Летам журналісты традыцыйна пакутуюць ад недахопу цікавых інфанагод. Так было ў Гродне і 100 гадоў таму. Таму ў чарговым выпуску цыкла гістарычны канал Hrodna 11:27 ахапіў адразу два тыдні - з 8 па 21 ліпеня — каб сабраць паболей цікавостак пра жыццё ў нашым горадзе ў лянівы летні сезон 1924 года.
Як заўсёды, некаторыя зацемкі суправаджаем невялікім каментарыем.
8 ліпеня ў 2 гадзіны з-за неасцярожнага абыходжання з агнём успыхнуў пажар у падвале на плошчы Тэатральнай, 11 у доме Лэйзера Малевіча. Пажарная служба своечасова прыбыла на месца і за лічаныя хвіліны ліквідавала пажар. Людскіх і матэрыяльных стратаў не было.
9 ліпеня. Вядомыя сваёй працай на грамадскай і эканамічнай ніве ўладальнікі Ласоснаў Ягалкоўскія ў найбліжэйшыя дні запусцяць прадзільную фабрыку і фабрыку баваўняных і льняных вырабаў. Справа гэтая, на жаль, пакуль сутыкнулася са значнымі перашкодамі.
9 ліпеня ў 18.30 у Гродне ў будынку староства адбылося пасяджэнне Камітэта па барацьбе з падаражэннем і спекуляцыяй для рэгулявання цэн. Старшынёй абраны Зажыцкі, сакратаром — Мазуркевіч. Кіраўніцтва камітэту — Юзаф Савіцкі, Рубінраўт, Гадлеўская, Цыдзік, Калецкі, Быхта. Была ўтворана рэвізійная Камісія, у якую ўвайшлі Сузановіч, Талкоўскі, Волк-Ланеўскі.
9 ліпеня ў Гродне з плошчы Скідзельскай у жыхара вёскі Абухава Яна Абуховіча скралі каня з возам коштам 500 злотых. Уладзіслава Дубоўскага з завулку Іерусалімскага, 18 затрымалі разам са скрадзеным канём і возам падчас спробы іх продажу іншаму чалавеку. Дубоўскі накіраваны ў суд, а конь і воз вернуты Абуховічу.
9 ліпеня ў Ганны Аксаміт з плошчы Тэатральнай з дому Стральца невядомыя скралі 150 мільёнаў марак наяўнымі.
10 ліпеня адбылося пасяджэнне Гарадской рады. Гродзенцы дамагаюцца вырашэння тэатральнай справы: досыць ужо гульні ў закрытыя карты, досыць такой закуліснай палітыкі, якая можа прывесці да заняпаду тэатра. Прыезд у якасці кандыдата на пасаду дырэктара запрошанага Секежынскага можна трактаваць як прыніжэнне тэатру да шэрагу правінцыйных. У апошні момант Магістрат звярнуўся да некалькіх дырэктароў тэатраў з прапановай дасылаць свае кандыдатуры. На пасяджэнні таксама разглядалі пытанні пра выбар памяшкання для эпідэміялагічнага шпіталя і выбар камісіі для пашырэння электрычнай сеткі ў горадзе.
Пра тое, што жыццё гарадскога тэатра ў Гродне было ў 1920-я гады няпростым, ужо пісалі ў ранейшых выпусках рубрыкі. Напрыклад, акурат у 1924-м здарыўся канфлікт трупы тэатра з дырэктарам Скомпскім, якога пазней адхілілі.
10 ліпеня ў 10 гадзін адбылося ўрачыстае адкрыццё летняга лагера на Фолюшы для моладзі. Лагерам займаюцца вайсковыя ўлады, накіроўваючы дзейнасць на фізічнае развіццё хлопчыкаў. Урачыстае адкрыццё пачалося імшой у гарнізонным касцёле ксяндза Тартылы, які пасля набажэнства прамовіў пропаведзь перад атрадам школьнікаў. У касцёле быў кіраўнік корпусу генерал Бербецкі, шэф штабу палкоўнік Аморскі, кіраўнік 81 пяхотнага палку Вайткевіч, кіраўнік 76 пяхотнага палку Стакальскі, афіцэры штабу, а таксама прэзідэнт Стэмпнеўскі. На касцёльных могілках генерал Бербецкі ў кароткай прамове адзначыў, што ў гэтыя дні ў Рэчы Паспалітай ад пінскіх балот і Дзвіны да Татраў вырастаюць лагеры, у якіх будуць гартаваць будучых ахоўнікаў межаў. Затым прайшоў парад і марш школьнікаў пад кіраўніцтвам каменданта лагера паручніка Кендзерскага на Фолюш.
