Дзіцячыя кнігі, старонкі музыкаў у Facebook і мемы — усё гэта ў Беларусі сёння можа апынуцца пад ярлыком «экстрэмізму». Тым часам інфармацыйная кампанія «Стоп экстрэмізм», якая ўжо больш за два гады ідзе ў дзяржаўных СМІ і арганізацыях, не стрымлівае рост колькасці «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Навошта гэтая кампанія ўвогуле вядзецца і якіх наступстваў ад яе чакаць? Разбіраемся на прыкладзе «раёнак» Гродзенскай вобласці разам з доктаркай навук у галіне медыя Ірынай Сідорскай.
Небяспечная фантастыка і экстрэмісцкая музыка
На канец лютага 2026 года ў «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» змешчана больш за 9000 пазіцый. Беларускія суды ўключаюць у гэты спіс старонкі грамадскіх ініцыятыў, незалежных медыя і актывістаў з актывісткамі. Часам у спіс трапляюць зусім нечаканыя пазіцыі.
Так, у 2025 годзе суд Кастрычніцкага раёна Мінска ўнёс у спіс кнігу Валера Гапеева «Вольнеры» — фэнтэзійна-прыгодніцкія гісторыі пра мінскіх школьнікаў. А суд Докшыцкага раёна прызнаў «экстрэмісцкай» старонку ў Facebook музычнага гурта Naviband.

Немагчыма вывучыць на памяць больш за 9000 «матэрыялаў», асабліва калі іх колькасць увесь час расце. У 2023 годзе беларускія ўлады запусцілі Telegram-бот «Стоп экстрэмізм», які супастаўляе назву сайта ці старонкі са спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Аднак у працы бота таксама ёсць недакладнасці. Напрыклад, стартавую старонку сайта Hrodna.life бот пазначае як экстрэмісцкую, але не выяўляе статус спасылак на артыкулы, змешчаныя на тым жа сайце.
У 2023 годзе разам з ботам беларускія ўлады запусцілі інфармацыйную кампанію «Стоп экстрэмізм». На сайтах усіх дзяржаўных «раёнак», прадпрыемстваў і арганізацый з’явіліся адмысловыя рубрыкі з тэматычнымі артыкуламі.
Гэтыя артыкулы можна падзяліць на тры вялікія групы: навіны, інтэрв’ю з сілавікамі і рэпартажы з лекцый пра экстрэмізм у дзяржаўных арганізацыях.
Навіны экстрэмізму
13 студзеня 2025 года «Воранаўская газета» апублікавала допіс Следчага камітэта пад загалоўкам: «Следственный комитет продолжает устанавливать актив экстремистских ячеек за рубежом». Аўтар допісу заяўляе, што па-за межамі Беларусі дзейнічаюць «супрацьбеларускія цэнтры». Гэтыя цэнтры, паводле тэксту, арганізоўваюць акцыі, у якіх бяруць удзел «разнастайныя экстрэмісцкія фармаванні». Аднак Следчы камітэт вядзе працу «па выяўленні і ідэнтыфікацыі» ўдзельнікаў гэтых акцый, каб даць іх дзеянням «жорсткую прававую ацэнку».
Чытайце таксама: Блогеру са Слоніма, які распавядаў пра пераслед сям’і, выставілі абвінавачванне
У лютым 2024 года ваўкавыская газета «Наш час» апублікавала аглядны артыкул пра «выяўленыя факты распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў» за пачатак года.
«Усе яны здзейснены ў віртуальнай прасторы, але пакаранне за іх вінаватыя панеслі цалкам рэальнае», — пачынае артыкул аўтарка Ларыса Пракапеня.
Далей яна апісвае гісторыю 56-гадовай жанчыны, якая за падпіску на экстрэмісцкую старонку ў сацыяльнай сетцы мусіла заплаціць штраф у 20 базавых велічынь (на той момант — 800 беларускіх рублёў, а сёння гэта было б ужо 900 рублёў). За такое ж «правапарушэнне» 46-гадовы мужчына атрымаў 12 сутак арышту. Таксама ў яго канфіскавалі «прадмет здзяйснення правапарушэння» — тэлефон.
