Калі б давялося здабываць 200 вінных коркаў уласнымі высілкамі, то ні часу, ні грошай не хапіла б на астатняе, расказаў мастак з Гродна Яраслаў Кірвель для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила». Але коркі дасталіся Яраславу задарма, а ідэя збудаваць з іх любімы горад стала курсавой працай.
«Сёлета [у мастацкай акадэміі] было заданне на метафару. Я ўзгадаў пра Караткевіча і яго „неба, што кожны носіць з сабою“ і прыдумаў зрабіць макет горада ў чамадане, які можна насіць з сабой. Спачатку меркаваў выкарыстаць палімерную гліну ці пластылін. А потым выпадкова пабачыў мех з віннымі коркамі. Спытаў, ці ёсць у іх гаспадар. Калі аказалася, што коркі нічыйныя, вырашыў іх выкарыстаць у якасці будаўнічага матэрыяла», — расказвае Яраслаў Кірвель.
Выбар падасца незвычайным толькі для тых, хто Яраслава зусім не ведае. Яго ж сябры абавязкова згадаюць, што з дзяцінстве ён рабіў з коркаў салдацікаў ды іншых «айранмэнаў ды спайдэрмэнаў».
Наконт чамадана Яраслаў думаў ці не даўжэй за ўсё. Вагаўся паміж сучасным, на колцах, і старым, у рэтра-стылі. Перамог стары чамадан. Мастак прыйшоў да высновы, што ён больш пасуе да ідэі. Тым больш, у яго ўжо быў гродзенскі прататып.
«Хацеў папрасіць, каб чамадан прывезлі з Гародні, бо там ёсць той, які я сам знайшоў ля закінутага дома. Але так не атрымалася. То купіў тут, у Польшчы, на анлайн-барахолцы».
Неба з сабою і Гродна з сабою: што будзе ў чамадане
«Дакладна будзе стары горад, цэнтр Гародні, правы бераг — больш не памесціцца. Будуць 10 нашых адметных будынкаў гарадзенскіх, іх зраблю ў дэталях. Астатнія пабудовы, тканіна горада, будуць пазначана простымі фігурамі. Гэта будзе нагадваць сапраўдную забудову, але толькі ў агульных рысах, без дэталізацыі і ў паменшаным маштабе. Каб тыя будынкі, якія выбраны галоўнымі героямі, яшчэ больш дамінавалі на іх фоне».
У дзясятку гродзенскіх адметнасцяў, што змесцяцца ў чамадане Кірвеля, патрапілі Фарны, Бернардынскі і Брыгіцкі касцёлы, лямус, драмтэатр, Новы і Стары замкі, сінагога, пажарная вежа і Каложа.
«Яшчэ ёсць ідэя рэльеф горада зрабіць з вопраткі, як у сапраўдным чамадане. Каб паміж будынкаў былі фрагменты кашуляў, швэдраў ці зубной шчоткі і пасты — тых рэчаў, што звычайна бяруць з сабой у падарожжа».
На каланчу — 8 коркаў, на драмтэатр — 25: як удалося зэканоміць 2000 еўра
Каб атрымаць будаўнічы матэрыял для горада, прыйшлося спачатку папрацаваць з коркамі. Цыліндры Яраслаў абрэзваў да паралелепіпедаў і склейваў іх у агульны блок. Потым выразаў з яго скальпелем і канцылярскім нажом, як з масіву дрэва. На кожны будынак, з улікам падрыхтоўчых прац, сышло па некалькі дзён. А колькасць коркаў залежала ад памеру.
На Каложу хапіла пяці коркаў. А на Новы замак і на драмтэатр пайшло па 25. Каланча збудавалася з васьмі штук, а для Старога замка спатрэбілася ажно 40.
Калі б давялося плаціць за кожную бутэльку віна, якая была закаркавана адным з коркаў, то кошт праекта перавысіў бы 2000 еўра.
Сімвалы горада і месцы асабістых успамінаў
Хаця ў чамадан выбіраліся знакавыя архітэктурныя будынкі, з кожным з іх звязаны і асабістыя ўспаміны хлопца:
«Фарны — мой самы любімы будынак у Гародні, часта малюю яго. У дзяцінстве заўжды хадзілі туды з мамай глядзець на батлейку. У Бернардынскі касцёл ходзяць мае бабуля з дзядулям. Мама казала, што яны там нават жаніліся. Драмтэатр — гэта ранішнікі з Дзедам Марозам, на якія давалі квіткі на мамінай працы. Каланча — туды хадзілі са школы ў музей. Сінагогу маляваў на пленэрах, калі вучыўся ў мастацкім каледжы. У Стары і Новы замкі хадзіў на выставы. Каложскі парк — адно з маіх самых любімых месцаў, бо блізка ад цэнтра, але там ціха і ад Каложы відаць увесь цэнтр».
Зрабіў бы нават без задання
«Я з вялікай ахвотай рабіў гэту працу, — кажа Яраслаў Кірвель. — У нас не даюць гатовыя тэмы, ёсць толькі тэхнічныя заданні. Далей кожны сам выбірае. Дзякуючы гэтаму я магу ў межах вучэбнай праграмы рабіць тое, што сам хачу. Я б гэта і так зрабіў, але заадно і заданне выканаю».
Пасля таго, як работа будзе скончана і ацэнена выкладчыкам, гісторыя чамадана і горада ў ім не будзе скончана, кажа мастак.
«Можна прыдумваць і рабіць нейкія перформансы, арт-аб'ект у гэтым плане даволі пластычны. У чамадана і горада можа пачацца новае жыццё».
Чытайце таксама: