Каманда гродзенцаў больш за тыдзень уласнымі сіламі робіць ахоўныя экраны для медыкаў, якія на перадавой змагаюцца з COVID-19. Прадукцыю валанцёры друкуюць на 3D-друкарках, наразаюць на лазерных станках, а потым развозяць па медустановах.

Усё пачалося ў Мінску ў пачатку красавіка, калі каманда «Хакерспэйса» (майстэрня, дзе робяць робатаў, дронаў, праграмуюць і распрацоўваюць розныя тэхнічныя праекты) наладзіла невялікую вытворчасць. Яны пачалі друкаваць на 3D-друкарках ахоўныя экраны для лекараў бальніц і паліклінік. За некалькі сутак яны знайшлі 40 друкарак, сабралі 8000 рублёў і сталі штодня перадаваць партыі ахоўных масак у мінскія бальніцы.

У Гродне таксама знайшліся хлопцы, якія па прыкладзе «Хакерспэйса», стварылі канал у тэлеграме і наладзілі сваю вытворчасць ахоўных экранаў.

Знойдзецца справа для кожнага

Зараз у гродзенскай камандзе больш за 20 чалавек. У дзень яны вырабляюць каля 100 экранаў і развозяць іх па медыцынскіх установах горада.

Сваёй гісторыяй дзеліцца айцішнік Аляксей Асабін.

«Адпаведная экіпіроўка — гэта галоўны сродак абароны. Растучы лік захварэлых на каранавірус медыкаў кажа аб іх недахопе. Артыкул пра мінскі клуб „Хакерспэйс“ паказаў, што дапамагчы нашым медыкам можа кожны. Тыя, у каго ёсць 3D-друкаркі, могуць друкаваць шчыткі, перахаднікі з пластыку. Уладальнікі лазерных станкоў могуць наразаць візары. Справа знойдзецца для кожнага», — кажа Аляксей.

Пачыналі з чатырох экранаў

Аляксей распавядае, што вытворчасць экранаў на першы погляд здаецца нескладанай. Насамрэч справе гэта доўгі працэс: на 3D-друкарцы друкуюцца дужкі, на лазерным станку выразаецца визор — пластыкавы экран. Апошні штрых — зборка. На друк адной дэталі сыходзіць да трох гадзін.

«Я звярнуўся да мінскага клуба з прапановай дапамагчы, бо ў мяне быў свой 3D-прынтар. Аказалася, такіх было некалькі чалавек з Гродна. Пазней нашы стварылі асобны канал «Хакерспэйса» для Гродна і вобласці. Цяпер нас у сярэднім 20−25 чалавек. Хтосьці сыходзіць, нехта прыходзіць. Ёсць чалавек, які, жадаючы дапамагчы, купіў новы прынтар і далучыўся да друкароў. Мы вітаем усіх неабыякавых.

У першы дзень колькасць вырабленых шчыткоў не моцна ўражвала, шмат матэрыялу сыходзіла ва ўтыль, даводзілася наладжваць параметры і аптымізаваць працэс. Тым, у каго не атрымлівалася, стараліся дапамагаць. У першы дзень мы змаглі перадаць 4 шчыткі ў абласную бальніцу.

Цяпер у кожнага атрымліваецца друкаваць розную колькасць дужак для шчыткоў: у сярэднім 8−10 у дзень. Акрамя гэтага мы робім шчыткі, нарэзаныя цалкам з празрыстага ліста ПЭТ на лазерным станку. Нядаўна мінскія калегі перадалі нам новую мадэль ахоўных шчыткоў - флопі. Іх вытворчасць патрабуе нашмат менш часу. Цяпер мы кожны дзень перадаем медыкам больш за 100 шчыткоў".

Ёсць спонсары, але робяць і за свае грошы

Усе свае дзеянні члены каманды каардынуюць у тэлеграм-канале. У кожнага свая роля.

