Спадчына

Найлепшая парфумерка свету нарадзілася пад Навагрудкам: гісторыя Сафіі Гройсман

8 сакавіка 1945 года ў Любчы пад Навагрудкам нарадзілася жанчына, чый выраб пабіў у продажы легендарны Chanel № 5. The New York Times назвала яе «найлепшым носам Амерыкі». Hrodna.life узгадвае шлях да поспеху Сафіі Гройсман (Ходаш).

Ад дзяўчынкі з беларускай правінцыі да віцэ-прэзідэнткі амерыканскай кампаніі

Соф’я нарадзілася ў беднай сям’ёй былых партызан Ходашаў. З Любчы Ходашы перабраліся ў Навагрудак, а адтуль у 1960-м эмігравалі ў Польшчу. Там Сафія вывучылася на хіміка. Там жа яна пазнаёмілася з мужам. Пражыўшы ў новай краіне пяць год, яна з бацькамі і мужам адпраўляецца за акіян. Запрашэнне ў ЗША выслала яўрэйская сям’я, якую бацькі Сафіі выратавалі ў час вайны.

Сафія Гройсман са сваёй сястрой і бацькам, на караблі, па дарозе з Польшчы ў Амерыку. Фота з асабістага архіва Сафіі Гройсман / runyweb.com

У Амерыцы Сафія пачала працу лабаранткай у канцэрне International Flavors&Fragrances — адным з лідараў па вытворчасці парфумерыі. Аднойчы яна з лёгкасцю знайшла памылку ў існуючай формуле і выправіла яе. Яе прафесійная кваліфікацыя аказалася вышэй, чым ад яе чакалі. Сафія пачала сама складаць новыя парфумерныя кампазіцыі, працавала над іх паляпшэннем, даводзячы формулы да ідэалу. Яе прага да эксперыментаў, якія мелі поспех, звярнула на сябе ўвагу. З часам Сафія стала віцэ-прэзідэнткай кампаніі IFF.

«Каралева руж» з Беларусі

Асаблівасць парфумерных кампазіцый Гройсман у тым, што яны складаюцца з 4−7 кампанентаў, у той час калі большасць парфумераў выкарыстоўвае сотні. А яе фірмовая нота — ружа, за што яе празвалі «Каралевай руж».

Самую папулярную ў свеце парфуму — Lancome «Tresor» (франц. скарб) — Сафія стварала для сябе. А аднойчы, убачыўшы італьянскую акторку Ізабелу Раселіні, падумала, што гэты пах б ёй пасаваў. Праз некаторы час на сустрэчы з прадстаўнікамі кампаніі Lancome Сафія прапанавала ім сваю парфуму, якая тады называлася «№ 2933». Ужо пазней яна атрымала назву, якую будзе ведаць увесь свет. Паўтара года парфумерка працавала над паляпшэннем формулы, але вярнулася да пачатковага варыянта.

Чытайце таксама: Узгадваем лёс Ральфа Ларэна — сына эмігрантаў з Гродна і Пінска

Тагачасная Каралева Гішпаніі называла «Tresor» сваёй любімай парфумай, а Ізабела Раселіні - сваім фірмовым водарам на ўсе часы і выпадкі. Парфумерны рэсурс The Perfume Society на сваім сайце піша пра Гройсман як пра «Пікасо ў свеце парфумерыі».

Парфума так прыйшлася даспадобы жанчынам ва ўсім свеце, што абагнала па продажах легендарны Chanel № 5. Пры гэтым яна застаецца актуальнай дзесяцігоддзямі: «Tresor» уваходзіць у топы найпапулярнейшых парфумаў і сёння. Знайсці яе можна ў кожнай парфумернай краме свету.

Сафія Гройсман і брэнды

У розныя часы Сафія Гройсман стварала парфумы для такіх брэндаў, як Bvlgari, Boucheron, Calvin Klein, Christian Lacroix, Clinique, Estee Lauder, Frederic Malle, Karl Lagerfeld, Kenzo, Lalique, Lancome, Oscar de la Renta, Yves Rocher, Yves Saint Laurent і іншых.

Пенелопа Круз у рэкламнай кампаніі Lancome. Крыніца: nezdeluxe.pl

У 1994 і ў 1999 гадах Гройсман атрымала ўзнагароды Асацыяцыі жанчын-кіраўнікоў у сферы вытворчасці касметыкі за вялікі ўклад у парфумерную індустрыю.

Гройсман не забывае пра Беларусь

Сама Гройсман не раз падкрэслівала сваё беларускае паходжанне, узгадваючы сваё дзяцінства і кветкі, якія яго атачалі.

«Беларусы — народ вельмі добры, сумленны, таварыскі. Паміж людзьмі чалавечныя адносіны, адзін другому заўсёды дапаможа. Беларусы — як маленькая сям’я: яны ўмеюць любіць адно аднаго. Таму для мяне пах Беларусі - гэта празрыстасць, свежасць і дабрыня», — казала яна.

У 2006 годзе Сафія Гройсман упершыню пасля эміграцыі наведала Беларусь і сваю малую радзіму — Любчу. І нават знайшла дом, у якім вырасла.

«Калі я сышла з трапа самалёта на гэтую зямлю, то ў мяне зашчыміла сэрца. Я адчула, што была ўжо тут, што гэта мая радзіма. Словамі гэтага не апісаць. Я плакала. І цяпер вось успамінаю і плачу. Я ганаруся, што нарадзілася ў Беларусі», — казала Сафія Гройсман.

Мікалай Наваградскі

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Самый нежный весенний праздник». Як жанчын Гродна віншуюць з 8 сакавіка і што з гэтымі віншаваннямі не так?

Сацсеткі да Міжнароднага дня жанчын 8 сакавіка перапоўненыя віншаваннямі “мілых дам” і “цудоўнай паловы чалавецтва”.…

8 сакавіка 2025

Гродзенцы назвалі любімыя шаўрмічныя горада

Гродзенка Святлана Васіленка пацікавілася ў Threads, дзе гараджане ядуць шаурму. Hrodna.life вывучыў адказы гродзенцаў і…

5 сакавіка 2025

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025