Барыста на інвалідным вазку? Лёгка! У Лідзе адбыўся першы выпуск школы інклюзіўнага барыста

Наведвальнікаў кавярні Central Coffee House ў Лідзе 31 сакавіка абслугоўвала незвычайная каманда. Пяцёра асобаў, што перамяшчаюцца на інвалідных вазках, здавалі тут экзамен на атрыманне сертыфіката барыста. Яны цэлы дзень варылі каву для наведвальнікаў. Адначасова ў кавярні праводзілі акцыю па зборы сродкаў на лячэнне хворага на рак хлопчыка, лідчаніна Арцёма Шульвінскага.

Магчыма, кава гэта мой шлях

«Барыста — вельмі адказная прафесія, — Наташа Астаніна толькі што здала месца за кава-машынай і мае перапынак на размову і ўласны кубак араматнага напою. — Зерне праходзіць такі доўгі шлях ад плантацыі да філіжанкі, столькі ў іх укладзена працы і часу, што барыста проста не мае права ўсё гэта сапсаваць. Таму я вельмі стараюся кожны раз, калі гатую каву».

Яшчэ месяц таму падобнае нават у думкі не прыходзіла. Разбірацца ў каве падавалася не абавязковым. Прайшоўшы курс навучання ў школе інклюзіўнага барыста, Наташа кажа — працаваць так цалкам рэальна. «Магчыма — гэта мой шлях. Прынамсі, уменне варыць добрую каву нікому не зашкодзіць».

«Да» і «пасля» кавы

— Як ты ішоў да свайго сертыфіката? — пытаемся ў яшчэ аднаго выпускніка курса, Сяргея Пашніка.

— Упарта!

«У яго ёсць дар. Сяргей з першага разу змог дакладна вызначыць узоры кавы. Дзе 100% арабіка з Эфіопіі, дзе рабуста, дзе сумесь. Расклаў усё паводле смакаў і араматаў. Уяўляеце? Распазнаў, што арабіка з Бразіліі смакуе арэхам і мае цёмны шакалад у рэху смаку. Сяргею дакладна ёсць сэнс надалей развіваць патэнцыял, праводзіць капінгі і трэніравацца», — расказвае пра поспехі выпускніка адзін з выкладчыкаў курса, кіраўнік кававай кампаніі 9bar Максім Яшын.

«Раней я мог піць нават распушчальную каву. Жах! - са смехам прызнаецца Сяргей. - Эспрэса ўпершыню пакаштаваў на занятках школы. Мне спадабалася. Зараз адчуваю розніцу».

«А кепскую каву ты больш піць не зможаш», - папярэджвае Максім Яшын. У гэтым сэнсе жыццё дакладна падзеліцца на «да» і «пасля».

Кава ў знак салідарнасці

«Увогуле, на каву мы выходзім рэдка. Ды і месца тут больш моладзевае. Сёння спецыяльна зайшлі, — кажа наведвальніца кавярні Бэла Двілянская. — Гэта вельмі правільна. Бо ў нас прывыклі людзей з інваліднасцю хаваць. А яны такія ж, як мы. Ніякай розніцы. Ім таксама трэба быць сярод людзей, а нам — да іх прывыкаць».

Вераніка Багатава і Іна Жэгздрына таксама адмыслова планавалі выходны, каб зазірнуць у кавярню. «Замовілі капучына і латэ. Але каву маглі б і дома папіць. Прыехалі дапамагчы Арцёму і падтрымаць каманду інклюзіўных барыста».

Павел і Алёна Любянец прыйшлі ў кавярню разам з дзвюмя дочкамі. Адна з дзяўчынак, Кіра, мае інваліднасць і па вуліцы перамяшчаеца на вазку. Наведаць кавярню сям’я вырашыла, каб разнастаіць выходныя для дзяцей і падтрымаць барыста і Арцёма.

«Мы з дочкамі ў аквапарк ходзім, і ў забаўляльны цэнтр. Ну і што, што Кіра на вазку? Ёй таксама ўсё цікава. А што людзі пазіраюць, то мы ўжо прызвычаіліся. Хаця часам прыходзіцца тлумачыць, што не варта так пільна разглядаць дзіця, калі яно не такое, як усе».