14 ліпеня ў 19 гадзін мінакі, якія праходзілі берагам Нёмана і плылі па рацэ ў ваколіцах чыгуначнага моста мелі магчымасць назіраць наступнае відовішча. Праз увесь чыгуначны мост бегаў з аднаго края да другога малы сабачка. Паліцэйскія патрулі, змешчаныя на розных баках маста, адпалохвалі яго камянямі і крыкамі, маючы з гэтага вясёлую забаву. Паступова паліцэйскія з абодвух бакоў скарачалі адлегласць, тым самым заціскаючы сабачку, які моцна скавытаў ад болю, калі ў яго траплялі камяні. Мэтаю гэтых гульняў паліцэйскіх было прымусіць сабаку скочыць з маста ў ваду, на што, незважаючы на боль і страх, той не пагаджаўся. Нарэшце, паліцэйскія злавілі сабаку і самыя скінулі яго ў ваду з вышыні 37 метраў.
Праязджаючыя на лодцы гродзенцы, сярод якіх было некалькі жанчын, а таксама кіраўнік мясцовай турмы, здолелі ўратаваць сабаку, які пачаў тануць праз стомленасць і моцны ўдар з такой вышыні. На пытанне, навошта ахоўнікі такое ўчынілі, тыя апраўдваліся, што сабака бегаў на мосце, а гэта забаронена. Кіраўнік турмы паабяцаў скласці рапарт, каб гарадскія ўлады прымянілі ў адносінах ахоўнікаў меры. З гэтага факту бачна, як яшчэ далёка мы знаходзімся па-за еўрапейскай цывілізацыяй і на якім узроўні развіцця культуры знаходзяцца тыя, каму даручана ахоўваць наш спакой.
Чытайце таксама: Што будавалі на Горкага, дзе быў «чортаў масток» і як планавалі новы парк: Гродна 1−7 ліпеня 1924
15 ліпеня на сёмым кіламетры ад станцыі Гродна хуткі цягнік № 701 пераехаў пару коней жыхароў Верцялішкаўскай гміны, прозвішчы якіх пакуль не ўстаноўлены.
15 ліпеня з кватэры Ісаака Рубіновіча з вуліцы Баніфратарскай, 7 быў скрадзены срэбраны гадзіннік коштам у 50 злотых. Затрыманы Канстанцін Скіпар з вёскі Казіміроўка (Верцялішкаўская гміна).
15 ліпеня ў жыце паміж таварнай станцыяй Ласосна і вайсковым пляцам для стрэльбаў было знойдзена цела жаўнера 81 пяхотнага палка з Гродна Тадэвуша Вала. Хутчэй за ўсё, той здзейсніў самагубства з уласнай стрэльбы. Расследаванне праводзіць гродзенская вайсковая жандармерыя.
15 ліпеня ў Гродне пачаліся практычна-метадычныя курс для кандыдатаў у настаўнікі, якія будуць доўжыцца да 30 верасня.
15 ліпеня ў 17.30 у Гродне на плошчы Баторыя аўтамабіль вайсковай школьнай калонны № 571 наехаў на Мендэля Сухаўлянскага, гандляра з вуліцы Казацкай, 64. Сухаўлянскі быў дастаўлены ў габрэйскі шпіталь у Гродне. Расследаванне праводзіць Другі камісарыят у Гродне.
Габрэйскі шпіталь знаходзіўся на сучаснай вуліцы Свярдлова, насупраць ваданапорных вежаў.
15 ліпеня дырэктарам Гродзенскай жаночай гімназіі імя Плятэр быў прызначаны інжынер Багуміл Вількашэўскі, дацэнт Жэнеўскага ўніверсітэта і настаўнік настаўніцкай дзяржаўнай семінарыі імя караля Жыгімонта Аўгуста ў Беластоку.
17 ліпеня. Ужо некалькі дзён як на вуліцы Гараднічанскай, 2 Пётр Акуневіч адкрыў лаўку па продажу ялавічыны. Гэта першы гандаль у гэтай галіне ў Гродне, створаны не габрэямі. Садзейнічае Акуневічу выдатнае размяшчэнне і адсутнасць канкурэнцыі ў гэтым раёне.
