“И ещё одна лютая дичь из инстаграма” — абурылася Вольга Бондарава. Гэтым разам не да спадобы ёй прыйшліся словы Лізы Ветравай: “Калі б з кожнага кута гучала: “Беларуская мова — твой квіток у шчаслівую будучыню” — ты б у гэта паверыў”. Стоп. А сапраўды, якая практычная карысць ад роднай мовы? Hrodna.life разбіраецца. Разам з навукоўцамі.
Галоўнае ў гэтым артыкуле
- Даследаванні паказваюць, што мова фармуе свет і ўплывае на спосаб мыслення людзей.
- Лера Барадзіцкая праводзіла эксперыменты, каб паказаць, як розныя мовы адлюстроўваюць арыентацыю ў прасторы.
- Граматыка мовы ўплывае на тое, як людзі адчуваюць сваю асобу і прыналежнасць да супольнасці.
- Розніца ў назвах моў адлюстроўвае стаўленне народаў да сваёй мовы — як да ўласнасці або да чагосьці знешняга.
7000 спосабаў думаць
Людзі па ўсім свеце карыстаюцца прыкладна 7000 моў. Мовы адрозніваюцца паміж сабой. Але ці праўда, што людзі, якія размаўляюць па-рознаму думаюць па рознаму?
У 1930-х гадах амерыканскія лінгвісты Эдвард Сэйпір (Edward Sapir) і Бенджамін Лі Уорф (Benjamin Lee Whorf) звярнулі ўвагу на адрозненне ў канструкцыі моў. Яны выказалі смелую думку: носьбіты розных моў могуць па-рознаму думаць і асэнсоўваць рэчаіснасць.
Захапленне гэтымі ідэямі хутка сустрэлася з праблемай — амаль поўнай адсутнасцю доказаў. Да 1970-х гадоў многія навукоўцы расчараваліся ў гіпотэзе Сэйпіра-Уорфа. У той час у навуцы пачалі панаваць тэорыі, якія сцвярджалі, што мысленне ў людзей універсальнае, а мова — толькі інструмент для яго выяўлення.
І толькі праз дзесяцігоддзі даследчыкі назапасілі дастатковую колькасць эмпірычных дадзеных, каб сур’ёзна загаварыць пра тое, як менавіта мова фармуе наша мысленне.
Дзе стаіць кубак? На паўднёвым усходзе
Аднойчы даследчыца з Еўропы папрасіла пяцігадовую дзяўчынку паказаць поўнач. Гэта было ў Аўстраліі. Дзяўчынка — мясцовая жыхарка з абшчыны абарыгенаў Пормп’юраў (Pormpuraaw). Дзіця паказала без ваганняў. Компас у руках жанчыны пацвердзіў правільнасць адказу.

З такой жа просьбай даследчыца звярнулася да слухачоў у залі Стэнфардскага ўніверсітэта. У ёй сядзелі выбітныя навукоўцы. Некаторы з іх прыходзілі сюды слухаць лекцыі больш за 40 год запар. Многія адмаўляліся выканаць просьбу, бо не ведалі адказу. Іншыя доўга разважалі, а потым паказвалі ў самыя розныя напрамкі.
“Я паўтарала гэта практыкаванне ў Гарвардзе і Прынстане, у Маскве, Лондане і Пекіне — вынік паўсюль быў аднолькавы,” — падзялілася даследчыца.

Імя даследчыцы — Лера Барадзіцкая. Яна доктарка філасофіі ў галіне кагнітыўнай псіхалогіі. Праз даследаванні Лера даведалася як мова фармуе не толькі ўяўленні чалавека, але і падштурхоўвае развіваць пэўныя здольнасці.
| Даведка Hrodna.life Лера Барадзіцкая (Lera Boroditsky) нарадзілася ў Мінску ў 1976 годзе. У 12 год эмігравала з бацькамі ў ЗША. Лера атрымала ступень доктаркі філасофіі ў Стэнфардскім універсітэце. У 2011 годзе амерыканскі часопіс Utne Reader назваў Леру Барадзіцкую ў ліку 25 чалавек, чые ідэі змяняюць свет. Гэтае выданне адсочвае найбольш значныя трэнды ў сучаснай культуры. |
У Аўстраліі Лера праводзіла эксперыменты ў горадзе Пормп’юраў. Там знаходзіцца невялікая абшчына абарыгенаў, якія размаўляюць на мове Кук Тааёрэ (Kuuk Thaayorre). Носьбіты гэтай мовы замест звыклых нам “злева”, “справа”, “ззаду”, “спераду” карыстаюцца бакамі свету — “поўдзень”, “поўнач”, “усход”, “захад”. Таму для тых, хто размаўляе на мове Кук Тааёрэ, патрэбна заўсёды дакладна арыентавацца ў прасторы.
