Дырэктар музея Юзаф Ядкоўскі і польскія вайскоўцы спрачаліся пра выкарыстанне Старога замка, рабочыя на фабрыках страйкавалі, а паліцыя лавіла камуністаў. Гэтыя і іншыя падзеі абмяркоўвалі гродзенцы 100 гадоў таму. Гістарычны канал Hrodna 11:27 публікуе вытрымкі з гродзенскай газеты «Nadniemeński Kurjer Polski» з 1924 года.
Частка паведамленняў стогадовай даўніны суправаджаецца тлумачальным каментарыем.
20 жніўня. Гарадская рада накіравала да міністэрства прапанову пра перадачу будынка замка, які знаходзіцца ў распараджэнні арміі, грамадству — як асяродка для культурных і асветніцкіх мэтаў. Палкоўнік Заморскі са штабу вайсковай акругі ў Гродне распавёў, што былы кіраўнік генерал Мальчэўскі ў сваім рапарце да міністра вайсковых спраў адзначыў неабходнасць перадачы памяшканняў пад Гродзенскі музей.
Але для гэтага неабходна дамовіцца найперш з вайскоўцамі, дакладней з 200 афіцэрамі, якія цягам трох гадоў штомесяц рабілі ўнёскі ў памеры 3 злотых на развіццё будынкаў, якія выкарыстоўваюцца як афіцэрскае казіно і месца для правядзення вайсковых культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Таксама стала вядома пра 50 тысяч злотых, якія армія заклала ў бюджэт на бягучы год для працаў па ўмацаванні Замкавай гары.
На пытанне, ці магла б армія раздзяліць з грамадствам права на Замак, палкоўнік Заморскі канстатаваў, што акрамя прыбіральняў, якія выкарыстоўваліся пры бальнай зале і афіцэрскім казіно, прыбіральняў падобных памераў цяпер няма і што неабходна для пачатку перарабіць у прыбіральню лазню з часоў Расійскай імперыі, каб яна служыла для патрэбаў размешчаных тут устаноў. Пры гэтым палкоўнік адзначыў, што два гаспадары ў адным будынку прывялі б толькі да непатрэбных спрэчак і непаразуменняў, тым больш, што Юзаф Ядкоўскі, які клапоціцца пра давераныя яму калекцыі, можа законна пратэставаць на кожны крок на гары, які мог бы прымусіць да падзення тынку са столі і г. д.
Што ж датычыць заклапочанасці Юзафа Ядкоўскага працамі, якія ладзяцца на Замку і вынікам якіх можа быць частковае пашкоджанне будынку, палкоўнік Заморскі выказаў вялікае здзіўленне, бо, паводле яго, ніякіх работ у падвальных памяшканнях вайскоўцы не ладзілі, акрамя аднаўлення цэнтральнага ацяплення. Увогуле Заморскі адзначыў, што ўсе працы і мерапрыемствы ў Замку былі ўзгоднены, у тым ліку пасадка дрэў і ўладкаванне кветнікаў у замкавым двары, аб чым было запытана ў таго ж Ядкоўскага. У свой час у пана Ядкоўскага прасілі даць план рэканструкцыі і перабудовы замку, але ён, паводле Заморскага, не выканаў просьбы і таму вайскоўцы быццам бы вымушаны былі прытрымлівацца ўласнага пункту гледжання, пазбаўленыя навуковага і гістарычнага кіраўніцтва на гэты конт. Наконт умацавання Замкавай гары вайскоўцы адмыслова звярнуліся да Цыдзіка і Ядкоўскага як кансерватара, прапануючы, каб Магістрат прадаставіў свае парады і садоўніка для нагляду, а вайскоўцы — работніка для аховы. Аднак вынікаў гэта не прынесла і ўсё засталося як і было. Калі гэта пагражае разбурэннем Замку, пра што клапоціцца Ядкоўскі, то віны ў гэтым, паводле Заморскага, нашай (маюцца на ўвазе — войска) не будзе, не толькі таму што хацелі дапамагчы ва ўмацаванні, але і самыя прыкладалі намаганні для гэтага.
