У гродзенскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) “палітычным” забаронена перадаваць ежу ці цыгарэты. Матрацаў па-ранейшаму не даюць, а на чытанне вылучаюць 30 хвілін на дзень. Праўда, камеры не такія перанаселеныя, як у сумнавядомым ізалятары Акрэсціна ў Мінску. Пра актуальныя ўмовы ўтрымання для затрыманых паводле адміністрацыйных артыкулаў у ІЧУ на Гая, 4 адна з гродзенак расказала з сацсетках*.
Чым кормяць у ІЧУ
На харчаванне ў ІЧУ затрыманага ставяць а 9 гадзіне раніцы. Калі трапіць туды пасля гэтага часу – да абеду наступнага дня чалавек утрымліваецца без ежы.
Сняданак прыносяць а 7 раніцы – тры кавалкі белага хлеба і гарбата. “Я ела 1-2 кавалкі і астатняе жавала да абеда”*, – піша дзяўчына. Абед даюць праз 7 гадзін.
“У 8 раніцы прыносяць кіпень – не заўжды і толькі тым, у каго маецца куды яго наліць. Першыя два дні мы былі без кіпню, а потым мне перадалі пластыкавыя стаканчыкі”.
Абед у ІЧУ ў 14.00. “Гэта суп, каша і катлета, і 3 кавалкі чорнага хлеба. Супа і кашы шмат. Каб захаваць кашу, мы мазалі яе на хлеб, адзін-два кавалкі я з’ядала з супам, адзін-два, адпаведна, заставаліся для кашы, – дзеліцца лайфхакам гродзенка. – Потым вячэра, у 19: салат са свежай капусты і 1-2 рыбкі салакі смажаныя. Я пакідала сабе яшчэ палову катлеты. Нічога гарачага і негарачага піць не прыносяць ні на абед, ні на вячэру. Ваду мы пілі з крана. Пасля вячэры часам таксама бывае кіпень, залежыць ад змены”.

Што перадаваць у перадачах, а што забаронена
У Гродне “палітычным” нельга перадаваць прадукты. Прымаюць толькі ваду, сродкі гігіены і адзенне. “Але – спрабуйце. Перадачы магчымыя штодня. Я за тыдзень атрымала тры”.
У перадачу важна пакласці:
- соду (ад пякоткі, можна мыць ракавіну);
- пластыкавыя кубачкі (для кіпня; папяровыя не прымаюць);
- крэмы-шампуні (толькі ў празрыстых пакунках);
- вільготныя сурвэткі;
- мыла;
- туалетную паперу;
- пракладкі для жанчын (але на выпадак менструацыі ў гродзенскім ІЧУ іх выдаюць).
Паперу, асадку, кнігі, любую друкаваную прадукцыю (напрыклад, сканворды) і цыгарэты супрацоўнікі ІЧУ ў перадачах не прымаюць.
На чытанне і пісанне “палітычным” вылучаюць паўгадзіны на дзень. Іншым вязням час на гэта не абмяжоўваюць. Пры пэўнай кемлівасці кнігу можна не вярнуць, а схаваць – але гэта парушэнне вызначаных правілаў.
Расклад дня і гігіена ў гродзенскім ІЧУ
Пад’ём у ІЧУ штодзень у 6.00, адбой – у 22.00.
Двойчы на дзень супрацоўнікі правяраюць камеры: пасля сняданка і пасля вячэры. У выхадныя дні – тройчы. У час праверкі вязняў выводзяць з камер, прамацваюць металашукальнікам, у камеры прастукваюць сценкі кувалдамі.
“Кожныя 15 хвілін у камеру зазірае ахоўнік праз маленькае вечка. Так можна сачыцць за часам. У аховы можна ў гэты момант нешта запытацца. Калі вельмі трэба, можна грукаць па дзвярох, яны чуюць”, – расказвае дяўчына ў сацсетцы.
Ноччу святло не тушаць. “Палітычных” будзяць уночы а 01.00 і 3.00: яны павінны падысці да “кармушкі” і назваць сябе, дату нараджэння і свой артыкул. Спаць пры святле магчыма, зрабіўшы на вочы маску з вільготных сурвэтак.
Прыбіральня ў камеры – проста ўнітаз, нічым не закрыты.
“Трэба спраўляць свае патрэбы на вачах іншых людзей. І ахоўнікаў, бо ў кожнай камеры вісіць відэакамера, яна захоплівае частку ўнітаза. Проста прыміце гэта. Мне вельмі сумна было за дзяўчын, бачна было, як яны саромеюцца”.
Чысціня ў камеры залежыць выключна ад людзей. “У першай камеры ў мяне працякаў унітаз, забівалася ракавіна. Я сама чысціла яе, раскручвала сіфон, сачыла за лужынай ля ўнітаза, перыла анучку для падлогі. Па сутнасці, прыборка – самае творчае, чым можна займацца ў ІЧУ))) І час ляціць, і побыт прыемней”.