Канкурэнцыя паміж яўрэйскімі і неяўрэйскімі гандлярамі была ў міжваенным Гродне вельмі моцнай. Яўрэі дамінавалі ў гандлі і скласці ім альтэрнатыву было вельмі цяжка. Сталыя гродзенцы, якія памяталі міжваенны час, казалі, што «гандаль у горадзе быў цалкам за яўрэямі».
17 ліпеня адбылося чарговае пасяджэнне Гарадской рады, на якім абмяркоўваліся два пытанні. Сярод іх — прызначэнне новым дырэктарам [тэатра] Секежынскага, за што прагаласавалі 12 чалавек, устрымаліся — 7. Кандыдат, прапанаваны Саюзам дырэктароў тэатраў, Рыхлоўскі з Вільні атрымаў 1 голас.
Далей абмяркоўвалі пытанне павелічэння колькасці кропак электрычнага асвятлення ў горадзе. Да такіх раёнаў павінна належыць частка Гродна, якая знаходзіцца за Нёманам, але пакуль там пануе «цямрэча егіпецкая». У дыскусіі па пытанні пашырэння электрычнай сеткі радны Любіч расказаў пра факт уцёкаў з вайсковай вязніцы небяспечнага злачынцы ў бок Падольнай вуліцы, дзе пошукі яго зрабіліся немагчымымі праз цемру.
Аднак пакуль для правядзення святла на левы бераг Нёмана адсутнічае неабходны для гэтага кабель. У якасці альтэрнатывы, Магістрат прапанаваў перанесці на левы бераг Нёмана электрастанцыю чыгункі, наўзамен горад забяспечыць энергіяй чыгунку і вакзал. Нягледзячы на невялікі шанец на поспех, чыгунка таксама зацікаўленая, каб цягнікі з нафтавымі цыстэрнамі асвятляліся падчас іх руху праз «Фарштат».
Радны Панасюк раіў не чакаць з’яўлення ў Гродне асвятлення па заходнееўрапейскім узоры, а лепш прыняць пакуль прымітыўны ўсходнееўрапейскі - стварэнне ліхтароў з бензінай, памятаючы прымаўку: «Лепш верабей у руках, чым журавель у небе».
Для патрэбаў Камітэту па барацьбе з падвышэннем цэн і спекуляцыяй Гарадская рада на прапанову Магістрата вырашыла выдзеліць 100 злотых. Таксама прыступілі да апошніх працаў па заключэнні дамовы з князем Друцкім-Любецкім на ўключэнне ў межы гораду Станіславова і Друцка.
Пра першую гродзенскую электрастанцыю канал Hrodna 11:27 таксама пісаў: даведайцеся больш пра гісторыю электрыфікацыі Гродна.
18 ліпеня. Жыхары вуліцы Пушкінскай звярнуліся ў Магістрат з просьбай паставіць на той ускраіне горада ліхтары. Лічаць, што плацячы нароўні з жыхарамі іншых раёнаў гарадскія падаткі, маюць права на паляпшэнне элементарных патрэбаў для бяспекі. Жудасныя ўмовы злучэння з цэнтрам горада праз вялізны роў па вуліцы Сапёрнай ставіць вуліцу Пушкінскую ў становішча пасынка, але прэтэнзіяў з-за гэтага ніхто не мае, усе ўсё разумеюць.
Магістрат патлумачыў, што не будзе будаваць імправізаванага маста ў гэтым месцы, паколькі ў хуткім часе будзе праведзена цэлая вуліца, якая злучыць гэтыя два раёны, але вулічнага асвятлення тут не прадугледжана. І ўсё ж гродзенцы спадзяюцца, што іх галасы будуць пачутыя.
Вуліца Пушкінская гэта ўсё тая ж вуліца Пушкіна, што і сёння. А дакладней — яе найбольш старая частка, якая ахоплівае фрагмент прыватнага сектару ў Новым свеце. Сапёрнай тады называлі вуліцу Дзяржынскага. Вялізны роў, на які скардзіліся жыхары, гэта, відаць, даліна рэчкі Юрыздыкі.
