Якія падзеі з жыцця Гродна асвятляла мясцовая газета «Echo Grodzieńskie» ў 1924 годзе? Вытрымкі з яе за тыдзень ад 20 да 26 траўня публікуе гістарычны канал Hrodna 11:27.
Тэксты са старых газет суправаджаем невялікімі каментарыямі. Яны дазваляюць лепш зразумець сэнс тых падзей.
20 траўня каля 18 гадзін страшэнныя крыкі і нечалавечы лямант было чуваць з рэстарана «Пышкі». Гэтыя гукі, якія суправаджаліся гукам ламаных крэслаў і бітым шклом, не сведчылі аб трагедыі, а з’яўляліся выразам «культурнай» забавы, арганізаванай невялікай кампаніяй у адным з кабінетаў.
Мяркуючы па выразах, якія гучалі, гэтая кампанія з’яўлялася інтэрнацыянальнай, бо «jeszcze nie zginęła» па-братэрску пераплялася з «подавай извозчика» ды таму падобным. Гэтыя гукі сведчылі пра прысутнасць прадстаўнікоў некалькіх галін багатага славянскага племені. Яны таксама маглі быць вынікам глыбока ўкаранёных касмапалітычных перакананняў асобных людзей, або прапагандай братэрства душаў.
Аднак яна гучала занадта «Nadwołżańsko-широко-натурно» ў суправаджэнні бітага шкла і чамусьці там быў заўважаны чыноўніцкі галаўны ўбор кантралёра па алкагольных справах?
Міжваенны Гродна сапраўды быў надзвычай інтэрнацыянальным горадам, дзе сутыкаліся, як мінімум, новая польская дзяржава і мноства людзей, жыццё якіх у вялікай ступені прайшло ў царскай Расіі. Здараліся і такія вечарыны, як апісана вышэй. Цікавы стыль гэтай газетнай нататкі: выглядае на тое, што яна напісана на аснове нейкіх чутак, даволі эмацыйна, зусім без спасылак на крыніцы інфармацыі, затое са спробай стварыць лёгкі скандал — для гэтага згадваецца нібыта прысутнасць «кантралёра па алкагольных справах». Сёння ў сур’ёзных медыях такіх нататак не прачытаеш. Хаця, можа і карыснай была б для Гродна ўласная газета са скандальнымі навінамі?
20 траўня. Дэлегацыя Рэчы Паспалітай Польскай у Змешанай камісіі ў Расіі інфармуе, што савецкія ўлады лічаць акцыю па рэпатрыяцыі завершанай, адмаўляюць уключаць у лісты на рэпатрыяцыю асобаў, якія да дня 15 кастрычніка 1923 года не былі зарэгістраваныя для вяртання ў краіну. Такім чынам, любыя скаргі адносна рэпатрыяцыі з Расіі, як ужо неактуальныя, надалей прымацца не будуць.
Для выканання пастановаў Рыжскага мірнага дагавора паміж Польшчай і Савецкай Расіяй (і Савецкай Украінай, дарэчы) былі створаны пяць змяшаных польска-савецкіх камісій. Яны займаліся пытаннем вызначэння мяжы, вяртання вывезеных каштоўнасцей і іншымі справамі - у тым ліку рэпатрыяцыяй, то бок вяртаннем людзей на радзіму. Гэта было вельмі актуальна ў гады пасля Першай сусветнай і польска-бальшавіцкай войнаў, у выніку якіх мноства людзей перасялялася, часта на вялікія адлегласці, далёка ад дому.
21 траўня прайшла Канферэнцыя гродзенскіх кааператываў. На ёй прысутнічалі пяць кааператываў: Вайсковы 3-й ваеннай акругі, спажывецкі «Ютшэнка», Краёвы спажыўцоў-чыгуначнікаў, Кааператыўная каса, Штаб-кватэра сельскагаспадарчага кааператыву. Адкрываў канферэнцыю кіраўнік вайсковага прафсаюзу 3-й акругі генерал Бялінскі. Быў абраны агульны кіраўнік. Ім стаў прадстаўнік Прафсаюзнай касы ў Гродне Станіслаў Калецкі, які ў якасці сакратара запрасіў паручніка Кацота. На Канферэнцыі абмяркоўваліся магчымасці супрацоўніцтва на гродзенскай глебе і былі зробленыя наступныя прапановы: 1) праводзіць супольныя закупкі, якія змяншаюць кошты; 2) супольнае заангажаванне ў адкрыцці пякарні, а ў далейшым аптэкі; 3) неабходнасць адкрыцця агульнага млына.