Заўважыць людзей на вазках

«Наведвальнікаў значна больш, чым звычайна ў такі час, — адзначаюць гаспадары кавярні Дмітрый Вяргун і Ігар Волкаў. — Калі нам прапанавалі падтрымаць акцыю, адразу пагадзіліся. Пандус за дзень зрабілі. І ад таго часу сталі звяртаць увагу, як шмат месцаў у горадзе не прыстасавана для людзей на вазках. Нават усім патрэбныя крамы ці аптэкі».

Услед за пандусам зрабілі ў кавярні і «памост», каб барыста на вазках маглі зручна працаваць за кава-машынай. Зараз гаспадары кавярні рыхтуюць да адкрыцця яшчэ адну «кропку». Там абяцаюць адразу зрабіць прастору інклюзіўнай.

«Гэта вельмі важная справа — даць людзям магчымасць працаваць, быць карысным для грамадства і адчуваць сваю неабходнасць».

Усе людзі - людзі

Адзіным вазочнікам, што ў той дзень не варыў каву, застаўся Саша Аўдзевіч, аўтар ідэі і кіраўнік «Школы інклюзіўнага барыста». «На фестывалі ў Мінску і я гатаваў, а тут — арганізатар, фізічна не паспяваю»? — выбачаецца ён. Але расказаць аб праекце часу не шкадуе.

З яго словаў, барыста — прафесія, што цалкам можа быць інклюзіўнай. «Гэта настолькі хайповая і трэндовая тэма, што будзе цікава любой кавярні. Гэта і карпаратыўная сацыяльная адказнасць, і пэўныя эканамічныя ільготы». Таму выпускнікі школы маюць рэальныя шансы на працаўладкаванне.

А вось пра сакрэты арганізатарскіх здольнасцяў Саша толькі жартуе: «Ды няма сакрэтаў. Проста люблю… патрындзець. Але калі сур’ёзна, то трэба звяртацца да людзей за падтрымкай, не палохацца статуснасці. Усе людзі - людзі. Калі бачаць важнасць, калі разумеюць, што гэта не куплена — то ўсё працуе».

«Я Сашу заўжды дапамагаю, з ім цікава, — яшчэ адзін наведвальнік кавярні Уладзімір Дзянікін аказваецца чалавекам з каманды Аўдзевіча. — Мы з дзяцінства сябруем. У гэтым праекце дапамагаў дакументы аформіць. Але каб Саша папрасіў кола падкачаць — таксама дапамог бы, гэта не менш важна. Увогуле, Сашу не толькі я дапамагаю. І не толькі ў Лідзе яго падтрымліваюць. Ён умее скаардынаваць і размеркаваць працу, каб атрымаць добры вынік».

З яго словаў, спыняцца каманда не збіраецца. Наступным іх праектам стане арганізацыя ў Лідзе крос-фіт спартыўнай залы для асобаў з інваліднасцю.


Школа для навучання інклюзіўных барыста арганізаваны ў Беларусі ўпершыню. Выпуск у Лідзе — першы ў праекце. Сертыфікаты па выніках навучання атрымалі пяцёра лідчан-вазочнікаў. Цягам 2018 года заняткі пройдуць яшчэ ў чатырох гарадах Гродзеншчыны. Наступным месцам навучання стане Гродна. Ахвотныя ўжо могуць складаць заяўкі і пісаць Сашу Аўдзевічу ці ў суполку школы ў фэйсбуку.

Падрыхтоўка інклюзіўных барыста праводзіцца ў межах праграмы «Вучыцца каб дзейнічаць». Гэты праект фінансуецца са сродкаў Еўрапейскага Саюза і DVV International. Мэта праекта — садзейнічаць рэалізацыі права на адукацыю напрацягу ўсяго жыцця і прасоўванне грамадзянскага ўдзелу.

Падзяліцца
Меткі: грамадства

Апошнія запісы

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025

«Мама выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала трапіць у Польшчу». Рэпатрыянтка — пра дзяцінства ў Гродне і эміграцыю ў 1946-м

Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…

18 сакавіка 2025

«Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…

17 сакавіка 2025