Людзі і справы

Гродна ў чамадане: мастак Яраслаў Кірвель стварыў макет горада з 200 вінных коркаў

Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла б на астатняе, расказаў мастак з Гродна Яраслаў Кірвель для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила». Але коркі дасталіся Яраславу задарма, а ідэя збудаваць з іх любімы горад стала курсавой працай.

«Сёлета [у мастацкай акадэміі] было заданне на метафару. Я ўзгадаў пра Караткевіча і яго „неба, што кожны носіць з сабою“ і прыдумаў зрабіць макет горада ў чамадане, які можна насіць з сабой. Спачатку меркаваў выкарыстаць палімерную гліну ці пластылін. А потым выпадкова пабачыў мех з віннымі коркамі. Спытаў, ці ёсць у іх гаспадар. Калі аказалася, што коркі нічыйныя, вырашыў іх выкарыстаць у якасці будаўнічага матэрыяла», — расказвае Яраслаў Кірвель.

Выбар падасца незвычайным толькі для тых, хто Яраслава зусім не ведае. Яго ж сябры абавязкова згадаюць, што з дзяцінстве ён рабіў з коркаў салдацікаў ды іншых «айранмэнаў ды спайдэрмэнаў».

Наконт чамадана Яраслаў думаў ці не даўжэй за ўсё. Вагаўся паміж сучасным, на колцах, і старым, у рэтра-стылі. Перамог стары чамадан. Мастак прыйшоў да высновы, што ён больш пасуе да ідэі. Тым больш, у яго ўжо быў гродзенскі прататып.

«Хацеў папрасіць, каб чамадан прывезлі з Гародні, бо там ёсць той, які я сам знайшоў ля закінутага дома. Але так не атрымалася. То купіў тут, у Польшчы, на анлайн-барахолцы».

Неба з сабою і Гродна з сабою: што будзе ў чамадане

«Дакладна будзе стары горад, цэнтр Гародні, правы бераг — больш не памесціцца. Будуць 10 нашых адметных будынкаў гарадзенскіх, іх зраблю ў дэталях. Астатнія пабудовы, тканіна горада, будуць пазначана простымі фігурамі. Гэта будзе нагадваць сапраўдную забудову, але толькі ў агульных рысах, без дэталізацыі і ў паменшаным маштабе. Каб тыя будынкі, якія выбраны галоўнымі героямі, яшчэ больш дамінавалі на іх фоне».

У дзясятку гродзенскіх адметнасцяў, што змесцяцца ў чамадане Кірвеля, патрапілі Фарны, Бернардынскі і Брыгіцкі касцёлы, лямус, драмтэатр, Новы і Стары замкі, сінагога, пажарная вежа і Каложа.

«Яшчэ ёсць ідэя рэльеф горада зрабіць з вопраткі, як у сапраўдным чамадане. Каб паміж будынкаў былі фрагменты кашуляў, швэдраў ці зубной шчоткі і пасты — тых рэчаў, што звычайна бяруць з сабой у падарожжа».

На каланчу — 8 коркаў, на драмтэатр — 25: як удалося зэканоміць 2000 еўра

Каб атрымаць будаўнічы матэрыял для горада, прыйшлося спачатку папрацаваць з коркамі. Цыліндры Яраслаў абрэзваў да паралелепіпедаў і склейваў іх у агульны блок. Потым выразаў з яго скальпелем і канцылярскім нажом, як з масіву дрэва. На кожны будынак, з улікам падрыхтоўчых прац, сышло па некалькі дзён. А колькасць коркаў залежала ад памеру.

На Каложу хапіла пяці коркаў. А на Новы замак і на драмтэатр пайшло па 25. Каланча збудавалася з васьмі штук, а для Старога замка спатрэбілася ажно 40.

Калі б давялося плаціць за кожную бутэльку віна, якая была закаркавана адным з коркаў, то кошт праекта перавысіў бы 2000 еўра.

Сімвалы горада і месцы асабістых успамінаў

Хаця ў чамадан выбіраліся знакавыя архітэктурныя будынкі, з кожным з іх звязаны і асабістыя ўспаміны хлопца:

«Фарны — мой самы любімы будынак у Гародні, часта малюю яго. У дзяцінстве заўжды хадзілі туды з мамай глядзець на батлейку. У Бернардынскі касцёл ходзяць мае бабуля з дзядулям. Мама казала, што яны там нават жаніліся. Драмтэатр — гэта ранішнікі з Дзедам Марозам, на якія давалі квіткі на мамінай працы. Каланча — туды хадзілі са школы ў музей. Сінагогу маляваў на пленэрах, калі вучыўся ў мастацкім каледжы. У Стары і Новы замкі хадзіў на выставы. Каложскі парк — адно з маіх самых любімых месцаў, бо блізка ад цэнтра, але там ціха і ад Каложы відаць увесь цэнтр».

Зрабіў бы нават без задання

«Я з вялікай ахвотай рабіў гэту працу, — кажа Яраслаў Кірвель. — У нас не даюць гатовыя тэмы, ёсць толькі тэхнічныя заданні. Далей кожны сам выбірае. Дзякуючы гэтаму я магу ў межах вучэбнай праграмы рабіць тое, што сам хачу. Я б гэта і так зрабіў, але заадно і заданне выканаю».

Яраслаў Кірвель і Гродна, якое ён носіць з сабой

Пасля таго, як работа будзе скончана і ацэнена выкладчыкам, гісторыя чамадана і горада ў ім не будзе скончана, кажа мастак.

«Можна прыдумваць і рабіць нейкія перформансы, арт-аб'ект у гэтым плане даволі пластычны. У чамадана і горада можа пачацца новае жыццё».

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025