У канцы 2024 года Чэхія вярнула грамадзянства Яну і Ларысе Геніюшам. Чэшскі адпаведнік беларускіх органаў ЗАГС вырашыў, што яны ніколі не страчвалі чэхаславацкага грамадзянства. Hrodna.life сабраў успаміны паэткі пра тое, як яе сям’я атрымала і праз год была пазбаўлена грамадзянства Чэхаславакіі.
Ларыса Геніюш — беларуская паэтка, пісьменніца, грамадская дзяячка. У пражскі перыяд жыцця захоўвала архіў Беларускай Народнай Рэспублікі, апекавалася беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі і ваеннапалоннымі. З 1939 года публікавалася ў беларускіх эмігранцкіх перыядычных выданнях.
Пра рашэнне чэшскіх органаў паведаміла Радыё Свабода паўнамоцная прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасці пры ўрадзе Чэхіі Алена Каварава (Ціхановіч). Гэта стала вынікам доўгіх намаганняў, да якіх далучыўся таксама ўнук паэткі Міхал Геніюш, які жыве ў Польшчы.
У 1935 годзе Ларыса Міклашэвіч (дзявочае прозвішча Ларысы Геніюш) ажанілася з Янкам Геніюшам, які навучаўся на медыка ў Празе. Туды ж Ларыса Геніюш пераехала з маленькім сынам Юрыем у 1937 годзе.
«У Ліцьве, у Коўне, спыніўся ўрад БНР у дваццатых гадох, які пасьля запрасілі да сябе чэхі, адначасова прызначыўшы беларусам, як і іншым славянам, дзяржаўныя стыпэндыі для студэнтаў. Беларусы высылалі нелегальна сваіх сыноў… Муж выбраўся туды па навуку ў 22-м годзе«, — узгадвала Геніюш у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Споведзь» (тут і далей — аўтарскі правапіс).
З пачаткам Другой сусветнай вайны і падзелам Польшчы Геніюшы засталіся без грамадзянства. «Пасьля ўпадку Польшчы, якой мы былі грамадзянамі, мы згубілі сваё грамадзянства зусім. Па-нямецку гэта было „штатэнлез“ — знача без грамадзянства. Гэта было ня так непрыемна, як небяспечна».
Новае грамадзянства Геніюшы атрымалі пасля сканчэння Другой сусветнай вайны ў 1947 годзе. «Нас пачалі падганяць, каб мы бралі грамадзянства. Муж хацеў чэскае, аж пішчаў. Вельмі гнаны чужынец, праз усё жыцьцё ён хоць раз хацеў быць грамадзянінам дзяржавы».
На думку паэткі, чэхі выдалі ім грамадзянства, каб яны «не ўзялі другога, калі ўжо не бярэм савецкага. „Е нам цті дат вам обчанстві“ (гонар для нас даць вам грамадзянства), — сказалі нам чэхі, даючы нам яго».
«Чэхі ня проста давалі людзям пасьляваеннае сваё грамадзянства. Яны нас трасьлі-ператрасалі, перавяралі ўсе костачкі й ніякіх грахоў не маглі за намі знайсьці. Было толькі ім не зразумела, чаму за нас, чужынцаў, бяруцца ўсе іх чатыры партыі».
У сакавіку 1948 года Ларысу і Яна Геніюшаў арыштавалі ў Чэхіі. Савецкі Саюз намагаўся, каб іх выдалі, але гэтага не дазвалялі чэшскія законы.
«…калі мы зьяўляемся грамадзянамі ЧСР, а паводле чэскіх законаў няма ў нас віны, нас трэба звольніць і заплаціць нам адшкадаваньне за бяспраўнае зьняволеньне. […] Надзоры пачалі віншаваць нас з надыходзячай свабодай, але… Але саветы, прагныя найбольшай колькасьці ахвяр, нейкім чынам змусілі чэхаў патаптаць свае законы й выдаць нас. Недзе нават камуністы чэскія не згадзіліся бяспраўна адабраць нам грамадзянства і вось даручылі гэта маленькім Прахаціцам (мястэчка на поўдні Чэхіі - Hrodna.life). Як жа было сумна расчароўвацца…«
Такім чынам грамадзянства Геніюшаў пазбавіў Прахаціцкі сельсавет. Пра гэта паэтка з мужам даведаліся ў пражскай паліцэйскай вязніцы.
