Старшыня гродзенскага аддзялення партыі БНФ падаў іск супраць тэлерадыёкампаніі «Гродна» пасля выхаду сюжэта «Маршем в никуда». Папярэдняе судовае паседжанне па справе абароны горану, годнасці і дзелавой рэпутацыі прайшло 6 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна.

Сюжэт выйшаў на тэлебачанні пасля Маршаў недармаедаў і паказаў прыватнае жыццё некаторых арганізатараў акцый пратэсту. Вадзім Саранчукоў кажа, што звесткі, прадстаўленыя там, абражаюць яго гонар, годнасць і шкодзяць дзелавой рэпутацыі. Прадстаўнікі «Беларусь 4» з іскам не згодныя і кажуць, што іх выказванні пра Саранчукова — мастацкая крытыка.

Гродзенец абверг звесткі з фільма, але тэлебачанне не згодна з іскам

— Я патрабую, каб мне былі прынеслі прабачэнні, каб быў выдалены сюжэт з YouTube, каб у эфіры гродзенскага тэлебачання прагучалі абвяржэнні непраўдзівай інфармацыі, якая была заяўлена пра мяне: што я нібыта не займаюся рамесніцкай дзейнасцю, што я зарэгістраваўся як рамеснік, каб пазбегнуць адказнасці па Дэкрэце № 3. Я лічу, што гэта абражае мой гонар і годнасць і наносіць шкоду дзелавой рэпутацыі, — кажа Вадзім Саранчукоў.

У фільме сцвярджаецца, што ён не працаваў больш за 10 гадоў, карыстаецца льготамі «ненавіснай дзяржавы», рамеснікам стаў, каб не выплочваць падатак як дармаед і ніхто не бачыў яго майстэрні і вырабаў. Паводле аўтараў фільму, Вадзім можа не працаваць, бо «ўзяў жонку з багатай сям'і» і мае ўтульную кватэрку ў цэнтры Гродна.

Тэлерадыёкампанію «Гродна» прадстаўляў юрыcт Барыс Кунцэвіч. Два журналісты з ТРК здымалі залу суда перад паседжаннем, але не прысутначалі на ім і чакалі ў калідоры. Барыс Кунцэвіч прадставіў пярэчанне на іск, дзе спасылаўся на тэхнічныя моманты: напрыклад, канал «Беларусь 4» не можа быць адказчыкам, бо такога каналу не існуе, а існуе «Беларусь 4 Гродна».

Гродзенец супраць гродзенскага тэлебачання: грамадскі актывіст Вадзім Саранчукоў абараняе годнасць у судзе
У зале суду
Падчас паседжання выявілася, што Саранчукоў з 1998 па 2015 год быў індывідуальным прадпрымальнікам, а з 2016 года стаў рамеснікам. У Саранчуковых шматдзетная сям’я і льготамі карыстаецца толькі яго старэйшы сын-школьнік. І дзяржаву, як кажа рамеснік, ён не ненавідзіць.

Рамеснікам Саранчукова прызналі

Найбольш увагі ў судзе надалі пытанню, ці з’яўляецца Вадзім Саранчукоў рамеснікам. У якасці доказаў Барыс Кунцэвіч прадставіў копіі падручнікаў 1986-га году, дзе апісана тэхналогія апрацоўкі шкла, якая патрабуе наяўнасці майстэрні і пэўных мер бяспекі. Саранчукоў кажа, што тэхналогіі з тых часоў змяніліся, і яму не патрэбна майстэрня, каб ствараць шкляныя выбары. Падручнікі да справы не далучылі.

Барыс Кунцэвіч даводзіў, што выказванні ў фільме пра Саранчукова як рамесніка — гэта мастацкая крытыка. Ён казаў, што журналісты правялі апытанне ў творчым асяроддзі Гродна і аказалася, што такога рамесніка ніхто не ведае. Таксама журналісты аб’ехалі рамесныя крамы і не знайшлі там вырабаў, якія, паводле Барыса, павінны быць падпісаны аўтарам.

Падчас працэсу стала вядома, што Саранчукоў зарэгістраваны ў падатковай інспекцыі Кастрычніцкага раёну як рамеснік. Адказваючы на пытанні суддзі Ксеніі Стасюкевіч, Саранчукоў падрабязна апісаў працэс роспісу па шкле і прапанаваў правесці майстар-клас у судзе. А таксама паабяцаў прынесці на судовае паседжанне скрыншоты прыкладаў вырабаў са старонкі ў Фэйсбуку і арыгіналы дамоваў з крамамі, дзе прадаюцца яго творы. У канцы паседжання прадстаўнік ТРК прызнаў Саранчукова рамеснікам.

Юрысты: пазіцыя Саранчукова абгрунтаваная, але шанцаў выйграць мала

Асноўнае судовае паседжанне адбудзецца 14 ліпеня ў 10.40. Прадстаўнік гродзенскага тэлебачання адмовіўся ад каментароў да канца працэсу. Па хадатайніцтву Вадзіма Саранчукова да працэсу ў якасці прадстаўніка грамадскасці быў дапушчаны юрыст і член партыі БНФ Юрыў Чавусаў. Ён кажа, што пазіцыя Саранчукова на дадзены момант выглядае больш абгрунтавана, чым пазіцыя адказчыка.

Гродзенец супраць гродзенскага тэлебачання: грамадскі актывіст Вадзім Саранчукоў абараняе годнасць у судзе
Юрый Чавусаў
— Была цікава пазіцыя тэлерадыёкампаніі, якая прызнае, што распаўсюдзіла гэты фільм, але саромеецца прывесці ў суд аўтараў гэтай стужкі. Важна, што яны прызнаюць статус Саранчукова як рамесніка, што пацверджана паперамі. Тэлерадыёкампанія спрабуе перавесці размову ў кірунак мастацкай спрэчкі. Але Вадзім сцвярджае, што спрэчка не творчая, а фактычная: яны сказалі, што ён «фіктыўны» рамеснік, у яго няма майстэрні і ніхто не бачыў яго вырабы. Ім няма чым пацвердзіць тое, што ў гэтым фільме прагучала.

Меркаваннем адносна магчымага рашэння суда падзяліўся праваабаронца Віктар Сазонаў:

— У прававой краіне шанцы задаволіць іск былі б стоадсоткавыя. У Беларусі шанцаў вельмі мала, бо справа палітычная. Беларуская ўлада не захоча ствараць прэцэдэнт, каб апазіцыянеры, якіх абражаюць, кінуліся абараняць сваю годнасць менавіта ў беларускіх судах. Зараз абарона несправядлівых на думку апазіцыянераў рашэнняў ідзе праз Камітэт па правах чалавека ААН і іншыя міжнародныя інстанцыі.