Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач далі першае інтэрв'ю пасля свайго вызвалення вясной 2023 года. У берлінскай студыі яны распавялі пра тое, ці цяжка адаптавацца пасля зняволення, якія рэчы ў першую чаргу прывезлі з Беларусі і ці трэба гандлявацца, каб вызваліць палітвязняў. Hrodna.life паглядзеў інтэрв'ю і абраў самыя цікавыя моманты.
Надзею і Уладзіміра Калачоў, лідараў фэнтэзі-фолк гурта Irdorath, 14 снежня 2021 года асудзілі на два гады калоніі. Іх абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 342 КК «Aрганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» за музычныя выступы на маршах пратэсту ў Мінску. З улікам часу, праведзенага ў СІЗА, тэрмін зняволення склаў 1,5 года. Уладзімір і Надзея — муж і жонка, гродзенцы. Абаіх музыкаў прызналі палітвязнямі. Музыкі Пётр Марчанка, Юлія Марчанка і Антон Шніп з гурта Irdorath таксама былі асуджаныя на 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму.
Уладзімір адбываў пакаранне ў віцебскай калоніі, Надзея ў жаночай калоніі ў Гомелі. Да гэтага музыкі правялі дзесяць сутак у Акрэсціна і больш чым паўгода ў «Валадарцы» (СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску).
Пасля вызвалення музыкі сустрэліся 21 красавіка 2023 года, узялі дуды і пайшлі граць на возера. «Мы проста абняліся з усімі, усім сказалі „Прывітанне“. Надзея пытаецца — я яе сустракаў з дудой — „Дзе мая?“. Я даю ёй інструмент, мы проста сыходзім на возера граць. Правяраць, ці памятаем мы старую праграму. Потым селі на траве і пачалі спяваць адзін аднаму песні з турмы», — расказаў Уладзімір.
«Мы першы час [пасля вызвалення — заўв. Hrodna.life] не маглі тэлефанаваць нават уласнай сям'і. Мы нават размаўляць нармальна не маглі. Мы да гэтага часу не можам размаўляць з многімі нашымі сябрамі і гэтак далей. Нам, каб зрабіць пост у Instagram або ў TikTok, трэба пра гэта думаць тыдзень, маральна збірацца з сіламі».
Адаптацыя да свабоды не адбылася, але адбываецца, кажуць музыкі. Калі яны з’ехалі з Беларусі, Уладзімір адчуваў, што можа «проста ўсё» і адчуваў сябе «самым жывым чалавекам на свеце», але гэта прайшло.
«Калі ў мяне былі першыя сесіі з псіхолагам, я не разумеў, навошта мне гэта трэба. Таму што, блін, я магу дыхаць, я магу шпацыраваць, абдымаць дрэвы, граць музыку, тусавацца з іншымі людзьмі».
На думку Уладзіміра і Надзеі, зняволенне — нечалавечыя ўмовы і нечалавечая пакута, калі людзей выдзіраюць з уласнага жыцця.
«Акрэсціна — гэта пекла на зямлі. Валадарка — у цябе няма паветра, няма сонца — больш, чым паўгода там. Ты проста дзіця падзямелля пасля гэтага. Гомельскае СІЗА — у тую ж кадку. Калонія — гэта рабская праца. Бясконцая рабская праца і вось гэтыя ўсе прафілактычныя гутаркі і спробы перавыхаваць чалавека, у якога першапачаткова маральная ўстаноўка — гэта эмпатыя, суперажыванне, непрыманне несправядлівасці і гвалту ўзброенага над няўзброеным, моцнага над слабым, таго, хто мае ўладу, над простым смяротным», — расказалі музыкі.
На думку музыкаў, каб выратаваць палітвязняў і чалавечыя жыцці, трэба ісці на ўсё.
«Кожны раз, калі я выпадкова трапляла на дыскусіі беларускага грамадства аб тым, ці варта ратаваць палітвязняў, або не варта гандлявацца з рэжымам, мне рабілася проста блага. Бо калі гэтае пытанне наогул стаіць, значыць, мы нічому не навучыліся. Ні адна ідэя не варта чалавечага жыцця і свабоды, калі можна скіраваць свае сілы не на абмеркаванне гэтага, а на ратаванне людзей. Спрабаваць ціснуць, спрабаваць гандляваць, дамаўляцца, рабіць усё што заўгодна, — мяркуе Надзея. — Людзям дрэнна. Людзі там не тое, што пакутуюць, людзі страчваюць сябе, страчваюць здароўе, страчваюць жыццё. Так, мы не можам цяпер узяць і нешта такое прыдумаць, каб усё атрымалася. Але трэба спрабаваць, і трэба толькі на гэта марнаваць сілы — выратаваць людзей, а не абмяркоўваць ідэю. Калі ідэя ўсё яшчэ будзе вышэй за чалавечае жыццё і свабоду, значыць, мы вельмі далёка яшчэ».
Калі б Надзея магла прымаць нейкую пастанову, то яна прапанавала б Аляксандру Лукашэнку зняць усе санкцыі ў абмен на зняволеных.
«Усё што заўгодна, каб выратаваць чалавечыя жыцці. Гандлявацца, абменьвацца на іншых людзей, любыя грошы».
Сябра Уладзіміра з суседняга атрада зрабіў з адкідаў вытворчасці - пластыкавых трубак — флейту. У яго атрымалася вынесці яе з прамзоны і перадаць музыканту.
«У мяне была магчымасць граць дзе-нідзе, пару разоў, але некалькі гукаў я выдаў. Перад тым, як вызваліцца, я ўжо адкрыта дастаў яе і падбіраў там Bella ciao. Гэта наша з Надзеяй мелодыйка, можна сказаць», — сказаў Уладзімір.
«Мы заўсёды жартуем, што калі нам давялося вымушана і хутка пакінуць Беларусь, мы ўзялі з сабой самае неабходнае. І ў першым пачку самага неабходнага былі трэскі і чарапы, якія мы знайшлі ў Налібоках, бо яны нам важныя», — сказалі музыкі.
Гэта іх сувязь з Беларуссю, кажуць музыкі. У другую чаргу яны ўзялі інструменты. «Нейкія рэчы тыпу адзення мы перавезлі ўжо вельмі-вельмі позна, бо гэта абыякава».
Зараз музыкі жывуць, рэпетуюць і рыхтуюцца да сезона фестываляў у Берліне.
«Мне здаецца, мы свабоднымі па-сапраўднаму станем тады, калі будзем стаяць на сцэне са сваім праектам, са сваёй музыкай і нарэшце дзяліцца, натхняць, радаваць, выклікаць эмоцыі», — мяркуе Надзея.
Сярод самых галоўных дасягненняў Уладзімір называе тое, што «за трыццаць гадоў не стаў скотам».
Чытайце таксама: Не патрэбная трэнажорка і можна знайсці скарбы: гродзенскі рок-музыка расказаў, як уладкаваўся на смеццявоз у Польшчы
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…