свежым белым і чорным хлебам — ён выклікае закісанне ў страўніку і скарачае птушкам жыццё. Таксама хлеб можа прывесці да атлусцення, ім будзе цяжка лётаць. Акрамя таго ў ім недастаткова пажыўных рэчываў. Катэгарычна нельга карміць заплеснелым хлебам або батонам. Не падыходзіць і ежа са свайго стала, салёнае, смажанае, прысмакі.
Хлебушек для лебедзяў: чым карміць вадаплаўных
Балючая тэма — прыкорм вадаплаўных птушак. Ці трэба іх наогул карміць — адзінага меркавання няма. Віталь Гуменны лічыць, што карміць нельга катэгарычна. Качыныя прывыклі ёсць расліны і ўсю ежу фільтраваць з вады. Але калі вельмі хочацца — можна дазволенымі прадуктамі, кажа арнітолаг Анастасія Кузьмянкова.
Правільныя прадукты для падкормкі качак і лебедзяў:
- распараныя загадзя пярлоўка, гарох, аўсяныя шматкі, пшаніца;
- звараныя і здробненыя гародніна: морква, бульба, распараная бульбяная лупіна;
- сухія аўсяныя шматкі - калі не падрыхтаваліся дома. Іх можна сыпаць на самым краі вады. Але лепш распарыць!
Хлебам і батонам вадаплаўных, як і іншых птушак, карміць нельга. Яны прывыкаюць да хлеба, як да наркотыку, патрабуюць яго і адвыкаюць ад пошукаў нармальнай ежы.

Кармушкі для птушак простыя і больш складаныя — інструкцыя
Кармушкі можна вешаць у парку, у лесе, у двары або каля акна. Птушкі далятаюць і да дзевятага паверха, і да дванаццатага. Але ўсё ж чым вышэй пасля дзявятага, тым ім больш складана. Важна, каб пад акном былі нейкія дрэвы, каб птушкам было, дзе сесці.
Кармушкі можна рабіць з пластыкавых бутэлек і з фанеры. Першыя могуць зрабіць нават дзеці, а вось з другімі можа спатрэбіцца дапамога дарослых. Мы пакажам вам, як зрабіць абедзве.
1. Кармушка з бутэлькі
Патрэбныя:
- бутэлька;
- капронавая нітка або леска;
- шыла;
- нажніцы.
Ад аб’ёму бутэлькі і памеру акенца ў ёй залежыць, якія птушкі будуць карміцца. З бутэлькі 0,5 л змогуць паесці толькі сінічкі і іншыя вераб'іныя. Да пяцілітровіка зляцяцца і галубы. Яго «аўдыторыю» можна абмежаваць, выразаўшы меншыя адтуліны: сініцам хопіць вокнаў 4*4 альбо 5*5 см. Вышыня нізу акенца ад дна залежыць ад таго, як часта вы плануеце падсыпаць туды корм. Калі раз у тыдзень — патрэбен высокі борцік, часцей — можна нізкі. Можна рабіць адтуліны з двух або з чатырох бакоў і на рознай вышыні. Край апрацоўваць не трэба.




Плюсы: хутка рабіць, танна, не патрэбныя навыкі.
Мінусы: можа пацець, корм будзе больш вільготным, больш рызыкі, што замерзне.


2. Кармушка-домік з фанеры
Патрэбныя
- ліст фанеры таўшчынёй 4−8 мм;
- аловак;
- лінейка;
- драўляныя рэйкі;
- піла (можна з дзіцячага набору);
- цвікі альбо шрубы;
- малаток або шрубакрут.
Такую кармушку трэба вешаць альбо ставіць з зацішнага боку, каб менш задзімала снегу. Усярэдзіне можна набіць дадатковыя планкі і ў розныя ячэйкі насыпаць розны корм.





Плюсы: больш стабільная, даўгавечная, не затрымліваецца вільгаць.
Мінусы: складана рабіць.


Альтэрнатыва: кармушкі з гарбуза і з туалетнай паперы
Акрамя звыклых кармушак можна рабіць і «арганічныя». Вось некалькі прыкладаў:
- Фігурная ежа. Корм можна змешваць у любых формачках і заліваць топленым тлушчам. Можна заліць такую сумесь проста ў аднаразовы папяровы кубачак. Пасля застывання — падвешваць за акном або на галінках.
- Шышкі. Сумессю корму і тлушчу можна абмазваць раскрытыя яловыя і сасновыя шышкі і вешаць за шнурок.
- Фігуркі з жэлацінам. У формачкі можна заліваць і кармавую сумесь з жэлацінам і вадой. На 150 г корму трэба 60 мл гарачай вады і 7 г жэлаціну. Туды ж пакласці вяроўку і паставіць у халадзільнік на пару гадзін. Пасля застывання фігуры можна павесіць на дрэве.

- Папяровы пакет. Па прынцыпе кармушак з бутэлек можна зрабіць кармушку з чаго заўгодна. Напрыклад, папяровы пакет ад фастфуду перавязаць уверсе, прарэзаць адтуліны збоку, напоўніць кормам і павесіць на галінку.
- Кармушка з туалетнай паперы. Кармавой сумессю можна абмазаць кардонную ўтулку ад туалетнай паперы. Калі сумесь застыгне, працягнуць праз утулку вяроўку і вешаць на галінку.
- Гарбуз. Можна выразаць кармушку з невялікага гарбуза. Такую кармушку можна вешаць або ставіць. Праўда, корм у ёй прыйдзецца мяняць часцей — гарбуз вільготны.
Калі вы жывяце ў прыватным доме, пасадзіце на ўчастку глог, абляпіху і каліну — кармушкі не спатрэбяцца.








Матэрыял падрыхтаваны на аснове майстар-класа ад прафесійных арнітолагаў. Яго ў Гродна ў лесапарку Пышкі праводзілі беларускія арнітолагі з Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).


