Сцяпан Стурэйка, якому пра Каложу і яе рэстаўрацыю карцела выказацца даўно, спецыяльна для Hrodna.life патлумачыў, чаму большасць «карагодаў» вакол гродзенскай спадчыны — гэта няправільна зададзеныя пытанні. А заадно прапанаваў уявіць, як на сцяне старадаўняй царквы выглядалі бы творы Бэнксі.


Каложа — сталы гродзенскі нюсмэйкер, недзе паміж «Азотам» і футбольным «Нёманам». Усё гэта такая мыльная опера. Рэстаўруюць-нерэстаўруюць, сценка-камяні, дрэва-газасілікат. Адным словам, «гісторыкі хвалююцца». І так 10 гадоў. Як убачыш спасылку, ведаеш прыкладна што там будзе. Станавіцца ў гэты карагод — справа канешне грамадска-карысная, але… ну, вы зразумелі.

[irp posts="27 000″ name="Прэзідэнт вылучыў сродкі на рэстаўрацыю Каложскай царквы і кансервацыю вежы Крэўскага замка"]

Нагода знайшлася ўнутры, у асабістых роздумах чым ёсць спадчына, навеяных чарговай Сесіяй Камітэту Сусветнай спадчыны, за якой днямі давялося назіраць у Кракаве. Не, Каложу там і паўсловам не ўзгадалі, але калі ўжо нашая царква выстаўленая ў папярэдні беларускі спіс, чаму б не зверыць гадзіннік з глабальнымі сэнсамі спадчыны?

Карагоды вакол Каложы: што вы хочаце сказаць сусвету і самім сабе?
Сцяпан Стурэйка

Трапіць у Сусветны спіс спадчыны — справа тэхнікі

Па-першае, суцешу тых, хто непакоіцца перспектывамі прысутнасці царквы ў Сусветным спісе. Усё оk. Уключыць у Спіс яе могуць і ў цяперашнім выглядзе, і ў капітальна адрамантаваням, і ў старажытна-адрэстаўраваным. У якім захочаце. Бо падрыхтоўка дасье і перакананне Камітэта — гэта справа не знешняга выгляду царквы, а перадусім майстэрства падбору фармуліровак і разумення актуальных трэндаў уяўлення пра спадчыну. То бок, справа тэхнікі.

Можна намінавацца асобным аб’ектам, можна — элементам культурнага ландшафту Панямоння, можна — у складзе каменных цэркваў Кіеўскай Русі. Усё залежыць ад таго, як будуць расстаўленыя знешнепалітычныя прыярытэты. Пагатоў, за працу з ЮНЭСКА ў Беларусі адказны акурат МЗС, а не Мінкульт.

Куды ні глянь — паўсюль спадчына

Але глядзіце вось што. Сёння ў жаданым Спісе ЮНЭСКА ажно 1073 пазіцыі. Пад час апошняй Кракаўскай сесіі дадаліся яшчэ 21. Далёка не кожная пазіцыя адпавядае пэўнаму помніку. Вельмі шмат гарадоў, а цяпер пайшла мода на серыйныя намінацыі. Так, «Драўляныя цэрквы Польска-Украінскага Прыкрпацця» уключаюць 16 цэркваў, кожная ў сваёй вёсачцы. «Венецыянскія абарончыя збудаванні» — гэта 15 аб’ектаў у гарадах Італіі, Харватыі і Чарнагорыі. Адзін з рэкардсменаў - Дуга Струвэ — месціцца, апрача Беларусі, яшчэ ў дзевяці краінах.

[irp posts="20 140″ name="Каложа, Свяцк, Замкавая: што вядома пра актуальныя кропкі рэканструкцыі ў Гродне"]

Наогул, паглядзіце на еўрапейскую мапу Сусветнай спадчыны! Хутка будзе куды ні глянь, паўсюль яна! Іншымі словамі, адна з самых істотных праблем, пра што гавораць спецыялісты — дэвальвацыя Спісу. І калі так, мусім вельмі ўважліва падумаць навошта нам «прасоўваць» туды Каложу? Як праз гэта прыўнесці Спісу новае вымярэнне? Як скарыстацца перавагамі быцця ў ім? Перавагамі, якіх усё менш.

