Гродзенскі раён Новы свет у бліжэйшы час страціць чарговыя старыя дамы. Іх жыхарам ужо прыйшлі паведамленні аб канфіскацыі зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб і зносе размешчаных на іх аб’ектаў. У будучыні на адрэзку вуліц Горкага, Ватуціна і 17 Верасня з’явіцца медыцынска-гасцінічны комплекс. Уладальнікам дамоў абяцаюць даць новыя кватэры. Як жыхары ўнікальнага раёна ставяцца да перасялення, даведваўся карэспандэнт Hrodna.life.
Першы наш аповяд — пра карэнную гродзенку, жыхарку дома па Ватуціна, 6 — Ніну Іосіфаўну Сямёнаву. Яна нарадзілася 26 верасня 1923 года ў Гродна і тут пражыла ўсё жыццё.
Першыя два класы Ніна Іосіфаўна правучылася ў нямецкай прыватнай школе, якая знаходзілася на скрыжаванні сучасных вуліц Кірава і Гараднічанскай. Потым вучылася ў школе пры мужчынскай семінарыі Бернардынскага кляштара, а пасля 6 класа паступіла ў жаночую прыватную гімназію імя Эміліі Плятэр, у якой вучылася да 1939 года. Сёння бабуля — адна з апошніх вучаніц вядомай калісьці гімназіі. Усё сваё жыццё Ніна Іосіфаўна працавала медыкам, яе стаж склаў 42 гады.«Я ўсё жыццё пражыла ў сваім доме, тут жадаю і памерці. Але сёння мой участак стаў Каштоўным, бо знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Але ўладам аддаваць я яго не збіраюся, — распавядае Ніна Іосіфаўна. — Дом на гэтай тэрыторыі ў 1913 годзе пабудаваў мой дзядуля Ганчарук Рыгор Францавіч (1867−1916) на тагачаснай вуліцы Пушкіна, пры паляках Жэромскага. Дзед быў старастай Сафійскага сабора. Будаваў ён дом для маёй мамы Балдоўскай Веры Іванаўны (1903−1995), якая прапрацавала ўсё жыццё бухгалтарам у гродзенскай інфекцыйнай бальніцы.
Родны дом мая сям’я пакідала толькі аднойчы — падчас Першай сусветнай вайны, але пасля мы вярнуліся. Яшчэ ў польскі перыяд наш дом быў крайнім на вуліцы — далей было толькі поле. Вады ў нас доўгі час не было, то мы хадзілі за ёй на іншыя вуліцы. А правялі нам ваду толькі ў 1930-х гадах, калі пачалася забудова дамоў польскіх афіцэраў".
Мама Ніны Іосіфаўны разышлася з мужам рана, калі маленькай гродзенцы было ўсяго 4 гады. Але без карміцеля сям’я не бедавала.
«Бацька сышоў і забраў усе зберажэнні. Але мы выжылі. У 1930-х гадах жылі за кошт таго, што здавалі ў арэнду наш ўчастак зямлі з сядзібай Стрэльчыках, цяпер гэта памежная тэрыторыя Польшчы і Беларусі. За грошы з арэнды мы жылі. І, варта адзначыць, няблага. Акрамя грошай арандатар нам пастаянна прывозіў прадукты. На жыццё не скардзіліся.
Я любіла даваенны Гродна, асабліва царкву Аляксандра Неўскага. Памятаю, часта туды заходзіла перад вучобай і захаплялася ўбранствам. Але мы жылі ў такі час, што ўвесь час нешта мянялася, розная ўлада і розныя законы".
Ніна Іосіфаўна распавядае, што ў верасні 1939 гады гродзенцы тры дні біліся і не пускалі ў горад савецкую армію. Менавіта тады пры абароне горада загінулі многія гараджане. Ніна Іосіфаўна, нягледзячы на тое, што была ў харцежах [польскія скаўты — рэд.], удзелу ў абароне Гродна не прымала.
«Тады загінулі многія маладыя хлопцы, якіх я ведала. Страшнае відовішча. Памятаю, што на скрыжаванні цяперашніх вуліц Ажэшкі і Сацыялістычнай разам з сяброўкай мы ўбачылі падбіты савецкі танк з мёртвымі танкістам. Недалёка ад іх ляжаў мой знаёмы Уладзіслаў Пузаноўскі, які з намі вучыўся.
Нічога не зробіш, нам прыйшлося ўжывацца з новай уладай, хоць мы і прызвычаіліся да ўсяго польскага. Першы час было нязвыкла, бо ў крамах нічога не было, а калі было — то ўсё аднолькавае. А раней у нас быў заўсёды вялікі выбар прадуктаў і рэчаў".
З новай уладай пачаліся рэпрэсіі, многіх жыхароў раёна «Новы свет» саслалі за сувязь з польскім урадам або паставілі таўро «кулак». Пад рэпрэсіі магла трапіць і сям’я Ніны Іосіфаўны, але ім пашанцавала.
