Да Ігара Субоціна людзі часта нясуць самае дарагое, што ў іх ёсць. Адны – ювелірныя упрыгожанні, другія – вершаваныя радкі. Амаль 27 гадоў ён працуе ювелірам, больш за 10 – піша вершы і афарызмы, а тры гады таму заснаваў у Гродне літаратурную кавярню. Сумяшчаць працу і творчасць не складана, бо “і тое, і тое – паэзія”.  

Паміж ланцужкамі і рыфмамі

“Тут у мяне ўсё сумясцілася – і майстэрня, і працоўны кабінет”. Асноўная частка вершаў, па словах Ігара, і пішацца за працай. Прыходзяць думкі – чаму, адкуль – не да пытанняў. Трэба іх адразу запісаць. Гэтага правіла майстар трымаецца нават у сне. Бывае, што “накрывае” і ўначы. Трэба ўставаць і пісаць. Інакш – сыдуць знаходкі, як вада ў пясок.

Праца рукамі і праца творчая адна другой не шкодзяць.“Калі любіш справу і працуеш для людзей з душой, то гэта – таксама паэзія”. Аднаму найлепшы падарунак – верш, іншаму – адрамантаваны ланцужок.

“І напісаць верш, і адрамантаваць ланцужок – паэзія”. Гродзенскі ювелір пра творчасць, працу і сапраўдныя каштоўнасці

Ювелірнай дакладнасці патрабуе і адно, і другое. Але гэта якраз у характары майстра. “У мяне жылка такая, інакш не магу.”

Без права на памылку

У рукі да ювеліра часта трапляюць рэчы дарагія і каштоўныя. Ігару Субоціну даводзілася аднаўляць свяшчэнны пацір з Уладзімірскай царквы і рабіць гравіроўку на гадзінніку коштам пад дзесяць тысяч долараў. Гэта прывучыла майстра ставіцца да коштаў і каштоўнасцяў прафесійна і па-філасофску.

«У такіх выпадках спрацоўвае падвойная адказнасць. Разумееш, што права на памылку няма. Калі рэч мае даўнюю гісторыю, то праца набывае яшчэ і духоўны складнік».

“І напісаць верш, і адрамантаваць ланцужок – паэзія”. Гродзенскі ювелір пра творчасць, працу і сапраўдныя каштоўнасці

Але каштоўнасць рэчы для майстра часта вызначае не толькі цана металаў ці каменьчыкаў. Золата і плаціна для ювеліра – такія ж мінералы, як і астатнія. За доўгі час працы яны робяцца прывычнымі. Мо праз тое каштоўнасць эмоцый і пачуццяў ювелір лічыць значна больш высокай.

Булыжнік даражэй за дыямант

«Рабіў неяк брошку. Жанчына прынесла звычайны булыжнік. Папрасіла аздобіць каменчык у выглядзе павука. Памятаю, як гартаў каталогі ў пошуках формы, суставы на лапках рабіў, вочкі. Тая праца запомнілася, хаця ніякай аб’ектыўнай каштоўнасці камень не меў».

Апроч ювелірнай дакладнасці не абыйсціся майстру-паэту без ведання чалавечай душы. Яе Ігар Субоцін навучыўся чытаць не толькі ў вершах, але і ва ўпрыгожваннях.

“І напісаць верш, і адрамантаваць ланцужок – паэзія”. Гродзенскі ювелір пра творчасць, працу і сапраўдныя каштоўнасці

«Бывае, людзі нядбайна ставяцца да ювелірных упрыгожанняў. Дзіўна бачыць дарагія рэчы пагнутымі ці падрапанымі. Напэўна, дабрабыт такому чалавеку даўся лёгка, таму не цэніцца. А ёсць людзі, што да кожнага моманту жыцця ставяцца, як да каштоўнага дара. У такіх і рэчы інакш выглядаюць».

Ад “Стрыпціза” да “Розуму” праз каханне

Першая кніга вершаў і афарызмаў “Стриптиз души” была напісана па начах. “У той час спаць даводзілася не больш за пару гадзін на дзень”, – узгадвае Ігар. Летась выйшла ўжо чацвёртая кніга ювеліра – “Странствия разума”.

“Кожная кніжка – гэта мой брыльянцік. Як дыямант утвараецца з алмаза, так усё, што ўва мне назапасілася, абточваецца ў такі каменчык. Зараз думаю, шмат што засталося сырым, з нейкімі думкамі ўжо не пагаджаюся, але на той час гэта быў вынік творчасці».

“І напісаць верш, і адрамантаваць ланцужок – паэзія”. Гродзенскі ювелір пра творчасць, працу і сапраўдныя каштоўнасці

На пытанне, адкуль узяліся тры тысячы афарызмаў і шматлікія вершы, аўтар адказвае, што “ствараюць нашы душы, мы толькі пасярэднікі”. На вяршынях эмацыйных перажыванняў, яго меркаваннем, адкрываюцца блакіроўкі свядомасці падымаецца плынь думак. А падвесці да вяршынь можа… каханне.

“У сваіх кнігах пра гэта таксама пісаў. Што чалавек складаецца з душы, розуму і цела. І што сапраўднае каханне яднае ўсе часткі. Душа кахае з першага погляду. Калі не думаеш, як гэта жанчына катлеты будзе жарыць. Розум стварае сяброўства і павагу. Цела патрабуе жарсцяў. Калі здольны трымаць усё разам, то прыходзіць узнагарода, з’яўляецца дар. А потым як пачнеш, то ўжо і спыніцца нельга”.

Творчасць пры “Свечках”

Вакол Ігара Субоціна тры гады таму сабраліся сябры-аднадумцы. Так утварыўся паэтычная суполка – літаратурная кавярня “Три свечи”. “Зараз нашы людзі, гледачы, паэты. артысты, сталі ,як родныя. Сустракаемся, чытаем вершы, адзначаем святы, выдаем літаратурны альманах”. Знайсці вершы суполкі можна ў сеціве. “Некаторыя апасаюцца змяшчаць творы ў інтэрнэце, каб нехта “не пазычыў”. А на маю думку – хай вершы ідуць да людзей. Раз дадзены такі дар, ім трэба дзяліцца”.

“І напісаць верш, і адрамантаваць ланцужок – паэзія”. Гродзенскі ювелір пра творчасць, працу і сапраўдныя каштоўнасці