Рэстаўрацыя дыскрэдытавала сябе

І вось цяпер час звярнуцца да нашых практык абыходжання з помнікамі. Беларуская рэстаўрацыя даўно стала сінонімам скандалу. Зацяжнага і вельмі дарагога скандалу! Бліжэйшы да Каложы прыклад — на суседнім пагорку, гэта Стары Замак. Шматгадовыя даследванні, метадалогія, пакутлівае выбіванне сродкаў на кожны этап, праектаванне, а потым скандалы, сваркі, і пачынай з пачатку.

Карагоды вакол Каложы: што вы хочаце сказаць сусвету і самім сабе?
Макет Старога замка згодна з шматпакутлівым праектам рэстаўрацыі Уладзіміра Бачкова
Таму я вельмі нават добра, па-чалавечы, і з прафесійнага пункту разумею Гроднаграмадзянпраект, які, апёкшыся, імкнецца ўсяляк адхрысціцца ад рэстаўрацыі (што, праўда, пакуль не дазавляе яму адхрысціцца яшчэ і ад Мінкульта). Рэстаўрацыя, якая яна ёсць, дыскрэдытавала сябе.

[irp posts="19 241″ name="Аднавіць палац і вежу, а руіны не чапаць: Мікалай Волкаў пра шкодны праект Бачкова, які ўжо зацвердзіў Мінкульт"]

Не безпамылковасць, а здольнасць дамаўляцца

Пры чым тут ЮНЭСКА? Справа ў тым, што галоўная загана і прычына нашага крызісу — неразуменне сутнасці. Прагрэс рэстаўрацыі - гэта не пра камяні і тынк. І нават, вы здзівіцеся, не пра аўтэнтычнасць і методыку. Прагрэс і сусветны ўзровень — гэта перадусім новыя ідэі і здольнасць дамаўляцца.

Мы сядаем у турыстычны аўтобус на Еўропу, дзе ўсё прыгожа, і запытваемся — ну чаму, чаму ж не можам зрабіць так сама? А таму, што бачым адно абалонку, не маем часу на паглыбленне. Як вынік, не разумеем, што і там рэстаўрацыі спрэс неідэальныя. Беларусы спрабуюць капіраваць знешнюю «прыгажосць», і, капіруючы, дзесяць разоў перасварацца. Але за кожнай узорнай еўрапейскай рэстаўрацыяй — не беспамылковасць і метадалагічная датошнасць, але здольнасць дамаўляцца і камунікаваць.

Прагрэсіўнасць драўлянай сцяны

А зараз мушу ўскладніць думку. Менавіта камунікацыя паміж бакамі з’яўляецца не проста пропускам да якасці рэстаўрацыі, а самім зместам спадчыны. Каб быць прадуктыўнай, камунікацыя гэтая мусіць будавацца вакол пэўных ідэй. Ідэй аб развіцці і ўяўленняў пра будучыню, а не пра будаўнічыя матэрыялы ці архіўныя дадзеныя.

І гэта ўжо аднойчы спрацавала. У свой час дрэва на Каложы спатрэбілася з-за вялікай вымушанасці. Новая сценка — па-сутнасці, часовая — стала ўвасабленнем прарыўной на той час ідэі захаваць царкву, хутка і танна ўвесці яе ва ўжытак. Прагрэсіўнасць і вастрыня моманту палягала ў канкурэнцыі з іншай ідэяй — царкву не захоўваць. Яшэ напрыканцы 1860-х гадоў у мясцовым асяроддзі бытавала думка, што Каложа «не отличается никакими ни архитектурными, ни артистическими особенностями». Вось чаму дрэва! А зусім не з-за таго, што яно адпавядала нейкім там рэстаўрацыйным патрабаванням. Драўляная сценка была вынікам рэалізацыі прагрэсіўнай ідэі. І менавіта таму стала такім удалым рашэннем.

[irp posts="21 819″ name="Не рэстаўрацыя і не рэканструкцыя: Каложскую царкву рыхтуюць да супрацьаварыйнага рамонту"]

Цэнтр дыскусіі - каштоўнасці

Час мінае. Цяпер ідэя «захаваць і ўвесці ва ўжытак» не з’яўляецца новай і актуальнай, яна як такая не правакуе больш на пошук новых рашэнняў. Няўжо ж механічнае капіяванне матэрыяльных увасабленняў стогадовых ідэй — наш кон? Ці, з іншага боку, прапанаваная Грамадзянпраектам канцэпцыя «сучаснай» тынкоўкі на месцы драўлянай часткі - выдатная квінтэсенцыя рэстаўрацыйных дасягненняў 1970-х гадоў. Але можа мы ўсё ж у XXI стагоддзі жывем?

