Наведвальнікаў кавярні Central Coffee House ў Лідзе 31 сакавіка абслугоўвала незвычайная каманда. Пяцёра асобаў, што перамяшчаюцца на інвалідных вазках, здавалі тут экзамен на атрыманне сертыфіката барыста. Яны цэлы дзень варылі каву для наведвальнікаў. Адначасова ў кавярні праводзілі акцыю па зборы сродкаў на лячэнне хворага на рак хлопчыка, лідчаніна Арцёма Шульвінскага.

Барыста на інвалідным вазку? Лёгка! У Лідзе адбыўся першы выпуск школы інклюзіўнага барыста

Магчыма, кава гэта мой шлях

«Барыста – вельмі адказная прафесія, – Наташа Астаніна толькі што здала месца за кава-машынай і мае перапынак на размову і ўласны кубак араматнага напою. – Зерне праходзіць такі доўгі шлях ад плантацыі да філіжанкі, столькі ў іх укладзена працы і часу, што барыста проста не мае права ўсё гэта сапсаваць. Таму я вельмі стараюся кожны раз, калі гатую каву».

Яшчэ месяц таму падобнае нават у думкі не прыходзіла. Разбірацца ў каве падавалася не абавязковым. Прайшоўшы курс навучання ў школе інклюзіўнага барыста, Наташа кажа – працаваць так цалкам рэальна. «Магчыма – гэта мой шлях. Прынамсі, уменне варыць добрую каву нікому не зашкодзіць».

Барыста на інвалідным вазку? Лёгка! У Лідзе адбыўся першы выпуск школы інклюзіўнага барыста

«Да» і «пасля» кавы

– Як ты ішоў да свайго сертыфіката? – пытаемся ў яшчэ аднаго выпускніка курса, Сяргея Пашніка.

– Упарта!

«У яго ёсць дар. Сяргей з першага разу змог дакладна вызначыць узоры кавы. Дзе 100% арабіка з Эфіопіі, дзе рабуста, дзе сумесь. Расклаў усё паводле смакаў і араматаў. Уяўляеце? Распазнаў, што арабіка з Бразіліі смакуе арэхам і мае цёмны шакалад у рэху смаку. Сяргею дакладна ёсць сэнс надалей развіваць патэнцыял, праводзіць капінгі і трэніравацца», – расказвае пра поспехі выпускніка адзін з выкладчыкаў курса, кіраўнік кававай кампаніі 9bar Максім Яшын.

Барыста на інвалідным вазку? Лёгка! У Лідзе адбыўся першы выпуск школы інклюзіўнага барыста

«Раней я мог піць нават распушчальную каву. Жах!  – са смехам прызнаецца Сяргей.  – Эспрэса ўпершыню пакаштаваў на занятках школы. Мне спадабалася. Зараз адчуваю розніцу».

«А кепскую каву ты больш піць не зможаш»,  – папярэджвае Максім Яшын. У гэтым сэнсе жыццё дакладна падзеліцца на «да» і «пасля».

Барыста на інвалідным вазку? Лёгка! У Лідзе адбыўся першы выпуск школы інклюзіўнага барыста

Кава ў знак салідарнасці

“Увогуле, на каву мы выходзім рэдка. Ды і месца тут больш моладзевае. Сёння спецыяльна зайшлі, – кажа наведвальніца кавярні Бэла Двілянская. – Гэта вельмі правільна. Бо ў нас прывыклі людзей з інваліднасцю хаваць. А яны такія ж, як мы. Ніякай розніцы. Ім таксама трэба быць сярод людзей, а нам – да іх прывыкаць”.

Барыста на інвалідным вазку? Лёгка! У Лідзе адбыўся першы выпуск школы інклюзіўнага барыста

Вераніка Багатава і Іна Жэгздрына таксама адмыслова планавалі выходны, каб зазірнуць у кавярню. “Замовілі капучына і латэ. Але каву маглі б і дома папіць. Прыехалі дапамагчы Арцёму і падтрымаць каманду інклюзіўных барыста”.

Барыста на інвалідным вазку? Лёгка! У Лідзе адбыўся першы выпуск школы інклюзіўнага барыста

Павел і Алёна Любянец прыйшлі ў кавярню разам з дзвюмя дочкамі. Адна з дзяўчынак, Кіра, мае інваліднасць і па вуліцы перамяшчаеца на вазку. Наведаць кавярню сям’я вырашыла, каб разнастаіць выходныя для дзяцей і падтрымаць барыста і Арцёма.