18 ліпеня апеляцыйны суд у Вільні вынес рашэнне па справе кіраўніка гродзенскага следчага ўпраўлення Пятра Бжэнчкі, абвінавачанага гродзенскай пракуратурай у неправамерным выкарыстанні зброі і асуджанага гродзенскім судом 11 сакавіка на тры месяцы зняволення ў крэпасці. Адвакат абароны Даніловіч у апеляцыйным судзе тлумачыў, што Бжэнчка выконваў свае службовыя абавязкі, у выніку было прынята рашэнне пра вызваленне кіраўніка следчага ўпраўлення Гродна Пятра Бжэнчкі ад усялякай адказнасці.
Кіраўнік следчага ўпраўлення Пётр Бжэчка абвінавачваўся ў забойстве жаўнера Ягелы. Трагічны выпадак здарыўся 15 ліпеня 1922 года, калі вечарам двое жаўнераў Тарганьскі і Ягела вярталіся з Путрышак у Гродна пасля гасцявання. У некалькіх кіламетрах ад Гродна іх нагналі на возе Макарэвіч і Бжэнчка разам з падначаленымі ім паліцэйскім і следчым. Калі паліцэйскія праехала побач з жаўнерамі, то праз 70−80 крокаў спыніліся і загадалі тым «падняць рукі ў гару» ды паказаць дакументы. Ягела пры сабе не меў пропуск на адлучэнне з вайсковай часткі, таму пачаў уцякаць. У выніку паліцэйскія пачалі стральбу, падчас якой ранілі ў руку як Тарганьскага, які нікуды не ўцякаў, так і Ягайлу, які атрымаў раненні ў руку і жывот і праз паўтары гадзіны памёр. Фактычна Бжэнчка браў на сябе віну за сваіх калег, якіх удалося «адмазаць», а судовы працэс над ім зацягнуўся на два гады.
20 ліпеня. У вакне адной з крамаў абутку па вуліцы Брыгідскай, паблізу плошчы Баторыя, была вывешана абвестка пра зніжэнне цэн. Адзін з гродзенцаў зайшоў у краму і быў здзіўлены, што замест зніжаных цэн ён пабачыў такія, што былі вышэйшыя ў параўнанні з іншымі акурат на тыя працэнты, якія пазначаныя як «зніжка». Вось дык зніжка па-гродзенску!
21 ліпеня ў 8.24 праз Гродна з Вільні да Варшавы праязджаў цягнік з чыгуначнікамі з ліку харватаў, славенцаў і сербаў разам з сем’ямі ў колькасці 50 чалавек. Яны ўжо наведалі Белавежскую пушчу. На вакзале іх сустракаў начальнік станцыі «Гродна» Дылікоўскі, чыгуначнікі Яндрусяк, Гардзялкоўскі, кіраўнік тэлеграфу Плішко, чыгуначны дырэктар Глэмбоцкі, а таксама іх намеснікі. Пасля 10-хвіліннага прыпынку госці з’ехалі.
21 ліпеня на Скідзельскай плошчы ў Пелагіі Камінскай з вёскі Кульбакі скралі конскі хамут коштам 30 млн марак.
21 ліпеня. У гэтыя дні чыноўнік Б.Ф., вяртаючыся пасля першай гадзіны ночы з клубу «Муза» дадому на вуліцу Пясковую, адчуў смагу і таму прыгатаваў сабе шклянку вады ды дадаў туды сок. Перад выпіваннем ён выйшаў у суседні пакой, а затым вярнуўся і залпам асушыў шклянку. Толькі выпіўшы змесціва, чыноўнік з жахам заўважыў, што замест сока выпіў шклянку з прыгатаваным субліматам. Ён пачаў клікаць на дапамогу, абудзіў суседзяў, якія пасля аказання спробаў першай дапамогі, спрабавалі паклікаць доктара. Аднак з-за позняга часу зрабіць гэта не атрымалася. Урэшце, ахвяру даставілі ў гарадскі шпіталь, дзе доктар Ліпнік правёў яму ачыстку страўніка. Цяпер спадар Б. пачуваецца нашмат лепш.
Словам сублімат у гутарковай польскай мове называюць хларыд ртуці (інакш — сулему). Гэтае вельмі атрутнае рэчыва выкарыстоўваюць у металургіі або для дэзінфекцыі. Атручванне сулемай можа прывесці да болю горла, жывата, крывавага паносу, паскоранага біцця сэрца і пульсу, а ў асабліва цяжкіх выпадках — і да смерці.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…