Камерунец Жан-Патрык Абуна штогод, пачынаючы з 2010 года, спрабаваў перабрацца ў Еўропу, але знайсці клуб яму ніяк не атрымлівалася. Толькі ў 2017 годзе афрыканец з дапамогай свайго сябра Бебе, які ўжо два сезоны выступаў у “Нёмане”, здолеў трапіць у Беларусь. Толькі з другой спробы Абуна здолеў зрабіць уражанне на трэнерскі штаб жоўта-зялёных. Пасля перадсезоннай падрыхтоўкі, ён стаў асноўным гульцом складу “Нёмана”.

За плячыма 26-гадовага камерунскага абаронцы цікавая і рэзультатыўная кар’ера ў Афрыцы. Ён тройчы станавіўся срэбраным прызёрам Камеруна (2009/10, 2010/11, 2013), адзін раз гуляў у фінале Кубка краіны (2010). У 2014 перайшоў у адзін з наймацнейшых клубаў Конга «Леопардс дэ Дэліс» з Лубомо. У яго складзе стаў чэмпіёнам краіны ў 2014 і 2016 гадах, а таксама ўладальнікам Кубка Конга ў 2016 годзе.

Абуна мае ў сваім актыве восем афіцыйных матчаў за нацыянальную зборную сваёй краіны. Апошні раз абаронцу выклікалі ў зборную ў сакавіку 2016 года на адборачны матч Кубка Афрыканскіх Нацый супраць зборнай Паўднёвай Афрыкі. Тая сустрэча скончыўся нулявой нічыёй. У тым матчы футбаліст застаўся ў запасе і выйшаў на поле за сем хвілін да заканчэння асноўнага часу гульні.

Бебе дапамог патрапіць у Беларусь

Зараз Абуна засяроджаны на выступе за гродзенскі “Нёман” і рады таму, што зайграў у беларускім чэмпіянаце, на новым кантыненце.

“Праз некаторы час я апынуўся ў Еўропе. І ў “Нёмане”, і ў Гродне я сябе адчуваю выдатна. Чэмпіянат у Беларусі сапраўды добры, лепш, чым у Камеруне. Свае апошнія тры сезоны я гуляў у Конга, але нават там чэмпіянат слабей, чым у Беларусі. Тут я гуляю і атрымліваю вялікае задавальненне. Дзякуй Бебе, што дапамог мне трапіць сюды, я вельмі ўдзячны яму за гэта. Спадзяюся, я апраўдаў яго чаканнi”.

Камерунскі гулец "Нёмана" Абуна: "Магчыма, дзякуючы працы ў Гродне, мяне зноў выклічуць у зборную"
Абуна ў атацы ў гульні супраць “Слуцка” на гродзенскім стадыёне

Плануе і далей выступаць за зборную Камеруна

У сёлетнім чэмпіянаце Беларусі афрыканскі абаронца адыграў ва ўсіх матчах гродзенскага “Нёмана” і вызначыўся адной выніковай перадачай. На гэтым футбаліст не плануе спыняцца. Ён хоча працягнуць выступ у нацыянальнай зборнай сваёй краіны.

“Хачу верыць, што сезон і для мяне, і для гродзенскай каманды складзецца ўдала. Магчыма, дзякуючы плённай працы ў “Нёмане”, мяне зноў выклічуць у нацыянальную зборную маёй краіны. Але зараз галоўная мэта – дамагацца добрага выніку з “Нёманам”. Спадзяюся, у гэтым сезоне мы зоймем добрае месца.

Пакуль у мяне ёсць кантракт з клубам, а пасля завяршэння чэмпіянату будзем з маім агентам думаць, як будзе лепш. Але хачу сказаць, што “Нёман” гэта лепшая каманда чэмпіянату для майго першага сезону ў Еўропе. Я буду ўпарта працаваць, каб павышаць свой узровень”.

Камерунскі гулец "Нёмана" Абуна: "Магчыма, дзякуючы працы ў Гродне, мяне зноў выклічуць у зборную"
Абуна з камандай пасля матчу са “Славіяй” на гродзенскім стадыёне

Размаўляе на французскай, але вывучае рускую

Да клімату ў Беларусі футбаліст паступова прывыкае. Менавіта з-за працэсу адаптацыі футбаліст толькі пасля другога прагляду здолеў трапіць у гродзенскую каманду.

«Пасля трэніровак і гульняў свой вольны час я праводжу дома, на Таўлая. Імкнуся шмат не гуляць па горадзе. Часам магу сабе дазволіць схадзіць у госці да Бебе. Што тычыцца клімату, то ён для мяне няпросты, але я прыкладаю ўсе намаганні каб адаптавацца.

Мне падабаецца ў Беларусi. У крамах з пакупкамі праблем не ўзнікае, трохі слоў на рускай мове я ўжо ведае. А так у жыцці выкарыстоўваю французскую. У камандзе на гэтай мове са мной могуць размаўляць Бебе і Дзіма Кавалёнак. Да прадуктаў мясцовых ужо прывык, але вось беларускія стравы яшчэ практычна не рассмакаваў. У Гродне я яшчэ вельмі мала, на ўсё свой час».

Камерунскі гулец "Нёмана" Абуна: "Магчыма, дзякуючы працы ў Гродне, мяне зноў выклічуць у зборную"
У Абуны ў Камеруне жыве жонка з двума дзецьмі. Забіраць іх у Гродна футбаліст пакуль не плануе.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстоўвалася інфармацыя з афіцыйнага сайта “Нёмана”.