Кааператыўны рух на тэрыторыі міжваеннай Польшчы, як і ва ўсёй астатняй Еўропе, пачаў развівацца яшчэ ў другой палове XIX ст. Людзі аб’ядноўваліся, бо супольнае дзеянне ў той час сапраўды дазваляла больш эфектыўна наладзіць жыццё ў капіталістычнай сістэме. Не дзіўна, што ў міжваенны час кааператывы былі дастаткова моцнымі ва ўсёй Польшчы.
21 траўня каля 22 гадзін у Гродне па вуліцы Горнай, 19 Ян Слухоўскі атрымаў нажавыя раненні, нанесеныя яму Казімірам і Каралем Мацкевічамі. Пацярпелы быў дастаўлены ў гарадскі шпіталь, расследаванне праводзіць Першы камісарыят дзяржаўнай паліцыі ў Гродне.
21 траўня камісарыят дзяржаўнай паліцыі выкрыў забойства дзяўчынкі-немаўляці. Яе маці Марыя Міхалюк і акушэрка Кайла Гожа былі арыштаваныя і перададзеныя ў распарадэнне следчага суддзі Другой акругі ў Гродне.
21 траўня ў кватэры Алкона Хілера з вуліцы Фабрычнай, 60 паспрабаваў здзейсніць крадзеж Юзаф Грынашкевіч, які быў схоплены і дастаўлены ў суд першай акругі ў Гродне. У гэты ж дзень невядомыя на Сенным рынку абрабавалі Цывію Вапнік з вуліцы Мяшчанскай, 7, скраўшы ў яе кашалёк з грашыма і дакументамі. Таксама была здзейснена няўдалая спроба невядомых пры дапамозе драбіны, прыстаўленай да балкону, трапіць у кватэру Баруха Цеханоўскага з вуліцы Калажанскай, 13.
22 траўня паспяхова завяршылася акцыя па зборы сродкаў на помнік Шапэна, які плануецца адкрыць у Варшаве. Усяго гродзенскія чыноўнікі сабралі 417 млн марак. Павага і прызнанне тым людзям, якія ахвяруюць сваімі цяжка заробленымі грашыма на вышэй згаданую мэту, нават на шкоду сваім самым неабходным патрэбам.
Помнік Шапэна ў варшаўскіх Лазенках адкрылі неўзабаве — у 1926 годзе.
22 траўня кіраўніцтва гродзенскага аддзялення Чырвонага Крыжа ў асобе С. Носціц-Яцкоўскай выказвае сардэчную падзяку спадарыні Ферэнц за тое, што яна ахвяравала ў гэтым годзе, як і ў мінулым, насенне для саду пры лякарні па вуліцы Сапёрнай, 16.
Тагачасная вуліца Сапёрная — сённяшняя вуліца Дзяржынскага. Магчыма, гаворка пра цяперашні вайсковы шпіталь па гэтай вуліцы. Таксама не выключана, што спадарыня Ферэнц з гэтай нататкі - нейкая сваячка Антонія Ферэнца, настаўніка спеваў, які быў вядомы таксама як садоўнік і знаўца хрызантэмаў і ружаў. Пазней перабраўся ў Варшаву.
22 траўня з нумара Гандлёвага гатэля ў Гродне невядомыя скралі навалачку на коўдру і прастыню агульным коштам 45 млн марак. Пацярпелы — уладальнік гатэлю Мэер Закгейм.
Hotel Handlowy знаходзіўся ў Гродне на Дамініканскай, 28 — сучаснай вуліцы Савецкай.
24 траўня ў 3−4 гадзіны ночы ў фірме дрэва А. Ярашэвіча і М. Маліноўскага, якая знаходзіцца ў лесе паміж Казлічкам і вёскай Дудкі Гродзенскага павету, пачаўся пажар. Страты склалі 1400 злотых. Расследаванне праводзіць пастарунак паліцыі ў Берштах.
