Пад Гродна на рацэ Татарцы захаваўся млын 17 стагоддзя. Яўген Дарагуш выкупіў яго і ўзяў у арэнду бліжэйшыя зямлі. Тут ён хоча зрабіць музей, разводзіць фарэль, вырошчваць ягады годжы, пекчы булкі і пабудаваць альтанкі. Планаў шмат, але яны акупяцца не ў бліжэйшай перспектыве. А ў райвыканкаме лічаць, што сёння землі выкарыстоўваюцца неэфектыўна.
Яўрэі, палякі, калгас
Яўген распавядае пра млын. Ён з’явіўся на картах у 17 стагоддзі. У канцы 19 стагоддзя тут была фабрыка калготак, але пасля Першай сусветнай вайны тут зноў зрабілі млын. Ім валодалі яўрэі да 1939 года. «Паводле ўспамінаў, калі тут муку малолі, чэргі стаялі вялізныя», — кажа Яўген.
У 39-м годзе яўрэі з’ехалі і прадалі млын палякам — сям'і Пралейка. Пасля Другой сусветнай вайны савецкая ўлада забрала млын у калгас, а ўладальніка саслалі ў Сібір. Пасля развалу СССР прыязджалі сваякі ўладальніка з Польшчы: хацелі вярнуць млын, але нічога не выйшла. Яўген плануе іх адшукаць, каб увекавечыць памяць аб апошнім прыватным уладальніку млына. Да таго ж, гэта можа быць цікава польскім турыстам.
Млын, землі і шмат гісторыі
У 90-я млын перастаў малоць з дапамогай энергіі вады. З’явілася электрычнае абсталяванне. У 2002 годзе апошні млынар трапіў у аварыю і больш не змог працаваць. Тады ж млын у калгаса выкупіў знаёмы Яўгена. У яго былі свае планы, але яны не здзейсніліся. У 2009 годзе Яўген выкупіў у яго млын. Афармленне зямель для аднаўлення сажалкі перад млыном заняло яшчэ два гады.
Самі месцы тут таксама цікавыя. Па Татарцы праходзіла мяжа паміж Расійскай імперыяй і Прусіяй. Яшчэ тут знаходзіцца водападзел басейнаў Нёмана і Віслы. Яўген кажа, што тут цалкам маглі праходзіць водныя шляхі, напрыклад, вікінгаў. А яшчэ тут, а не па Чорнай Ганьчы, мог прайсці Аўгустоўскі канал.
Навошта Яўген выкупіў млын
У колькі абышлася здзелка, Яўген не гаворыць, — камерцыйная таямніца. Прызнаецца, што досыць дорага.
— Я вырас у гэтых краях, палову дзяцінства правёў на Фолюшы, сюды хадзіў на рыбалку — на Ласасянку, на Татарку. У раёне млына ракі вадзіліся. Гэтыя месцы мне заўсёды падабаліся. Старадаўні млын таксама прыцягваў, — успамінае Яўген.
Таму яму было балюча бачыць, як стары млын ператвараецца ў месца збору асацыяльных асобаў, а сажалка ператвараецца ў сметнік і зарастае хмызняком. Вакол шмат дачных кааператываў і катэджнай забудовы, будаўнічае і бытавое смецце часта не вывозілі на звалку, а звозілі да зарослай сажалкі. Зараз каля дачных таварыстваў ёсць кантэйнеры. Смецце Яўген вывез: больш за 100 машын. Да гэтага часу Яўген раз у месяц збірае мяшок-другі смецця, а пары не саромеюцца займацца каханнем на гэтай тэрыторыі.Яшчэ ў 90-я млын спрабавалі ўзламаць, кралі правады, жалеза, разбілі абсталяванне. Цяпер Яўген змяніў шмат замкоў і вырашыў зварыць жалезныя краты. Але і яны не заўсёды ратуюць — выломліваюць жалезныя пруты, размыкаюць ланцугі. Хоць скарбы ў млыне знайсці немагчыма: тут толькі малолі муку, а ўсе разлікі праводзіліся ў доміку млынара, які згарэў. Для бяспекі Яўген паставіў відэаназіранне.
Годжы, фарэль, музей ВКЛ
Перш за ўсё Яўген прыбраў смецце, ачысьціў сажалку і задзейнічаў ворныя землі. Пад сажалку засвоена паўтара гектара, пад пасадкі розных культур — адзін гектар.