Гродзенскі замак доўга і павольна пераходзіў ад вайскоўцаў да музея. Музей паўстаў у 1922 годзе, але толькі ў 1929 змог пераехаць у памяшканні замка.
Першы раз пра рэканструкцыю замка пачалі гаварыць акурат у 20-я гады ХХ ст. У 1928 годзе нават распачалася падрыхтоўка да рэстаўрацыі. Але да пачатку Другой сусветнай вайны паспелі правесці толькі археалагічныя раскопкі і кансервацыйныя працы.
Замкавая гара ў той час была пад пагрозай апоўзняў. У 1926 абрынуўся кавалак Новага замка разам з размешчанымі там туалетамі, праз год — частка гары Старога замка. Зямля ўцякла ў аднаго жаўнера проста з-пад ног: яго ад смерці выратаваў толькі калючы дрот агароджы — жаўнер зачапіўся за яго вопраткай і павіс на дроце на вышыні пяці метраў на прорвай. Гара відавочна патрабавала ўмацавання, што і зрабілі неўзабаве — у канцы 1920-х. Вайскоўцы, пабудаваўшы набярэжную, выкарысталі здабытую тады зямлю з берага Нёмана для ўмацавання замкавай гары.
Юзаф Ядкоўскі быў не толькі стваральнікам і першым дырэктарам гродзенскага музея. У гэтым тэксце згадваецца як ваяводскі кансерватар аб’ектаў спадчыны — і гэта сапраўды была важная і адказная пасада. Без яго згоды немагчымыя былі працы на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны.
20 жніўня. Бацькоўскі камітэт жаночай гімназіі імя Эміліі Плятэр у Гродне на вуліцы Дамініканскай, 10 на апошніх сесіях прыняў рашэнне пра ахвяраванні ў 3 і 6 злотых з кожнай вучаніцы на рамонт будынку навучальнай установы. У выніку ўдалося сабраць 800 злотых, але, як высветлілася, на рамонт неабходныя 5000 злотых, а Міністэрства не дае нічога. Таму на новым пасяджэнні ад 20 жніўня бацькоўскі камітэт вырашыў сабраць дадаткова па 10 злотых з дзяцей чыноўнікаў і па 20 злотых з усіх іншых. Пры гэтым пастанавіў, што вучаніцы, якія не зробяць ахвяраванняў, не будуць унесеныя ў спісы навучальнай установы.
Як бачым, паборы з бацькоў у школах — гэта нічога новага. Былі яны і 100 гадоў таму, ёсць і зараз.
21 жніўня. Прадстаўнікі рускай калоніі ў Гродне цікавяцца ў кіраўніцтва мясцовай праваслаўнай царквы, у чым прычына выпраўлення святара Андронікава ў кляштар і ці было гэта звязана з нейкім канфліктам. Па горадзе ходзяць розныя плёткі.
22 жніўня ў сувязі з выкрыццём камуністычнай ячэйкі ў будынку Клуба саюза рабочых па вуліцы Замкавай, 2 быў арыштаваны сакратар Магістрату В. Мазуркевіч.
22 жніўня. У той час, як Гродна патанае ў спёцы, у ваколічных вёсках на палях гніе збожжа з-за дажджоў. А нядаўна ў ваколіцах Бобра і Індуры град знішчыў плён працы некалькіх вёсак, а збожжа ў выніку падаражэла на мільён марак на пуд (вёска да гэтага часу лічыць толькі маркамі, а не злотымі).