24 траўня ў Яўгена Галаневіча з вуліцы Лістоўскага, 39 скрадзеныя вопратка і ўпрыгожванні на 2,5 млрд марак. 26 траўня злодзеі былі затрыманыя і дастаўлены ў суд. Імі аказаліся Стэфан Хайноўскі і Грэгар Міхайлоўскі з вуліцы Падгорнай, 72. Скрадзеная вопратка была вернутая гаспадару.
Як мы адзначалі ў мінулых публікацыях, з красавіка 1924 пачалі ўводзіць новую валюту — польскі злоты. Таму ў нататках газеты пэўны час сустракаюцца кошты ў абедзвюх валютах: і ў марках, і ў злотых. А тое, што злачынцы жылі на вуліцы Падгорнай, зусім не здзіўляе — ваколіцы Падольнай на правым беразе Нёмана заўсёды лічыліся бандыцкім раёнам.
25 траўня ў Гродне пачаўся харцэрскі тыдзень, які працягваўся да 31 траўня. Ён пачынаўся набажэнствам у Гарнізонным касцёле 25 траўня ў 12 гадзін, пасля чаго на касцельных могілках ладзілася прысяга і ўрачыстасці. Далей дзяцей ад 16-й гадзіны ў гарадскім парку чакала шмат неспадзянак. 29 траўня ў 16 гадзін у замку пачалася вечарына для харцэраў.
25 траўня гурток вучаніц дзяржаўнай прафесійнай школы ў Гродне ладзіў Свята Вясны. Мерапрыемства пачалося ў 20 гадзін у гарадскім тэатры. Выконваліся творы Каспровіча, Манюшкі і іншых.
Харцэры — польскі аналаг скаўтаў, важная частка патрыятычнага выхавання польскай моладзі.
25 траўня ў тры гадзіны ночы ў будынку саюзу «Zacisze» ў Друскеніках пачаўся пажар. Днём раней тут да гадзіны ночы адбывалася выплата заробкаў працоўным. Пажар узнік у прыбіральні на кухні. Выратавальная аперацыя пачалася толькі амаль у 4 гадзіны ночы, калі агонь заўважылі суседзі. Пажар, перабраўшыся на ўчастак з размешчанай на ім сухой драўнінай паблізу вілы спадарыні Грудзінскай, павінен быў прывесці да катастрафічных наступстваў. Але дзякуючы выратавальнай аперацыі з боку мясцовых жыхароў пад кіраўніцтвам Крузенштэрна ўдалося ўратаваць Друскенікі ад катастрофы. Асобна варта адзначыць паліцыю і памежную ахову, якія сваёй энергічнай працай лакалізавалі пажар, які абмежаваўся знішчэннем двух будынкаў, пры гэтым з іх была вынесена каса, мэбля і кнігі.
Пажар у Друскеніках выкрыў праблемы іншых вёсак і мястэчак Гродзеншчыны: у нас бракуе неабходных для тушэння пажараў сродкаў. Так, у Друскеніках у наяўнасці былі толькі некалькі вёдраў для вады. Пасля росшукаў жонкі бурмістра, у сувязі з адсутнасцю яе мужа, шмат часу спатрэбілася, каб знайсці воз са старой бочкай для вады. У той жа час уладальніца вілы адсутнічала ў сваіх уладаннях і пабачыла на іх месцы толькі папялішча.
26 траўня. Уладальнікі кінатэатраў выказваюцца пра магчымасць закрыцця сваіх залаў на летні сезон, калі не павялічыцца наведвальнасць. Цалкам справядліва, бо навошта ім несці велізарныя выдаткі на святло, асвятленне, утрыманне памяшканняў і набыццё кінакарцін, калі гледачы не карыстаюцца кінасеансамі з тых ці іншых прычын? Трагічная пустэча, калі некалькі чалавек пастаянна карыстаюцца бясплатным уваходам, не заахвочвае да далейшых эксперыментаў. Можна гуляцца ў філантропію, пакуль гэта прыносіць карысць, але тут такой магчымасці няма.
26 траўня ў Нёмане было знойдзена цела немаўляці, прозвішча маці якога пакуль не высветлена.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…