Спадчына

Дзе прызямліўся Хрыстос? Да дыскусіі пра Гародню і Горадню

Публікацыя гісторыка Міколы Волкава пра паходжанне назваў «Горадня» і «Гародня» актуалізавала даўнюю спрэчку, які з гэтых варыянтаў усё ж больш правільны і абгрунтаваны. Волкаў пагаджаецца з распаўсюджаным меркаваннем: назву «Гародня» стварыў Уладзімір Караткевіч, і гэтая назва не абгрунтавана гістарычна. Але некаторыя гродзенцы лічаць менавіта «Гародню» найбольш правільнай назвай горада.

У межах дыскусіі перадрукоўваем ранейшы артыкул Уладзіміра Хільмановіча «Дзе прызямліўся Хрыстос: да эстэтыкі Гародні і Горадні». У ім аўтар сцвярджае, што варыянт «Горадня» — штучны і ненатуральны.


Многія беларускія гарады маюць зараз розныя варыянты вымаўлення і напісання. Але калі для беларускамоўных носьбітаў няма ніякага сумневу ў варыянтах, прыкладам, Менск, Мёры ці Полацак, то гораду над Нёманам, які афіцыйна называецца сёння Гродна, сапраўды не пашанцавала. За апошнія сто пяцьдзясят гадоў у асяродках беларускамоўных людзей ён меў хіба шэсць-сем варыянтаў назову (Гарадзен, Гарадзень, Гродня, Гародня, Горадна, Горадня).

Бясспрэчным можна лічыць факт, што першасная назва гораду над Нёманам была мужчынскага роду. Прычым найверагодней, што летапісная назва Городенъ вымаўлялася і чыталася як Гарадзен, магчыма як Гародзен і найменш верагодна, што Горадзен. Паходжанне назвы насамрэч вельмі простае: умацаванае, агароджанае паселішча. Старажытны Гарадзен ці Гародзен ад дзеяслова «гарадзіць», а ніяк не ад назоўніка «горад».

Да нашых дзён дажылі і актыўна ўкараняюцца ў беларускамоўных асяродках толькі два — «Гародня» і «Горадня». Насуперак распаўсюджанаму міфу, што «Гародню» прыдумаў Уладзімір Караткевіч, гэтыя формы ўзніклі фактычна адначасна і актыўна культываваліся ў пачатку 20 стагоддзя.

Прыхільнікі гэтых варыянтаў знаходзяцца ў стане «непрымірымых» апанентаў. Варыянт «Горадня» папулярны сярод менчукоў, яго настойліва культывуюць незалежнае тэлебачанне «Белсат» і Радыё Свабода. Форму «Гародня», якая пераважае ў горадзе над Нёманам у беларускамоўных асяродках, паслядоўна ўкараняюць Беларускае Радыё Рацыя, «Гарадзенская праваабарона», выдавецкая ініцыятыва «Гарадзенская бібліятэка», курсы «Мова нанова», іншыя ініцыятывы.

Гэтае спрэчнае пытанне наймення гораду можна разглядаць у розных плоскасцях: гістарычнай, мовазнаўчай, эстэтычнай, практычнай. Што да гісторыкаў, то найбольш грунтоўная праца на гэты конт — даследаванне гарадзенскага знаўцы, доктара навук Юры Гардзеева (кніга «Тапанімія старажытнай Гародні (ХІІ-ХVІІІ стст.)»). З мовазнаўцаў ніхто дагэтуль не напісаў больш грунтоўнага артыкулу, чым Юры Пацюпа.

Хто і дзе пісаў «Гародня»: аналіз літаратуры

Але пакінем зараз у баку гісторыкаў і мовазнаўцаў, паміж якімі няма згоды і адзінства ў гэтай праблеме і звернемся толькі да эстэтычнага боку пытання. Аўтар гэтага артыкулу пастараўся максімальна «пералапаціць» мастацкія творы ў назвах якіх і ў самых тэкстах згадваецца назва гораду. І вось што атрымалася ў выніку такога пошуку і параўнання ўжытку «Гародні» і «Горадні»:

Максім Багдановіч: «І жалобна, сумна трубы ў Гародні граюць».

Янка Купала: «Трубы ў Гародні смутна запелі».

Уладзімір Караткевіч: «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Апанас Цыхун: «І чуе, як трубы Гародні гудуць», «Над Гародняй праходзяць стагоддзі».