23 жніўня Юзаф Ядкоўскі адказаў на выказванні вайскоўцаў у справе Замку. «Пра абяцаны план рэканструкцыі Замку я даведаўся з артыкула, пра які ідзе гаворка (маецца на ўвазе навіна за 20 жніўня, якую мы размясцілі вышэй па тэксце). А наконт дакладнасці я неаднойчы пытаўся ў кіраўніка штабу III-й вайсковай акругі і намесніка кіраўніка інжынераў і сапёраў пра дапамогу ў той справе і цяпер толькі, са старонак «N.K.P.» (Nadniemeński Kurier Polski) даведаўся пра тое, што вайсковае кіраўніцтва мае крэдыт на ўмацаванне Замкавай гары. Гэта можа служыць толькі сведчаннем наступнага: 1) строгага выканання распараджэння Міністэрства вайсковых спраў аб кампетэнцыі кансерватара, пададзенага мною асабіста кіраўніку штабу ІII-й вайсковай акругі ў студзені ці лютым 1923 года; 2) пра кантакт з асобамі для нагляду над помнікамі.
А цяпер усплыла справа пра знявечаныя партэровыя залы скляпенняў (партэр у Польшчы — наш першы паверх) праз пэўнага роду прыбіральню і кацельную? На падобнае выкарыстанне замкавых залаў, напэўна, кансерватар не даў бы дазволу, калі б да яго звярнуліся. Падобным чынам не выкарыстоўвалі партэровыя залі нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.
Ці пыталіся пра згоду кансерватара на стварэнне «серпанціну» пасярод рэштак вежы ці «веранды»? Катэгарычна скажу, што — не.
Пры падрыхтоўцы тэксту нам не ўдалося высветліць, пра якія дэталі казаў Ядкоўскі і што за «серпанцін» ён меў на ўвазе.
25 жніўня Магістрат абвесціў пра адкрыццё ў Гродне ўстановы для невылечна хворых, якая размясцілася ў свежа адрамантаваным будынку па Іерусалімскай вуліцы. Будынак складаецца з сямі пакояў і кухні і змяшчае 10 ложкаў. Кошт утрымання закладзены ў бюджэце гораду — 3000 злотых. Дзякуючы гэтаму зменшыцца нагрузка на прытулак для старых, а таксама гарадскі шпіталь, што павялічыць колькасць месцаў у іх. Пакуль жа ў гэтым будынку знаходзяцца дзеці, хворыя на трахому, знаходжанне якіх тут не патрабуецца больш, чым на месяц. Пасля гэтага будынак будзе перададзены для належнага яму выкарыстання. Магістрат таксама разлічвае ў будучыні на адкрыццё спецыяльнага шпіталя для дзяцей, як тое маецца ў іншых гарадах, але пакуль фінансы не дазваляюць зрабіць гэтага.
Вуліца Іерусалімская — сённяшняя Антонава.
25 жніўня пачаўся страйк на тартаку Аркіна, дзе працуюць 34 рабочых. Арыштаваны галоўны кіраўнік страйку. Рабочыя жадаюць падвышэння заробку на 60%, атрымоўваючы цяпер толькі па 2 злотых 20 грошай.
Таксама ў гэты дзень у 16 гадзін павінен быў адбыцца страйк на шкляной гуце ў Ласосне, дзе працуюць 150 рабочых пры 40 майстрах на 40 варштатах, якія яны самыя набылі. Уладальнік гуты набывае для іх сыравіну і купляе ў іх гатовую прадукцыю. Але выраб бутэлек сёння найменш прыбытковы занятак, паколькі прыходзіцца змагацца з вялікай канкурэнцыяй тых, хто займаецца прамысловым мыццём бутэлек хімічным спосабам. У сувязі з гэтым страйк не можа надта дапамагчы рабочым, якія жадаюць павелічэння заробкаў напалову, сёння ж яны атрымоўваюць 2 злотых 20 грошы за дзень працы.
