Мы звыкліся чакаць сюрпрызаў пад ялінкай ад магаў-мужчын. Святы Мікалай ці Дзед Мароз прыходзяць да нас, Пер Ноэль — да французскіх дзяцей, а Ёўлупукі - да фінскіх. Але ў фальклоры многіх народаў ёсць і жанчыны, што адорваюць падарункамі на зімовыя святы. Каб жаночы ўнёсак не згубіўся ў мітусні, канал Тётя Ира разрешила нагадвае, хто гэтыя чараўніцы.
Матухна-Каляды — добрая фея з гусінымі лапкамі
У той частцы Францыі, што раней звалася Франш-Контэ, у калядную ноч да дзяцей прыходзіць цётачка Ары са сваім аслом, што завецца Марыён. Другое імя цётачкі Ары — Мер-Ноэль, ці Матухна-Каляды. Бо мужчыну — каляднага мага тут называюць Пер-Ноэль — Бацька-Каляды.
У казках цётачку Ары апісваюць як прыязную сталую жанчыну з сівымі валасамі і маладым тварам. У некаторых гісторыях яна мае гусіныя лапкі замест ног і жалезныя зубы. Магічная суперсіла цётачкі Ары — магчымасць ведаць, што сніцца дзецям.
Чытайце таксама: Жывая музыка, шоу ілюзіяніста і караоке. Дзе ў Гродне сустрэць Новы год 2024 і правесці навагодні карпаратыў
Фраў Берхта, якую лепш не злаваць
У аўстрыйскіх, чэшскіх і нямецкіх легендах гэта вядзьмарка не вызначалася прыгажосцю. Фраў Берхта мела гусіную ці лебядзіную нагу. З сюрпрызамі да зімовых святаў у фраў Берхты ўсё строга. Дзеці, якія добра сябе паводзілі, атрымаюць срэбныя манеткі. А тым, хто быў непаслухмяным, фраў Берхта ўсяго толькі раздзярэ жывот — нічога асабістага, такая работа.
У некаторых крыніцах у фраў Берхты ёсць яшчэ адзін абавязак: у калядную ноч яна праводзіць на неба душы немаўлят, што нарадзіліся мёртвымі.
Крысткіндэль у кароне са свечак
У паданнях Германіі і французскага Эльзаса падарункі раздае «дзіця». Такое значэнне мае слова «крысткіндэль». Звычайна гэта дзяўчына ў белым з каронай са свечак. Добрая яна прыходзіць не адна, а ў пары са злым Гансам Трапам, які карае непаслухмяных дзяцей.
Чытайце таксама: Святочны стол і ўбранне: як раней адзначалі Новы год
Фраў Холе ці спадарыня Завіруха
Фраў Холе, бабуля Холе ці спадарыня Завіруха — вядомая гераіня нямецкіх паданняў. Там кажуць, што калі яна вытрасае пярыну, на зямлі ідзе снег. Зараз яе ведаюць па казцы братоў Грым «Пані Завіруха». Яе апісваюць як непрыгожую, але добрую чараўніцу.
Прыляціць Ля Бефана на мятле і прынясе цукеркі
Гэта вядзьмарка — частка калядных традыцый у Італіі. Ля Бефана — пажылая жанчына, умее лётаць на мятле і ведае, хто з дзяцей як сябе паводзіў.
Звычайна яна прылятае да італьянскіх дзяцей не на Каляды, а 6 студзеня, перад святам Вадохрышча. Каб атрымаць падарунак ад Ля Бефаны, трэба павесіць шкарпэтку. Паслухмяныя дзеці нараніцу знойдуць у ёй цукеркі ці іншыя прысмакі, а непаслухмяныя — вугельчыкі ці лакрыцу.
Паводле адной з легенд, напярэдадні Калядаў вешчуны папрасілі Ля Бефану паказаць дарогу ў Батлеем, каб яны змаглі знайсці немаўля Хрыста і прынесці яму дары. Ля Бефана была капрызнай старой і адмовілася дапамагаць. Але потым адумалася, напякла прысмакаў і паляцела на пошукі сама. Кажуць, што і да гэтага часу яна лётае і пакідае падарункі для ўсіх дзяцей на выпадак, калі адзін з іх акажацца «тым самым» немаўляткам.
Зараз Ля Бефана — нязменны сімвал італьянскага Новага года, яе вобраз знайшоў адлюстраванне і ў нацыянальнай кухні: 6 студзеня ў яе гонар італьянцы пякуць «бефаніні» — пясочнае печыва ў форме сэрцайкаў і зорак.