Адзін дзень Міраслаў працуе мядзведзем, іншы – аленем. І так ужо гады тры. Пачалося ў 2014 годзе з аб’явы – шукалі чалавека, які будзе на хакеі пераапранацца ў роставую ляльку. Міраслаў з часам так ужыўся ў ролю, што стаў адзіным чалавекам, які пераапранаецца ў маскота двух клубаў – хакейнага і футбольнага “Нёманаў”.
Быць маскотам для Міраслава – хобі. Паралельна ён вучыцца на пятым курсе Аграрнага ўніверсітэта, але звязваць жыццё з сельскай гаспадаркай не вельмі хоча. А вось спартовымі падзеямі ў горадзе ён цікавіцца здаўна.
“Я з 12 гадоў пачаў хадзіць на хакейныя матчы. Часта бачыў, як маскот хадзіў па арэне, фатаграфаваўся з людзьмі. Тады я падумаў, што было б цікава хаця б на адзін матч апынуцца ўсярэдзіне», – распавядае Міраслаў.
Пабачыў аб’яву ў інтэрнэце
Калі хлопец паступіў ва ўніверсітэт, то таксама час ад часу наведваў хакей. Каб быць у курсе ўсяго, што адбываецца ў хакейнага “Нёмана”, Міраслаў падпісаўся Вконтакте на іх афіцыйную групу і на групу падтрымкі “Iceberg”.
“Сяджу на пары, гартаю навіны і натыкаюся на пост: на хакеі з’явілася яшчэ адна роставая лялька і патрэбны чалавек, якому цікавы гэты вiд спорту і які не супраць пагутарыць з народам падчас матчу”.
Міраслаў напісаў капітану групы падтрымкі” Iceberg”, яны сустрэліся, прыкінулі касцюм і дамовіліся, што ён паспрабуе сябе ў новай ролі.
Пачынаў з… клоўна
Першы касцюм Міраслава быў не зусім маскотам. Гэта быў касцюм клоўна, хутчэй каб забаўляць дзяцей. Але праз нейкі час хлопец займеў і асноўны касцюм маскота хакейнага “Нёмана” – мядзведзя.

Спачатку ў касцюмах працавалі тры чалавекі – два хлопцы і дзяўчына. Але праз год ад пачатку працы Міраслаў застаўся адзін.
“Можна сказаць, стаў адзіным і паўнапраўным маскотам хакейнага “Нёмана”, – кажа хлопец. – Памятаю свае першыя выхады – было нават страшна, але потым уцягнуўся. Першы год я быў неяк заціснуты, а потым стаў адчуваць сябе больш упэўнена. Вельмі цікава быць маскотам, але цяжка, горача вельмі ў касцюме, асабліва ў мядзведзі”.
Маскота вітаюць актыўней, чым футбалістаў
Пасля некалькіх паспяховых гадоў у ролі маскота хакейнага “Нёмана”, Міраслава запрасілі ў футбольны клуб.
“Мне патэлефанавала капітан з групы падтрымкі хакейнага “Нёмана” і сказала, што звязваліся з футбольнага клуба і пыталіся, ці не хачу я і там папрацаваць. Там зрабілі круты касцюм аленя і я, доўга не думаючы, пагадзіўся”.
Касцюм аленя хлопцу спадабаўся. Важна, што ён заўважна лягчэй за хакейнага мядзведзя.

“Калi першы раз выйшаў на стадыён, людзі вельмі бурна адрэагавалі. У прынцыпе, калі кожны матч выходзіш, то гэтак жа крута вітаюць. Часам мне нават здаецца, што футбалістаў так не вітаюць, як маскота”.
Дзеля такіх момантаў варта быць маскотам
На хакеі ў маскота імя няма, а на футболе яго афіцыйна празвалі Губі. Але ўсё роўна маскотаў называюць па-рознаму. Зараз Міраслаў паводзіць сябе на матчах больш актыўна, чым у першыя гады. Іншым разам можа зайсці да фанатаў, дзе даводзіцца і скакаць, і танцаваць.
“Зараз з кімсьцi можна пажартаваць, з кімсьцi нават песенькі паспяваць, а пра фота наогул маўчу. Ужо, напэўна, лік пайшоў на тысячы. Але самае крутое ў гэтай справе гэта зносіны з людзьмі. А дзеці гэта наогул асобная тэма, асабліва вельмі маленькія. Проста неверагодныя эмоцыі адчуваеш, калі табе на сустрэчу ідзе, часам нават бяжыць дзіця з усмешкай на твары і з разгону ў цябе ўразаецца. І абдымае з такой шчырасцю, якую рэдка сустрэнеш. Мабыць, дзеля такіх момантаў і варта быць маскотам”.

На футболе касцюм зручнейшы
За тры гады працы гродзенскім маскотам у Міраслава было шмат кур’ёзных сітуацый. Бывала, хлопец падаў, а яго падымалі, бывала, што фанаты ад радасці падкідвалі яго да самай столі, а нават прыходзілася з заўзятарамі ўступаць у танцавальныя батлы.
“Неяк на лёдзе выступалі з групай падтрымкі. Я сваё зрабіў і павінен быў круг пракаціцца са сцягам “Нёмана”. Бачна тады было ўсё вельмі дрэнна, яшчэ святло не ўключылі. У той момант, калі прадстаўлялі супернiка, я праязджаў каля брамкі адкуль выходзяць гульцы. У гэты ж момант выязджаў брамнік гасцей. Я яго ў апошні момант заўважыў i пашанцавала, што ён убачыў мяне і тармазнуў, а то было б весела.
З Пашай Манжыкам часта танцуем. Запомніўся момант у гэтым годзе ў апошнім матчы фіналу на хакеі, калі пасля сірэны на эмоцыях заляцеў да фанатаў, а яны пачалі мяне падкідваць ледзь не да столі. Думаў з касцюма вывалюся.
На футболе таксама цікава, там мяне называюць па імені i ў мяне там першы сезон. Хадзiць на футболе прыходзіцца больш, але хачу адзначыць што касцюм зручней, чым на хакеі”.
Не праца, а цяжкі адпачынак
Выбіраць паміж хакеем і футболам Міраслаў пакуль не плануе: час яму пакуль дазваляе паспяваць усюды. Ды i футбольныя і хакейныя матчы праходзяць у Гродне ў розныя дні і розны час.

Многія пытаюцца ў хлопца, дзе лепш, але для яго гэта складанае пытанне.
“Мне больш плацяць на футболе, але неяк душой я больш за хакей. Ды і працай гэта не назавеш, гэта як забава – такі цяжкі адпачынак. Маскоты для мяне пакуль што больш хобі, але мне ўжо прапануюць па жыцці займацца раставымі лялькамі.
Я не ведаю, чым буду займацца ў будучыні. Па сутнасці, мая прафесія – працаваць у сельскай гаспадарцы, але пасля таго, як я там папрацаваў, мне не вельмі спадабалася. Думкі ёсць нешта сваё адкрыць, але хто ведае, як там будзе”.