26 жніўня ў бібліятэчнай зале Старога Замку адбылася канферэнцыя, скліканая генералам Бербецкім. Яе мэта — прыняцце рашэнне адносна занятага войскам становішча ў справе канфлікту з Юзафам Ядкоўскім. На канферэнцыі, акрамя Бербецкага, былі палкоўнік Люберадзкі, кіраўнік штабу палкоўнік Дзяржыкрай-Стакальскі, кіраўнік дывізіі палкоўнік Кваснеўскі, прадстаўнік ад інжынерыі і сапераў капітан Смідовіч, кіраўніцтва Замку ў асобе паручніка ў запасе Крыч, стараста Рагалевіч, прэзідэнт Стампнеўскі, кансерватар Ю. Ядкоўскі. Канферэнцыя праходзіла на павышаных танах з узаемнымі абвінавачваннямі вайскоцаў і Ю. Ядкоўскага, таму і было неабходна пасярэдніцтва кіраўніцтва горада.
Юзаф Ядкоўскі падчас свайго выступу адзначыў, што справа кансервацыі замку, роўна як і ўсю сваю працу кансерватара, ён лічыць справай уласнага жыцця. Выкананню сваіх абавязкаў ён аддаецца цалкам, ды не як чыноўнік, але як сапраўдны заўзятар — усім сэрцам. Таму няма нічога дзіўнага, што так трактуючы сваю працу, ён уражаны, і нават звышадчувальны да ўсяго, што адносіцца да ўскладзеных на яго абавязкаў.
Нягледзячы на пажаданні генерала Мальчэўскага Ядкоўскаму ў хутчэйшым пераносе музея на Замак, пакуль гэтая справа не зварухнулася ні на крок, а бясцэнная бібліятэчная калекцыя дарэмна марнуецца. Генерал Мальчэўскі сказаў, што да таго ні разу не чуў прэтэнзіяў ад Ядкоўскага да арміі ў справе замку і яго імкненні, спасылаючыся на дэкрэт ад 31 лістапада 1918 года, аб перадачы будынка ад Міністэрства вайсковых спраў да Міністэрства грамадскіх работ, не вытрымліваюць крытыкі. Генерал сказаў, што тым самым Ядкоўскі нашкодзіў арміі. Урэшце, Ядкоўскі і Мальчэўскі прыйшлі да паразумення і пагаднення падтрымліваць сувязь пры рэалізацыі планаў арміі па выкарыстанню замку і выкананні Ядкоўскім ускладзеных на яго абавязкаў. Урэшце была створана адмысловая Камісія, якая правяла агляд і замеры усіх заляў, памяшканняў і прыбіральняў - ад даху ажно да падвалаў. Высветлілася, што замчышча мае дастатковую колькасць прыбіральняў, якія неабходныя вайскоўцам пасля перамяшчэння сваіх інстытуцый у іншыя памяшканні, а таксама памяшканні для Дзяржаўнага і гарадскога музеяў з памяшканнем для ахоўнікаў і кіраўніка замку.
Па выніках канферэнцыі вырашана: перанесці афіцэрскі гатэль з Замку ў будынак, размешчаны бліжэй да вакзалу ці цэнтар горада; абмежаваць колькасць прыбіральняў, якія выкарыстоўваюцца афіцэрскім казіно і бібліятэкай, а таксама цягам двух тыдняў закрыць прыбіральню, пазначаную на плане чырвоным колерам, і перадаць яе лёс на разгляд кансерватара Ядкоўскага; перанесці гарнізонную кухню афіцэрскага казіно на партэр; павялічыць квоты на кансервацыйны рамонт замку; у сувязі з небяспекаю спаўзання Замкавай гары з-за вясновых разліваў Нёману, шэф інжынераў і сапёраў пры пасярэдніцтве Дэпартаменту культуры і мастацтва і кіраўніцтва Водных шляхоў неадкладна прыступіў да рэалізацыі плану па ўмацаванні гары, для чаго з Саколкі прыбудуць два вазы; платформу з драўлянымі сценамі над круглай вежаю належыць перарабіць і пабудаваць паводле праекту вайскоўцаў, узгодненаму з Ядкоўскім.
