Старшыня гродзенскага аддзялення партыі БНФ падаў іск супраць тэлерадыёкампаніі «Гродна» пасля выхаду сюжэта «Маршем в никуда». Папярэдняе судовае паседжанне па справе абароны горану, годнасці і дзелавой рэпутацыі прайшло 6 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна.
Сюжэт выйшаў на тэлебачанні пасля Маршаў недармаедаў і паказаў прыватнае жыццё некаторых арганізатараў акцый пратэсту. Вадзім Саранчукоў кажа, што звесткі, прадстаўленыя там, абражаюць яго гонар, годнасць і шкодзяць дзелавой рэпутацыі. Прадстаўнікі «Беларусь 4» з іскам не згодныя і кажуць, што іх выказванні пра Саранчукова — мастацкая крытыка.
— Я патрабую, каб мне былі прынеслі прабачэнні, каб быў выдалены сюжэт з YouTube, каб у эфіры гродзенскага тэлебачання прагучалі абвяржэнні непраўдзівай інфармацыі, якая была заяўлена пра мяне: што я нібыта не займаюся рамесніцкай дзейнасцю, што я зарэгістраваўся як рамеснік, каб пазбегнуць адказнасці па Дэкрэце № 3. Я лічу, што гэта абражае мой гонар і годнасць і наносіць шкоду дзелавой рэпутацыі, — кажа Вадзім Саранчукоў.
У фільме сцвярджаецца, што ён не працаваў больш за 10 гадоў, карыстаецца льготамі «ненавіснай дзяржавы», рамеснікам стаў, каб не выплочваць падатак як дармаед і ніхто не бачыў яго майстэрні і вырабаў. Паводле аўтараў фільму, Вадзім можа не працаваць, бо «ўзяў жонку з багатай сям'і» і мае ўтульную кватэрку ў цэнтры Гродна.
Тэлерадыёкампанію «Гродна» прадстаўляў юрыcт Барыс Кунцэвіч. Два журналісты з ТРК здымалі залу суда перад паседжаннем, але не прысутначалі на ім і чакалі ў калідоры. Барыс Кунцэвіч прадставіў пярэчанне на іск, дзе спасылаўся на тэхнічныя моманты: напрыклад, канал «Беларусь 4» не можа быць адказчыкам, бо такога каналу не існуе, а існуе «Беларусь 4 Гродна».
Найбольш увагі ў судзе надалі пытанню, ці з’яўляецца Вадзім Саранчукоў рамеснікам. У якасці доказаў Барыс Кунцэвіч прадставіў копіі падручнікаў 1986-га году, дзе апісана тэхналогія апрацоўкі шкла, якая патрабуе наяўнасці майстэрні і пэўных мер бяспекі. Саранчукоў кажа, што тэхналогіі з тых часоў змяніліся, і яму не патрэбна майстэрня, каб ствараць шкляныя выбары. Падручнікі да справы не далучылі.
Барыс Кунцэвіч даводзіў, што выказванні ў фільме пра Саранчукова як рамесніка — гэта мастацкая крытыка. Ён казаў, што журналісты правялі апытанне ў творчым асяроддзі Гродна і аказалася, што такога рамесніка ніхто не ведае. Таксама журналісты аб’ехалі рамесныя крамы і не знайшлі там вырабаў, якія, паводле Барыса, павінны быць падпісаны аўтарам.
Падчас працэсу стала вядома, што Саранчукоў зарэгістраваны ў падатковай інспекцыі Кастрычніцкага раёну як рамеснік. Адказваючы на пытанні суддзі Ксеніі Стасюкевіч, Саранчукоў падрабязна апісаў працэс роспісу па шкле і прапанаваў правесці майстар-клас у судзе. А таксама паабяцаў прынесці на судовае паседжанне скрыншоты прыкладаў вырабаў са старонкі ў Фэйсбуку і арыгіналы дамоваў з крамамі, дзе прадаюцца яго творы. У канцы паседжання прадстаўнік ТРК прызнаў Саранчукова рамеснікам.
Асноўнае судовае паседжанне адбудзецца 14 ліпеня ў 10.40. Прадстаўнік гродзенскага тэлебачання адмовіўся ад каментароў да канца працэсу. Па хадатайніцтву Вадзіма Саранчукова да працэсу ў якасці прадстаўніка грамадскасці быў дапушчаны юрыст і член партыі БНФ Юрыў Чавусаў. Ён кажа, што пазіцыя Саранчукова на дадзены момант выглядае больш абгрунтавана, чым пазіцыя адказчыка.
Меркаваннем адносна магчымага рашэння суда падзяліўся праваабаронца Віктар Сазонаў:
— У прававой краіне шанцы задаволіць іск былі б стоадсоткавыя. У Беларусі шанцаў вельмі мала, бо справа палітычная. Беларуская ўлада не захоча ствараць прэцэдэнт, каб апазіцыянеры, якіх абражаюць, кінуліся абараняць сваю годнасць менавіта ў беларускіх судах. Зараз абарона несправядлівых на думку апазіцыянераў рашэнняў ідзе праз Камітэт па правах чалавека ААН і іншыя міжнародныя інстанцыі.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…