«Канвой, перадаючы нас, даў нам падпісаць нейкую складзеную ўдвое паперу. Муж падпісваць не згадзіўся й зажадаў, каб яму паказалі, у чым справа. Аказваецца, Прахаціцкі „обэц“ (сельсавет) гэтай паперкай апавяшчаў нас, што менавіта ён пазбаўляе нас чэскага грамадзянства. Што мелі супольнага з намі тыя Прахаціцы, і сяньня не разумею. Ня памятаю, ці мы гэта падпісалі, магчыма, што падпісалі з нейкай ужо тупой абыякавасьці да ўсяго, што нас акружала».
Пасля гэтага Геніюшаў вывезлі ў Савецкі Саюз. Там іх асудзілі на 25 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў, з якіх яны ў выніку адсядзелі восем. Пакаранне паэтка адбывала ў лагерах рэспублік Комі і Мардовіі.
Чытайце таксама: Ларыса Геніюш і нацызм: ці ёсць нешта агульнае?
Савецкае грамадзянства Ларысе Геніюш прапаноўвалі атрымаць яшчэ ў часы пражывання ў Празе. Але яна заўсёды адмаўлялася.
Калі ў 1956 годзе Геніюшы выйшлі на волю, яны намагаліся вярнуць чэхаславацкае грамадзянства і вярнуцца ў гэтую краіну. Яны перапісваліся з амбасадай ЧССР у Маскве, але безвынікова.
«Хто бароніць людзей без грамадзянства? — Бог!» — так у адной з размоваў адказала на пытанне сябра свайго брата Геніюш. «А англійскіх грамадзян бароніць Бог і кароль», — мудра адказаў Сыд… Жаль, я не зразумела тады як належыць разумных слоў братняга друга, дый ён мог бы сказаць мне гэта хоць яшчэ адзін раз, і жыцьцё нашае было б лягчэйшым… «.
Пасля вяртання са сталінскіх лагераў Геніюшы пасяліліся ў пасёлку Зэльва Гродзенскай вобласці, дзе жылі да смерці. Янка Геніюш памёр у 1979 годзе, Ларыса — у 1983. Пры гэтым поўнай рэабілітацыі так і не адбылося — ні ў савецкія часы, ні ў незалежнай Беларусі, хаця прадпрыймаліся дзве спробы ў 1999 і 2017 гадах.
У 2003 годзе на тэрыторыі царквы Святой Тройцы ў Зэльве, прыхаджанкай якой была Ларыса Геніюш, усталявалі помнік паэтцы. Праз 20 гадоў, у сакавіку 2023, гэты помнік дэмантавалі. Гэта стала вынікам нападак на памяць аб паэтцы прапагандысткі Вольгі Бандаравай.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 4 студзеня 2025 года ўзнагародзіў Ральфа Лорэна Прэзідэнцкім Медалём Свабоды за…
Кіра пайшла на агульную сустрэчу з партнёркамі свайго хлопца, каб пазнаёміцца з імі. Зміцер пайшоў…
Каляды, Новы год, Раство - час сямейных сустрэч. А ці добра ты разумееш сваякоў? Як…
У гістарычным цэнтры Гродна засталося ўсяго некалькі дзясяткаў цікавых кафляных печак, якія ўпрыгожваюць інтэр'еры старых…
Чытанне кніг у няпросты час дапамагае перамагчы ўласную немату - прызнаваліся некаторыя героі Hrodna.life. Рэдакцыя…
На тэрыторыі былога водазабору ў Пышках будуюць гасцінічны комплекс. Гатэль будзе вытрыманы ў касмічнай стылістыцы,…