Мыццё ў душы належыць па суботах. “Але нас так і не звадзілі. Часам я думаю, што і добра, бо зручней нікуды і не выштурхоўвацца лішні раз. Я цалкам забяспечвала сабе душавыя працэдуры ў камеры”.
Сядзець можна на падлозе, спаць – стоячы
Каб праветрыць, у камеры можна адчыняць вакно. “Я першыя два дні не ведала))) Як сапраўдны беларус, думала, “а можа так і трэба”)). Ключ ад вакна трэба прасіць у ахоўніка, але нармальна выдаюць”, – падзялілася гродзенка.
“Палітычныя” за межамі камеры заўжды мусяць знаходзіцца ў кайданках. “Перад праверкай нам апраналі кайданкі праз кармушку (вакно ў дзвярах камеры), потым здымалі гэтак жа пасля праверкі”. Тое ж датычыць любых перамяшчэнняў па ІЧУ, выклікаў на допыты ў Следчы камітэт і нават выхаду з камеры перад вызваленнем.
“Палітычным” у Гродне па-ранейшаму не даюць матрацаў.
“Мне вельмі пашанцавала ўзяць з хаты пухлую цеплую куртку – я на ей спала, сядзела, укрывалася ей. Іншым дзяўчынам давалі курткі і вопратку “абавязаныя” [жанчыны, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, якія мусяць працаваць для выплаты аліментаў – Hrodna.life]”.

Як і раней, “палітычным” забараняюць сядзець і ляжаць на нарах удзень.
“Але пра падлогу нічога не гучала. Я сядзела ў асноўным на падлозе на куртцы, спала (бо знайшла куток, нябачны для аховы) – але асобныя ахоўнікі інтэрпрэтуюць па-свойму, “вам нельга спаць!”. Ну, я навучылася спаць нават стоячы)))”, – піша дзяўчына.
Чытайце таксама: Унітаз затыкаюць хлебам, вяроўкі робяць з пакетаў. Як выжываюць вязні гродзенскай турмы
Стаўленне аховы
Зараз ахоўнікі ставяцца да затрыманых па-рознаму, але ў выпадку гродзенкі ніхто не ставіўся жорстка. Некаторыя намагаліся жартаваць – і дзяўчыну гэта хутчэй раздражняла.
“Больш мне падабаліся хлопцы, які падыходзілі да працы чыста фармальна: ніякіх жартаў, затое ніякіх абразаў. Увогуле, я нікога з ІЧУ не магу абвінаваціць у нейкім жорсткім ці пагардлівым абыходжанні, акрамя, хіба, адзінага дзяжурнага. А так-та… У людзей свая праца. І яны па-рознаму, але ўсе намагаліся рабіць яе максімальна па-чалавечы”.
У іншым допісе яна адзначала, што вакол яе “матам не лаяліся, а размаўлялі” – не толькі ахоўнікі, але і сукамерніцы. У чатырохмясцовай камеры знаходзілася 4-5 чалавек.
У каментарах да допіса іншыя карыстальнікі адзначалі, што ў Гродне “лайтовыя” ўмовы – параўнальна з тым жа ізалятарам на Акрэсціна.
Што яшчэ варта памятаць блізкім затрыманых
Нагадаем, што перадачы ў ІЧУ затрыманым па адміністрацыйных справах прымаюць толькі ад родных.
У перадачы нельга класці металічныя рэчы або нешта, што змяшчае металічныя часткі. Так, расчоску можна перадаць пластыкавую, а станік могуць не прыняць, калі на ім ёсць металічныя дэталі.
Дэзадарант мусіць быць не ў шкляным пакунку і не спрэй.
Адзенне і абутак варта перадаваць у залежнасці ад сезону. Абутак – зручны, без матузкоў, адзенне – без маланак. Колькасць рэчаў лепей добра разлічыць, бо назад сваякам нічога не аддаюць, а пры змене камеры вязень пераносіць свае рэчы сам.

Паводле звестак Hrodna.life, часам і для “палітычных” у Гродне ўдавалася перадаць печыва або сухары, можна спрабаваць арэхі і сухафрукты.
Прадукты, якія вы намагаецеся перадаць затрыманым, мусяць быць раскладзеныя па празрыстых цэлафанавых пакетах. Шакалад, цукеркі, вафлі павінны быць без абгорткі, сухафрукты – без костак. Каўбасу, якая няхутка псуецца, сыр, хлеб – трэба нарэзаць загадзя.
Калі і як прымаюць перадачы
Правіл утрымання і прыёму перадач для гродзенскага ІЧУ ў публічным доступе няма. Але ў правілах для Смаргонскага ІЧУ адзначана, што агульная вага перадач на месяц не мусіць перавышаць 30 кг. Не больш за 30 кг павінны важыць агулам і ўсе рэчы, якія затрыманы мае пры сабе. Бялізну і шкарпэткі дазволена мець не больш як па дзве пары. Зараз у ІЧУ ўдзень удзень досыць цёпла, але ноччу холадна. У пачатку 2021 года ІЧУ на Гая адрамантавалі.
Перадачы ў ІЧУ на вуліцы Гая прымаюць штодзень з панядзелка па пятніцу з 11.00 па 12.00. Пры прыёме перадачы даюць адмысловы аркуш, у які трэба ўнесці спіс таго, што і ў якой колькасці (аб’ёме) прынёс. Тамсама трэба запісаць свае пашпартныя дадзеныя, тэлефон і ступень роднасці (кім даводзішся затрыманаму).
За ўтрыманне ў ІЧУ трэба плаціць пасля вызвалення. Зараз гэта 0,5 базавай велічыні за суткі (18,5 руб.).
* Мы не даем прамой спасылкі на сацсеткі ў мэтах бяспекі. У прыведзеных у тэксце цытатах захавана арфаграфія аўтаркі.


