Старшыня гродзенскага аддзялення партыі БНФ падаў іск супраць тэлерадыёкампаніі «Гродна» пасля выхаду сюжэта «Маршем в никуда». Папярэдняе судовае паседжанне па справе абароны горану, годнасці і дзелавой рэпутацыі прайшло 6 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна.
Сюжэт выйшаў на тэлебачанні пасля Маршаў недармаедаў і паказаў прыватнае жыццё некаторых арганізатараў акцый пратэсту. Вадзім Саранчукоў кажа, што звесткі, прадстаўленыя там, абражаюць яго гонар, годнасць і шкодзяць дзелавой рэпутацыі. Прадстаўнікі «Беларусь 4» з іскам не згодныя і кажуць, што іх выказванні пра Саранчукова — мастацкая крытыка.
Гродзенец абверг звесткі з фільма, але тэлебачанне не згодна з іскам
— Я патрабую, каб мне былі прынеслі прабачэнні, каб быў выдалены сюжэт з YouTube, каб у эфіры гродзенскага тэлебачання прагучалі абвяржэнні непраўдзівай інфармацыі, якая была заяўлена пра мяне: што я нібыта не займаюся рамесніцкай дзейнасцю, што я зарэгістраваўся як рамеснік, каб пазбегнуць адказнасці па Дэкрэце № 3. Я лічу, што гэта абражае мой гонар і годнасць і наносіць шкоду дзелавой рэпутацыі, — кажа Вадзім Саранчукоў.
У фільме сцвярджаецца, што ён не працаваў больш за 10 гадоў, карыстаецца льготамі «ненавіснай дзяржавы», рамеснікам стаў, каб не выплочваць падатак як дармаед і ніхто не бачыў яго майстэрні і вырабаў. Паводле аўтараў фільму, Вадзім можа не працаваць, бо «ўзяў жонку з багатай сям'і» і мае ўтульную кватэрку ў цэнтры Гродна.
Тэлерадыёкампанію «Гродна» прадстаўляў юрыcт Барыс Кунцэвіч. Два журналісты з ТРК здымалі залу суда перад паседжаннем, але не прысутначалі на ім і чакалі ў калідоры. Барыс Кунцэвіч прадставіў пярэчанне на іск, дзе спасылаўся на тэхнічныя моманты: напрыклад, канал «Беларусь 4» не можа быць адказчыкам, бо такога каналу не існуе, а існуе «Беларусь 4 Гродна».Падчас паседжання выявілася, што Саранчукоў з 1998 па 2015 год быў індывідуальным прадпрымальнікам, а з 2016 года стаў рамеснікам. У Саранчуковых шматдзетная сям’я і льготамі карыстаецца толькі яго старэйшы сын-школьнік. І дзяржаву, як кажа рамеснік, ён не ненавідзіць.
Рамеснікам Саранчукова прызналі
Найбольш увагі ў судзе надалі пытанню, ці з’яўляецца Вадзім Саранчукоў рамеснікам. У якасці доказаў Барыс Кунцэвіч прадставіў копіі падручнікаў 1986-га году, дзе апісана тэхналогія апрацоўкі шкла, якая патрабуе наяўнасці майстэрні і пэўных мер бяспекі. Саранчукоў кажа, што тэхналогіі з тых часоў змяніліся, і яму не патрэбна майстэрня, каб ствараць шкляныя выбары. Падручнікі да справы не далучылі.
Барыс Кунцэвіч даводзіў, што выказванні ў фільме пра Саранчукова як рамесніка — гэта мастацкая крытыка. Ён казаў, што журналісты правялі апытанне ў творчым асяроддзі Гродна і аказалася, што такога рамесніка ніхто не ведае. Таксама журналісты аб’ехалі рамесныя крамы і не знайшлі там вырабаў, якія, паводле Барыса, павінны быць падпісаны аўтарам.
Падчас працэсу стала вядома, што Саранчукоў зарэгістраваны ў падатковай інспекцыі Кастрычніцкага раёну як рамеснік. Адказваючы на пытанні суддзі Ксеніі Стасюкевіч, Саранчукоў падрабязна апісаў працэс роспісу па шкле і прапанаваў правесці майстар-клас у судзе. А таксама паабяцаў прынесці на судовае паседжанне скрыншоты прыкладаў вырабаў са старонкі ў Фэйсбуку і арыгіналы дамоваў з крамамі, дзе прадаюцца яго творы. У канцы паседжання прадстаўнік ТРК прызнаў Саранчукова рамеснікам.
Юрысты: пазіцыя Саранчукова абгрунтаваная, але шанцаў выйграць мала
Асноўнае судовае паседжанне адбудзецца 14 ліпеня ў 10.40. Прадстаўнік гродзенскага тэлебачання адмовіўся ад каментароў да канца працэсу. Па хадатайніцтву Вадзіма Саранчукова да працэсу ў якасці прадстаўніка грамадскасці быў дапушчаны юрыст і член партыі БНФ Юрыў Чавусаў. Ён кажа, што пазіцыя Саранчукова на дадзены момант выглядае больш абгрунтавана, чым пазіцыя адказчыка.— Была цікава пазіцыя тэлерадыёкампаніі, якая прызнае, што распаўсюдзіла гэты фільм, але саромеецца прывесці ў суд аўтараў гэтай стужкі. Важна, што яны прызнаюць статус Саранчукова як рамесніка, што пацверджана паперамі. Тэлерадыёкампанія спрабуе перавесці размову ў кірунак мастацкай спрэчкі. Але Вадзім сцвярджае, што спрэчка не творчая, а фактычная: яны сказалі, што ён «фіктыўны» рамеснік, у яго няма майстэрні і ніхто не бачыў яго вырабы. Ім няма чым пацвердзіць тое, што ў гэтым фільме прагучала.
Меркаваннем адносна магчымага рашэння суда падзяліўся праваабаронца Віктар Сазонаў:
— У прававой краіне шанцы задаволіць іск былі б стоадсоткавыя. У Беларусі шанцаў вельмі мала, бо справа палітычная. Беларуская ўлада не захоча ствараць прэцэдэнт, каб апазіцыянеры, якіх абражаюць, кінуліся абараняць сваю годнасць менавіта ў беларускіх судах. Зараз абарона несправядлівых на думку апазіцыянераў рашэнняў ідзе праз Камітэт па правах чалавека ААН і іншыя міжнародныя інстанцыі.