«Дзіўна, але нас кулакамі не прызналі, хоць мы і зямлю здавалі ў арэнду. Нас і нашага арандатара ніхто не „здаў“ і дзякуй Богу. Пасля прадстаўнікі новай улады пачалі прыходзіць да ўсіх дадому і вымяраць пабудовы. І калі норма перавышала, то дом дзялілі, а сям'і адной маглі пакінуць усяго толькі маленькую кладоўку. Але нам пашанцавала, дом пакінулі нашай сям'і, так як па нормах усё было добра. У той момант мы жылі ўтрох: я, мама і бабуля».
Не паспелі гродзенцы прызвычаіцца да саветаў, як горад у 1941 годзе занялі немцы. У перыяд акупацыі Ніна Іосіфаўна з’ехала ў горад Ульянаўск. Мама яе засталася ў Гродне і дапамагала шматлікім гараджанам выжыць.
«Немцы хутка занялі Гродна, але ў гэты час я была эвакуіравана ва Ульянаўск, на тое былі прычыны, пра якія не хачу казаць. У Гродна я вярнулася ў 1946 годзе. Горад моцна разбураны не быў. За выключэннем некалькіх будынкаў у цэнтры горада, моста і іншых пабудоў. Жыхароў засталося мала. Многіх маіх знаёмых і сяброў саслалі, хтосьці з’ехаў у Польшчу, а габрэяў у горадзе наогул практычна не было — яны загінулі ў Халакост. Памятаю, да мамы прыйшоў адзін габрэй і падзякаваў за дапамогу ў час вайны. Ён сказаў, што збіраецца з’ехаць у Ізраіль, і ў знак сваёй падзякі падарыў маме сямейную рэліквію — падсвечнікі. Нягледзячы на вайну і страты, горад працягваў жыць і развівацца».
У 1949 годзе Ніна Іосіфаўна выйшла замуж за ваеннага, які пры гэтым быў мастаком і скульптарам. Яго звалі Сямёнаў Ігар Васільевіч (1909−1961). Менавіта гэты чалавек з’яўляецца аўтарам помніка загінулым воінам і партызанам у парку Жылібера.
«Так, вядомы мастак Сямёнаў быў маім мужам. Мы пажаніліся, калі яму было 39 гадоў, а мне 26. Мы любілі адзін аднаго. Добры ён быў чалавек і вельмі таленавіты. У канцы 1940-х яго папрасілі зрабіць помнік у цэнтры Гродна на месцы пахавання загінулых салдат. І ўжо ў 1949 годзе помнік паставілі ў парку Жылібера. За гэтую працу Ігар атрымаў 12 тысяч рублёў. Памятаю, што мы дома на Ватуціна адзначалі гэтую падзею, было столькі гасцей і пры гэтым вядомых асоб».
У пасляваенныя гады ў доме Ніны Іосіфаўны на Ватуціна пабывала шмат вядомых асоб. Ад музыкаў да мастакоў і пісьменнікаў. У свой час тут два тыдні жыў і Васіль Быкаў.
«Ваську Быкава я добра ведала. Зусім нядаўна ўспамінала, як ён у нас жыў са сваёй жонкай. Справа ў тым, што Быкава ў пасляваенныя гады ніхто яшчэ не ведаў. Ён пасля інстытута прыехаў з Надзяй у Гродна, яго мабыць, сюды накіравалі ў „Гродзенскую праўду“. Рэдакцыя газеты ў пачатку 1950-х знаходзілася на вуліцы Алега Кашавога [сучасная Вялікая Траецкая — рэд]. А ў майго мужа Ігара была насупраць рэдакцыі мастацкая майстэрня. Там яны з Быкавым і пазнаёміліся. На той момант хлопцу і яго жонцы не было дзе жыць — гасцініцы былі перапоўненыя, ну Ігар і прывёў іх да нас дадому. Два тыдні яны ў нас жылі. Добры быў час. Дарэчы, частым гасцем у нашым доме быў і вядомы пісьменнік Міхась Васілёк».
Муж Ніны Іосіфаўны Ігар памёр рана, у 1961 годзе. На яго пахаванне сабралася шмат людзей. У знак павагі. Усё яшчэ маладая Ніна Іосіфаўна не выйшла больш замуж.
«Нягледзячы на страту, я працягвала жыць і працаваць у шпіталі. Жылі мы з мамай у роднай хаце, бралі часам кватарантаў. Мама пражыла доўгае жыццё і памерла ў 93 гады. Я ж хутка буду адзначаць свой 94-ы дзень нараджэння і хацелася б далей жыць у роднай хаце на вуліцы Ватуціна і радавацца родным мясцінам. Гэта мая зямля, якую мы купілі ў пачатку XX стагоддзя і я карэнная гродзенка. Я тут нарадзілася, тут і памру».
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …