Вам калісьці здаралася стаць відавочцам нараджэння вялікіх ідэй? Не такіх, якія магчыма стануць уплывовымі, а такіх, якім ужо прысвечаныя тысячы кніжак, і аб якіх спрачаюцца па ўсім свеце? Ці здаралася вам трапіць туды, дзе адразу зразумелай становіцца логіка чаму людзі думалі і рабілі менавіта так, а не інакш? Гэтым летам я ўбачыў як нарадзілася рэстаўрацыя.
Ам’енская Біблія
Гэта здарылася ў Ам’ене, французскім горадзе ў гадзіне язды ад Парыжа. Ам’ен — трошкі большы за Пінск. Там свае апошнія 30 гадоў жыў Жуль Верн. Правінцыйная цішыня горада спрыяла буянню аўтарскай фантазіі.
Марсэль Пруст пісаў пра непазбежнасць хуткага ад’езду з Ам’ену любога падарожніка, і толькі адна рэч у ім напраўдзе маніць: гатычны сабор. Ён крышку маладзейшы за гарадзенскую Каложу. 68-метровыя вежы фасада скончылі ў 1243 годзе. Падаецца, у Горадні дасюль няма такога высокага будынку. Вышыня ўнутры сабора — 42 метры, або 16-павярховік. Не менш за памеры здзіўляе скульптурнае аздабленне.Брытанскі мастацтвазнаўца Джон Роскін апісваў яго:
«Калі вы бачыце гэты гіганцкі разьбяны мурашнік, поўны каменных персанажаў у чалавечы рост, увесь гэты хор святых, чараду прарокаў, апосталаў, уладароў…, вы адчуваеце якая гэта вялікая рэч. <…> Гэта не ў туманным сэнсе Віктара Гюго „каменная Біблія“: гэта Біблія сапраўдная, увасобленая ў камяні».
Сваю кніжку, прысвечаную сабору, Роскін назваў менавіта «Ам'енская Біблія».З 1981 года сабор знаходзіцца ў Спісе сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. У ім я правёў некалькі гадзін, узіраючыся ў багацце і вітражы, пераводзячы дух, выходзячы вонкі і вяртаючыся. І толькі на трэцім коле заўважыў ГЭТА.
Нараджэнне рэстаўрацыі
Як бы правільна апісаць… Любы вялікі гатычны храм з’яўляецца своеасаблівай крэатыўнай прасторай. Храмы будаваліся стагоддзямі, рэканструяваліся і аднаўляліся. Сёння яны ўтвараюць мяшанку напластаванняў з розных эпох. Таму ў суседнім Рэймсе абсалютна арганічна глядзяцца вітражы Шагала. У Ам’ене мэбля амаль з ІКЕА зусім не замінае барочным амвонам у гатычным інтэр'еры.
Ні аб якім уніфікаваным стылі не можа ісці гаворкі, і ўсё разам гэта выглядае настолькі натуральным, што вока перастае заўважаць інтэрвенцыі аж пакуль не спатыкнешся аб нешта зусім свежае.
[irp posts="40 437″ name=" Спадчына — не проста старыя камяні і фальклор". Сцяпан Стурэйка пра вынік 10 гадоў працы"]
Гэта здарылася са мной падчас агляду апсідных каплічак у заалтарнай частцы. У адной з іх, распісанай відавочна ў пазнейшы час, я заўважыў сімвалы каралеўскай улады. Тэкст на шыльдзе распавёў, што ў 1853 годзе, акурат калі гарадзенская Каложа абрынулася ў Нёман, біскуп Ам’ена перавёз у горад мошчы Св. Аўрэліі. Адмыслова для іх імператар Напалеон III прафінансаваў «рэканструкцыю» капліцы. Гэта было зроблена ў фантазійным неа-гатычным стылі, з сімволікай манаршай улады. Імператар і ягоныя мастакі ведалі што робяць. Яны працягвалі насычэнне прасторы храма, як заўсёды і рабілася.
Праз дзесяць гадоў, у 1867−69 гг., куратар той самай пераробкі, тады ўжо славуты архітэктар і мастацтвазнаўца Эжэн Віяле-ле-Дзюк, які верыў, што спасціг усе сакрэты гатычных майстроў, вырашыў пайсці далей і літаральна праз сценку, у наступнай капліцы, зрабіў не проста новыя роспісы, а новыя-старыя, такія, якімі яны маглі выглядаць у XІІІ ст. Гэта стала нараджэннем рэстаўрацыі.Аказваецца, у момант нараджэння рэстаўрацыя не забараняла сучаснае, а была толькі варыянтам як па-новаму аздабляць сярэднявечныя муры. Напрыклад, з большым сэнсам, з апеляцыяй да традыцыі. Рэстаўрацыя паўстала не з пяшчотнай павагі да аўтэнтыкі і захавання, а як працяг абнаўлення.
