Гродзенскі шклозавод выйшаў на прыбытковую працу. Пакупку канкурэнта з Ялізава на прадпрыемстве лічаць апраўданай.

Naviny.by пабывалі ў гродзенскіх шкляроў і паглядзелі, як яны працуюць.

Гродзенскі шклозавод выйшаў на прыбытковую працу, купіў канкурэнта-банкрута і не шкадуе

На заводзе ў Гродна — усё яшчэ святочная атмасфера. Па лініі бягуць бутэлькі для шампанскага. Шклярам ёсць чаму радавацца. Прадпрыемства ў два разы нарасціла выручку ў параўнанні з 2017 годам, калі яна склала звыш 26 млн рублёў. Рэнтабельнасць вырасла з 5,1% да 9%.

«Адыходзячы год прадпрыемства спрацавала прыбыткова», — распавядае менеджэр па камунікацыях ААТ «Гродзенскі шклозавод» Наста Антанавіч, але не раскрывае лічбы. А вось 2017 год прадпрыемства скончыла са стратай у 3 млн рублёў.

Паляпшэнне фінансавых паказчыкаў у Гродна звязваюць з купляй шклозавода ў Ялізава, які ўваходзіў у склад аўстрыйскага холдынгу ATEC Holding GmbH бізнесоўца Аляксандра Мураўёва.

У красавіку 2016 года Ялізаўскі шклозавод прызналі банкрутам, праз некалькі месяцаў на 11 гадоў пазбаўлення волі за махлярства і падатковыя злачынства асудзілі Аляксандра Мураўёва. У красавіку 2018 года прадпрыемства-банкрут з прыцягненнем крэдытаў за 36 млн рублёў выкупіў Гродзенскі шклозавод.

«У цэлым, праца прадпрыемства апраўдвае ўкладанні, аднак ёсць і вузкія месцы, над якімі мы працуем», — адзначае Анастасія Антонавіч.

За кошт куплі канкурэнта на Гродзенскім заводзе з’явіўся новы від прадукцыі - банка. У Ялізава выпускаюць 110 млн штук у год. Акрамя таго, завод пашырыў свае магутнасці па выпуску бутэлек. На двух пляцоўках цяпер могуць вырабляць парадку 170 млн штук. Для параўнання: магутнасці гомельскага канкурэнта «БелСтеклоПром» складаюць 220 млн бутэлек у год. У Гродне таксама робяць узорыстае шкло, якое, у асноўным, прадаецца ў Расію.

Гродзенскі шклозавод выйшаў на прыбытковую працу, купіў канкурэнта-банкрута і не шкадуе

У якасці сыравіны для вытворчасці шкляных вырабаў на заводзе выкарыстоўваецца шыхта (пясок, сода) і шклабой. Доля шклабою за апошнія гады вырасла з 15−25% да 60%. На якасць гэта не ўплывае, але атрымліваецца эканомія на сыравіне, запэўніваюць на заводзе.

У Гродне збіраюцца нарошчваць патэнцыял за кошт мадэрнізацыі завода ў Ялізава. Увесну гэтага года там будзе перааснашчана адна з вытворчых ліній. Пасля яе ўводу на заводзе асвояць метад вузкагорлавага прэсавыдування, што дазволіць вырабляць палегчаную тару без пагаршэння яе якасці, а таксама павялічыць хуткасць шклофармуючых машын і асвоіць новыя тыпы вырабаў.

«Раскрываць дэталі не будзем, бо збольшага яны маюць прыкметы камерцыйнай таямніцы, аднак скажам, што інвестыцыі плануецца ажыццявіць сур’ёзныя, а дадзеная мадэрнізацыя павялічыць прамысловы, камерцыйны і фінансавы патэнцыял філіяла, дасць магчымасць павысіць яго канкурэнтаздольнасць на ўнутраным і знешніх рынках», — распавядае Анастасія Антанавіч.

Прастору для значнага росту на гродзенскім заводзе таксама бачаць у сусветным трэндзе, які заключаецца ў стабільна высокім узроўні спажывання шклатары. У Еўропе, напрыклад, практычна не знайсці піва ў пластыку, яно лiчыцца нізкагатункавым, распавядае Анастасія Антанавіч. Паводле яе слоў, напоі ў поліэтылене шкодныя для здароўя, а пластыкавая тара — для экалогіі.

Гродзенскі шклозавод выйшаў на прыбытковую працу, купіў канкурэнта-банкрута і не шкадуе

Дарэчы, нядаўна прэзідэнт Беларусі выказаў ідэю паступова адмаўляцца ад выкарыстання пластыкавай тары і пераходзіць на шкло. На Гродзенскім заводзе гэтую прапанову падтрымліваюць «рукамі і нагамі», але падкрэсліваюць, што гэта далёкая перспектыва.

Зараз мясцовыя вытворцы здольныя забяспечыць толькі палову патрэбаў рынку ў шкляной тары.

«Ідэя правільная і абгрунтаваная. Як з пункту гледжання экалогіі, так і ў імкненні знізіць алкагалізацыю насельніцтва. Вядома, гэта далёкая перспектыва, але мы ўжо адзначаем рост спажывання напояў у шкле. Магчыма, гэта звязана са свядомым выбарам спажыўца», — кажа менеджар па камунікацыях Гродзенскага шклозавода.

Як робяць бутэлькі

Шкляную тару робяць з так званай шкломасы. Яе рыхтуюць з шыхты (сумесь пяску з содай) і шклабою з даданнем фарбавальніка. Тэмпература ў шклаварнай печы дасягае 1500 градусаў.

Затым звараная шкломаса паступае ў кропельны пітацель, прызначаны для дазіроўкі яе ў форме кропель у шклофармуючую машыну. Сваю форму будучая бутэлька набывае ў секцыйнай машыне метадам падвойнага выдзімання. Затым бутэльку для надання шклу трываласці абпальваюць у спецыяльнай печы.

Пасля астуджэння ўся тара праходзіць аўтаматычны і візуальны кантроль і адпраўляецца на ўпакоўку.

Візіт на ААТ «Гродзенскі шклозавод» быў арганізаваны Цэнтрам экалагічных рашэнняў у рамках інфармацыйнай дыскусіі «Перспектыўныя напрамкі абыходжання з адходамі ў Беларусі на нацыянальным і рэгіянальным узроўні».