Адзін дзень Міраслаў працуе мядзведзем, іншы — аленем. І так ужо гады тры. Пачалося ў 2014 годзе з аб’явы — шукалі чалавека, які будзе на хакеі пераапранацца ў роставую ляльку. Міраслаў з часам так ужыўся ў ролю, што стаў адзіным чалавекам, які пераапранаецца ў маскота двух клубаў - хакейнага і футбольнага «Нёманаў».

Быць маскотам для Міраслава — хобі. Паралельна ён вучыцца на пятым курсе Аграрнага ўніверсітэта, але звязваць жыццё з сельскай гаспадаркай не вельмі хоча. А вось спартовымі падзеямі ў горадзе ён цікавіцца здаўна.

«Я з 12 гадоў пачаў хадзіць на хакейныя матчы. Часта бачыў, як маскот хадзіў па арэне, фатаграфаваўся з людзьмі. Тады я падумаў, што было б цікава хаця б на адзін матч апынуцца ўсярэдзіне», — распавядае Міраслаў.

Пабачыў аб’яву ў інтэрнэце

Калі хлопец паступіў ва ўніверсітэт, то таксама час ад часу наведваў хакей. Каб быць у курсе ўсяго, што адбываецца ў хакейнага «Нёмана», Міраслаў падпісаўся Вконтакте на іх афіцыйную групу і на групу падтрымкі «Iceberg».

«Сяджу на пары, гартаю навіны і натыкаюся на пост: на хакеі з’явілася яшчэ адна роставая лялька і патрэбны чалавек, якому цікавы гэты вiд спорту і які не супраць пагутарыць з народам падчас матчу».

Міраслаў напісаў капітану групы падтрымкі" Iceberg", яны сустрэліся, прыкінулі касцюм і дамовіліся, што ён паспрабуе сябе ў новай ролі.

Пачынаў з… клоўна

Першы касцюм Міраслава быў не зусім маскотам. Гэта быў касцюм клоўна, хутчэй каб забаўляць дзяцей. Але праз нейкі час хлопец займеў і асноўны касцюм маскота хакейнага «Нёмана» — мядзведзя.

Калі праца - як гульня. Як гродзенец працуе маскотам футбольнага і хакейнага "Нёманаў"
Міраслаў у ролі маскота хакейнага «Нёмана» ў Гродне
Спачатку ў касцюмах працавалі тры чалавекі - два хлопцы і дзяўчына. Але праз год ад пачатку працы Міраслаў застаўся адзін.

«Можна сказаць, стаў адзіным і паўнапраўным маскотам хакейнага „Нёмана“, — кажа хлопец. — Памятаю свае першыя выхады — было нават страшна, але потым уцягнуўся. Першы год я быў неяк заціснуты, а потым стаў адчуваць сябе больш упэўнена. Вельмі цікава быць маскотам, але цяжка, горача вельмі ў касцюме, асабліва ў мядзведзі».

Маскота вітаюць актыўней, чым футбалістаў

Пасля некалькіх паспяховых гадоў у ролі маскота хакейнага «Нёмана», Міраслава запрасілі ў футбольны клуб.

«Мне патэлефанавала капітан з групы падтрымкі хакейнага „Нёмана“ і сказала, што звязваліся з футбольнага клуба і пыталіся, ці не хачу я і там папрацаваць. Там зрабілі круты касцюм аленя і я, доўга не думаючы, пагадзіўся».

Касцюм аленя хлопцу спадабаўся. Важна, што ён заўважна лягчэй за хакейнага мядзведзя.

Калі праца - як гульня. Як гродзенец працуе маскотам футбольнага і хакейнага "Нёманаў"
Работнік футбольнага стадыёна дапамагае Міраславу апранаць касцюм маскота
«Калi першы раз выйшаў на стадыён, людзі вельмі бурна адрэагавалі. У прынцыпе, калі кожны матч выходзіш, то гэтак жа крута вітаюць. Часам мне нават здаецца, што футбалістаў так не вітаюць, як маскота».

