Калі падчас паўзы ў чэмпіянаце Беларусі гродзенскі «Нёман» практычна не папоўніў свой склад новымі гульцамі, то ў групе падтрымкі чырвона-чорных «Icebereg» прайшлі вялікія змены. У нядзелю 10 лютага ў лядовым палацы прайшоў кастынг новых удзельніц. Больш за 20 дзяўчат прыйшлі ў гэты вечар, каб паспрабаваць сябе ў ролі чэрлідараў.

Жадаючых заводзіць трыбуны падчас хакейных матчаў у Гродне аказалася дастаткова. Заяўкі даслалі больш за 30 дзяўчат, на прагляд прыйшло менш. У некаторых ужо была харэаграфічная і спартыўная падрыхтоўка.

Асноўнымі патрабаваннямі да ўдзельніц кастынгу былі: рост не ніжэй 168 см, харэаграфічная падрыхтоўка і яркая знешнасць.

Не за хлопцамі, а за эмоцыямі: у лядовым прайшоў кастынг у групу падтрымкі хакейнага "Нёмана"

Адбіралі дзяўчат кіраўнік групы падтрымкі Наталля Вялічка, прэс-аташэ «Нёмана» Віталь Гарбацюк, кіраўнік фан-руху Сяргей Емяльянаў, спартыўны журналіст Яўген Лебедзь і гулец каманды Арцём Ляўша.

«Мне прапанавалі дапамагчы ў адборы і я не адмовіўся, — распавядае Арцём Ляўша. — У такім удзельнічаю ўпершыню і гэта адказна.
Апошняе слова ў адборы, вядома, за настаўнікам групы падтрымкі Наталляй. Мы — хакеісты — падчас гульні не заўсёды заўважаем дзяўчат, якія нас падтрымліваюць. Усё сканцэнтраваныя на гульні. Але трэба разумець, што яны патрэбныя больш заўзятарам».

Не за хлопцамі, а за эмоцыямі: у лядовым прайшоў кастынг у групу падтрымкі хакейнага "Нёмана"

У гісторыі хапае выпадкаў, калі дзяўчаты з групы падтрымкі сустракаліся, а пасля і выходзілі замуж за хакеістаў. У Арцёма ёсць дзяўчына, але хакеіст адзначае, што яркія танцоркі ў лядовым могуць спадабацца іншым хакеістам.

Самі дзяўчаты кажуць, што прыйшлі на кастынг не за мужам-хакеістам, а каб трапіць у асноўны склад групы падтрымкі і за новымі эмоцыямі.

«Мне 19 гадоў і я прыйшла на кастынг, таму што люблю танцаваць, — распавядае дзяўчына Вікторыя. — Пра гэта мерапрыемства даведалася ад сяброўкі, якая ўжо танцуе. Я вельмі хачу патрапіць у групу падтрымкі і хачу танцаваць на хакеі. Вопыт перад вялікай аўдыторыяй у мяне ўжо быў, так што страху ніякага няма. Да дзяўчат я прыйшла ў першую чаргу за новымі эмоцыямі, а не за хлопцамі на лёдзе».

Вікторыя, як і іншыя 11 дзяўчат, была адабрана ў групу падтрымкі. З новага тыдня яны пачнуць трэніроўкі і неўзабаве выступяць у лядовым.

Кіраўнік групы падтрымкі Наталля Вялічка трымае сваіх чэрлідараў у яжовых рукавіцах, карае за пропуск трэніроўкі без паважнай прычыны і забараняе заводзіць раманы з хакеістамі і заўзятарамі.

«Мы вырашылі правесці кастынг у новым фармаце, раней не праводзілі такога. Магчыма, не былі ўпэўненыя ў сабе і ў дзяўчатах, што яны прыйдуць, — распавядае Наталля. — Я лічыла, што ім прасцей мне напісаць і прыйсці на трэніроўку, а кастынг гэта больш эмацыйны падзея. Але, як аказалася, ім прасцей прыйсці на кастынг.

Колькасцю канкурсантак мы задаволеныя, адабралі найлепшых, з якімі цяпер пачнем падрыхтоўку. Асноўныя крытэрыі, па якіх мы адбіралі, былі звязаны з ростам, узростам і уменнем танцаваць. Касцюмы ў нас дастаткова адкрытыя, таму знешнасць і параметры павінны адпавядаць".

Дзяўчатам з групы падтрымкі хакейны «Нёман» прадастаўляе бясплатны фітнес тры разы на тыдзень, заняткі ў трэнажорнай зале, абанемент на масавае катанне на лёдзе, фотасесію і ганарар за кожны матч — 15 рублёў.

Бліжэйшыя матчы «Нёмана» пройдуць у Гродне 12 лютага з «Шахцёрам», 14 і 16 з «Юнацтвам».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life