“Прыехала, каб адчуць бацьку”. Як канадцы шукалі ў Гродне сямейны дом па намаляванай карце

Восенню ў Гродна з Канады прыязджала Сэндзі Бэсер, чый бацька родам з нашага горада. Сваякі жанчыны па прозвішчы Міхлес у пачатку 1930-х эмігравалі за акіян і ніхто ў родны горад так і не вярнуўся. Сэндзі першая са сваёй сям’і, хто прыехаў паглядзець радзіму продкаў.

Карта ў дапамогу

У Гродне Сэндзі планавала знайсці сямейны дом, які на момант эміграцыі сваякоў знаходзіўся на вуліцы Калажаньскай, 17. Сёння гэта Калючынская. Прыехала жанчына з мужам Говардам і са спецыяльнай картай. Яе ў 2009 годзе намаляваў дзядзька, брат бацькі Сэндзі.

“Сям’я з’ехала з Гродна ў 1930-х гадах, – распавядае Сэндзі. – З’язджалі бацькі і трое іх дзяцей, якім было па 11-12 гадоў. Карту, з якой я прыехала, маляваў для нашчадкаў мой дзядзька. На ёй намалявана прыкладнае месца, дзе жыла наша сям’я. Ён яе маляваў па памяці ў 2009 годзе, незадоўга да сваёй смерці. Рабіў гэта ў надзеі, што хто-небудзь са сваякоў усё ж калі-небудзь прыедзе ў Гродна і знойдзе сямейны дом”.

"Прыехала, каб адчуць бацьку". Як канадцы шукалі ў Гродне сямейны дом па намаляванай карце
Сям’я Міхлес у Гродне, канец 1920-х г. Сярод іх і Хаім – бацька Сэндзі

З вокнаў дома была бачная турма

У міжваенны час Міхлесы жылі на Калажаньскай ва ўласным доме і мелі сваю краму. З вокнаў дома была бачная турма.

“Міхлесаў у Гродне было шмат. Ведаю, што прадзядуля ў сінагозе дапамагаў рабіну служыць. У дзядулі быў невялікі магазін, дзе прадаваліся газеты і многае іншае. Па ўспамінах майго бацькі ён хадзіў у яўрэйскую школу. У цэлым Міхлесы жылі добра і з іх сямейнага дома на другім паверсе можна было ўбачыць турму”.

Страшныя навіны прымусілі з’ехаць

У пачатку 1930-х жыццё ў Польшчы ў яўрэяў стала ўскладняцца з-за дзяржаўнай палітыкі і антысеміцкіх настрояў. Частка Міхлесаў пакінула Гродна. Прычынай таму сталі благія весткі і прадчуванні пра набліжэнне чагосьці страшнага.

“Бацька не любіў успамінаць Гродна і казаў, што ніколі не вернецца ў гэты горад. Ён успамінаў пагромы і антысеміцкія погляды сярод насельніцтва. Аднойчы яго бацька пачуў навіну, што нешта страшнае адбудзецца ў Еўропе. Ён баяўся за сям’ю і вырашыў павезці яе за акіян. У нашай сям’і ў Нью-Ёрку быў сваяк суддзя, якога звалі Сайман Рыфкінд. І дзядуля з сям’ёй паехаў на іншы кантынент да гэтага чалавека па дапамогу. Але Сайман не дапамог, ён не паверыў што гэта яго сваякі з Гродна прыехалі. У выніку Міхлесы адтуль пераехалі ў Канаду, горад Манрэаль. Як гэта адбылося, я не ведаю”.

“Я хацела і зрабіла гэта”

Сэндзі распавядае, што многія Міхлесы засталіся ў Гродне і загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Верагодней за ўсё і ў той час сямейны дом бацькі Сэндзі быў разбураны. Сёння на яго месцы стаіць моладзевы цэнтр “Гродна”.

“Мы не ведаем дакладна, што менавіта стала са сваякамі ў Гродне, але ўсе яны загінулі ў Халакосце. Хтосьці быў адпраўлены ў Трэблінку або Аўшвіц. Майму бацьку і яго сям’і пашанцавала, яны ў самы час з’ехалі з Гродна. Менавіта таму бацька не любіў успамінаць Гродна. Ён даўно памёр, а я ж у Гродна вырашыла прыехаць, каб адчуць яго і знайсці сямейны дом. Гродна – гэта родны горад нашай сям’і і я не думаю, што хтосьці прыедзе ў гэты горад акрамя мяне. Я хацела і зрабіла гэта.

У гэтым горадзе было шмат яўрэяў і сёння іх сваякам цяжка сюды прыехаць. Гэта ў першую чаргу звязана з болем і сумнымі сямейнымі ўспамінамі”.

"Прыехала, каб адчуць бацьку". Як канадцы шукалі ў Гродне сямейны дом па намаляванай карце
Убачыць як выглядаў дом сям’і Міхлес можна ў музеі макетаў ў Гродне. Кружком пазначана меркаванае месца. Сёння там моладзевы цэнтр “Гродна” і пустка.
"Прыехала, каб адчуць бацьку". Як канадцы шукалі ў Гродне сямейны дом па намаляванай карце
Сэндзі і Говард Бэссер ідуць па вуліцы Калючынскай, на якой калісьці стаяў дом іх сям’і і магазін.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

"Прыехала, каб адчуць бацьку". Як канадцы шукалі ў Гродне сямейны дом па намаляванай карце

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: