Забароны на мітынгі і іншыя палітычныя актыўнасці нікога не здзіўляюць. Але гродзенскія ідэолагі неаднойчы адмаўлялі ў правядзенні выставаў, прэзентацый ці канцэртаў па прычынах, якія можна назваць дзіўнымі. Канцэрт амерыканскіх панкаў ODIO, які меў адбыцца 21 чэрвеня, таксама забаранілі. Чаго яшчэ не дачакаліся гродзенскія аматары культуры за апошніх некалькі гадоў і чым улады абгрунтоўвалі адмовы?
1. Забароненае рэгі
Канцэрт Дзмітрыя Іванова, рэгі-музыкі лы лідара гурта «Аддис Абеба», меў адбыцца ў Гродне ў студзені 2014 года.
Прычына забароны: «Мы не дапусцім парушэння маральнасці ў нашым горадзе» — сказаў Сяргей Давыдзік, галоўны спецыяліст па прафесійным мастацтве і творчых саюзах Гродзенскага гарвыканкама. Але на фестывалі нацыянальных культур «Аддис Абеба» усё ж выступіў.
Музыка Фёдар Жывалеўскі тады пракаментаваў: «Нейкі смяротны метал дазваляюць граць у клубах. А вось Дзіму Іванова з заклікамі да сонца, лета і кахання палічылі небяспечным для грамадскай маральнасці. І я нават дагэтуль не магу быць упэўнены, што змагу абысці гэты шаблон — пагроза грамадскай маральнасці».
2. Недазволеная «Мова»
Прэзентацыя кнігі Віктара Марціновіча «Мова» таксама мела адбыцца ў 2014 годзе. Зрыў сустрэчы пісьменнік успрыняў як «вельмі балючы і вельмі крыўдны перагіб з боку гродзенскіх уладаў». Ён казаў: «Такога не было з „Паранояй“, такога не было са „Сфагнумам“, які мы баяліся выдаваць у папяровай версіі. А тут бяскрыўдны роман, дзе няма палітыкі».
Прычына забароны: парушэнне правіл бяспекі пры выкарыстанні памяшкання.
Пісьменнік лічыць іранічным, што акурат у той дзень прэзідэнт правёў сустрэчу з праўладным Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Саюзам беларускіх пісьменнікаў, на якой маглі выказацца прадстаўнікі абодвух саюзаў.
3. Забароненыя «Постаці»
Прэзентацыя праекта «Постаці-2» была запланавана ў памяшканні гарадской бібліятэкі 26 лістапада 2014 года. Перад гэтым там праходзіў круглы стол па тэме «Культурныя здабыткі Гродна». Але ўлады не дазволілі прэзентаваць там дыск.
4. Недазволеная легенда року
Канцэрт гурта Lombard меў адбыцца 26 ліпеня 2015 года, але ўлады адмянілі раней дадзены дазвол. У 2008 годзе канцэрт гурта ў дворыку на Будзёнага сабраў шмат людзей, а пасля яго Анжаліка Борыс з Саюзу палякаў атрымала штраф за арганізацыю нелегальнага канцэрта.
5. Забаронены дуэт
Творчы вечар Дзянісава і Памідорава, які меў адбыцца 12 красавіка 2015 года ў будынку харальнай сінагогі, таксама трапіў пад забарону.
Прычына забароны: немэтазгоднае выкарыстанне памяшкання. Канцэрт у выніку адбыўся ў «Крызе».
6. Непажаданы арганізатар
24 мая 2012 года ў Гродне забаранілі канцэрт у гонар Кастуся Каліноўскага, дзе павінны былі выступіць «Кальян» і Dzieciuki.
Прычына забароны: Прадстаўнікі ўладаў не дазволілі канцэрт, бо яго арганізоўваў «Малады Фронт» — незарэгістраваная арганізацыя.
7. Прадухіленая хваля
Фэст «Рок-хваля» павінен быў прайсці 6 лістапада 2012 года, але канцэрт адмянілі.
Прычына забароны: Арганізатары казалі пра дрэнны продаж квіткоў, музыкі - пра загад зверху.
8.Непатрэбная канферэнцыя
Навуковая канферэнцыя «Гарадзенскі палімсест» павінна была прайсці ў Беларускім інстытуце правазнаўства, а прайшла ў адной з незалежных арганізацый. Планавалася, што ў канферэнцыі 5−6 лістапада 2011 года прымуць удзел навукоўцы з Беларусі, Расіі і Польшы.
Прычына забароны: Сітуацыю пракаментаваў Эдвард Дмухоўскі, сябар «Гарадзенскай Бібліятэкі», аднаго з арганізатараў канферэнцыі: «Канферэнцыю забаранілі па званку міністра адукаціі. Я лічу гэта абсурдам, маразмам. Гэтая ўлада свядома раскалвае на сваіх і чужых паводле сваіх забабонаў. Рабіць лямант і вэрхал наконт гэтай ініцыятывы — я не разумею».
9. Прэзентацыя «Pet Nihil»
Прэзентацыя чарговага альбому гродзенскіх панкаў «Pet Nihil» павінна была прайсці 11 мая 2014 года.
Прычына забароны: Ідэолагі з упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі пабачылі на вокладцы альбому «Spit» хлопца, што кідае «кактэйль Молатава» ў кірунку машыны, што нагадвае сумесь аўтазака і халадзільніка «Молочный мир».
Кінафестываль «Cinema Perpetuum Mobile»
Фестываль з поспехам прайшоў у розных гарадах Беларусі і свету, а ў Гродне ў пачатку 2013 года замест яго прапанавалі «Анну Карэніну». Забарона ў Гродне была вельмі дзіўнай, бо ў Мінску фэст праходзіў з падтрымкай мінкульта.
Памятаеце яшчэ маразматычныя забароны ад гродзенскіх чыноўнікаў? Напішыце пра іх у каментарыях!