Уражвае не толькі змест артыкулаў, але і мова, якой яны напісаныя. У матэрыяле “Воранаўскай газеты” змяшаныя канцылярыт і зневажальная лексіка:
«В настоящее время следствием получена информация о планах „беглых“, направленных на попытку дискредитации Республики Беларусь на международной арене…»
«У такіх артыкулах шмат мовы нянавісці і няма аніякіх аргументаў, — каментуе для Hrodna.life доктарка навук у галіне медыя Ірына Сідорская. — Няма і чалавечых гісторый, якія б паказвалі „сапраўднага экстрэміста“, які штосьці канкрэтнае зрабіў. У лепшым выпадку гаворка ідзе пра жанчыну, якая ў „ВКонтакте“ пакінула нейкі матэрыял і за гэта атрымала штраф. Такія артыкулы накіраваныя выключна на тое, каб напужаць людзей.
Тэксты змяшчаюць мову нянавісці да „беглых“, якія нібыта ствараюць за мяжой свае „экстрэмісцкія арганізацыі“, а частка беларусаў па няведанні можа іх падтрымліваць. Пры гэтым аўдыторыі пастаянна трансліруецца думка, што сілавікі ўсіх знойдуць. Навошта гэтае татальнае запалохванне? Каб людзі ўвогуле трымаліся падалей ад любой грамадска-палітычнай інфармацыі? Каб наогул не заходзілі ў інтэрнэт?»
Што кажуць сілавікі
Пра тое, што такое экстрэмізм і навошта з ім змагацца, на старонках «раёнак» часта распавядаюць мясцовыя сілавікі і чынавенства: участковыя, пракуроры і суддзі.
Напрыклад, пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго, адказваючы на пытанне, што такое экстрэмізм, проста працытаваў Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».

Што цікава, прыведзеная вытрымка з закона не адпавядае слоўнікаваму значэнню паняцця «экстрэмізм». Энцыклапедычны даведнік «Чалавек і грамадства», выдадзены ў Мінску ў 1998 годзе, прапануе такое азначэнне:
Экстрэмізм (ад лац. extremus — крайні) — прыхільнасць у палітыцы да крайніх поглядаў і дзеянняў.
Тым часам закон называе экстрэмізмам, напрыклад, «распаўсюджванне ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Беларусі» і «дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнага кіравання».
Выданне «Вячэрні Гродна» запыталася ў суддзі Ленінскага раёна Алены Пятровай, у якіх выпадках могуць прыцягнуць да адказнасці за экстрэмізм. Аднак суддзя Пятрова ўвогуле не стала тлумачыць, што гэта такое, і толькі адзначыла, што адказнасць наступае за распаўсюджванне або захоўванне «экстрэмісцкай інфармацыі».
«Скажаецца сама сутнасць слова „экстрэмізм“, — каментуе Ірына Сідорская. — У многіх артыкулах з серыі „Стоп экстрэмізм“ падкрэсліваюць, што „няведанне не вызваляе ад адказнасці“. То бок нават калі вы не ведалі, што матэрыял, якім вы падзяліліся ці на які проста падпісаліся, з’яўляецца экстрэмісцкім, вы будзеце пакараныя. Аднак экстрэмізм — гэта па азначэнні пэўная ідэалогія. Немагчыма прытрымлівацца ідэалогіі несвядома».
Чытайце таксама: Дальнабойшчыка з Ліды пасля вяртання на радзіму асудзілі па трох артыкулах
Нават у саміх аўтараў тэкстаў пра экстрэмізм часам узнікаюць складанасці з тым, што менавіта да яго аднесці. Так, пад тэгам «Экстрэмізм» у ваўкавыскай газеце апынуўся каментар участковага інспектара з тлумачэннем таго, што можа пагражаць за «чэлэнджы з „зацэпінгам“, флэшмобы на праезнай частцы дарогі, сэлфі на дахах, відэаролікі з сапраўднымі бойкамі». У канцы каментара інспектар дадаў, што распаўсюджванне відэа з такімі чэлэнджамі і флэшмобамі можа кваліфікавацца як распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Чытайце таксама: У 2024 годзе ў Гродне за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў пакаралі 4 непаўналетніх
Урокі пра “экстрэмізм” для дарослых
Не толькі аўтары раённых газет разам з сілавікамі адгаворваюць аўдыторыю мець справу з «экстрэмізмам». У дзяржаўных арганізацыях рэгулярна праводзяць «дыялогавыя пляцоўкі» і «дні інфармавання» на тэму экстрэмізму.
