Людзі і справы

Паскардзіўся на сілавікоў - атрымай тэрмін. Як у Беларусі караюць зa «ілжывыя паказанні» (і не толькі «палітычных»)

Беларусы скардзіліся на дзеянні сілавікоў пры не «палітычных» затрыманнях. Сцвярджалі, што ў працы тыя перавышалі паўнамоцтвы. Але пасля 2020 года справы пачалі ўзбуджаць супраць тых, хто скардзіўся. Іх судзілі за дачу «ілжывых» паказанняў. За тры гады існавання банка судовых рашэнняў знайшлося 12 кейсаў. Папрасілі каманду BelPol пракаментаваць іх.

Следчы Ваўкавыскага аддзела СК прыехаў у бальніцу па выкліку рабочага філіяла аблспажыўтаварыства. Туды пацярпелы трапіў пасля затрымання. Рабочы распавёў, што два ДАІшнікі забіралі яго ў РАУС для разборак па арт.19.6 КаАП «Загадзя ілжывае паведамленне».

Са слоў мужчыны, у службовым аўтамабілі ДАІшнікі апускалі яму шапку на вочы і нанеслі не менш за два ўдары па твары далонямі. У кабінеце РАУС яму нанеслі шматлікія ўдары нагамі па галаве і нагах, падымалі яго і кідалі на падлогу, адзін з супрацоўнікаў душыў. Таксама — не менш за чатыры ўдары далонямі па твары.

Але праверку ў дачыненні да ДАІшнікаў спынілі, а судзіць пачалі збітага — за загадзя ілжывы данос. У судзе абодва ДАІшнікі заявілі, што фізічная сіла і кайданкі ўжываліся да абвінавачанага, таму што ён аказваў непадпарадкаванне. Відэарэгістратары збіцця не зафіксавалі. Мужчыну асудзілі на тры гады «хатняй хіміі».

Рабочага ў Беларусі збілі - ён пайшоў у суд, а пакаралі яго. Ілюстрацыя: Таццяна Савіч для Hrodna.life

Як часта караюць за ілжывы данос?

Яшчэ 11 судоў за дачу ілжывых паказанняў супраць сілавікоў, якія рушылі за праверкай па перавышэнні паўнамоцтваў, знайшлося пры зборы матэрыялу ў банку судовых рашэнняў, які працаваў з 2021 па 2024 год. Цяпер банк недаступны, як і большасць рашэнняў адтуль. Механізм выглядае так: людзі скардзіліся на гвалт і перавышэнне сілы. Некаторыя з заяўнікаў былі п’яныя на момант здарэння. Пасля праверкі справа аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў спынялася. А супраць тых, хто даваў паказанні, распачыналі крымінальную справу за загадзя ілжывы данос. Як правіла, ім прысуджалі год ці два «хіміі». Часам — пазбаўленне волі з адтэрміноўкай.

Артыкул 400. Заведама ілжывы данос

1. Загадзя ілжывы данос аб здзяйсненні злачынства караецца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

2. Тое ж дзеянне, злучанае з абвінавачваннем у цяжкім або асабліва цяжкім злачынстве, альбо са штучным стварэннем доказаў абвінавачвання, альбо здзейсненае з карыслівых меркаванняў, караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Ілжыва ці не — даказаць складана

Артыкул за дачу ілжывых паказанняў ўжывалі досыць рэдка, распавёў Hrodna.life прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў BelPol, які быў следчым да жніўня 2020 года. Ён асабіста за пяць гадоў практыкі накіраваў справу па гэтым артыкуле толькі адзін раз, і ў яго раёне яно было першым за «доўгія гады». «Тады нават зрабілі спецыяльнае выязное навучальнае пасяджэнне, запрашалі студэнтаў, таму што вельмі рэдкая справа», — распавёў мужчына.

Чаму артыкул ўжываюць рэдка? «[Лічыцца], чалавек памыляецца, калі піша гэтую заяву. Гэта значыць, ён думае, там, што яны парушылі, а насамрэч не парушылі. За гэта [памылковае меркаванне] няма адказнасці. І адразу ж адпадае склад», — тлумачыць эксперт. У ягоным выпадку было не так — заяўнік сцвярджаў, што сілавікі скралі ў яго пашпарт, а пашпарт быў дома.