Дзеля такіх момантаў варта быць маскотам

На хакеі ў маскота імя няма, а на футболе яго афіцыйна празвалі Губі. Але ўсё роўна маскотаў называюць па-рознаму. Зараз Міраслаў паводзіць сябе на матчах больш актыўна, чым у першыя гады. Іншым разам можа зайсці да фанатаў, дзе даводзіцца і скакаць, і танцаваць.

«Зараз з кімсьцi можна пажартаваць, з кімсьцi нават песенькі паспяваць, а пра фота наогул маўчу. Ужо, напэўна, лік пайшоў на тысячы. Але самае крутое ў гэтай справе гэта зносіны з людзьмі. А дзеці гэта наогул асобная тэма, асабліва вельмі маленькія. Проста неверагодныя эмоцыі адчуваеш, калі табе на сустрэчу ідзе, часам нават бяжыць дзіця з усмешкай на твары і з разгону ў цябе ўразаецца. І абдымае з такой шчырасцю, якую рэдка сустрэнеш. Мабыць, дзеля такіх момантаў і варта быць маскотам».

Калі праца - як гульня. Як гродзенец працуе маскотам футбольнага і хакейнага "Нёманаў"
Міраслаў на хакеі мае зносіны з дзецьмі

На футболе касцюм зручнейшы

За тры гады працы гродзенскім маскотам у Міраслава было шмат кур’ёзных сітуацый. Бывала, хлопец падаў, а яго падымалі, бывала, што фанаты ад радасці падкідвалі яго да самай столі, а нават прыходзілася з заўзятарамі ўступаць у танцавальныя батлы.

«Неяк на лёдзе выступалі з групай падтрымкі. Я сваё зрабіў і павінен быў круг пракаціцца са сцягам «Нёмана». Бачна тады было ўсё вельмі дрэнна, яшчэ святло не ўключылі. У той момант, калі прадстаўлялі супернiка, я праязджаў каля брамкі адкуль выходзяць гульцы. У гэты ж момант выязджаў брамнік гасцей. Я яго ў апошні момант заўважыў i пашанцавала, што ён убачыў мяне і тармазнуў, а то было б весела.

З Пашай Манжыкам часта танцуем. Запомніўся момант у гэтым годзе ў апошнім матчы фіналу на хакеі, калі пасля сірэны на эмоцыях заляцеў да фанатаў, а яны пачалі мяне падкідваць ледзь не да столі. Думаў з касцюма вывалюся.

На футболе таксама цікава, там мяне называюць па імені i ў мяне там першы сезон. Хадзiць на футболе прыходзіцца больш, але хачу адзначыць што касцюм зручней, чым на хакеі".

Не праца, а цяжкі адпачынак

Выбіраць паміж хакеем і футболам Міраслаў пакуль не плануе: час яму пакуль дазваляе паспяваць усюды. Ды i футбольныя і хакейныя матчы праходзяць у Гродне ў розныя дні і розны час.

Калі праца - як гульня. Як гродзенец працуе маскотам футбольнага і хакейнага "Нёманаў"
Міраслаў на футболе. Хлопец кажа, што дождж для маскота не перашкода
Многія пытаюцца ў хлопца, дзе лепш, але для яго гэта складанае пытанне.

«Мне больш плацяць на футболе, але неяк душой я больш за хакей. Ды і працай гэта не назавеш, гэта як забава — такі цяжкі адпачынак. Маскоты для мяне пакуль што больш хобі, але мне ўжо прапануюць па жыцці займацца раставымі лялькамі.

Я не ведаю, чым буду займацца ў будучыні. Па сутнасці, мая прафесія — працаваць у сельскай гаспадарцы, але пасля таго, як я там папрацаваў, мне не вельмі спадабалася. Думкі ёсць нешта сваё адкрыць, але хто ведае, як там будзе".