Людзі і справы

Гэта яна намалявала «шакаладныя» запрашэнні ў Гродна. «Каляровыя аблокі» Сняжаны Віцецкай сталі візітоўкай горада

Каложа і Фарны на малочным шакаладзе, Кірха і Бернардынскі - на горкім. У нашым горадзе гэты набор шакаладак карыстаецца асаблівым попытам у турыстаў. Абгорткі з гарадскімі краявідамі дапамагаюць захаваць салодкія ўспаміны і пра Гродна, і пра шакалад. Намалявала іх гродзенская мастачка Сняжаная Віцецкая.

Пра творчасць, любоў да Гродна і шакаладны сюрпрыз у сваім жыцці яна распавяла Hrodna.life.

Малюнкі ад Сняжаны на шакаладках для Сняжаны

Пра тое, што цукеркі з яе малюнкамі на абгортках ужо з’явіліся ў крамах, Сняжана нават не ведала. Мінула некалькі месяцаў ад таго часу, як дызайнерская кампанія звязвалася з мастачкай, каб узгадніць магчымасць выкарыстання яе малюнкаў. Пра тэрміны выхаду шакаладак у продаж не было нават гаворкі. Нам было асабліва прыемна паведаміць ёй гэту навіну і падарыць не толькі шакаладкі, але і магчымасць першы раз пабачыць свае малюнкі на іх.

Услед за Эндзі Уорхалам

«Прапанову выкарыстаць мае малюнкі на цукерках я атрымала ўпершыню і нават не ведала, як да гэтага ставіцца. З аднаго боку — творчасць, з іншага — фанцікі. Ці не будзе гэта прыніжэннем мастацтва? Але, падумаўшы, вырашыла не шукаць складанасцяў і згадзіцца.

Урэшце, ужо быў Эндзі Уорхал з банкамі кансерваванага супу, то чаму б не быць і Сняжане Віцецкай з абгорткамі для шакаладак. Ні мяне, ні мастацтва гэта не прыніжае.

Трэба данесці прыгажосць да людзей, а не проста намаляваць і скласці ў шуфлядку. З гродзенскімі шакаладкамі гэта якраз добра атрымалася».

«Каляровыя аблокі Гродна» плывуць у сеціве

Малюнкі, што выбралі для гродзенскіх шакаладак, былі створаны некалькі год таму. Серыя акварэляў «Каляровыя аблокі Гродна» складалася амаль з 50 прац.

«На жаль, паказаць іх усе разам у Гродне на той час не атрымалася. Выстава адбылася ў Мінску і прашла ціха, без асаблівага рэзанансу — маўляў, гэта ўжо сто разоў было, нічога новага. Потым малюнкі патроху прадаваліся праз галерэі і ўрэшце ўсе разышліся».

У Сняжаны ад іх засталіся толькі фотаздымкі на ўласных старонках у інтэрнэце. З часам аказалася, што адлічбаваныя малюнкі запатрабаваныя не менш, чым арыгіналы.

«Праз нейкі час сталі звяртацца з просьбамі аб выкарыстанні малюнкаў. Іх размяшчалі на паштоўках, календарах ці сувенірах. Я ўражана, што людзі такія сумленныя і заўсёды пытаюцца дазволу. Прашу, каб пазначалі аўтарства. На тым звычайна і дамаўляемся. З „Камунаркай“ было таксама — спачатку знайшлі малюнкі, потым выйшлі на мяне.»

Вясёлы, адкрыты, прыязны…

Сняжаніны акварэлі з гродзенскімі пейзажамі зіхацяць насычанымі і вясёлымі колерамі. Са словаў аўтаркі, шукаць складаных «філасофскіх» спалучэнняў фарбы не хацелася. «Тут хутчэй адлюстравана радасць быцця. Усё пранікнута светам. Гэты горад вясёлы, адкрыты, сонечны, прыязны да людзей і жыццесцвярджальны».

Дызайнеры не тлумачылі свой выбар малюнкаў з паўсотні наяўных у серыі. Але Сняжана ўзгадвае, што гэтыя чатыры выявы вельмі часта адзначалі і раней. «Хоць выбар быў не мой, я з ім цалкам згодна.

Напэўна, калі б мела абмежаваны час, каб паказаць гасцям горад, то таксама б выбрала менавіта гэтыя месцы. Іх прыгажосць — сакральная, яна вядзе да ўнутранай прыгажосці.

Такі гарадскі пейзаж падштурхоўвае нас да добрага, чыстага, вечнага. Спачатку дзіўна было бачыць на шакаладцы касцёл. Але потым падумала — хай будзе, хай напамінае. Бо ў храме заўсёды скажуць нешта цеплае, што надае сэнс жыццю».

«Яго можна маляваць бясконца»

Акварэлі з гродзенскімі сюжэтамі складаюць вялікую частку ў творчасці Сняжаны, хаця і не з’яўляюцца адзінай тэмай мастачкі. «Думаю, што не раз яшчэ звярнуся да Гродна. Захочацца паглядзець на свой горад з іншага ракурсу.

Тая серыя была нябеснай, а новая можа будзе перламутравай ці нават глыбока-філасофскай версіяй майго Гродна. Яго можна маляваць бясконца. У нас жа — што ні дом то пярліна».

Горад прысутнічае ў работах мастачкі не толькі на галоўных ролях. «Зараз больш працую з фігуратыўнымі кампазіцыямі. Там больш адлюстроўваюцца людзі і іх унутраны свет. Але бываюць і кампазіцыі, дзе людзі ўзаемадзейнічаюць з архітэктурай, а герой раскрываецца на фоне архітэктурных куліс».

Увогуле, мысліць сябе асобна ад Гродна ў мастачкі не атрымліваецца:

«Я тут нарадзілася, тут жыву і буду жыць усё свае жыцце — нікуды не з’еду! Я нават падарожнічаю няшмат, бо хочацца больш часу прысвячаць працы. Калі выбіраць — памаляваць ці недзе паехаць, то маляванне перамагае і я застаюся ў Гродне. Ён для мяне такі прыгожы, такі родненькі… Нідзе не з’еду! Лепш да нас прыязджайце».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Штраф за сцяг, спекуляцыі малаком і сарваны канцэрт — што адбывалася ў Гродне 100 гадоў таму

Гістарычны канал Hrodna 11:27 працягвае публікаваць кароткія фрагменты з жыцця Гродна ў 1924 годзе. Нататкі ўзятыя з…

5 мая 2024

«Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё

Жонка палітэмігранта Алена эканоміла на манікюры і ездзіла зайцам, каб купіць кватэру - і прадала…

3 мая 2024

$ 200, машынка і мара. 9 гродзенскіх брэндаў, на якія варта звярнуць увагу гэтай вясной

Hrodna.life сабраў у адным месцы некалькі лакальных дызайнераў, у якіх можна абнавіць гардэроб гэтай вясной.…

3 мая 2024

Мерцающие, мраморные и яйца дракона. Тренды Тик Ток на Пасху 2023

Как покрасить яйца необычно? Из фиолетовой капусты можно получить изумрудный цвет, из вина получаются яйца,…

2 мая 2024

У беларускіх студэнтаў у Польшчы з’явіліся праблемы з візамі: МЗС адмаўляе, тэрмін скарачаецца

Беларускім студэнтам пачалі адмаўляць у візе для вучобы за мяжой. Тэрміны, на якія віза выдаецца,…

30 красавіка 2024

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ.…

30 красавіка 2024