Данута Бічэль-Загнетава: «Гародня», «Максімаў домік у Гародні», «Маленькі хлопчык, будучы паэт, з Гародні едзе ў няблізкі свет», «Добра нам з Бонкай гуляць па старажытнай Гародні», «Толькі патопу баяцца не трэба — вельмі высока ў Гародні масты».

Кастусь Цвірка: «Ад Драгічына да Гародні пашукайце нашы сляды».

Уладзімір Шурпа: «Як вярнуся ў Гародню я…».

Аляксандр Раманаў (друкаваўся пад чужым прозвішчам — Юры Кісялеўскі): З вершу «Гародня: «Палюбіў гэты горад увесь, да апошняе рыскі. І калі застаюся з Гародняй адзін на адзін…». Кампазітар Аляксандр Чопчыц стварыў на гэты верш песню, якая была папулярная на гарадзенскіх фэстах пачатку 1990-ых.

Уладзімір Някляеў: «Трое з Менску, з Бярэсьця, з Гародні…». Верш стаў ведамай песняй, якую выконвае Зміцер Вайцюшкевіч.

Міхась Скобла: «У гордай гаротнай Гародні».

Іван Буднік: «Гародня — на векі вякоў».

Яўген Петрашэвіч: «Вязуць у Гародню з Менску тавары каштоўныя», «А ў Гародні царкву ўзводзяць».

Алесь Чобат: «Замова белагаловай на мурах у Гародні», «Месца Гародня застаецца вялікай сцэнай…».

Янка Трацяк: «Пад Гародняй былі шведы, ды Гародня — не Палтава», «Сніцца Пацюпу горад Гародня».

Ала Петрушкевіч: «Над Гародняй плыве пяшчота», «У нашай прамоклай Гародні».

Віктар Шалкевіч: «У Гародні дождж». Вельмі папулярная песня барда.

Сяргей Чыгрын: «Максім Багдановіч хоча ў Гародню».

Рычард Бялячыц: «Прымай, Гародня, падарунак», «На плошчы набожнай Гародні».

Святлана Куль: «Гародня любая», «…дзыгарнік меў прыбытак у Гародні», «блукаць па вуліцах Гародні ценем».

Уладзімір Захараў: «Пяе над Гародняй гітара».

Сяргей Астраўцоў: «…па дарозе не страціла імпэту, прыхавала для Гародні».

Мечыслаў Курыловіч: «…Гародні голас Божы».

Галіна Самойла: «Гародня — гэта жанчына, такая розная ў сваёй жаноцкасці…Гародня — гэта школьніца з хвосцікам і заплечнікам».

Віктар Сазонаў: «Ноч у Гародні кіне цень». Верш стаў песняй.

Мікола Канановіч: «Любіў Гародню я ў юнацтве, не ведаючы ніц пра Беларусь».

Анатоль Валюк: «Гародня спіць, ноч у тумане тоне».

Юры Гумянюк: «У Бэтлееме нарадзіцца, у Гародні спачываць», «Крывёй ахвяраў захлынаецца Гародня», «Калі Гародня рэстаўруе сваё ўлоньне».

Анатоль Брусевіч: «Светлыя вуліцы нашай Гародні старой», «Белымі вершамі воблакі плывуць над Гародняю», «Над Гародняй у розных кірунках праплываюць аблокаў карункі».

Ганна Аўчыннікава: «Няўтульныя хмары вісяць над Гародняй», «Па Гародні блукае змярканне».

Вольга Агапонава: «Чулі і сёння рэха мінулага, голас заходні, голас Гародні», «Пакутлівы стогн саксафона ў Гародні».

Аксана Спрынчан: «На вуснах — Наваградак і Гародня, І хто іх пачуў - каралеўне родны». Верш стаў песняй.

Леанід Дранько-Майсюк: «Пад Гародняю і пад Воршаю беларуская прыгажосць».

Арганічна ўжылася «Гародня» і ў моладзевай контркультуры. Варта тут згадаць культавы панк-гурт свайго часу — гарадзенскі «Кальян» — яго кампазіцыю «Гародня» з рэфрэнам «Я абвяшчаю Гародню незалежнай!». Іншы, папулярны ва ўсёй Беларусі гарадзенскі гурт «Dzieciuki, выконвае песню з назвай менавіта «Гародня», а адзін з альбомаў гурта так і называецца «Радыё Harodnia».

Прыгадаю яшчэ тут рэпрэсаванага ў сталінскі час празаіка Аляксандра Функа, які абраў сабе псеўданім Алесь Гародня.

У сваіх лістах Васіль Быкаў пісаў «Гародня»: «Увосень быў у Гародні» (з ліста да Іны Карпюк).

А дзе сустракаецца «Горадня»?

Адзін пералік трох дзясяткаў знакамітых і вельмі вядомых аўтараў яскрава сведчыць пра выразны эстэтычны выбар майстроў прыгожага пісьменства. Не думаю, што нехта зможа прыкласці цытатнік на адваротную карысць. Таму што аўтараў вершаваных твораў, якія ўжылі варыянт «Горадня», можна пералічыць на пальцах адной рукі - такое рэдкае напісанне ўдалося знайсці ў вершах Валянціна Дубатоўкі, Валеры Руселіка (у яго адпаведная песня), Алеся Кіркевіча, аднойчы — у згаданага Івана Будніка («Сталеў у Горадні Дудар»).

Карыстаўся найменнем Горадня выдатны беларускі дзеяч і мовазнавец Вацлаў Ластоўскі («На Каложы ў Горадні»). Аднак Ластоўскі вельмі мала быў звязаны з горадам над Нёманам і наўрад ці можа тут выступіць аўтарытэтам. Варыянт Горадня якраз актыўна культывавалі некаторыя дзеячы БНР (можна прыгадаць яшчэ Аркадзя Смоліча), але фактычна ўсе яны паходзілі з іншых рэгіёнаў Беларусі.

Паэт Юрась Пацюпа назваў адзін з сваіх вершаў «Горадна» (1990 год), хоць, як прызнаецца аўтар, першасная назва верша была менавіта «Гародня» і менавіта ёй аддае ён свой не толькі мовазнаўчы, але і эстэтычны прыярытэт.

Выснова прыходзіць сама па сабе: паэты і пісьменнікі свой выбар зрабілі даўно, можна сказаць выбар на роўні падсвядомасці і адчування мовы. Варыянт «Гародня» абсалютна гарманічны для беларускай мовы, арганічна рыфмуецца, «грае і ззяе» на літаратурным сонцы. Варыянт жа «Горадня» штучны, «цяжкастраўны» і ненатуральны. І каб не настойлівая культывацыя з боку некаторых сталічных філолагаў і гісторыкаў, даўно б выпаў з ужытку.

Уладзімір Хільмановіч

Чытайце таксама: Чаму ўсё ж Горадня, а не Гародня? Патлумачыў гісторык Мікола Волкаў

Падзяліцца

Апошнія запісы

Што вядома пра начальніка турмы ў Гродне, які трапіў пад санкцыі?

Начальнік турмы №1 Гродна Павел Казакоў пасля пратэстаў 2020 года трапляе ў навіны ў сувязі…

4 лютага 2025

Палац у Свяцку, Святое балота і крыж Біспінга: якія таямнічыя мясціны ў Гродне і ваколіцах звязаныя з паўстаннем 1863−1864 гадоў

Схаваныя ў балоце скарбы, вусцішная смерць у Новым замку, невядомыя магілы - гісторыя паўстання 1863-1864 гадоў багатая…

1 лютага 2025

Хто такі таямнічы Кель, чыім прозвішчам было распісана ўсё Гродна ў 90-х?

Надпіс “Кель петух” добра памятаюць гродзенцы старэйшага пакалення. Гэтыя два словы і малюнак-піктаграмка ў выглядзе…

1 лютага 2025

«Муж на родах? Глупства!» Задалі адны і тыя ж пытанні беларускам, якія нараджалі ў Беларусі і Польшчы

Алена і Ксенія (імёны зменены) сталі мамамі з розніцай у два гады, але Ксенія нараджала…

30 студзеня 2025

Эмігрантка стварыла беларускія палічкі ў варшаўскіх бібліятэках і трапіла ў Vogue

Дзяўчына з Палесся зрабіла беларускія паліцы ў варшаўскіх бібліятэках, дала інтэрв’ю Vogue Polska і паспрыяла…

29 студзеня 2025

Шоты і прусы: якія народы жылі на Гродзеншчыне і як яны тут апынуліся

На тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў мінулым жылі не толькі беларусы. Напрыклад, яшчэ ў XII стагоддзі…

29 студзеня 2025