 — Велізарных намаганняў патрабуе даказаць, што чалавек ілжыва заявіў, і ён ведаў першапачаткова, што ён ілжыва заяўляе. Гэта значыць, разумееце, ты павінен залезці ў галаву чалавека, і гэта яшчэ і пакласці на паперу, і даказаць. Таму гэта вельмі рэдкі склад. Часцей за ўсё па краіне такіх злачынстваў куды больш. Але яны проста не накіроўваюцца ў суд, бо следчыя баяцца апраўдальных прысудаў. І справы спыняюцца за недаказанасцю.

Экс-следчы не бярэцца сцвярджаць, што ёсць тэндэнцыя да павелічэння — пытанне трэба даследаваць.

Ці можна было прыцягнуць сілавіка да адказнасці раней?

Прадстаўнік BelPol распавёў для Hrodna.life, што расследаваў прыкладна 30 спраў у месяц, сярод якіх было 2−3 аб перавышэнні паўнамоцтваў сілавікамі. «Да 20-га года ніхто з імі не цырымоніўся. Прыцягвалі ўсіх за любыя супрацьпраўныя дзеянні», — лічыць крыніца. Сярод такіх дзеянняў фізічны гвалт, фальсіфікацыя доказаў — подпісаў і пратаколаў, хабару і іншае.

Справу на сілавікоў для бесстароннасці разглядае іншы раён або вышэйстаячы орган. Ілюстрацыя: Таццяна Савіч для Hrodna.life

Каб выключыць прадузятасць, справу міліцыянта разглядае СК. Справe cледчага — СК іншага раёна або структура вышэй. Калі пракурорскі работнік — іншае падраздзяленне пракуратуры. Расследаванні праз рукавы выключаныя, мяркуе крыніца: «Гэта адказнасць таго, хто праводзіць расследаванне. Ён ніколі ў жыцці не захоча кагосьці выгароджваць».

Ёсць паўнамоцтвы на гвалт

Што тычыцца прымянення сілы, экс-следчы таксама займаўся падобнымі матэрыяламі. «Звычайна гэта сапраўды было алкагольнае ап’яненне. Чалавек сябе паводзіць абуральна, нахабна, і, па сутнасці, там няма перавышэння. У яго (сілавіка — Hrodna.life) ёсць гэтыя паўнамоцтвы задзейнічаць фізічны гвалт. Як правіла, многія пачынаюць пісаць скаргі. Яны застаюцца на стадыі матэрыялу праверкі, разгляду і адмовы».

Раздзел 5. Артыкул 26. Умовы і межы прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, баявой і спецыяльнай тэхнікі, прымянення і выкарыстання зброі

Ва ўсіх выпадках прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, баявой і спецыяльнай тэхнікі, прымянення і выкарыстання зброі супрацоўнік органаў унутраных спраў павінен дзейнічаць, імкнучыся прычыніць найменшую шкоду жыццю, здароўю, гонару і годнасці грамадзян, маёмасці грамадзян і арганізацый, дзяржаўнай маёмасці, а таксама абавязаны прыняць меры па неадкладным аказанні пацярпелым медыцынскай і іншай неабходнай дапамогі.

Супрацоўнік органаў унутраных спраў не нясе адказнасці за шкоду, прычыненую ў выніку прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, баявой або спецыяльнай тэхнікі, прымянення або выкарыстання зброі, калі прымяненне фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, баявой або спецыяльнай тэхнікі, прымяненне або выкарыстанне зброі ажыццяўляліся ў адпаведнасці з патрабаваннямі гэтага Закона.

«Самі разумееце — яны знаходзяцца на спецслужбе са спецсродкамі. Кантынгент — рознага роду. Ёсць такая „асцярога“. Яны могуць „баяцца“. Палез у кішэню — уяўляе пагрозу, не выканаў законныя патрабаванні супрацоўніка. Яны пачынаюць затрымліваць — ён пачынае ўпірацца. Выконваеш спецпрыёмы — замоцна заламаў, зламаў руку, суставы. Гэта не тыя наступствы, якія пераследуюцца ў нас законам. Калі ўзяць кадры, якія мы бачылі ў 2020 годзе — калі чалавек ляжыць на зямлі і не ўяўляе ніякай пагрозы, а яго сямёра абіраюць — гэта б лёгка кваліфікавалася», — тлумачыць экс-следчы.