[irp posts="12 749″ name=""Рэстаўрацыя — не аднаўленне як было". Сцяпан Стурэйка пра спрэчкі вакол Старога замка"]

Дык што магло б даць Каложы новы імпульс? Дзе чэрпаць ідэі? Гэта перадусім праца з сучаснымі выклікамі і каштоўнасцямі. Неяк забываецца, што нават паводле закона Каложа — гісторыка-культурная каштоўнасць. Яшчэ ў 2015 годзе на першай канферэнцыі, прысвечанай захаванню царквы, я прачытаў даклад аб каштоўнасцях спадчыны. Вялікая частка прысутных пазіхала, маўляў, калі ўжо тэарэтычная балбатня скончыцца і мы пяройдзем да галоўнага? І ўсё ж я ўпэўнены, што інакш, чым праз зварот да каштоўнасцяў, немагчыма ані аргументаваць асабістае незахапленне праектнымі прапановамі, ані сфармуляваць новую замову і патрабаваць чагосьці большага ад праекту, які і так фармальна адпавядае міжнародным методыкам. Менавіта каштоўнасці мусяць абмяркоўвацца, а не інжынерныя разлікі ці дызайнерскія прыёмы (гэта наогул густаўшчына!).

Карагоды вакол Каложы: што вы хочаце сказаць сусвету і самім сабе?
Беларуская мемарыяльная капліца ў Лондане. Фота: Joakim Boren
Напрыклад, глабальнае пацяпленне — гэта нашая праблема ці не? Калі нашая, Гродна можа даць на яе свой лакальны адказ. Хай будзе энергаэфектыўнае экалагічнае рэстаўрацынае рашэнне, кшталту будынка беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане, прызнанага лепшым у брытанскай сталіцы за 2016 год. Менавіта сінтэз інавацыйнасці і кананічнасці. Чаму б праваслаўнай царкве не быць сучаснай?

Бэнксі на сценах Каложы

Найсучаснейшы трэнд — зварот да сацыяльнага вымярэння спадчыны. Ён пакуль не паспеў пакрыцца лупінай метадычных дакументаў, і менавіта ён сёння дыктуе ўсе самае жывое ў рэстаўрацыі. Галоўныя тут пытанні: ці хочуць гродзенцы ўмацавання ўласнай супольнасці, уласнай ідэнтычнасці? Чаму б не зрабіць заместа драўлянай часткі белую сценку і не праектаваць на яе партрэты гродзенцаў? Хоць парадныя, хоць з выпускных вечароў.

Карагоды вакол Каложы: што вы хочаце сказаць сусвету і самім сабе?
Праца Бэнксі ў Брысталі - даніна павагі Вермееру. Фота: REUTERS/Andrew Winning
Можа гродзенцы хочуць выкарыстоўваць Каложу як сродак культурнага дыялогу? Тады варта запрашаць сусветна вядомых мастакоў, каб яны тую сценку штогадова распісвалі фрэскамі, графіці і г. д. Ці вы не лічыце Бэнксі актуальным мастаком? Вось нашае месца, дыялог, аўтарскае выказванне, прэстыж і сродак прасоўвання беларускай культуры. Што б не апынулася на сцяне Каложы, усё стане моцным пасланнем. Варыянтаў шмат. Вы толькі вызначцеся навошта, дзеля якіх ідэй хочаце рэстаўраваць і звяртацца да Сусвету.

Сэнс майго патрабавання — не зводзіць дыскусію аб рэстаўрацыі да супрацьстаяння дрэва і газасіліката.

Давайце ўпішам храм у сусветны інтэлектуальны, мастацкі, рэлігійны і любы іншы кантэксты! Давайце пры стварэнні праектаў арыентавацца не на турыста з бутэрбродам, а на таго, хто па-сапраўднаму здолее ацаніць нас, гродзенцаў. Калі, вядома, мы здольныя генерыраваць актуальнае, і калі напраўдзе хочам дабіцца ўключэння Каложы ў Спіс Сусветнай спадчыны не 1348-м аб’ектам, я нечым, што заўважаць, і чым можна будзе ганарыцца.

[irp posts="3891″ name="Андрэй Чарнякевіч пра архітэктурную спадчыну Гародні: «Мы страцілі роўна столькі, колькі паспелі сабе прысвоіць""]