[irp posts="12 749″ name=""Рэстаўрацыя — не аднаўленне як было". Сцяпан Стурэйка пра спрэчкі вакол Старога замка"]
Чалавек паводле прыроды шануе два супрацьлеглых стана матэрыяльнага аб’екта: яго глыбокую даўніну і абсалютную навізну. Прамежкавыя станы нецікавыя. Рэстаўрацыя, робячы старое новым, тоіць парадокс, і менавіта таму спадабалася людзям. Віяле-ле-Дзюк распачаў гэты шлях і стаў аўтарам першай навуковай методыкі рэстаўрацыі.
Аднак яго практыкаванні бачыў і вышэйзгаданы Джон Роскін. Калі новае ў старым інтэр'еры было яшчэ прымальным, дык новае, што імкнецца выглядаць старым, паводле яго — амаральны падман, і наогул неэстэтычна. Гэта як немалады чалавек у дзіцячым кафэ.
Роскін заклікаў пакінуць старое старым і застаўся ў гісторыі як прынцыповы апанент Віяле-ле-Дзюка. Абураючыся модай на абнаўленне, ён разам з паплечнікамі стварыў у 1877 г. «Таварыства абароны старажытных будынкаў». Недабразычліўцы дражнілі яго «Таварыствам абароны ад рэстаўрацыі». Але грамадская думка па-сутнасці ніколі не была на ягоным баку…
Смерць і ўваскрашэнне
У дзень майго візіту «калыбель рэстаўрацыі» стаяла ў рыштаваннях. Інфармацыйная таблічка распавяла, што тут ад нядаўна ідзе рэстаўрацыя тых самых роспісаў Віяле-ле-Дзюка. Так я ўбачыў смерць рэстаўрацыі, што адбылася тут жа, праз 150 гадоў.Смерць, таму што, па-першае, гэта рэстаўрацыя рэстаўрацыі. Выглядае недарэчна. У той час як суседняя «імператарская» капліца ўжо сама пакрылася пацінай і стала арганічным напластаваннем гісторыі, стылістычныя эксперыменты Віяле-ле-Дзюка зіхацяць новымі фарбамі нібы з мульцікаў Дыснея.
Па-другое, калі ідэяй рэстаўрацыі было развіццё і абнаўленне, тут перад намі варушыцца мярцвяк. Так нязграбныя яго патугі быць новым, не горшым чым у 1867 г., а ў сваю чаргу падобным на XІІІ ст., на тых самых аўтэнтычных сценах, у сучасным пазбаўленым ілюзій свеце… Тое, што было некалі жывой ідэяй, ператварылася ў механічнае паўтарэнне. Гледзячы на свежыя роспісы, выдатна разумееш агіду Роскіна.І ўсё ж, рэстаўрацыя не памерла. Менавіта ў Ам’ене адбылося яе цудоўнае ўваскрашэнне. У 1990-я, падчас лазернай чысткі фасада, даследчыкі заўважылі сляды паліхроміі. Фасад і статуі былі ў ХІІІ ст. пафарбаваныя ў розныя колеры. Хімічны аналіз дазволіў распазнаць колеры, а камп’ютар — зрабіць гіпатэтычную рэканструкцыю ўсёй афарбоўкі.Праз 10 гадоў унікальны праект падыйшоў да фінальнай стадыі і Ам’ен пабачыў цуд. Насупраць фасада ўсталявалі магутныя мультымедыя-праектары, якія транслююць неверагодна дэталізаваны каляровы свет на кожную са скульптур. Усіх іх «апранулі» ў колеры.www.youtube.com/watch?v=IVRgmgocMpI
Хрыстос — уваскрос, але яго няма на зямлі. З сучаснай рэстаўрацыяй тое самае. Яна сталася абсалютным дасягненнем навуковага і тэхнічнага прагрэса, мыслення аб архітэктуры, аб аўтэнтыцы і межах сучаснай культуры. І яе няма. Гэта — у літаральным сэнсе свет рэстаўрацыі, яе дух, які прылятае і злятае. З’яўленне народу, цалкам эфемерная, яна пакідае па сабе надзею ў перамогу розуму над амбіцыяй. Вы можаце ўбачыць яе толькі ўлетку, з 22.30 да 23.20, а таксама перад Раством. Падобныя праекты ажыццёўленыя і для іншых сабораў - Шартр, Сан-Дэні, Рэймс.
[irp posts="38 156″ name="У Гродне за грошы ЕС адкрыюць цэнтр рэстаўрацыі спадчыны"]
Я не хачу, каб чытач успрыняў гэты нарыс занадта просталінейна. Эжэн Віяле-ле-Дзюк зрабіў шмат работ да і пасля Ам’ену, ён пакінуў выдатную творчую спадчыну. Джон Роскін грунтаваўся не толькі на французскім, але і на брытанскім ды італьянскім досведах. У добрай рэстаўрацыі традыцыйныя рамесныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца нашмат часцей за камп’ютарныя.
Толькі адно можна сцвярджаць дакладна. Рэстаўрацыя — гэта не механічнае аднаўленне чагосьці, што было. Як і шмат што іншае, жывая рэстаўрацыя можа існаваць толькі ў спаборніцтве ідэй, і толькі як пераасэнсаванне помніка, культуры ды нас саміх. Інакш — гэта мярцвяк.