На адным гектары пасаджаны 500 кустоў ягады годжы. Па замерах кіслотнасці глеб годжы тут прыжывуцца. Іх Яўген плануе прадаваць у Польшчу. Восенню будзе першы ўраджай.
У гэтым годзе запусцяць тэставую партыю фарэлі. Яўген кажа, што гэта капрызная рыба. Для яе важна падтрымліваць пэўную тэмпературу вады і колькасць кіслароду. Паводле замераў, менавіта ў гэтым месцы яна павінна прыжыцца. А далей можна запрашаць рыбакоў на «элітную» рыбалку і гродзенцаў за рыбай па цане крамнай. А потым, калі ўлады дадуць дазвол, зрабіць тут вяндлярню рыб.У млыне тры паверхі. Агульная плошча — каля 600 кв.м. Яўген ужо ачысьціў і закансерваваў млын. У ім Яўген плануе зрабіць музей. Аднаўляць яго як прамысловы аб’ект няма сэнсу — ёсць буйныя прадпрыемствы. Тым не менш, працуючы механізм запусцяць, каб паказаць сам працэс у інтэрактыўнай форме. У музеі зробяць экспазіцыю па тэме Вялікага Княства Літоўскага, гісторыі млына і яго гаспадароў.
Побач можна паставіць павільён, дзе будуць пячы крафтавы хлеб і смачнасці. У ідэале, са змеленай тут жа мукі.Што перашкаджае развіццю турызму
Большая частка фермерскіх зямель перад млыном знаходзяцца ў прыбярэжнай паласе. Паводле закону тут забаронена займацца гаспадарчай і прамысловай дзейнасцю. А вось аграэкатурызмам можна.
Яўген на працягу 2018−2019 гадоў звяртаўся ў райвыканкам па дазвол стварыць інфраструктуру для прыёму і абслугоўвання гасцей. Пад гэты праект ён нават знайшоў інвестараў, але ўлады не дазволілі пабудаваць нават альтанку — маўляў, гэта не мэтавае выкарыстанне зямельных участкаў.
«Я займаюся фермерскай дзейнасцю, але ад планаў заняцца аграэкатурызмам не адмаўляюся. Буду высвятляць падрабязнасці: чаму з аднаго боку дзяржава ў асобе Міністэрства спорту і турызму спрыяе развіццю аграэкатурызма на землях фермерскіх гаспадарак, а з другога боку тая ж дзяржава, але ўжо ў асобе чыноўнікаў Гродзенскага райвыканкама, забараняе фермерам займацца аграэкатурызмам», — кажа Яўген.
Ён быў на грамадскіх слуханнях па абмеркаванні генплана Гродна і паказваў сваю сажалку і землі вакол распрацоўшчыкам. Тыя канкрэтна адказалі: паводле генплану тут будуць развіваць рэкрэацыйны складнік.
Чаму варта наведаць млын
Суму ўкладзеных грошай Яўген не раскрывае. Кажа: «Ужо нямала, і многа яшчэ трэба будзе». Укладзеныя рэсурсы адаб’юцца толькі пры вялікім патоку турыстаў. Пры тым за наведванне тэрыторыі браць грошы ён не плануе, толькі за наведванне музея.
Аб’ём рынку Яўген ацаніў у 300 000 турыстаў у год. Паводле дадзеных аддзела турызму, у 2018 годзе да нас прыехала 90 000 бязвізавых турыстаў. Яўген лічыць, што столькі ж прыязджае турыстаў з Расіі, і такія ж лічбы па ўнутраным турызме. Так і атрымліваецца амаль 300 000.— Але гэта не азначае, што трэба на іх арыентавацца. Трэба зрабіць цікавы прадукт для нашых людзей. Калі ён стане цікавы мясцовым, то і турысты падцягнуцца, — кажа Яўген. — Я заўважаў, што сюды нават прыходзілі настаўнікі са школьнікамі. Калі б наведванне парэкамендавалі ў школах, дзіцячых садках, гэта б дапамагло развіццю.
— Я паспрабую захаваць максімум аўтэнтычнасці млына. Ён прыцягвае ўвагу людзей сваёй даўніной. Такі млын цікавы, таму што сёння млыны перайшлі ў іншую фазу — гэта ўжо буйныя заводы, дзе усё зачынена. Усё праходзіць унутры машын і выходзіць гатовая мука. Млыны, такія як гэты, цікавыя, таму што рухаюцца з дапамогай энергіі вады, тут вялікія механізмы, — распавядае Яўген.