Падчас адной з такіх дыялогавых пляцовак галоўны рэдактар ваўкавыскай газеты «Наш час» тлумачыў супрацоўнікам устаноў культуры, у чым небяспека экстрэмізму:
«Сайты, социальные сети, мессенджеры… Оттуда льется невероятный поток информации. Очень часто эта информация носит деструктивный, незаконный характер. Если не быть внимательным, можно попасться на уловки и манипуляции, что приведет к административной или уголовной ответственности».
Чытайце таксама: Сілавікі расказалі, як шукаюць удзельнікаў пратэстаў у Беларусі
У ліпені 2025 года загадчыца сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Свіслацкага райвыканкама Ірына Паўлючэня і намеснік начальніка мясцовага РАУС Станіслаў Шутовіч правялі «прафілактычныя сустрэчы» адразу ў некалькіх установах: ТАА «Белакон Тымбер», бібліятэцы, ветэранскай арганізацыі і ў мясцовым «Белтэлекаме».
«…атрымліваць навіны варта на платформах афіцыйных СМІ. Падпіска на экстрэмісцкія каналы караецца. … Супрацоўнікі праваахоўных органаў на сённяшні дзень могуць высветліць асобу практычна любога карыстальніка», — цытуе намесніка начальніка РАУС “Свіслацкая газета”.
«Асноўная думка ўсіх гэтых выступаў і тэкстаў — не рабіце гэтага, бо панясеце адміністрацыйную ці крымінальную адказнасць, — кажа Ірына Сідорская. — Прычым на ўсе гэтыя лекцыі прыходзяць дарослыя людзі, якія напэўна разумеюць, як жыць. Але ў гэтай сферы яны нібыта самастойна не разбяруцца, таму іх трэба кантраляваць. Гэта патэрналісцкая мадэль, у якой грамадзяне нічога самі не ведаюць».
Чаму “экстрэмізму” не робіцца менш?
Пры гэтым, адзначае экспертка, ніхто не тлумачыць, чым небяспечны экстрэмізм сам па сабе:
«Напрыклад, мы ўсе ведаем, што не трэба ісці на чырвонае святло, бо можа збіць машына. Усе гэтыя лекцыі выглядаюць прыкладна так, нібыта на чырвонае святло забараняюць хадзіць толькі таму, што можна атрымаць штраф».
У выніку складаецца ўражанне, што ўся інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія не прыводзіць да заяўленай мэты: «экстрэмізму» не становіцца менш.
Чытайце таксама: 384 крымінальныя справы за год. У пракуратуры адсправаздачыліся аб барацьбе з “экстрэмізмам”
«Хачу звярнуць увагу, што на тэрыторыі Бераставіцкага раёна працягваюць фіксавацца факты здзяйснення грамадзянамі адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з экстрэмізмам», — казаў Бераставіцкай газеце супрацоўнік мясцовага РАУС Раман Гадзей на пачатку 2025 года. На той момант інфармацыйная кампанія «Стоп экстрэмізм» вялася ўжо больш за год.
«Тут назіраецца агульная заканамернасць, якая тычыцца ўсяго, што робіць дзяржава, — каментуе Ірына Сідорская. — Няма аніякіх крытэрыяў эфектыўнасці гэтай кампаніі. Адзіны крытэрый — праведзенае мерапрыемства. Задачы знізіць колькасць „экстрэмісцкіх злачынстваў“ проста не існуе. Людзей як саджалі, так і працягваюць саджаць. Спіс арганізацый і матэрыялаў толькі папаўняецца. Атрымліваецца, што дзяржава працуе неэфектыўна, калі экстрэмізму не становіцца менш».
Калі ўся інфармацыйная кампанія не прыводзіць да змяншэння колькасці экстрэмісцкіх злачынстваў ці матэрыялаў, то якія насамрэч яе наступствы?
«У кароткатэрміновай перспектыве гэта вядзе да ўнутранай цэнзуры — людзі не будуць ні чытаць, ні дзяліцца аніякай інфармацыяй. У больш доўгатэрміновай — разбураюцца сеткі даверу і салідарнасці. Людзі зноў згадваюць старую звычку: казаць адно, думаць другое, рабіць трэцяе», — мяркуе Ірына Сідорская.