«Мы з дочкамі ў аквапарк ходзім, і ў забаўляльны цэнтр. Ну і што, што Кіра на вазку? Ёй таксама ўсё цікава. А што людзі пазіраюць, то мы ўжо прызвычаіліся. Хаця часам прыходзіцца тлумачыць, што не варта так пільна разглядаць дзіця, калі яно не такое, як усе”.

Барыста на інвалідным вазку? Лёгка! У Лідзе адбыўся першы выпуск школы інклюзіўнага барыста

Заўважыць людзей на вазках

“Наведвальнікаў значна больш, чым звычайна ў такі час, – адзначаюць гаспадары кавярні Дмітрый Вяргун і Ігар Волкаў. – Калі нам прапанавалі падтрымаць акцыю, адразу пагадзіліся. Пандус за дзень зрабілі. І ад таго часу сталі звяртаць увагу, як шмат месцаў у горадзе не прыстасавана для людзей на вазках. Нават усім патрэбныя крамы ці аптэкі”.

Барыста на інвалідным вазку? Лёгка! У Лідзе адбыўся першы выпуск школы інклюзіўнага барыста

Услед за пандусам зрабілі ў кавярні і “памост”, каб барыста на вазках маглі зручна працаваць за кава-машынай. Зараз гаспадары кавярні рыхтуюць да адкрыцця яшчэ адну “кропку”. Там абяцаюць адразу зрабіць прастору інклюзіўнай.

Барыста на інвалідным вазку? Лёгка! У Лідзе адбыўся першы выпуск школы інклюзіўнага барыста

“Гэта вельмі важная справа – даць людзям магчымасць працаваць, быць карысным для грамадства і адчуваць сваю неабходнасць”.

Усе людзі – людзі

Адзіным вазочнікам, што ў той дзень не варыў каву, застаўся Саша Аўдзевіч, аўтар ідэі і кіраўнік “Школы інклюзіўнага барыста”. “На фестывалі ў Мінску і я гатаваў, а тут – арганізатар, фізічна не паспяваю”? – выбачаецца ён. Але расказаць аб праекце часу не шкадуе.

Барыста на інвалідным вазку? Лёгка! У Лідзе адбыўся першы выпуск школы інклюзіўнага барыста

З яго словаў, барыста – прафесія, што цалкам можа быць інклюзіўнай. “Гэта настолькі хайповая і трэндовая тэма, што будзе цікава любой кавярні. Гэта і карпаратыўная сацыяльная адказнасць, і пэўныя эканамічныя ільготы”. Таму выпускнікі школы маюць рэальныя шансы на працаўладкаванне.

А вось пра сакрэты арганізатарскіх здольнасцяў Саша толькі жартуе: “Ды няма сакрэтаў. Проста люблю… патрындзець. Але калі сур’ёзна, то трэба звяртацца да людзей за падтрымкай, не палохацца статуснасці. Усе людзі – людзі. Калі бачаць важнасць, калі разумеюць, што гэта не куплена – то ўсё працуе”.

Барыста на інвалідным вазку? Лёгка! У Лідзе адбыўся першы выпуск школы інклюзіўнага барыста

“Я Сашу заўжды дапамагаю, з ім цікава, – яшчэ адзін наведвальнік кавярні Уладзімір Дзянікін аказваецца чалавекам з каманды Аўдзевіча. – Мы з дзяцінства сябруем. У гэтым праекце дапамагаў дакументы аформіць. Але каб Саша папрасіў кола падкачаць – таксама дапамог бы, гэта не менш важна. Увогуле, Сашу не толькі я дапамагаю. І не толькі ў Лідзе яго падтрымліваюць. Ён умее скаардынаваць і размеркаваць працу, каб атрымаць добры вынік”.

З яго словаў, спыняцца каманда не збіраецца. Наступным іх  праектам стане арганізацыя ў Лідзе крос-фіт спартыўнай залы для асобаў з інваліднасцю.


Школа для навучання інклюзіўных барыста арганізаваны ў Беларусі ўпершыню. Выпуск у Лідзе – першы ў праекце. Сертыфікаты па выніках навучання атрымалі пяцёра лідчан-вазочнікаў. Цягам 2018 года заняткі пройдуць яшчэ ў чатырох гарадах Гродзеншчыны. Наступным месцам навучання стане Гродна. Ахвотныя ўжо могуць складаць заяўкі і пісаць Сашу Аўдзевічу ці ў суполку школы ў фэйсбуку.

Падрыхтоўка інклюзіўных барыста праводзіцца ў межах праграмы «Вучыцца каб дзейнічаць». Гэты праект фінансуецца са сродкаў Еўрапейскага Саюза і DVV International. Мэта праекта – садзейнічаць рэалізацыі права на адукацыю напрацягу ўсяго жыцця і прасоўванне грамадзянскага ўдзелу.