27 жніўня ў Гродне польская паліцыя затрымала выдаўца пракамуністычных улётак і адозваў, а таксама выдання «Камуністычны голас», якое выходзіла на чатырох мовах — беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай.
27 жніўня ў 17 гадзін, пераходзячы каля рэстарана гасцініцы «Еўропа», гарадзенцы былі здзіўленыя крыкамі і шумам ад бітага посуду. Як высветлілася, гэта была бойка паміж афіцыянтамі.
27 жніўня. З часу безуладдзя перыяду польска-савецкай вайны, калі Гродна ўяўляла сабою «незалежную Рэспубліку», судова-следчыя ўлады, не маючы сваёй касы, пакідалі грошы ў Магістраце. У выніку назбіралася пэўная сума ў рублях ды нямецкіх марках, якія да сёння знаходзяцца ў касе Магістрату і ніхто не мае на іх прэтэнзіі. Нарэшце, Магістрат падлічыў гэтыя грошы і адпраўляе ў судовую касу.
Хаця Германія падпісала капітуляцыю ў лістападзе 1918 года, немцы працягвалі акупаваць Гродна яшчэ нейкі час. Праўда, былі занятыя падрыхтоўкай да эвакуацыі дадому, таму не вельмі ўмешваліся ў жыццё горада. 27 лютага 1919 года прайшлі выбары ў гарадскую раду. На кароткі час паўстаў своеасаблівы феномен, які атрымаў назву «Гродзенская рэспубліка», — тэрыторыя, што фактычна знаходзілася ў распараджэнні гарадскога самакіравання і не вельмі залежала ад нейкіх дзяржаўных уладаў.
27 жніўня ў гродзенскім акружным судзе адбылася дзіўная справа супраць уладальніка складу вяндлінаў Тарасевіча. Яго абвінавачвалі ў незаконным захоўванні мяса ў той час, калі адчуваўся яго востры недахоп у горадзе. Пасля заслухоўвання 40 сведкаў суд вынес апраўдальны прысуд. Сведкі даказалі, што Тарасевіч нават у найцяжэйшыя хвіліны не адмаўляўся ад продажу мясных вырабаў.
Увечары 28 жніўня на рагу вулічы Міцкевіча жанчына вырашыла пакінуць на сходах дома, у якім жыў доктар Малашка, немаўля. Аднак калі тое было заўважана, жанчына са слязамі на вачах прызналася ў сваіх намерах і была дастаўлена ў Камісарыят. Як высветлілася, гэта жыхарка вёскі Грандзічы К.
29 жніўня ў гродзенскіх пякарнях хлеб падаражэў адразу на 3 грошы за кілаграм — «разовы» з 13 да 16 грошаў; «віленскі» — з 30 да 33 грошаў. Падаражанне ўладальнікі пякарань тлумачаць неўраджаем збожжа ў гэтым годзе.
29−31 жніўня на спартыўным стадыёне ІІІ-й вайсковай акругі ў Гродне ладзіўся чэмпіянат па лёгкай атлетыцы.
31 жніўня ў Гродне прайшлі перанесеныя з-за дрэннага надвор’я з 19 жніўня спаборніцтвы па плаванні.
31 жніўня гродзенская паліцыя атрымала тэлефоннае паведамленне ад старасты Лідскага павету пра напад на Свіслач, размешчаную каля Скідзеля. З Гродна былі накіраваныя два цяжкавіка з кулямётам і атрад паліцыі з 35 чалавек. Калі ж гродзенская паліцыя ўжо выехала на месца, то лідскі стараста ператэлефанаваў і паведаміў, што ў Свіслачы не напад, а толькі спрэчка памі двума асаднікамі з-за арэшніку.
1 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё адрамантаванага будынку жаночай гімназіі імя Эміліі Плятэр.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…