Міліцыянты ведаюць, што прадаставіць, каб іх не пакаралі. Ілюстрацыя: Таццяна Савіч для Hrodna.life

Сілавікі злоўжывалі выключэннямі камер, распавёў Hrodna.life прадстаўнік BelPol. А вось заціраць адбіткі пальцаў, ціснуць на экспертаў — гэта «занадта». «Відэакамера часта адсутнічае. Ці ж зазняты момант, нязручны для заяўніка, а для супрацоўнікаў нязручныя моманты — адсутнічаюць. Мы, як следчыя, вечна гэтым абураліся. Па выніку словы двух-трох супрацоўнікаў - і аднаго грамадзяніна, які п’яны». Відэазапісы ў РАУС, СІЗА таксама могуць выдаляцца. Следчыя пісалі прадстаўленні (прадстаўленні аб ліквідацыі абставінаў, якія спрыяюць здзяйснення злачынстваў, рэгламентаванае арт. 199 КПК — Hrodna.life).

Праблемы са скаргамі ў супрацоўнікаў на «перадку» ўзнікаюць пастаянна, распавёў экс-следчы. Таму яны ведаюць, што трэба прадаставіць у такім выпадку. Пакуль затрыманы ў ІЧУ, сілавік можа нанесці сабе цялесныя пашкоджанні, парваць мундзір, адарваць пагоны. І заявіць, што гэта зрабіў чалавек пры затрыманні. Зразумець, як менавіта гэта было зроблена, следчаму немагчыма. «Паспрабуй дакажы, што гэта крымінальнае злачынства. Такія матэрыялы праверкі сканчаюцца нічым», — распавёў экс-следчы аб вопыце да 2020 года.

Пастанаўленне Пленума Вярхоўнага Суда ад 16 снежня 2004 г. N 12

…гвалт можа выяўляцца ў нанясенні пабояў, прычыненні фізічнага болю, цялесных пашкоджанняў, а таксама ў рэальнай пагрозе такіх дзеянняў. Наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў іншай цяжкасці, катаванне, а таксама неасцярожнае прычыненне цялесных пашкоджанняў або смерці з прычыны гвалту ахопліваюцца часткай 3 артыкула 426 КК.

За што могуць пасадзіць сілавіка?

Крыніца рэдакцыі Hrodna.life за пяць працы памятае два выпадкі прыцягнення за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія дайшлі да суда. Гэта былі фальсіфікацыя доказаў і спроба следчага і эксперта перакваліфікацыі цяжкіх цялесных пашкоджанняў у лёгкія — нанесеныя супрацоўнікамі АМАП. Варта адзначыць, што магчымыя і выпадкі, калі па скарзе сілавікоў прыцягвалі да дысцыплінарнай адказнасці, а не да крымінальнай. Больш жорстка караюць за хабар, на другім месцы — фальсіфікацыі, і далей — цялесныя пашкоджанні.

Публічыць крымінальныя справы супраць сілавікоў не прынята, тлумачыць экс-следчы. Хіба што яны пратачацца ў прэсу. Або — злачынствы былі здзейсненыя публічна і пра іх кажуць. Але грамадскасць імі і не цікавіцца, лічыць эксперт.

Што пасля 2020-га?

У цэлым, распавёў экс-следчы, у сілавікоў было не прынята пісаць заявы, нават калі іх правы сапраўды парушылі. Профіту яны ад гэтага не атрымлівалі, а трэба было паўгода ездзіць на допыты да іншага следчага ў іншы раён, а потым хадзіць у суд. Гэта «нафіг не трэба». Але экс-следчы дапускае, што ў «прававым бязмежжы» пасля 2020-га сітуацыя змянілася. Ён мяркуе, што бязмежжа з «палітычнай» сферы перайшоў і ў іншыя. Адыграла сваю ролю і ананімізацыя сілавікоў.

«Мы выдатна разумеем, што сапраўды вылучаны свой клас — сілавікі. І яны ўжо знаходзяцца ў сваёй зоне адказнасці. Ці захавалася бесстароннасць? Я не ўпэўнены на 100%».

Суды за дачу ілжывых паказанняў у Беларусі, мабыць, пачасціліся. Ілюстрацыя: Таццяна Савіч для Hrodna.life

Два кейса на краіну

З банка судовых рашэнняў вядома аб двух кейсах аб асуджэнні сілавікоў за перавышэнне службовых паўнамоцтваў (арт.426 КК) за тры гады. Прыводзім адзін з іх. Участковы не займаўся адміністрацыйнымі справамі, не шукаў вінаватых па гэтых справах і парушыў тэрміны па прыняцці рашэнняў.

Таму ён распісаўся за 14 чалавек у пратаколах апытання і прафілактычнай гутаркі. Пазней адміністрацыйныя справы ён спыняў, выносячы папярэджанні. Так людзі сталі «парушальнікамі» за нібыта шум у кватэры, распіццё алкаголю на вуліцы і загадзя ілжывае паведамленне. Гэтыя дадзеныя ўчастковы ўнёс у Адзіны дзяржаўны банк дадзеных аб правапарушэннях. Так ён парушыў правы і інтарэсы людзей і падарваў аўтарытэт органаў. Іх віна не была даказаная — у часткі проста былі сугучныя прозвішчы, а хтосьці ўжо не жыў у гэтым раёне. Участковы не меў права выносіць ім папярэджанні, а значыць, перавысіў паўнамоцтвы.

У судзе стала вядома, што ўчастковы баяўся страціць прэмію і атрымаць дысцыплінарную адказнасць за нізкія паказчыкі ў працы. А яшчэ — хацеў падтрымаць імідж добрасумленнага супрацоўніка. Вядома, што прысягу ён прыняў у 2000 годзе. Ён апраўдваўся тым, што на першым участку мелася шмат вакантных месцаў і ён працаваў там адзін. Была вялікая загружанасць па працы, з якой ён не спраўляўся. На другім участку, куды ён перайшоў працаваць, было шмат людзей. Калегі, якія выступалі сведкамі ў судзе, не пагадзіліся: нагрузка была выканальная.

Беларускі ўчастковы распісваўся за людзей у пратаколах. Ілюстрацыя: Таццяна Савіч для Hrodna.life

«Гэта не апраўдвае ніяк, але ў нас сістэма палачная. Калі асоба вінаватая, ты сядзі, дзяўбайся, як хочаш, і накіроўвай гэтую справу ў суд», — тлумачыць крыніца Hrodna.life, чаму сілавікі маглі фальсіфікаваць пратаколы.

Вядома, што факты фальсіфікацыі дакументаў выявіла Служба ўласнай бяспекі МУС Беларусі. Пра гэта паведамілі ў пракуратуры раёнаў. Верагодна, справа пачалася з таго, што ў служачага ў вайсковай частцы спыталі, чаму ён утаіў прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці. Аказалася, той аб прыцягненні нічога не ведае і з участковым не знаёмы. Тады пачалі правяраць почырк і выклікі па нумарах. Участковага звольнілі. Да вынясення прысуду ён уладкаваўся працаваць ахоўнікам. Пазней яго асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму са штрафам у памеры 300 базавых велічынь (тады — 12 000 рублёў).

Ці адкажуць ДАІшнікі, якія збілі рабочага?

Ёсць шанец пакараць сілавікоў і ў рабочага філіяла аблспажыўтаварыства. Ён абскардзіў прысуд у Гродзенскім абласным судзе.

З новага разгляду можна было даведацца, што ў ізалятары мужчыну адмовіліся прымаць туды з-за бачных значных цялесных пашкоджанняў. Доктары вырашылі яго шпіталізаваць. Стала ясна, што ў відэазапісах з рэгістратара перапынкі адбываюцца менавіта тады, калі збівалі абвінавачанага. Затое гэта ёсць на відэазапісы з камер вонкавага назірання.

Рашэнне суда аб ілжывых паказаннях адмянілі і адправілі на новы разгляд. Далейшы лёс разгляду пакуль невядомы. У выпадку апраўдання працоўнага і новага разбору за яго збіццё ДАІшнікам пагражае да 10 гадоў калоніі.

Чытайце таксама: Міліцыянт з Ліды, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях у 2020 і жыў у Літве, вярнуўся ў Беларусь

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Гродзенскі адвэнт-каляндар» ад Hrodna.life: 24 рэчы, ідэі і заданні на снежань 2024

Пачаўся адвэнт - традыцыйны час чакання Калядаў. У апошнія гады ўсё больш моднымі робяцца адвэнт-календары.…

1 снежня 2024

«Важатыя казалі, каб дачка пазваніла мамам». Квір-эмігранты — пра пераезд у Польшчу, касцёл і гамафобію

Квір-персоны з'язджаюць з Беларусі, каб выратавацца ад рэпрэсій і адчуць сябе камфортна, чаго яны не…

27 лістапада 2024

Узімку начуюць у падвалах, улетку мыюцца ў рацэ. Як жывуць бяздомныя ў Гродне і чаму праблему не атрымліваецца вырашыць

У Гродне ёсць дом начнога знаходжання на 50 койка-месцаў. Пры гэтым людзей, якія апынуліся на…

26 лістапада 2024

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024