Пра «лесвіцу закаханых» — спуск ад замкаў да Нёмана — расказваюць розныя гісторыі. Насамрэч ёй менш за сто гадоў, але за гэты час яна не раз змяняла выгляд. І сённяшняя лесвіца — зусім не тая, што запамяталася гродзенцам, напрыклад, з 1990-х. Расказваем гісторыю гэтага месца.
На гродзенскім форуме ёсць цэлая тэма, прысвечаная пытанню: чаму лесвіца паміж замкамі называецца «лесвіцай закаханых». Версіі самыя розныя. Напрыклад, закаханы хлопец павінен быў падняцца з дзяўчынай на руках да самага верха і толькі потым пары было гарантаванае шчаслівае жыццё.
Ёсць і зусім дзікія аповесці: «А я слышал про то как неродивых слуг заставляли бежать вниз, а на пролетах другие с кумачами (???) их били (любили) — и если добежит до Немана и нырнет — то жив останеться. Ежели упадет — на кол.» Такая вось сумная гісторыя. Тут ужо і не да кахання!
Небяспечнае месца
У старадаўнія часы ніякай лесвіцы ад моста паміж замкамі да Нёмана не існавала. Былі драўляныя прыступкі, якія спускаліся да… прыватнай сядзібы. Уся прастора ад вусця Гараднічанкі аж да Пральнага завулка (неіснуючы роў паміж драмтэатрам і новым замкам) была занята паасобнымі гаспадаркамі, вельмі беднымі ды яшчэ і ў небяспечным месцы.
Паступова праблемы пачалі адчуваць і замкі. У 1926 г. абрынуўся кавалак Новага замка разам з размешчанымі там туалетамі, праз год — частка гары Старога замка. Зямля ўцякла ў аднаго жаўнера проста з-пад ног. Ад знікнення ў нёманскіх хвалях яго выратаваў калючы дрот агароджы. Жаўнер павіс на дроце на вышыні пяці метраў.
Будаваў будучы герой вайны
У 1928 годзе гродзенскія ўлады разам з вайскоўцамі, якім належалі тады замкі, узяліся за справу. Паўстаў камітэт па справах старога замка, адшукаліся сродкі на будаўніцтва бульвара. З боку войска найбольшую ўвагу да будоўлі бульвара праявіў генерал Францішак Клеберг — будучы герой вайны 1939 г.
Будова ішла не асабліва імкліва, тым больш што ў 1932 і 1933 гг. вясной свежаўзведзены бульвар залівалі і часткова змывалі хвалі ракі. У працэсе будаўніцта паўстала праблема са зносам дамоў, якія туліліся на так званым Падзамчы. Улады пачалі выплочваць уласнікам каму 700, а каму і 1000 злотых ды даваць кавалкі зямлі на вуліцы Горнай. Восенню 1934 г. на бульвары запалілі ліхтары. Цудоўным дадаткам да бульвара павінна была стаць шырокая лесвіца ад моста паміж замкамі да берага ракі.
Набярэжная, якой не мела Вільня
Бульвар быў адкрыты і стаў сапраўдным гонарам Гродна. Як напісаў віленскі публіцыст Юзаф Мацкевіч: «Знаходжуся на прыгожай набярэжнай, якой не мае таксама Вільня. Яна бяжыць уздоўж Нёмана каля самой вады». У апошнія перадваенныя гады бульвар рэгулярна трапляў на паштоўкі, а над ім польскія ўлады паціху ўмацоўвалі сцены Старога Замка.
Разваленая, але рамантычная
Праз нейкі час пасля вайны лесвіцу закаханых досыць грунтоўна перабудавалі, надаўшы ёй характэрны для сталінскай эпохі выгляд. Адбылося тое найперш шляхам дадання бетонных вазаў для кветак. Праўда, на самой лесвіцы той рамонт мала адбіўся і да пачатку 1960-х яна ізноў выглядала досыць занядбанай. Таму яе ізноў і ізноў пару разоў рамантавалі, выкарыстаўшы нават як план падчас здымкаў фільма «Рудабельская рэспубліка».
Саўчанка-style
У 2005 годзе вакол лесвіцы высеклі дрэвы і праз тры гады саму старую лесвіцу амаль дашчэнту развалілі, замяніўшы канструкцыяй у стылі тагачаснага старшыні гродзенскага аблвыканама Уладзміра Саўчанкі - шмат граніту, бетону і жалеза.
Ад польскай лесвіцы ў стылі функцыяналізму і ад савецкай у сталінскім ампіры застаўся адзін успамін. Цікава, што колькасць прыступак засталася тая самая — 122 + 5 бліжэй моста паміж замкамі.
Сёння на лесвіцы паміж старым і новым замкамі асабліва не паабдымаешся. Ні дрэваў, ні кустоў няма, а ў дадатку зверху на замкавай гары цяжкая будаўнічая тэхніка закручвае сваі… Ну, але лесвіцу гродзенцы па-ранейшаму называюць лесвіцай кахання.