У Гродне кажуць: “Кубак стаіць справа ад талеркі”. У Пормп’юраў інакш: “Кубак знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад талеркі”. Каб слушна размаўляць на мове Кук Тааёрэ трэба дакладна ведаць дзе знаходзяцца бакі свету. Нават у памяшканні.
“Праз пасярэдніцтва мовы вы атрымоўваеце ў спадчыну велізарную колькасць культурных ведаў. Калі нешта ўбудоўваецца ў вашую мову — напрыклад, робіцца часткай граматыкі — у вас няма шанцаў гэтага не вывучыць”, – падсумоўвае Лера Барадзіцкая.
Высновы Леры слушныя не толькі для мовы на іншым кантыненце. Звернемся да мовы суседзяў. Да літоўцаў.
Чытайце таксама: У Гродзенскай губерні была тайная мова, якую не разумела нават паліцыя
Як граматыка звязвае мову з носьбітамі
Калі ў Літве гавораць пра мову, яна не гучыць як нешта абстрактнае. Не проста “літоўская” ці “беларуская”. Літоўцы кажыць: “lietuvių kalba” ці “baltarusių kalba”. Літаральна — “мова літоўцаў”, “мова беларусаў”. У такой форме мова адразу мае адказ на пытанне “чыя?”.
Назвы моў літоўцы перадаюць праз назоўнік у родным склоне, які адказвае на пытанне: “мова каго?” Праз такую граматычную асаблівасць у мовы з’яўляецца выразны суб’ект. Яна не нейтральная — яна належыць пэўнаму народу.

Журналісты Hrodna.life запыталі ў Лаўрэты (імя зменена), філалагіні беларускай і літоўскай моў, ці ўзмацняе такая граматычная форма сувязь паміж мовай і яе носьбітамі.
“Безумоўна, — адказала Лаўрэта, — таму што форма роднага склону па-літоўску гучыць як “Kilmininkas”. Слова “kilme” — гэта паходжанне. Значыцца мова чыя? Літоўцаў. З каго яна паходзіць? З літоўцаў. Ад літоўцаў.”
У беларускай мове назвы моў будуюцца інакш. Праз прыметнік. Словы “беларуская”, “літоўская” выступаюць як прыкмета. Яна не ўказвае на носьбітаў. Такая граматычная форма паказвае мову хутчэй як знешнюю сістэму, нейтральную сутнасць, а не як неад’емную частку пэўнай супольнасці.
Магчыма, менавіта ў гэтай розніцы і схована рознае стаўленне да мовы. Адны народы яе ўспрымаюць як уласнасць, іншыя — як нешта “дадзенае” звонку.
Калі беларуская мова не настойвае на сваіх носьбітах, наколькі ўпэўнена яна дазваляе гаварыць чалавеку пра яго маёмасць?
Перш чым вы працягнеце чытаць гэты артыкул, калі ласка, падтрымайце рэдакцыю Hrodna.life, калі гэта бяспечна для вас. А калі ёсць магчымасць — аформіце рэгулярную падтрымку.
Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!
Маю, значыць існую — што вырашае граматыка
“Як дбаеш, так і маеш”, — кажа народная прымаўка. Калі добра дбаем, то і хату маем. Можа хату не маем, а яна ў нас ёсць?
Французскі лінгвіст Эміль Бенвеніст (Émile Benveniste) яшчэ ў мінулым стагоддзі падзяліў мовы на дзве вялікія групы: habere і esse. Яны адрозніваюцца тым, як будуецца сказ, калі трэба сказаць што чалавек валодае нейкім прадметам.
Мовы esse кажуць: “У Міхала хата ёсць”. Памятайма, як у школе падкрэслівалі рысачкамі граматычныя члены сказа? Тут дзейнік слова “хата”, а Міхал дапаўненне. Хата сама па сабе ёсць. І дапаўняецца Міхалам.
Мовы habere кажуць: “Міхал хату мае”. Тут Міхал менавіта дзейнік, ён непасрэдна валодае. Хата — яго маёмасць. Праз структуру сказа гэта відавочна.
Беларускі мовазнаўца Вінцук Вячорка сцвярджае, што беларуская і ўкраінскія мовы ў гэтым падзеле лічацца пераходнымі. Бо мы ўжываем і форму “ёсць” і форму “мець” калі хочам перадаць прыналежнасць. А вось расійская мова, адзіная сярод славянскіх, — гэта мова esse. Таму ў ёй магчымы адзін варыянт для перадачы валодання — “ёсць”.

Моўная мадэль esse больш архаічная. Таму граматычныя формы са словам “ёсць” з’явіліся першымі. У старажытныя часы людзі існавалі ў калектыўным свеце і залежалі ад прыроды і абставін. Свет ім не належаў. Ён быў побач. Сітуацыя змянілася тады, калі на першы план выйшла асоба. Разам з гэтым замацавалася і ідэя прыватнай уласнасці. Менавіта ў гэты момант з’яўляецца слова “мець”. Яно яўна паказвае ўладара і замацоўвае за ім яго маёмасць.
“Калі на Захадзе поруч з умацаваннем статусу асобы і яе правоў, з развіццём індывідуалізму з’яўляліся адпаведныя моўныя сродкі, у Маскоўскай дзяржаве такой матывацыі не было, старая фаталістычная канструкцыя запанавала цалкам”, — мяркуе Вінцук Вячорка.
Гэту думку пацвярджае расійская лінгвістка Наталля Друзіна:
“Особенности социально-исторического развития России немало препятствовали формированию положительного отношения к собственности”.
Сучасная расійская мова хутчэй пазбягае выкарыстоўвання актыўнага дзеяслова ўладання, чым спрабуе яго асвоіць. Дзеяслоў “мець” — “иметь” у расійскай мове існуе, але як вам фразы: “Саша имеет дом”, або “Саша имеет друзей”? Гучаць як выказванні з сумнеўным ці непрыстойным падтэкстам. А па-беларуску цалкам натуральна: “Я сяброў маю”.
Для беларускай культурнай традыцыі прыватная ўласнасць была вельмі важнай. Павага да чалавека і да маёмасці, якую ён набыў уласнай працай, была нормай, на якой трымаўся грамадскі парадак. Таму дзеяслоў “мець” у значэнні прыналежнасці ў старабеларускай мове выкарыстоўваўся шырока і натуральна:
Меў князь вялікі Скрымонт трох сыноў.
Казімер як кароль меў стадолы і шпіхлеры збожжа ў каждым іменню.
Эміль Бенвеніст адзначаў, што моўнае развіццё ідзе ў напрамку ад мовы “ёсць” да мовы “мець”, але не наадварот. Беларуская мова ўпэўнена крочыла гэтым шляхам пакуль не апынулася ў краіне Саветаў. У БССР пачалася барацьба з прыватнай уласнасцю і моцная русіфікацыя. Як заўважыў Вінук Вячорка, гэтыя два працэсы на нашых землях адбываліся адначасова. Таму мадэль “у мяне ёсць” займела магутную падтрымку ў рэальным жыцці.
Такім чынам беларуская мова выйшла з агульнаеўрапейскага руху ад esse да habere. Моўная форма “ў некага ёсць нешта” выціснула актыўнае “маю” з выказванняў пра маёмасць.
Як слова “мець” робіцца грамадзянскім жэстам
Наша мова не навучыць нас лепш арыентавацца ў баках свету, бо структура беларускай мовы не патрабуе гэтых ведаў для камунікацыі.
Назва нашай мовы не так моцна фармуе ў нас адчуванне, што мы яе суб’екты, бо прыметнік “беларуская” яўна не падкрэслівае, што гэта мова беларусаў.
Але мы дакладна можам свядома ўжываць дзеяслоў “мець” для ўсіх выпадкаў, калі гаворка ідзе пра валоданне. Каб словамі фіксаваць прыватную ўласнасць і гатоўнасць жыць у краіне, дзе адказнасць і дэмакратыя пачынаюцца з асобы кожнага жыхара.
Hrodna.life — некамерцыйнае незалежнае выданне для гродзенцаў у Гродне і беларусаў па ўсім свеце. Падтрымайце нас, каб захаваўся незалежны і крытычны голас, які па-беларуску расказвае важныя гісторыі. Калі гэта бяспечна для вас, вы можаце перавесці нам данат праз форму ніжэй або праз зручную платформу Buy Me a Coffee.
Далучайцеся да тых, хто ўжо дапамагае! Мы працягваем працаваць дзякуючы вашай падтрымцы!