«Не дазваляем, гэта не адпавядае мэтаваму прызначэнню ўчастка»
Тым не менш, улада мяркуе, што Яўген выкарыстоўвае землі неэфектыўна. За апошнія два гады ён тройчы атрымліваў папярэджанні. Аднойчы нават заплаціў штраф. Хоць рыбаводства і аграэкатурызм — гэта таксама фермерская гаспадарка паводле закону.
Апошні ліст з райвыканкама прыйшоў у траўні 2019 года. Тады Яўген схадзіў на прыём да намесніка старшыні Гродзенскага райвыканкама. Зараз, паводле інфармацыі ТУТ.БАЙ, ва ўладаў прэтэнзій да прадпрымальніка няма.
— Нашы спецыялісты аб’язджаюць фермераў і, калі бачаць, што зямля выкарыстоўваецца неэфектыўна, выпісваюць прадпісанне. Гэты фермер прыйшоў на прыём і распавёў, што ў яго зроблена за мінулы перыяд. Цяпер да яго па пытанні эфектыўнасці выкарыстання зямель прэтэнзій няма, — распавёў ТУТ.БАЙ першы намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама Генадзь Аксаміт.
Але мэтавае прызначэнне зямель, якія арандуе Яўген, пададзена як «для сялянска-фермерскай гаспадаркі». У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Гродзенскага райвыканкама распавялі ТУТ.БАЙ, што фермер павінен звярнуцца з лістом у райвыканкам і заявіць пра жаданне займацца агратурызмам, выбраць участак для гэтага і ўзгадніць усё ва ўстаноўленым парадку. А на выдзеленых зараз землях вырабляць сельскагаспадарчую прадукцыю.
Замкнёнае кола
Перад выхадам гэтай публікацыі Яўгена пракансультавалі ў землеўладкавальнай службе Гродзенскага аблвыканкама.
«Я пад вялікім уражаннем ад прафесійнай кансультацыі. Я атрымаў падрабязную інфармацыю аб тым, як мне далей спланаваць свае дзеянні ў рамках закона».
Нягледзячы на гэта, Яўген лічыць, што праблема і калізія ў заканадаўстве застаецца.
«Для аграэкатурызму фермерская гаспадарка павінна мець на сваёй зямлі жылы дом. Пры гэтым будаваць жылы дом на зямлі гаспадарцы забараняюць. Атрымліваецца замкнёнае кола».
Адкуль узялася забарона?
Яўген паспрабаваў высветліць, адкуль паўстала праблема: лагічна ж, што чалавек, які жыве на зямлі, якую апрацоўвае, будзе больш паспяховым, чым той, які жыве за дзясяткі кіламетраў. Аказваецца, да 2010 года фермер мог пабудаваць жылы дом на сваёй зямлі. Але некаторыя рэгістравалі фермерскую гаспадарку, будавалі дом, а потым закрывалі гаспадарку і афармлялі дом на фізічную асобу. Так яны абыходзілі стандартныя метады прадастаўлення ўчасткаў для будаўніцтва.
«Заканадаўцы, замест таго, каб увесці абмежаванні, не сталі замарочвацца, а проста секанулі з пляча: забараніць будоўлю жылля ўсім фермерам і кропка. Са шкадаваннем вымушаны прызнаць, што ўказ прэзідэнта аб развіцці аграэкатурызму не працуе ў дачыненні да фермерскіх гаспадарак».
У сітуацыі Яўгена ў рамках дзеючага заканадаўства адзінае выйсце — рэгістрацыя асобнай юрыдычныя асобы, перадача ёй зямель фермерскай гаспадаркі, затым праектаванне, экспертыза і пабудова дарагога турыстычнага комплексу. Без развіцця агра-
і эка-складнікаў.
«Дзе праславутая дзяржаўная падтрымка развіцця аграэкатурызму? На паверку яе не».
Яўген распавядае, што пасля публікацыі артыкула на ТУТ.БАЙ, да яго звярнулася некалькі фермераў з падобнымі праблемамі. Ён спадзяецца, што яго сітуацыя і яго звароты падштурхнуць да зменаў у заканадаўстве.
«Гэтая несправядлівая мера стрымлівае развіццё аграэкатурызму як нацыянальнага брэнда», — упэўнены Яўген.