Калі б вы апынуліся ў Гродне часоў паўстання Тадэвуша Касцюшкі ці паходу Напалеона на Расію і сказалі каму-небудзь, што ў яго «да халеры грошай» або, «каб яго халера забрала», то вас бы ніхто не зразумеў. Тады халеры, гэтай страшнай хваробы, якую пасля назвалі «чумой 19-га стагоддзя», проста не існавала.
Літаральна праз некалькі гадоў халера пранеслася праз усе кантыненты, забіўшы дзясяткі мільёнаў людзей і парушыўшы сацыяльныя інстытуты грамадства. Не абмінула яна і Гродзеншчыну, прабіўшы ў насельніцтве самую вялікую за ўсё 19 стагоддзе дэмаграфічную дзіру.
Халера — вострае інфекцыйнае захворванне. Выклікае яго халерны вібрыён — бактэрыя, якая ў звычайным сваім стане выконвае вельмі важную для экасістэмы планеты функцыю — «з'ядае» дзясяткі мільёнаў тон хіцінавых покрываў рачкоў, якія жывуць у акіяне. Бактэрыя гэтая доўгія стагоддзі была няшкоднай для чалавека, бо з ім мала сутыкалася, але ў пачатку 19 стагоддзя чалавек пачаў актыўна засвойваць мангравыя балоты дэльты Ганга, дзе халерны вібрыён жыве ў вялізнай колькасці.
У дадатку ў 1815 г. выбухнуў інданезійскі вулкан Тамбора, які настолькі закрыў сваім попелам планету ад Сонца, што ў 1816 г. лета амаль не было. Змены клімату і шчыльны кантакт з людзмі прывялі да таго, што халерны вібрыён прыстасаваўся да чалавека.
Людзі не ведалі ад чаго бярэцца халера (а насамрэч вібрыён трапляе ў чалавека праз ваду) і думалі што ўся шкода ад міязмаў - шкоднага паветра балотаў або адходаў чалавека. Адным словам — калі не чуеш дрэннага паху, то і не захварэеш, але аказалася зусім іначай.
Калі дакладна з’явілася халера на Гродзеншчыне — невядома. На суседняй Валыні яе выпадкі фіксаваліся ўжо ў канцы лета 1830 года. Аднак лічыцца, што яе разнеслі па нашых землях дзясяткі тысяч расійскіх жаўнераў, якія ў пачатку 1831 г. перапраўляліся сюды з Азіі і Прычарнамор’я, каб душыць паўстанне супраць цара, якое пачалося ў Польшчы, Літве і Беларусі ў канцы 1830 года.
Халера касіла не толькі жаўнераў-шарагоўцаў, але і генералаў. У канцы мая 1831 г. ад халеры памёр пасланы душыць паўстанне расійскі генерал Іван Дзібіч-Забалканскі (насамрэч немец Ганс Дзібіч), а ў пачатку чэрвеня ў Віцебску халера ўсяго за 15 гадзін забіла брата цара Мікалая І Канстанціна Паўлавіча.
І вось халера апанавала Гродзеншчыну. Гэта быў сапраўдны Апакаліпсіс. Людзі паміралі дзясяткамі. Ідзе сабе чалавек па дарозе, тут у яго пачынаецца мацнейшы боль у жываце і літаральна праз некалькі гадзін ён ужо або мёртвы, або ляжыць на зямлі, высахлы і пасінелы і мала чым адрозніваецца ад мерцвяка.
Халера ўмомант адрадзіла сярод вяскоўцаў старадаўнія паганскія звычаі і павер'і. Людзей, якія прыходзілі ў вёску і не маглі толкам патлумачыць, хто яны такія, падазравалі ў вядзьмарстве і меркавалі, што яны разносяць халеру. З імі ашалелыя ад страху людзі паступалі вельмі жорстка.
Прыкладам сяляне вёскі Кавалевічы на Слонімшчыне закапалі падазраваную ў распаўсюджванні халеры сялянку Праскоўю Шведаву жыўцом у зямлю, пахаваўшы яе як вядзьмарку разам з пеўнем і варонай. Далей сяляне займаліся тым, што ткалі чырвоную нітку і абносілі ёй вёску і ставілі спецыяльны крыж. Такі напалову хрысціянскі, напалову паганскі звычай таксама павінен быў абараніць паселішча ад ведзьмакоў, якія перакрочыць праз чырвоную нітку не маглі.
Сацыяльная кастастрофа тычылася не толькі сялян, але і гараджанаў. Людзям страшна было бачыць як чалавек, які толькі ранкам паеў папулярнага ў нас «бацьвіння з лёдам» (халаднічок, дзе ў вадзе яўна жылі халерныя вібрыёны), раптам падаў на зямлю і паміраў ва ўласных фекаліях. Пры тым абязводжаны чалавек мог адразу і не памерці, людзей часта хавалі яшчэ жывымі.
Што маглі супрацьпаставіць хваробе ўлады? Напрыклад, на ўваходах у Гродна паставілі каранціны, дзе ўсіх, хто ўязджаў у горад, вымушалі акурвацца каля спецыяльных вогнішчаў, каб забіць шкодныя міазмы. Каля гэтых акурвальных вогнішчаў часта ўзнікалі патасоўкі нават з панажоўшчынай.
Колькі памерла гродзенцаў ад халеры ў 1830−1832 гг. — невядома. Лічба памерлых жыхароў губерні складала тысячы, а разам з расійскімі салдатамі магчыма і дзясяткі тысяч чалавек.
Халера ізноў наведвала нашыя землі ў 1848 і 1854−1855 гг. Тое таксама хутчэй за ўсё было звязана з тым, што праз нашыя землі праходзіла маса расійскіх салдат, якія ў 1848 г. вырушылі давіць «вясну народаў» у Еўропе, а ў 1854 г. ішлі на Крымскую вайну.
У 1855 г. па ўсёй Гродзенскай губерні захварэла на халеру 14 857 чалавек, з іх вылечылася 9500, а памерла 5357 чалавек. Смяротнасць складала каля 30%. Выходзіла, што ў 1848 і 1854−1855 гг. смяротнасць ад халеры на Гродзеншчыне складала 11−12% усіх смерцяў. Даследчык Гродзеншчыны генерал Павел Баброўскі ацэньваў колькасць памерлых ад халеры ў 1840−50-х гадах на Гродзеншчыне больш чым у 13 000 чалавек. Адной з самых знакамітых ахвяраў пандэміі халеры 1855 года стаў ураджэнец Навагрудчыны «прарок польскага народа» Адам Міцкевіч. Праўда, смерць напаткала яго не на Радзіме, але ў Стамбуле.
Абсалютна жахлівыя лічбы па смяротнасці ад халеры можна адшукаць па вайсковым шпіталі ў Брэсце. Паміж 1848 і 1860 гадамі туды паступіла 2988 хворых на халеру салдат, з іх памерла 2764 чалавекі, а выжыла толькі 224! Смяротнасць даходзіла да 92%, гэта вельмі шмат нават для тых часоў.
Такая смяротнасць была звязаная з пачварнай антысанітарыяй у вайсковых шпіталях і шпіталях наогул. Хворых салдат спецыяльна не ізалявалі, трымалі ў вельмі гарачых пратопленых памяшканнях, лячылі гарчычнікамі (!) і самае галоўнае, толкам не запяспечвалі чыстай вадой і мыючымі сродкамі. Толькі пасля халерных катастрофаў расійскія ўлады заклапоціліся пабудовай у Новым Замку у Гродне, дзе быў вайсковы шпіталь, адносна нармальнай сістэмы каналізацыі.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…