Адзін дзень Міраслаў працуе мядзведзем, іншы — аленем. І так ужо гады тры. Пачалося ў 2014 годзе з аб’явы — шукалі чалавека, які будзе на хакеі пераапранацца ў роставую ляльку. Міраслаў з часам так ужыўся ў ролю, што стаў адзіным чалавекам, які пераапранаецца ў маскота двух клубаў - хакейнага і футбольнага «Нёманаў».
Быць маскотам для Міраслава — хобі. Паралельна ён вучыцца на пятым курсе Аграрнага ўніверсітэта, але звязваць жыццё з сельскай гаспадаркай не вельмі хоча. А вось спартовымі падзеямі ў горадзе ён цікавіцца здаўна.
«Я з 12 гадоў пачаў хадзіць на хакейныя матчы. Часта бачыў, як маскот хадзіў па арэне, фатаграфаваўся з людзьмі. Тады я падумаў, што было б цікава хаця б на адзін матч апынуцца ўсярэдзіне», — распавядае Міраслаў.
Калі хлопец паступіў ва ўніверсітэт, то таксама час ад часу наведваў хакей. Каб быць у курсе ўсяго, што адбываецца ў хакейнага «Нёмана», Міраслаў падпісаўся Вконтакте на іх афіцыйную групу і на групу падтрымкі «Iceberg».
«Сяджу на пары, гартаю навіны і натыкаюся на пост: на хакеі з’явілася яшчэ адна роставая лялька і патрэбны чалавек, якому цікавы гэты вiд спорту і які не супраць пагутарыць з народам падчас матчу».
Міраслаў напісаў капітану групы падтрымкі" Iceberg", яны сустрэліся, прыкінулі касцюм і дамовіліся, што ён паспрабуе сябе ў новай ролі.
Першы касцюм Міраслава быў не зусім маскотам. Гэта быў касцюм клоўна, хутчэй каб забаўляць дзяцей. Але праз нейкі час хлопец займеў і асноўны касцюм маскота хакейнага «Нёмана» — мядзведзя.Спачатку ў касцюмах працавалі тры чалавекі - два хлопцы і дзяўчына. Але праз год ад пачатку працы Міраслаў застаўся адзін.
«Можна сказаць, стаў адзіным і паўнапраўным маскотам хакейнага „Нёмана“, — кажа хлопец. — Памятаю свае першыя выхады — было нават страшна, але потым уцягнуўся. Першы год я быў неяк заціснуты, а потым стаў адчуваць сябе больш упэўнена. Вельмі цікава быць маскотам, але цяжка, горача вельмі ў касцюме, асабліва ў мядзведзі».
Пасля некалькіх паспяховых гадоў у ролі маскота хакейнага «Нёмана», Міраслава запрасілі ў футбольны клуб.
«Мне патэлефанавала капітан з групы падтрымкі хакейнага „Нёмана“ і сказала, што звязваліся з футбольнага клуба і пыталіся, ці не хачу я і там папрацаваць. Там зрабілі круты касцюм аленя і я, доўга не думаючы, пагадзіўся».
Касцюм аленя хлопцу спадабаўся. Важна, што ён заўважна лягчэй за хакейнага мядзведзя.«Калi першы раз выйшаў на стадыён, людзі вельмі бурна адрэагавалі. У прынцыпе, калі кожны матч выходзіш, то гэтак жа крута вітаюць. Часам мне нават здаецца, што футбалістаў так не вітаюць, як маскота».
На хакеі ў маскота імя няма, а на футболе яго афіцыйна празвалі Губі. Але ўсё роўна маскотаў называюць па-рознаму. Зараз Міраслаў паводзіць сябе на матчах больш актыўна, чым у першыя гады. Іншым разам можа зайсці да фанатаў, дзе даводзіцца і скакаць, і танцаваць.
«Зараз з кімсьцi можна пажартаваць, з кімсьцi нават песенькі паспяваць, а пра фота наогул маўчу. Ужо, напэўна, лік пайшоў на тысячы. Але самае крутое ў гэтай справе гэта зносіны з людзьмі. А дзеці гэта наогул асобная тэма, асабліва вельмі маленькія. Проста неверагодныя эмоцыі адчуваеш, калі табе на сустрэчу ідзе, часам нават бяжыць дзіця з усмешкай на твары і з разгону ў цябе ўразаецца. І абдымае з такой шчырасцю, якую рэдка сустрэнеш. Мабыць, дзеля такіх момантаў і варта быць маскотам».
За тры гады працы гродзенскім маскотам у Міраслава было шмат кур’ёзных сітуацый. Бывала, хлопец падаў, а яго падымалі, бывала, што фанаты ад радасці падкідвалі яго да самай столі, а нават прыходзілася з заўзятарамі ўступаць у танцавальныя батлы.
«Неяк на лёдзе выступалі з групай падтрымкі. Я сваё зрабіў і павінен быў круг пракаціцца са сцягам «Нёмана». Бачна тады было ўсё вельмі дрэнна, яшчэ святло не ўключылі. У той момант, калі прадстаўлялі супернiка, я праязджаў каля брамкі адкуль выходзяць гульцы. У гэты ж момант выязджаў брамнік гасцей. Я яго ў апошні момант заўважыў i пашанцавала, што ён убачыў мяне і тармазнуў, а то было б весела.
З Пашай Манжыкам часта танцуем. Запомніўся момант у гэтым годзе ў апошнім матчы фіналу на хакеі, калі пасля сірэны на эмоцыях заляцеў да фанатаў, а яны пачалі мяне падкідваць ледзь не да столі. Думаў з касцюма вывалюся.
На футболе таксама цікава, там мяне называюць па імені i ў мяне там першы сезон. Хадзiць на футболе прыходзіцца больш, але хачу адзначыць што касцюм зручней, чым на хакеі".
Выбіраць паміж хакеем і футболам Міраслаў пакуль не плануе: час яму пакуль дазваляе паспяваць усюды. Ды i футбольныя і хакейныя матчы праходзяць у Гродне ў розныя дні і розны час.Многія пытаюцца ў хлопца, дзе лепш, але для яго гэта складанае пытанне.
«Мне больш плацяць на футболе, але неяк душой я больш за хакей. Ды і працай гэта не назавеш, гэта як забава — такі цяжкі адпачынак. Маскоты для мяне пакуль што больш хобі, але мне ўжо прапануюць па жыцці займацца раставымі лялькамі.
Я не ведаю, чым буду займацца ў будучыні. Па сутнасці, мая прафесія — працаваць у сельскай гаспадарцы, але пасля таго, як я там папрацаваў, мне не вельмі спадабалася. Думкі ёсць нешта сваё адкрыць, але хто ведае, як там будзе".
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…