«Усё пачынаецца з набыцця матэрыялу. Частку сродкаў нам далі спонсары: кампанія AFRANS, праграміст Юрый, які пажадаў застацца інкогніта, і іншыя. Таксама мы выкарыстоўваем свае асабістыя сродкі. Вялікі аб’ём матэрыялу нам дасылае мінскі клуб», — распавядае Аляксей.

Лазернікі наразаюць з лістоў візары і часткі флопі экранаў. Нешта збіраюць на месцы, штосьці аддаюць на зборку валанцёрам. Уладальнікі аўтамабіляў дастаўляюць экраны.

«У мае задачы ўваходзіць забіраць візары ў лазернікаў, забіраць гатовыя дужкі ў друкароў, апрацоўваць і збіраць гатовыя вырабы», — кажа Аляксей.

"Урачы на ​​перадавой, нам трэба іх абараніць". Як гродзенцы робяць для медыкаў ахоўныя экраны
Валанцёры збіраюць экраны ў «Цэнтры гарадскога жыцця»

Патрэбна не слава, а здаровыя медыкі

Аляксей адзначае, што медыкам забаронена размаўляць з журналістамі без згоды кіраўніцтва. Таму ў медыя прадстаўлены розныя, часам супярэчлівыя звесткі аб іх забяспечанасці сродкамі індывідуальнай абароны.

«Аддаючы шчыткі, мы чуем не толькі словы падзякі, але і даведваемся аб рэальнай сітуацыі. Зараз дэфіцыт паступова памяншаецца. Мы рады, што ўносім сваю долю ў гэты працэс. Хлопцы і дзяўчаты з нашай каманды зладжана працуюць. Нам не патрэбна слава, нам патрэбныя здаровыя медыкі».

"Урачы на ​​перадавой, нам трэба іх абараніць". Як гродзенцы робяць для медыкаў ахоўныя экраны
Гатовы экран

«Дапамагаем, бо можам»

У Яўгена Малішэўскага ёсць вытворчасць па вырабе вонкавай рэкламы. З-за каранавіруса заказаў няма і хлопец вырашыў дапамагаць медыкам. На лазерным станку ён наразае экраны.

«На лазарном станку можна вырабляць поўны цыкл шчыткоў. У маю задачу ўваходзіць нарэзка. На чатыры шчыткі сыходзіць арыентыровачна 14 хвілін. Чаму я гэтым займаюся? Напэўна, па той жа прычыне, што і іншыя валанцёры. Сёння ёсць вострая неабходнасць у такіх ахоўных шчытах. Я ведаю, у мяне сваякі працуюць у медыцыне. Калі ёсць неабходнасць, то трэба дапамагаць. Мы дапамагаем, таму што можам».

«Урачы на ​​перадавой, нам трэба іх абараніць»

Урач-псіхатэрапеўт Марыя Глазкова курыруе працу каманды. У яе функцыі ўваходзіць апрацоўка запытаў, пошук спонсараў, распаўсюд інфармацыі аб тым, дзе і як атрымаць дапамогу, каардынацыя дастаўкі і размеркавання шчыткоў.

«Я як лекар разумею, якую небяспеку ўяўляе вірус. Наша сістэма аховы здароўя не гатовая да такой эпідэміі, як зрэшты і ў іншых краінах. Лекары на перадавой, нам трэба іх абараніць. Такія невялікія групы ў кожным горадзе, як наша, могуць хутка адрэагаваць на запыты медыкаў. Многія работнікі баяцца звяртацца па дапамогу, баючыся карных захадаў з боку адміністрацыі. Але нам трэба захаваць і абараніць іх здароўе, каб яны маглі ў будучыні абараніць нас».

Як можна дапамагчы?

Камандзе гродзенскіх валанцёраў можа дапамагчы кожны, у каго ёсць 3D-прынтар або станок для лазернай рэзкі. Таксама можна дапамагчы пастаўкай пластыку для вырабу ахоўных шчыткоў або пералічыць сродкі на рахункі мінскіх валанцёраў «Хакерспэйс» (пазначыць «дапамога для Гродна»).


Чытайце таксама: Часть Грандичского рынка закрыли на карантин. Руководство отрицает, доставка подтверждает

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life